Новая Вільня

Раён Вільні

Но́вая Ві́льня (па-летувіску: Naujoji Vilnia) — адміністрацыйны раён Вільні, да 1957 — асобнае места. Знаходзіцца ва ўсходняй частцы летувіскай сталіцы, на левым беразе ракі Вілейкі.

Новая Вільня
Naujoji Vilnia
Агульныя зьвесткі
Краіна Летува
Павет Віленскі
Раён Віленскі
Места Вільня
Статус адміністрацыйны раён
Уваходзіць у Вільня
Дата ўтварэньня 1957
Кіраўнік Ежы Грыдзюшка
Насельніцтва (2001) 32800
Плошча 39,3 км²
Месцазнаходжаньне Вільні
Новая Вільня на мапе
Nowa Wilejka, panorama Naujoji Vilnia panorama.jpg
   Дадатковыя мультымэдыйныя матэрыялы

Апісаньне

рэдагаваць

Новая Вільня — адна з найвялікшых тэрытарыяльных адзінак Вільні плошчаю амаль 40 км², сумарнай даўжынёй вуліцаў 1200 км, палова зь якіх асфальтаваныя[1]. Забудова пераважна аднапавярховая, даваенная, на ўскраінах пабудаваныя шматпавярховыя дамы. У пераважна вясковай забудове шмат дзе няма асьвятленьня, каналізацыі і вадаправоду.

Сярод іншых тут дзейнічае польская сярэдняя школа імя Юзэфа Ігнацыя Крашэўскага (больш за 700 вучняў)[2]. У параўнаньні зь іншымі раёнамі Вільні жыхары Новай Вільні бяднейшыя і менш адукаваныя — найвышэйшую адукацыю маюць 12% мяшканцаў (у сярэднім па Вільні — 23,1%)[1].

У часы падзелаў Рэчы Паспалітай у Новай Вільні быў адкрыты псыхіятрычны шпіталь, які цяпер ёсьць найбольшым прадпрыемствам у раёне (колькасьць супрацоўнікаў каля 1000 чалавек). За савецкім часам Новая Вільня была індустрыялізаваная, частка збудаваных у той пэрыяд аб’ектаў цяпер зьнішчаныя. У зьвязку з прыроднымі помнікамі за апошнія 20 гадоў у раён перасялілася шмат жыхароў зь іншых частак Летувы.

Турыстычная інфармацыя

рэдагаваць

Нэагатычны касьцёл сьвятога Казімера (1909—1911), крыжападобны ў пляне з трыма нэфамі. Набажэнствы адбываюцца па-польску.

Царква сьвятых Пятра і Паўла (1908), пабудаваная з ініцыятывы жонкі тагачаснага губэрнатара.

Для польскага вайсковага гарнізону ў 30-х роках XX стагодзьдзя пачалося ўзьвядзеньне новага касьцёлу, аднак да вайны ён ня быў скончаны. Кансэкрацыя адбылася толькі ў 2002 року пад іншай назвай — касьцёл Маці Божай Каралевы міру. Набажэнствы таксама ладзяцца па-польску.

Мінуўшчына

рэдагаваць

Ранейшая назва мясцовасьці — Раканцішкі. У XII стагодзьдзі пабудаваны замак, паводле легенды, зрабіў гэта князь Гольша, заснавальнік славутага вялікалітоўскага роду Гальшанскіх. У XVI стагодзьдзі замак быў грунтоўна перабудаваны ў рэнэсансавым стылі. Па сьмерці ў 1555 року Паўла Гальшанскага, біскупа віленскага, замак перайшоў ва ўласнасьць каралевы Боны, а пасьля трапіў у рукі роду Пацаў. 15 ліпеня 1636 року ў ім Стэфан Пац прымаў караля Рэчы Паспалітай Уладзіслава IV. У часе вайны з Расеяй у 1655 року замак быў разбураны казакамі, а людабойствы маскоўскім войсках жыхароў Віленшчыны прывялі да спусташэньня і гаспадарчага заняпаду паселішча.

Пасьля падзелаў Рэчы Паспалітай мястэчка трапіла ў склад Расейскай імпэрыі. У 1862 року адкрытая Пецярбурска-Варшаўская чыгунка, пазьней да Менску, дзякуючы чаму тут паўстаў важны чыгуначны вузел і пачалося хуткае гаспадарча-эканамічнае разьвіцьцё рэгіёну. У 1871—1873 пабудаваны чыгуначны вакзал, а чыгуначнай станцыі ў Раканцішках нададзеная назва Вілейка. У 1905 нададзеныя мескія правы. У 1911 паўстаў нэагатычны касьцёл сьвятога Казімера. 20 кастрычніка 1933 да Новай Вільні далучаныя пяць вёсак з гміны Міцкуны: Ябланаўка, Вербы Польскія, Парубы Гаранскія, Вераб’і Ніжнія і Вераб’і Верхнія.

Па II сусьветнай вайне большасьць польскіх мешканцаў прымусова выселеная ў Польшчу. Дэпартацыі ў Сыбір і Казахстан, якія пачаліся яшчэ пасьля далучэньня Летувы да СССР у 1939, працягваліся да пачатку 1950-х. У памяць гэтага трагічнага эпізоду на чыгуначнай станцыі пастаўлены лякаматыў з паравозам.

У 1957 мястэчка ўвайшло ў склад Вільні.

Насельніцтва

рэдагаваць

Новая Вільня — найбольш польскі раён Вільні: 34% жыхароў складаюць палякі (у сярэднім па Вільні 19%), 29,5% летувісы, 20% расейцы (перапіс 2001 року)[3].

  1. ^ а б Stanisław Tarasiewicz, Wilejka straszy, Kurier Wileński. 17.11.2006.
  2. ^ Naujienos
  3. ^ Vilniaus miesto savivaldybės gyventojai ir būstai. С. 38

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Новая Вільнясховішча мультымэдыйных матэрыялаў