Варшаўскае паўстаньне
Варшаўскае паўстаньне (1 жніўня — 3 кастрычніка 1944) — узброенае змаганьне супраць нямецкіх акупантаў у польскай сталіцы ў рамках акцыі «Бура».
Паўстаньне ў Варшаве | |||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Пазыцыі Арміі Краёвай, вызначаныя чырвоным колерам, на 4-ы дзень (4 жніўня 1944) | |||||||||
| |||||||||
Супернікі | |||||||||
Польскі ўрад | Нямеччына | ||||||||
Камандуючыя | |||||||||
Тадэвуш Камароўскі к Антоні Хрустэля к Тадэвуш Пэлчыньські Леапольд Акуліцкі | Эрых ван дэм Бах Рэйнэр Стаґель Гайнц Рэйнэфарт Пятро Дзячэнка | ||||||||
Колькасьць | |||||||||
Ад 20 000[1] да 49 000[2] (на пачатак) | Ад 13 000[4] да 25 000[5] (на пачатак) | ||||||||
Страты | |||||||||
1-я армія Бэрлінга: 5 660[3] Польскія паўстанцы: 15 200[3] загінулі/зьніклі 5000[3] параненых 15 000[3] запалоненых | 16 000[3] загінулі/зьніклі 9 000[3] параненых | ||||||||
Гісторыя
рэдагавацьПерадумовы
рэдагавацьПольская партызанская армія тады была адным з самых шматлікіх рухаў супраціву ў Эўропе. Яна падпарадкоўвалася польскаму ўраду ў выгнаньні — шматпартыйнай кааліцыі, арганізаванай у Лёндане.
Яшчэ 20 ліпеня польскі ўрад у выгнаньні аддаў загад атрадам Арміі Краёвай ва ўзаемадзеяньні з Чырвонай Арміяй вызваляць польскія гарады і абвяшчаць там уладу польскага ўраду. Калі савецкія войскі захапілі два пляцдармы за Віслай, Сандомірскі і Мангушаўскі, камандаваньне АК палічыла гэты момант падыходзячым для пачатку паўстаньня. Тым болей што маскоўскае радыё зьвярнулася да варшавянаў з заклікам паўстаць супраць немцаў.
Ваенныя дзеяньні
рэдагаваць31 ліпеня, калі перадавыя сілы Чырвонай Арміі набліжаліся да разьмешчанага на ўсходнім беразе Віслы варшаўскага раёну Прага, камандавалы «Арміі Краёвай» (АК) Тадэвуш Камароўскі (псэўданім «Бур») аддаў загад аб пачатку паўстаньня ў горадзе. Да апэрацыі, якая пачалася пасьля абеду 1 жніўня пад камандаваньнем кашталяна варшаўскай вобласьці палкоўніка Антоні Хрустэля (псэўданім «Мантэр»), прыступілі прыблізна 23 тысячы салдат АК, зь якіх толькі частка была ўзброеная. На працягу першых дзён баёў паўстанцы захапілі шмат стратэгічна важных аб’ектаў, і пазьней іх колькасьць павялічылася да 34 тысячаў. У прыватнасьці, 5 жніўня паўстанцы ўзялі канцлягер Генсіўука і вызвалілі 383 зьняволеных, у тым ліку 348 габрэяў. Вялікая частка зь іх далучылася да паўстанцаў.
Аднак ім не атрымалася цалкам выцесьніць немцаў з цэнтру гораду, а таксама авалодаць галоўнымі камунікацыямі і мастамі. 16-тысячны нямецкі гарнізон быў узмоцнены, і 5 жніўня немцы пачалі контратаку з дапамогай танкаў, цяжкай артылерыі і ўдарнай авіяцыі. Ва «ўціхамірваньні» паўстаньня прымалі ўдзел наступныя часткі:
- 1-ы і 2-ы батальёны 1-га Ўсходне-мусульманскага палка СС (800 афіцэраў, унтэр-афіцэраў і радавых);
- 1-ы полк «Брыгады Камінскага» (1700 чалавек);
- 3-і казачы кавалерыйскі батальён 57-га ахоўнага палка;
- 69-ы казачы батальён 3-й кавалерыйскай брыгады Казачага Стана[7];
- 36-я грэнадэрская дывізія СС «Дырлевангер».
За здушэньне польскага паўстаньня адказваў генэрал СС Эрых фон Бах, які ўзначальваў так званыя «апэрацыі супраць бандытаў» у акупаванай нацыстамі Эўропе. Толькі два падразьдзяленьні, якімі камандаваў фон Бах, — так званая «Руская нацыянальная вызвольная армія» і брыгада СС, набраная выключна з асуджаных злачынцаў, у першыя два дні Варшаўскага паўстаньня зьнішчылі 40 тысячаў мірных жыхароў. Атакавалыя нямецкія калёны падзялілі Варшаву на «паўстанцкія выспы». Сувязь паміж выспамі паўстанцы наладзілі празь пераходы ў скляпах і падземныя камунікацыі. На захопленай паўстанцамі тэрыторыі ўладу трымала польская адміністрацыя, выдаваліся газэты, дзейнічала радыё «Блыскавіца» (па-польску: «Błyskawica») і гарадзкія службы.
Меркавалася, што баі будуць працягвацца некалькі дзён да прыходу Чырвонай Арміі. Дзеля перамоваў са Сталіным у Маскву прыбыў прэм’ер польскага ўраду ў выгнаньні Станіслаў Мікалайчык. Але Сталін наўзамен на савецкую дапамогу варшаўскім паўстанцам прапанаваў Станіславу Мікалайчыку зьліць ягоны ўрад з савецкім марыянэткавым урадам — Польскім Камітэтам Нацыянальнага вызваленьня, створаным у занятым Чырвонай Арміяй Любліне 20 ліпеня 1944. Пасьля таго, як Мікалайчык адмовіўся падпарадкавацца ПКНВ, Сталін аддаў загад аб спыненьні наступальных дзеяньняў у раёне Варшавы.
Да цяперашняга часу існуюць два пункты гледжаньня па пытаньне, чаму савецкія наступальныя дзеяньні пад Варшавай былі спыненыя. Згодна атрыманаму нямецкай выведкай у красавіку 1944 году паведамленьня ад аднаго з надзейных агентаў, на Варшаўскае паўстаньне рабіўся разьлік яшчэ пры плянаваньні апэрацыяў Чырвонай Арміі. Пры плянаваньні летняй кампаніі ў савецкай Стаўцы было вырашана галоўны ўдар нанесьці празь Беларусь да Балтыйскага мора і межаў Усходняй Прусіі, дапаможны — на львоўска-сандомірскім кірунку, з пачаткам паўстаньня ў Варшаве ў той самы час. Аднак калі высьветлілася, што кіраўнічую ролю сярод варшаўскіх паўстанцаў адыграе Армія Краёва, а нешматлікія атрады пракамуністычнай Арміі Людовай вымушаныя ёй падпарадкоўвацца, Сталін ня стаў сьпяшацца на дапамогу паўстанцам, каб сілы АК у Варшаве былі разгромленыя немцамі, што зьнішчыла б супернікаў вызначанага ўсталяваньня савецкага кантролю над Польшчай.
Паводле іншага пункту гледжаньня, наступ быў прыпынены з ваенных меркаваньняў, бо Чырвоная Армія за час наступу выдахлася, расьцягнула парадкі і камунікацыі, немцы ж, сьцягнуўшы да Варшавы 5 танкавых дывізій (у тым ліку дывізіі СС), перайшлі ў контрнаступленьне і прымусілі савецкае камандаваньне перайсьці да абароны.
Сталін не пагадзіўся нават на пасадку брытанскіх і амэрыканскіх транспартных самалётаў, якія бы даставілі зброю і боепрыпасы паўстанцам, на савецкіх аэрадромах, што практычна зрабіла немагчымым пастаўляць дапамогу паўстанцам паветраным шляхам, бо бліжэй за ўсё авіябазы саюзьнікаў знаходзіліся на поўдні Італіі і ў Вялікабрытаніі. Вышынскі, намесьнік наркама замежных справаў СССР, заявіў амбасадару ЗША ў Маскве 18 жніўня: «Савецкі ўрад, вядома ж, ня можа пярэчыць супраць таго, каб ангельскія і амэрыканскія самалёты скідалі зброю ў раёне Варшавы, паколькі гэтая справа амэрыканцаў і брытанцаў. Але яно рашуча пярэчыць супраць таго, каб брытанскія або амэрыканскія самалёты пасьля скіду зброі ў раёне Варшавы прызямляліся на савецкай тэрыторыі, паколькі савецкі ўрад не жадае зьвязваць сябе прама або ўскосна з авантурай у Варшаве»[8].
Дзеля дастаўкі польскім паўстанцам зброі даводзілася пралятаць адлегласьць у тры тысячы кілямэтраў з баз у паўднёвай Італіі над акупаванай нацыстамі Эўропай. Калі ж самалёты выпадкова заляталі ў паветраную прастору над занятымі савецкімі войскамі тэрыторыяй, іх зьбівалі. Празь вялікія страты апэрацыю па дастаўцы зброі польскім паўстанцам давялося спыніць. Толькі ў сярэдзіне верасьня, калі паўстаньне набліжалася да канца, амэрыканскай авіяцыяй быў ажыцьцёўлены адзіны масавы скід зброі і боепрыпасаў, зь якога паўстанцы перахапілі толькі 47 тон.
У пэрыяд з 5 жніўня па 14 верасьня немцы задзейнічалі супраць паўстанцаў значныя сілы, падтрыманыя авіяцыяй. Паўстанцы змушаныя былі адступіць. Яны страцілі большасьць вызваленых раёнаў і ўтрымлівалі толькі цэнтар гораду.
14 верасьня савецкія войскі авалодалі Прагай на ўсходнім беразе Віслы. З 13 верасьня па 1 кастрычніка 1944 савецкая авіяцыя зьдзейсьніла больш за 5000 самалёта-вылетаў (зь іх 700 сіламі 1-й авіяцыйнай дывізіі Войска Польскага) і скінула паўсталым 156 мінамётаў, больш за 500 процітанкавых стрэльбаў, каля 3000 аўтаматаў і вінтовак, 41 780 гранат, 3 млн патронаў, 113 т ежы і мэдыкамэнтаў.
15 верасьня падразьдзяленьні Войска Польскага пад камандаваньнем генэрала Бэрлінга, дзеючы сумесна з часткамі Чырвонай Арміі, фарсіравалі Віслу ў межах гораду і захапілі некалькі пляцдармаў, але былі змушаныя пакінуць іх.
Баі працягваліся, павялічвалася колькасьць ахвяр сярод грамадзянскага насельніцтва, не хапала харчаваньня, мэдыкамэнтаў і вады.
2 кастрычніка паўстанцы капітулявалі. Апошнія шэсьць месяцаў вайны паўстанцы правялі ў лягерах для палонных.
17 студзеня 1945 году, амаль праз паўгады пасьля пачатку Варшаўскага паўстаньня, Савецкая армія ўвайшла ў пусты зьнішчаны горад.
Страты
рэдагавацьЗагінулі 10 тысячаў паўстанцаў, 17 тысячаў паўстанцаў патрапілі ў палон, 7 тысячаў зьніклі бязь вестак. Немцы таксама панесьлі значныя страты: загінулі каля 10 тысячаў салдат, каля 6 тысячаў зьніклі бязь вестак, нямецкія войскі страцілі 300 танкаў, гармат і бронеаўтамабіляў.
Загінула каля 150 тысячаў грамадзянскага насельніцтва, вялікая частка гораду была разбураная (пазьней спэцыяльныя нямецкія брыгады зьнішчалі ацалелыя будынкі), каля 520 тысячаў жыхароў былі выгнаныя з гораду.
Паўстаньне не дасягнула ні ваенных, ні палітычных мэт, але стала для палякаў сымбалям мужнасьці і рашучасьці ў барацьбе за незалежнасьць.
Ацэнкі
рэдагавацьВодгукі
рэдагавацьУ сучаснай польскай гісторыяграфіі Варшаўскае паўстаньне лічыцца барацьбою за незалежнасьць ня толькі польскай сталіцы, але й за свабоду й незалежнасьць цэлай краіны. Напрыклад, польскі гісторык, доктар навук Анджэй Кшыштаф Кунэрт кажа: «Відавочна, што бітва за Варшаву была бітвай за Польшчу. Нягледзячы на той факт, што акупанты пазбавілі Варшаву ролі сталіцы, яна была адміністрацыйным цэнтрам аднаго з дыстрыктаў, Варшава заставалася сталіцай польскай падпольнай дзяржавы. Гэтак яе ўспрымаў увесь свабодны сьвет і большасьць польскага грамадзтва. Паўстаньне такіх памераў, якім на працягу двух першых дзён стала Варшаўскае паўстаньне, было без сумневаў з самага пачатку бітвай за Польшчу»[9]. Намесьнік дырэктара музэю Варшаўскага паўстаньня Павал Укельскі ўдакладняе: «Варшава прадстаўляла ўсю краіну. Тут дзейнічалі дэлегаты легальнага ўраду, працавалі падпольныя суды й адміністрацыя. На дапамогу паўстанцам ішлі атрады з усёй Польшчы, у Варшаве змагаліся жыхары іншых гарадоў»[10]. З польскага боку галоўную ролю ў Варшаўскім паўстаньні адыграла Армія Краёва (каля 40 тысячаў чалавек). У гэты час Чырвоная Армія сьведама затрымалася перад Віслаю і дапамогі паўстанцам не аказала, бо кіраваў паўстаньнем польскі эміграцыйны ўрад у Лёндане, які варожа ставіўся да камуністаў [11].
Значэньне й памяць
рэдагавацьПасьля 63 дзён барацьбы паўстанцы склалі зброю, аднак, нягледзячы на паразу паўстаньня й вялікія ахвяры — зьнішчэньне гораду й страту пакаленьня маладых людзей — варшаўскае паўстаньне было гераічным актам барацьбы польскага народу за свабоду й замацавала польскую сьвядомасьць на працягу панаваньня камуністычнага рэжыму ў Польшчы.
Прафэсар Анджэй Фрышкэ лічыць, што Варшаўскае паўстаньне было вялікай бітвай (…) за свабоду гэтай часткі Эўропы ад нацызму, але таксама рухам супраць савецкай дамінацыі ва Ўсходняй Эўропе[12]. Улады ПНР не прызнавалі традыцыі Варшаўскага паўстаньня. Анджэй Фрышкэ лічыць, што ўлада замоўчвала паўстаньне таму, што яно было вялікім збройным чынам Арміі Краёвай, якая не была камуністычным падпольлем, а структурай, зьвязанай з польскім урадам у Лёндане[12].
Пасьля заканчэньня Другой сусьветнай вайны многія з тых, хто змагаўся ў паўстаньні, альбо не маглі вярнуцца на радзіму, альбо сталі ахвярамі рэпрэсіяў. Узамен за іхны гераізм, за выкананьне патрыятычнага абавязку яны сустракаліся з рэпрэсіямі, нават сьмерцю (Лех Качынскі)[13]. У мінулыя гады варшаўскаму паўстаньньню не надавалі належнай увагі. Яно разглядалася як лякальная варшаўская падзея[14].
Крытыка
рэдагавацьАнджэй Фрышкэ адзначае, што сярод паўстанцаў былі спрэчкі за сэнс паўстаньня; сутнасьць спрэчкі датычыць таго, ці варта было пачынаць бітву, у якой не было шанцаў на перамогу. Адразу было бачна, што гэта вельмі рызыкоўны крок. Крытыкі камандуючых паўстаньня кажуць, што быў згублены вялікі людзкі, матэрыяльны й культурны патэнцыял, які мог бы служыць народу. Заступнікі ідэі паўстаньня падкрэсьліваюць, што гэтая ахвяра была неабходнай для народзінаў легенды. Чын, вакол якога засяроджваецца ўяўленьне народу наступных пакаленьняў[12].
У беларускай гісторыяграфіі
рэдагавацьАфіцыйная гістарыяграфія замоўчвае паўстаньне. Гісторык Валянцін Голубеў кажа, што гэта тлумачыцца дзяржаўнай палітыкай, якая ў Беларусі скіраваная на Ўсход[15].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Borodziej, Włodzimierz (2006). The Warsaw Uprising of 1944. Translated by Barbara Harshav. University of Wisconsin Press. ISBN 978-0-299-20730-4 p. 74. (анг.)
- ^ Borowiec, Andrew (2001). Destroy Warsaw! Hitler’s punishment, Stalin’s revenge. Westport, Connecticut: Praeger. ISBN 0-275-97005-1. p. 6. (анг.)
- ^ а б в г д е ё «FAQ». Warsaw Uprising.
- ^ Borodziej, p. 75.
- ^ Параўнаньне войскаў, Музэй Варшаўскага паўстаньня (анг.)
- ^ Borowiec, p. 179.
- ^ Романько О. В. Мусульманские легионы во Второй мировой войне. М., 2004, с. 217—218.
- ^ Norman Davies, Rising '44: The Battle for Warsaw. ISBN 0-330-48863-5, стар. 301—302
- ^ Варшава 1944 — Бітва за Польшчу, Польскае радыё для замежжа
- ^ Павал Укельскі. Польшча ўшануе герояў паўстаньня, Польскае радыё для замежжа
- ^ Юры Весялкоўскі, "Рочніца «Бужы» в Бялымстоку", Беларус, Нумар 542 — сакавік 2008
- ^ а б в Значэньне Варшаўскага паўстаньня. Radio Polonia (2 жніўня 2007). Праверана 8 лютага 2009 г.
- ^ Варшаўскае паўстаньне, Polskie Radio dla zagranicy
- ^ Польшча ўшануе герояў паўстаньня, Radio Polonia(недаступная спасылка)
- ^ Варшаўскае паўстаньне ў беларускай гісторыяграфіі, Polskie Radio dla zagranicy
Літаратура
рэдагаваць- Норман Дэйвіс, Powstanie '44, Wydawnictwo Znak, Кракаў, 2004, ISBN 83-240-0459-9.
- Барыс Сакалоў (1 жніўня 2004) Сталин и Варшавское восстание (рас.) Мнения. Грани.ру. Праверана 27 студзеня 2009 г.
- Ян Рэпа (3 жніўня 2004) Варшавское восстание, «не замеченное» Сталиным (рас.). Бі-бі-сі. Праверана 1 лютага 2009 г.
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьВаршаўскае паўстаньне — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў