Слова пра паход Ігараў
Слова пра паход Ігараў, Слово о плъку Игоревѣ, Слова пра паход Ігараў, Ігара, сына Сьвятаславава, унука Алегава — помнік сярэднявечнай літаратуры Русі кан. XII ст. Сюжэт СПІ грунтуецца на няўдалым паходзе 1185 некаторых князёў Русі на чале зь Ігарам Сьвятаславічам супраць полаўцаў.
СПІ ўваходзіла ў склад зборніка зь некалькіх літаратурных тэкстаў і выяўлена ў Яраслаўскім Спаса-Праабражэнскім манастыры А. І. Мусіным-Пушкіным. Арыгінал СПІ загінуў у 1812 падчас маскоўскага пажару, што дало падставу сумнявацца ў сапраўднасьці рукапісу.
Усе сёньняшнія тэксты СПІ грунтуюцца на выданьні 1800 падрыхтаваным Мусіным-Пушкіным, копіі зьнятай для Кацярыны II у 1795, выпісках зробленых А. Ф. Маліноўскім і М. М. Карамзіным. Значэньне таксама мае зроблены для Кацярыны II пераклад СПІ, які рабіўся ня з копіі, а з арыгіналу рукапісу.
Аўтар
рэдагавацьГіпотэзы рознай ступені доказнасьці аб тым, хто мог бы быць яго аўтарам высоўваюцца практычна на працягу ўсіх дзьвюх стагодзьдзяў з часу публікацыі СПІ. Практычна ўсе вядомыя па летапісе дзяячы канца XII ст. залічаліся ў магчымыя аўтары. Са сваімі вэрсіямі выступалі ня толькі філёлягі й гісторыкі, але таксама й шматлікія аматары, пісьменьнікі, публіцысты. СПІ як усё вялікае прыцягвае да сябе ўвагу разнастайных маргіналаў, былі спробы чытаць яго нават па-хазарску.
СПІ занадта кароткі, незвычайны й складаны тэкст, каб па ім можна было ўпэўнена судзіць аб тых або іншых уласьцівасьцях яго аўтара або параўноўваць яго зь іншымі тэкстамі той эпохі. Адны дасьледчыкі лічылі, што тон зваротаў аўтара да князёў паказваюць на тое, што ён сам быў князем, у прыватнасьці, зваліся імёны самога Ігара, Яраслаўны, Уладземера Ігаравіча й шэрагу іншых князёў, уключаючы вельмі малавядомых. Іншыя, насупраць, сьцьвярджалі, што князь ня мог зваць князя «гаспадзінам». Па-рознаму ацэньваліся й палітычныя сымпатыі аўтара — адны лічаць, што ён апявае Ігара й таму належыць да лягеру Ольгавічаў, іншыя — што ён асуджае яго авантуру й сымпатызуе Манамахавічам. Высоўвалася нават малаверагодная вэрсія, што частка тэксту напісаная адным аўтарам, іншая частка — іншым. Высоўваліся вэрсіі, што аўтар быў пскавічом — на падставе пскоўскіх элемэнтаў у мове СПІ, ці палачанінам — шмат месца ў СПІ прысьвечана полацкай гісторыі й Усяславу Брачыславічу. Асобную галіну складаюць спробы пошуку прама названага або зашыфраванага імя аўтара ў тэксьце, вылучэньне акравершаў, Але з-за таго што першапачатковы рукапіс згублены, такія рэканструкцыі вельмі сумніўныя.
Б. А. Рыбакоў, атрыбутаваўшы як аўтара большай часткі Кіеўскага летапісу XII ст. фігуруючага ў ёй кіеўскага баярына Пятра Барыславіча, і, улічваючы даўно вядомыя лінгвістам нетрывіяльныя падабенствы паміж Кіеўскім летапісам і СПІ, дапусьціў, што СПІ напісаў таксама Пётар Барыславіч. Гэтую гіпотэзу ён падмацаваў аналізам палітычнай канцэпцыі абодвух тэкстаў. Аднак атрыбуцыя летапісаньня паказанага пэрыяду баярыну Пятру сама па сабе гіпатэтычная, а падабенствы паміж творамі сьвецка-княскай культуры аднаго часу не абавязкова гавораць пра адзінае аўтарства.
Пры сучасным стане пытаньня й цяперашнім корпусе вядомых нам крыніцаў магчыма меркаваць, што імя аўтара СПІ ня будзе вядомае ніколі.
Скептычны пункт погляду на СПІ
рэдагавацьНеўзабаве пасьля публікацыі помніка шматлікія крытыкі выказвалі сумнеў ў яго сапраўднасьці, сьцьвярджаючы, што гэта не аўтэнтычны твор, а подробка XVIII ст. Пасьля публікацыі ў сяр. XIX ст. «Задоншчыны» — якая захавалася ў шасьці копіях XV ст., несумненна зьвязанай са СПІ, сапраўднасьць СПІ доўгі час нікім не аспрэчвалася.
Аднак у кан. XIX ст. францускім славістам Луі Лежэ, а ў 1920—1950-я гг. Андрэ Мазонам былі высунуты новыя скептычныя гіпотэзы адносна паходжаньня СПІ. Па меркаваньні Мазона й шэрагу іншых францускіх дасьледчыкаў, СПІ было створанае ў канцы XVIII стагодзьдзя па ўзоры «Задоншчыны», прычым у якасьці сюжэту было скарыстана пераказваньне падзеяў XII ст., зробленае В. М. Тацішчавым па летапісах, што былі пазьней страчаныя. Аўтарства тэксту Мазон прыпісваў А. І. Мусіну-Пушкіну, Бантышу-Каменскаму або архімандрыту Іаілю Быкоўскаму. Іаіля Быкоўскага таксама лічыў аўтарам СПІ савецкі гісторык А. А. Зімін у 1960-х, прычым ва ўмовах савецкага часу, калі адкрытая дыскусія вакол дадзенай праблемы была немагчымая, пярэчаньні афіцыйнай навукі Зіміну часта зводзіліся да ідэалягічных нападкаў — поўнасьцю асноўная праца Зіміна выдадзена толькі ў 2006. Найноўшую вэрсію высунуў амэрыканскі славіст Эдвард Кінан у 2003 — згодна зь яго меркаваньнем, СПІ складзенае чэскім філёлягам і асьветнікам Ёзэфам Даброўскім.
Скептыкам неаднаразова пярэчылі як гісторыкі, так і літаратуразнаўцы, аднак найболей пераканаўчыя аргумэнты на карысьць сапраўднасьці СПІ прапануюць лінгвісты. Р. В. Якабсон у 1948 падрабязна аспрэчыў усе асноўныя аргумэнты працаў Мазона, даказаўшы поўную адпаведнасьць моўных рысаў СПІ сапраўднаму помніку XII ст., загінулы рукапіс якога быў копіяй XV—XVI стагодзьдзяў.
У 2004 А. А. Залізьняк, усебакова дасьледаваўшы праблему, паказаў, што фальсыфікатар XVIII ст. ніяк ня мог валодаць лінгвістычнымі ведамі, неабходнымі для стварэньня тэксту СПІ. Кандыдатура Даброўскага таксама на гэтую ролю не пасуе, бо зьвесткі пра старажытную славянскую граматыку, выкладзеныя ў яго працах, адрозьніваюцца ад фактаў граматыкі СПІ. У прыватнасьці, Залізьняк паказаў, што характар ужываньня так званых клітык у тэксьце СПІ адпавядае парамэтрам апавядальных тэкстаў XII ст., а ведаў аб гэтых парамэтрах у меркаваных фальсыфікатараў XVIII ст. не магло быць. Аналягічныя назіраньні былі зробленыя й над іншымі кампанэнтамі граматыкі. Акрамя таго, шэраг парамэтраў дэманструе несумненную залежнасьць тэксту «Задоншчыны» ад тэксту СПІ, а не наадварот.
Нягледзячы на ўсе гэтыя сьведчаньні безгрунтоўнасьці вэрсіі аб СПІ як падробцы XVIII ст., дадзеная вэрсія стала выключна карысным стымулам у справе дасьледаваньня помніка.
Беларускія пераклады
рэдагавацьПершы пераклад СПІ, урывак пад назвай «Песня пра князя Ізяслава Полацкага», зрабіў Максім Багдановіч у 1910 годзе. Першы поўны празаічны пераклад СПІ зрабіў Янка Купала ў 1911 годзе, ён жа ў 1921 годзе зрабіў і паэтычны пераклад. У 1922 годзе выйшаў празаічны пераклад Максіма Гарэцкага («Хрестоматия белорусской литературы», Вільня). Паэтычныя пераклады СПІ таксама рабілі Анатоль Вялюгін («Плач Яраслаўны», 1969), Рыгор Барадулін (1985), Віктар Дарашкевіч (1985, апубл. 1989) і Іван Чыгрынаў (1991[1][2][3]).
Беларускія дасьледаваньні
рэдагавацьБадай меркаваньне Уладзіслава Сыракомлі, выказанае ў «Гісторыі польскай літаратуры ад пачатку яе да цяперашняга часу» (Масква, 1860), што СПІ напісана «беларускай мовай», трэба лічыць пачаткам вывучэньня СПІ беларускімі дасьледчыкамі. У 1911 годзе, у «Краткой истории белорусской письменности до XV ст.», свае разважаньні пра СПІ зьмясьціў Максім Багдановіч, між іншага ён лічыў, што старажытны твор складзены з калісьці асобных песень.
Значны ўклад ў вывучэньне СПІ зрабілі беларускія археолягі Эдуард Загарульскі[4][5] і Георгі Штыхаў[6][7]. Вячаслаў Чамярыцкі выказваў свае разважаньні па «цёмныя месцы» СПІ, Леанід Побаль выказваў меркаваньне пра лякалізацыю Дудутак згаданых СПІ[8]. Міхаіл Булахаў апублікаваў агляд славянскіх перакладаў і дасьледаваньняў СПІ, разглядаў фальклёрныя матывы ў СПІ й мове помніка. Найбуйным укладам беларускіх навукоўцаў зьяўляецца энцыкляпэдыя «„Слово о полку Игореве“ в литературе, искусстве, науке»[9], укладзеная Міхаілам Булахавым, і бібліяграфія работаў пра СПІ на беларускай мове, укладзеная Людмілай Зарэмба[10].
Літаратура
рэдагаваць- История спора о подлинности «Слова о полку Игореве»: Материалы дискуссии 1960-х годов / Вступительная статья, составление, подготовка текстов и комментарии Л. В. Соколовой. — СПб.: Издательство «Пушкинский Дом», 2010. — 792 с. ISВN 978-5-91476-010-3
- Зимин А. А. Слово о полку Игореве. — СПб.: «Дмитрий Буланин», 2006. — 516 с. ISBN 5-86007-471-9
- Слово о плъку Игоревѣ, Игоря, сына Святъславля, внука Ольгова
- Энциклопедия «Слова о полку Игореве». В 5 т. СПб., 1995. (рас.)
- Эдвард Кінан. Слова пра тое, як Яраслаў, князь галіцкі, у султанаў страляў // ARCHE № 2(16)-2001.
- Юры Пацюпа. Як Эдвард Кінан выбіў Богу вокны // ARCHE № 6(20)-2001. (zip)
Крыніцы й заўвагі
рэдагаваць- ^ «Спадчына». 1991. № 6. — С. 105—110
- ^ Зарэмба Л. І. «Слова аб палку Ігаравым» на Беларусі: 800 год выдатнаму помніку літаратуры Кіеўскай Русі // Нар. асвета. 1985. № 9. — С. 48—51.
- ^ Воінаў М. М. «Слова пра паход Ігаравы» у беларускіх перакладах // Беларус. літ-ра: Зб. артыкулаў. Гомельскі ун-т. Мінск, 1986. Вып. 14. — С. 99—109.
- ^ Об одном полоцком сюжете в «Слове о полку Игореве» // Весн. Беларус. ун-та. 1985. Сер. 3. № 3. — С. 75—77.
- ^ «Слово…» и западные земли Руси // Неман. 1985. № 8. — С. 157—165.
- ^ Эпізоды гісторыі Полацка ў «Слове аб палку Ігаравым» // Беларус. літ-ра і літаратуразнаўства. Мінск. 1976. Вып. 4. — С. 111—117.
- ^ У вусці Нямігі // Мастацтва Беларусі. 1985. № 9. — С. 14—15.
- ^ Наваколле Менеска на старонках «Слова пра паход Ігаравы»
- ^ «Слово о полку Игореве» в литературе, искусстве, науке: Краткий энциклопедический словарь. — Мн., 1989.
- ^ Слово о полку Игореве: Библиографический указатель (1968—1987) / Сост. Н. Ф. Дробленкова, Л. В. Соколова, Ю. В. Пелешенко и Л. И. Зарембо. — Л., 1991.