Віктар Чабатарэвіч

Віктар Чабатарэвіч, або Чэбатарэвіч (1906 — 7 кастрычніка 1963) — беларускі грамадзкі і вайсковы дзяяч, настаўнік. Капітан БКА, сябар БНП, БНС а потым — Беларускага кангрэсавага камітэту Амэрыкі[1][2]

Віктар Чабатарэвіч
Дата нараджэньня 1906
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 7 кастрычніка 1963(1963-10-07)
Месца сьмерці
Месца вучобы
  • Нясьвіская настаўніцкая сэмінарыя[d]
Занятак вайсковец
Сябра ў Беларуская народная самапомач

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

Нарадзіўся ў 1906 г. у в. Новым Сьвержані Менскага павету ў Менскай губэрні Расейскай імпэрыі (цяпер Стаўпецскі раён). Скончыў Нясьвіскую настаўніцкую сэмінарыю, школу падхарунжых Войска Польскага. Да 1939 г. працаваў настаўнікам на Віленшчыне, за нацыянальную дзейнасьць сярод вучняў быў пераведзены на працу ў цэнтральную Польшчу. Дасылаў свае карэспандэнцыі ў віленскія выданьні «Беларуская крыніца» і «Шлях моладзі».

У пачатку Другое сусьветнае вайны падтрымліваў сувязь зь беларускімі нацыяналістычнымі арганізацыямі ў Варшаве, у прыватнасьці, зь Міколам Шчорсам. У 1939—1941 гг. працаваў настаўнікам у Стоўпцах. Летам 1941-га з польскага даносу арыштоўваўся немцамі. У 1941—1942 гг. працаваў у Галоўным школьным інспэктараце, сакратаром Цэнтралі Беларускай народнай самапомачы. Разам зь Вінцэнтам Гадлеўскім удзельнічаў у антынямецкім падпольлі ў межах Беларускай незалежніцкай партыі. У 1943 годзе — афіцэр-прапагадыст у 13-м беларускім паліцыйным батальёне пры SD, потым перакладнік у менскім SD. У 1944 годзе атрымаў годнасьць капітана Беларускай краёвай абароны, стаў камандоўцам афіцэрскае школы БКА ў Менску. Належаў да галоўнай вайсковай камісіі БЦР.

Удзельнічаў у Другім Усебеларускім кангрэсе. У час яго капітан Віктар Чабатарэвіч прамовіў правітальную прамову ад беларускага войска (Беларускай краёвай абароны) да ўдзельнікаў падзеі.

Ад лета 1944 г. быў на эміграцыі, спачатку жыў Нямеччыне. У 1948 г. выехаў у ЗША. Актыўна працаваў на кірунку Беларускай цэнтральнай рады. Уваходзіў у склад Беларускага кангрэсавага камітэту Амэрыкі, быў яго віцэ-старшынём. Быў карэктарам газэты «Беларуская трыбуна». Рэпрэзэнтаваў беларускую эміграцыю ў сусьветных антыкамуністычных арганізацыях.

Памёр 7 кастрычніка 1963 г. у Нью-Ёрку, ЗША.

Літаратура

рэдагаваць
  • Календарыюм // «Czasopis» № 10/2003
  • Літ.: М.Ш. [Мікола Шчорс]. Над святою магілаю // Беларуская думка. 1964, № 6;
  • Другі Усебеларускі Кангрэс. Выданьне Беларускай Цэнтральнай Рады, 1954;
  • Язэп Малецкі. Пад знакам Пагоні. Таронта, Пагоня, 1976.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць