Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Качан.

Кастусь Акула, сапраўднае імя: Аляксандар Ігнатавіч Качан (16 лістапада 1925, в. Верацеі, Докшыцкі раён — 29 студзеня 2008, Таронта, Канада) — беларускі грамадзкі дзеяч эміграцыі, пісьменьнік.

Кастусь Акула
лац. Kastuś Akuła
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Аляксандар Ігнатавіч Качан
Нарадзіўся 16 лістапада 1925
в. Верацеі, Докшыцкі раён
Памёр 29 студзеня 2008
Таронта, Канада
Пахаваны
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці пісьменьнік, вайсковы і грамадзкі дзяяч
Жанр проза, паэзія, успаміны
Мовы беларуская, ангельская
Значныя творы раманы «Змагарныя дарогі» (1962) і «Заўтра ёсьць учора» (анг., 1968), трылёгія «Гараватка»
Узнагароды
Творы на сайце Knihi.com
Творы на сайце Kamunikat.org

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

Бацькі — Ігнат і Паўліна — мелі, апрача Алеся, яшчэ сем дзяцей і да 12 гектараў ворнай зямлі[1].

Падчас нямецкай акупацыі навучаўся ў Віленскай беларускай гімназіі. Падчас адной з паездак дадому трапіў у Менску ў аблаву. Вучэньне перапынілася трыма месяцамі нямецкай вязьніцы і месяцам канцлягеру[1]. Скончыў курсы настаўнікаў ў Глыбокім[2].

У чэрвені 1944 паступіў у Менскую школу камандзіраў Беларускай Краёвай Абароны (БКА). Са школаю адступіў на Захад, пасьля далучэньня да нямецкіх вайсковых адзінак трапіў у Францыю. Там зь іншымі беларусамі перайшоў да партызанаў-макісаў, ваяваў супраць немцаў. Пасьля ў складзе брытанскай арміі (польскі корпус генэрала Андэрса) ваяваў у Італіі. Узнагароджаны брытанскім «Мэдалём вайны» й італійскай «Залатой зоркай».

Пасьля вайны служыў у брытанскім войску[2]. Скончыў Брытанскую афіцэрскую школу (1946) і ў чыне капрала зноў вярнуўся ў Італію, пасьля чагопрыехаў ў Ангельшчыну[3]. У 1946—1947 гг. жыў у Англіі. Браў удзел у стварэньні Згуртаваньня беларусаў у Вялікай Брытаніі. У чэрвені 1947 г. пераехаў у Канаду, напачатку жыў у горадзе Ашава, быў адным з заснавальнікаў Згуртаваньня беларусаў у Канадзе, першым ягоным старшынём. Потым пераехаў у Таронта, належаў да ЗБК, адзін з актывістаў парафіі сьв. Кірылы Тураўскага ў Таронта, належаў да лягеру прыхільнікаў Рады БНР.

Працаваў у беларускіх нядзельных школах, спрычыніўся да заснаваньня Беларускай касы самадапамогі, рэсорту «Слуцак» у Канадзе[2].

Заснаваў першае ў Паўночнай Амэрыцы выданьне на беларускай мове ‑ газэту «Беларускі эмігрант» (1948‑1954), у 1974‑1997 гг. выдаваў часопіс «Зважай».

Падчас сусьветнай выставы ЭКСПО-69 у Манрэалі Кастусь Акула правёў акцыю супраць савецкага ўціску ў Беларусі. Калі памочнік Касыгіна — Палянскі рабіў агляд ганаровай варты, з боку сэкцыі прэсы пачулася «Freedom for Belarus! Няхай жыве незалежная Беларусь!» і ў гору паляцелі сотні брашур. Акула быў затрыманы паліцыяй[1][2].

Пасьля абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі, у 1992 годзе наведаў бацькаўшчыну[1].

Прыватны архіў захоўваецца ў Беларускай бібліятэцы і музэі імя Францішка Скарыны ў Лёндане.[4]

Творчасьць

рэдагаваць

Першыя вершы надрукаваў падчас Другой сусьветнай вайны ў «Беларускай газэце» і «Голасе вёскі» (пад сапраўдным імем і псэўданімам Міхась Козыр). На чужыне ён працягнуў сваю літаратурную дзейнасьць, друкаваўся ў газэце «Бацькаўшчына» і ў іншых беларускіх выданьнях на эміграцыі.

  • 1962 — «Змагарныя дарогі», Таронта
  • 1965—1981 — трылёгія «Гараватка»
    • «Дзярлівая птушка» (1965),
    • «Закрываўленае сонца» (1974)
    • «Беларусы, вас чакае зямля» (1981)
  • 1968 — «Заўтра ёсьць учора», Таронта, па-ангельску
  • 1984 — «Усялякая ўсячына», зборнік прозы і паэзіі
  • 1991 — «За волю», раман
  • 1994 — «Змагарныя дарогі», Менск, 2-е выданьне
  • 2005 — «Россыпы», Менск, выбраныя творы
  • 2008 — «Заўтра ёсьць учора», Менск, па-беларуску

Савецкая прапаганда

рэдагаваць

Бацька Акулы быў арыштаваны й загінуў у 1951 годзе ў вязьніцы пад Барысавам[2]. Супраць Кастуся ў БССР друкаваліся адкрытыя лісты беларускіх савецкіх пісьменьнікаў, выходзілі памфлеты і фэльетоны, яго называлі «агент ЦРУ» «платны вызвольнік Беларусі» і «шалёны антысаветчык». Пасьля абраньня Лукашэнкі прэзыдэнтам у 1995 годзе яго кнігі зьніклі з кнігарняў.

  1. ^ а б в г Памёр Кастусь Акула, Наша Ніва
  2. ^ а б в г д Сьв. памяці Кастуся Акулы, Віталь Зайка, Беларус №541
  3. ^ Памяці Кастуся Акулы, МГА «Бацькаўшчына».
  4. ^ Гардзіенка, Н. Архівы Беларускай бібліятэкі й музэя імя Францішка Скарыны ў Лёндане // Беларускі Інстытут Навукі і Мастацтва (БІНіМ) Запісы. — Нью Ёрк, Менск: 2008. — Vol. 31. — P. 73-100.

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць