Ян Павал II
Ян Павал II (сьвецкае імя Караль Юзэф Вайтыла, па-польску: Karol Józef Wojtyła; 18 траўня 1920 — 2 красавіка 2005) — рымскі папа, першы пантыфік-славянін (наагул, першы папа, які не паходзіў з Італіі, за апошнія больш як 450 гадоў). кананізаваны.
Ян Павал II | ||||
па-польску: Jan Paweł II | ||||
![]() | ||||
Рымскі папа | ||||
---|---|---|---|---|
16 кастрычніка 1978 — 2 красавіка 2005 | ||||
Царква | Каталіцкая Царква | |||
Папярэднік | Ян Павал I | |||
Наступнік | Бэнэдыкт XVI | |||
Кракаўскі архібіскуп | ||||
13 студзеня 1964 — 16 кастрычніка 1978 | ||||
Адукацыя | Папскі міжнародны атэнэюм ангелікум (1948) | |||
Дзейнасьць | рыма-каталіцкі ксёндз, паэт, палітык, пісьменьнік, праваабаронец, прафэсар, філёзаф, пераходны дыякан, latin catholic deacon, архібіскуп, каталіцкі біскуп | |||
Сапраўднае імя | Караль Юзэф Вайтыла | |||
Нарадзіўся | 18 траўня 1920 Вадовіцы, Кракаўскае ваяводзтва, Польская рэспубліка | |||
Памёр | 2 красавіка 2005 (84 гады) Ватыкан | |||
Пахаваны | Сабор Сьвятога Пятра | |||
Бацька | Караль Вайтыла | |||
Маці | Эмілія Качароўская | |||
Прыняцьце сьвятога сану | 1 лістапада 1946 | |||
Япіскапская хіратонія | 28 верасьня 1958 | |||
Кардынал ад | 26 чэрвеня 1967 | |||
Аўтограф | ![]() | |||
![]() | ||||
Узнагароды |
| |||
![]() |
Жыцьцяпіс
рэдагавацьВучоба
рэдагавацьНарадзіўся ў мястэчку Вадавіцэ каля Кракава, Польшча. Сям’я Вайтылы, а ў яго быў яшчэ старэйшы брат Эдмунд, жыла даволі сьціпла — з заробку бацькі-чыноўніка. Караль Вайтыла быў вельмі здольным хлопцам: ён добра вучыўся, рэгулярна гуляў у футбол і езьдзіў на лыжах, а таксама браў актыўны ўдзел у працы школьнага тэатру. Яшчэ ў дзяцінстве будучы Папа перажыў сьмерць самых блізкіх людзей — памерла ягоная маці і брат, а ў 1941 годзе памёр і ягоны бацька. У гэтым жа годзе Караль Вайтыла, які ўжо быў тады студэнтам факультэту польскай філялёгіі Ягелонскага ўнівэрсытэту ў Кракаве, кінуў вучобу і пайшоў працаваць на фабрыку. Вайтыла быў сябрам падпольнай арганізацыі «Унія», якая, сярод іншага, у часе Другой сусьветнай вайны хавала габрэяў ад фашыстаў, а таксама разам зь сябрамі сур’ёзна займаўся тэатральнымі пастаноўкамі.
Аднак у 1943 годзе будучы папа нечакана кінуў тэатар і вырашыў вывучаць тэалёгію ў некалькіх падпольных навучальных установах. Пасьля сканчэньня вайны Вайтыла працягнуў вучобу ў Рыме і стаў сьвятаром.
Архібіскупства
рэдагавацьУ 1963 годзе Караль Вайтыла быў прызначаны архібіскупам Кракаўскім, а праз 4 гады атрымаў тытул кардынала.
Як стала вядома ўжо пасьля падзеньня камуністычнага рэжыму, спэцслужбы народнай Польшчы ўважліва сачылі за кракаўскім біскупам і актыўна, але безвынікова шукалі на яго кампрамат.
Папа Рымскі
рэдагаваць16 кастрычніка 1978 году ў 18:44 вернікі, якія сабраліся на плошчы сьвятога Пятра, каля Ватыкану пачулі афіцыйнае паведамленьне: «Папа абраны — ім стаў кардынал Караль Вайтыла». Пасьля свайго абраньня ён зьвярнуўся да вернікаў, што сабраліся на пляцы Сьвятога Пятра: «Ня ведаю, ці здолею я спраўна выказацца на вашай — „нашай“ — італьянскай мове… Калі я памылюся — вы мяне паправіце?»
Караль Юзэф Вайтыла быў першым папам-неітальянцам, які заняў апостальскі пасад за апошнія 455 гадоў. Кракаўскі кардынал быў таксама першым папам-славянінам, а таксама наймаладзейшым папам за апошнія 132 гады — у дзень абраньня яму было 58 гадоў. Абраньне Папам грамадзяніна сацыялістычнай краіны мела значны ўплыў на далейшыя падзеі ва Ўсходняй Эўропе і Азіі.
Праз год па абраньні Папа прыехаў у Польшчу — мільёны людзей прыходзілі на сустрэчы зь ім. Гэта дапамагло абудзіць народ — польскі народ абудзіўся, а разам зь ім і іншыя народы ўсходняй Эўропы. Сьвяты айцец, сярод іншага, гаварыў: ня бойцеся — зьмяняйце аблічча гэтай зямлі. Вось што дакладна сказаў Папа ў Польшчы ў часе першай пілігрымкі: «З глыбіні гэтага тысячагодзьдзя, напярэдадні сьвята Пяцідзесятніцы, заклікаю, заклікаю разам з Вамі: няхай Дух Сьвяты сыдзе і адновіць аблічча зямлі… гэтай зямлі».
Яго трыюмфальны дзевяцідзённы візыт у часы харчовага дэфіцыту занепакоіў камуністычныя ўлады і пасеяў у Польшчы зярняты супраціву. Папа і надалей працягваў жыцьцёва важную падтрымку антыкамуністычнага руху «Салідарнасьць».
Замах на жыцьцё
рэдагаваць13 траўня 1981 году ў часе аўдыенцыі на плошчы сьвятога Пятра Мэхмэт Алі Агча[1] зрабіў замах на Яна Паўла II — ён быў цяжка паранены. Дагэтуль невядома дакладна, хто насамрэч стаяў за гэтым замахам. Паводле апошніх дадзеных і дакумэнтаў, якія нядаўна былі знойдзеныя, зь вялікай ступеньню ўпэўненасьці можна сьцьвярджаць, што забойства папы сплянаваў савецкі КДБ.
Характэрнай рысай пантыфікату Яна Паўла Другога сталіся пілігрымкі — ніводны зь ягоных папярэднікаў не наведаў столькі краінаў (каля 120). Ён выказваў жаданьне наведаць і Беларусь, але з унутрыпалітычных прычынаў і супрацьдзеяньня Расейскае праваслаўнай царквы, візыту не адбылося.
Вялікі ўнёсак папа зрабіў і ў справу прымірэньня паміж рэлігіямі, а таксама ў тое, каб наблізіць царкву і ўласна асобу пантыфіка да вернікаў. Папа таксама змагаўся за зьнішчэньне этнічных і экумэнічных бар’ераў. Падчас візыту ў Сьвятую Зямлю ў 2000 годзе, ён ад імя каталіцкай царквы выступіў з гістарычным афіцыйным выбачэньнем за антысэмітызм. Для мільёнаў людзей Ян Павал Другі стаў найвялікшым маральным аўтарытэтам у сьвеце.
Сьмерць
рэдагавацьКаля дзясятай гадзіны вечара 2 красавіка 2005 году, сэрца пантыфіка спынілася. Яму было 84 гады. У Ватыкан на пахаваньне прыехалі больш як чатыры мільёны вернікаў з усяго сьвету. На цырымонію пахаваньня папы прыляцеў таксама Менска-Магілёўскі мітрапаліт кардынал Казімер Сьвёнтак і гарадзенскі біскуп Аляксандар Кашкевіч. Жалобныя набажэнствы прайшлі ва ўсіх каталіцкіх храмах Беларусі.
Ян Павал II і Беларусь
рэдагавацьЯн Павал меў вялікую цікавасьць да Беларусі, ён казаў у размове з рэдактарам беларускага каталіцкага часопісу «Наша вера»: «Вядома, я вельмі хацеў бы ступіць на вашу зямлю, пабачыць Беларусь, якую я вельмі люблю». Менавіта ён стварыў паўнавартасную каталіцкую структуру ў Беларусі. Ён прызначыў першага ў другой палове 20 стагодзьдзя каталіцкага біскупа ў Беларусі — Тадэвуша Кандрусевіча.
Каталіцкія ўстановы ПНР пачалі дзейнасьць у 1980-ых гадах па аднаўленьню сувязяў зь беларускім, жэмойцкім і ўкраінскім народамі. Гэтую хрысьціянска-палітычную задачу пачалі ажыцьцяўляць адначасова розныя структуры польскай Каталіцкай царквы. Манаскія кангрэгацыі мелі, часта за мяжой, сваіх асобных генэралаў, не заўсёды зацікаўленых гісторыяй гэтай часткі Эўропы. Юры Туронак лічыў, што адзінай крыніцай яе мог быць папа Ян Павел Другі[2].
8 сьнежня 1988 году папа Ян Павал Другі абвясьціў пасланьне «Ушаноўваньне меншасьцяў — умова міру»[3]. Пасланьне паказала яго погляд, што вырашэньне складаных пытаньняў нацыянальных і рэлігійных меншасьцяў зьяўляецца адным з найважнейшых прадпасылак міжнароднага зьбліжэньня і супрацоўніцтва.
26 красавіка — 6 траўня 1990 году ў Рыме адбылася міжнародная канфэрэнцыя на тэму «Асновы гістарычных і культурных традыцый у Цэнтральна-Ўсходняй Эўропе», якая была пад апекай папы[4]. У канфэрэнцыі ўдзельнічала каля 60 беларускіх, жэмойцкіх, польскіх і ўкраінскіх інтэлектуалаў, якія выступалі з дакладамі па розных пытаньнях гісторыі і сучаснасьці сваіх краін. Беларускую праблематыку рэфэравалі Вячаслаў Вярэніч, Анатоль Грыцкевіч і Адам Мальдзіс з БССР, айцец Аляксандар Надсан зь Вялікабрытаніі, Ян Запруднік, Вітаўт Кіпель, Зора Кіпель з ЗША і Юры Туронак з Польшчы[4]. Аднак пачынаньні папы Яна Паўла Другога не паўплывала на зацікаўленьне ўдзельнікаў канфэрэнцыі становішчам беларусаў ці ўкраінцаў у Польшчы, а толькі паслужыла звароту ўвагі да бедаў польскай меншасьці ў Беларусі, Жэмойці і Ўкраіне.
У 1993 годзе Ян Павал Другі павялічыў колькасьць дыяцэзіяў, прызначыў новых біскупаў і першага ў гісторыі беларускага кардынала Казімера Сьвёнтака. Гэта адзіны кардынал на тэрыторыі СНД.
У 1980-х гадох Ян Павал ІІ прыняў два разы біскупа Часлава Сіповіча зь беларускімі сьвятарамі, якія ў той час жылі ў Заходняй Эўропе і ў Амэрыцы. Гэта давала магчымасьць паінфармаваць папу пра рэальную сытуацыю, у якой жыла каталіцкая царква ў Беларусі.
Пасьля прыйшлі бэатыфікацыю 13 мучанікаў Падляскіх, пасьля 13 беларускіх мучанікаў часоў Другой сусьветнай вайны ў рамках бэатыфікацыі ў Варшаве 108 мучанікаў, пасьля 11 сясьцёр-назарэцянак з Наваградку. Вось гэта такія канкрэтныя моманты, якія канкрэтна абуджалі надзею і сілу веры ў вернікаў Беларусі.
З-за напружаных адносінаў Ватыкану з Расейскай праваслаўнай царквой Ян Павал ІІ так і ня змог прыехаць у Беларусь. Як вядома, з суседзяў Беларусі ён наведаў Польшчу, Летуву і Ўкраіну, і ня быў толькі ў самой Беларусі і ў Расеі. Афіцыйная прычына напружанасьці з боку РПЦ — Унія ва Ўкраіне і заснаваньне каталіцкіх структураў у Расеі. Пры гэтым, пратэстуючы супраць заснаваньня каталіцкіх эпархіяў у Расеі, РПЦ замоўчвае факт, што ў каталіцкіх краінах Эўропы свабодна дзейнічаюць эпархіі РПЦ.
Менавіта гэты папа першым стаў зьвяртацца два разы на год па-беларуску да беларускага народу.
Пасьля ён шмат разоў прамаўляў па-беларуску на сустрэчах зь беларускімі вернікамі і біскупамі. Ад 2002 году беларуская мова зьяўляецца афіцыйнай мовай Каталіцкай царквы ў Беларусі, па-беларуску служацца набажэнствы і прамаўляюцца казаньні ў большасьці каталіцкіх парафіяў Беларусі і вядзецца навучаньне ў Вышэйшай каталіцкай сэмінарыі ў Пінску.
З 1991 году выйшла больш за 20 каталіцкіх малітоўнікаў на беларускай мове — для параўнаньня, у праваслаўных за гэты ж час выйшла толькі перавыданьне малітоўніка мітрапаліта Мікалая Мацукевіча. 16 кастрычніка 2003 году, калі адзначаўся 25-гадовы юбілей пантыфікату, Таварыства беларускай мовы накіравала Яна Паўлу ІІ віншаваньне з падзякай за пашырэньне беларускай мовы ў Беларусі і сьвеце.
Яго верш «Юдэйская пустыня» пераклала на беларускую мову Хрысьціна Лялько[5].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Газэта «Rzeczpospolita». Папа распачаў рэвалюцыю // Беларуская Салідарнасьць, 27 ліпеня 2013 г. Праверана 30 ліпеня 2013 г.
- ^ Туронак, Юры За кардонам Бацькаўшчыны: успаміны / Г. Сагановіч. — Менск: Медысонт, 2010. — С. 166—168. — 276 с. — (Бібліятэка ч-су Беларускі гістарычны агляд). — 500 ас. — ISBN 978-985-6887
- ^ Туронак, Юры За кардонам Бацькаўшчыны: успаміны / Г. Сагановіч. — Менск: Медысонт, 2010. — С. 169. — 276 с. — (Бібліятэка ч-су Беларускі гістарычны агляд). — 500 ас. — ISBN 978-985-6887
- ^ а б Туронак, Юры За кардонам Бацькаўшчыны: успаміны / Г. Сагановіч. — Менск: Медысонт, 2010. — С. 166—168. — 276 с. — (Бібліятэка ч-су Беларускі гістарычны агляд). — 500 ас. — ISBN 978-985-6887
- ^ Галасы з-за небакраю: анталогія паэзіі свету ў беларускіх перакладах ХХ ст. Склад. М. Скобла. — Мн.: Лімарыус 2008. — 896 с.
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьЯн Павал II — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Энцыкліка Fides et Ratio
- Сайт, прысвечаны Святому Яну Паўлу II
- Third pilgrimage of John Paul II to Poland, Institute of National Remembrance