Люцічы
Лю́цічы (вільцы, велеты[1]) — зьвяз заходнеславянскіх плямёнаў. Адзін з племянных зьвязаў палабскіх славянаў — славянскага насельніцтва сучаснай паўночнай, паўночна-заходняй і ўсходняй Нямеччыны. Апроч люцічаў, да палабскіх славянаў належалі племянныя зьвязы бодрычаў (абадрытаў, рарагаў або рэрэкаў) і лужычанаў (лужыцкія сэрбы, мільчане або проста сэрбы). Самі люцічы складаліся з далянчанаў, радараў, хіжанаў і чэразьпенянаў. Люцічы жылі на тэрыторыях цяперашніх нямецкіх фэдэральных земляў Мэкленбург — Пярэдняя Памяранія і Брандэнбург (поўнач Брандэнбургу). Абедзьве зямлі знаходзяцца ва ўсходняй Нямеччыне.
Цэнтрам зьвязу люцічаў было сьвяцілішча Радагошч, у якім ушаноўваўся бог Сварожыч (Радагост). Усе пастановы прымаліся на вялікім племянным зборы, а цэнтральнай улады не існавала. Таксама адной з сталіцаў люцічаў быў горад Аркона, які разьмяшчаўся на высьпе Руген (славянская назва Руян) зь сьвяцілішчам бога Сьвятавіта. Гэты горад быў разбураны датчанамі за каралём Вальдэмарам I у час войнаў, якія праводзілі ўжо хрысьціянізаваныя нямецкія дзяржавы супраць земляў палабскіх славянаў, з мэтай далучэньня гэтых багатых земляў да нямецкіх дзяржаваў і навяртаньня мясцовага насельніцтва ў хрысьціянства. Датчане, у прыватнасьці, бралі ўдзел у гэтых войнах перасьледваючы свае мэты — апроч пашырэньня хрысьціянства, яшчэ і абарону ад люцічаў, а таксама помсту за напады і спусташэньні, якія раней чынілі люцічы ў Даніі; урэшце, адной з мэтаў таксама было вызваленьне ад даніны, якую выплачвалі люцічам некаторыя дацкія правінцыі.
Назва
рэдагавацьЭтнонім люцічы пачаў ужывацца ў X ст. і мае патранамічнае паходжаньне — ад імя князя Люта, або Лютаміра[3]. Таксама існуе думка, што назва люцічы ўтварылася ад славянскага прыметніка люты, які ў станоўчым разуменьні азначаў 'сьмелы, храбры, адважны, слаўны', а для ворага — 'жорсткі, драпежны'[4]. Старэйшая назва племяннога зьвязу — вільцы — магчыма, утварылася ад татэму ваўка (у мове заходніх славянаў — вільк або вельк)[5]. Паводле чэскага гісторыка і этнографа Паўла Шафарыка, яшчэ адна назва зьвязу — велеты[1].
У лацінскіх крыніцах краіна і народ люцічаў называліся Leutici (Leuticia), Lutici (gens Luticiorum, terra Luticiorum), Liutici (terra Liuticiorum), Liutizi, Liuzici, Luidici, Luidizi. Магчыма, бізантыйскі імпэратар Канстантын Парфіродны (905—959) называў люцічаў лензанінамі (або ленцанінамі), якіх ён ставіў поруч з крывічамі[6]. Нямецкі кароль Конрад III у сваёй грамаце ад 1150 году, відаць, называў люцічаў лецічамі (Liezici)[7]. Тым часам паўночнагерманскі аўтар Адам Брэмэнскі ў сваёй хроніцы, напісанай перад 1080 годам, ужываў датычна люцічаў назву леўтыцы (Leutici)[8].
Паходжаньне
рэдагавацьУ XVII ст. швэдзкі храніст Тамаш Гіерн(ru) агучыў канцэпцыю пра этнічную роднасьць люцічаў зь ліцьвінамі. Ён пісаў, што вільцы-люцічы і латышы калісьці былі адным народам: па тым, як народы мовы, роднаснай для ліцьвінаў і латышоў, з Дакіі і Валахіі перасяліліся на поўнач, у міжрэчча Лабы і Одры, там яны пачалі называцца люцічамі, або вільцамі[9].
У XIX ст. чэскі гісторык і этнограф Павал Ёзэф Шафарык выказаў гіпотэзу, што племя велетаў сьпярша жыло на гістарычнай Віленшчыне, а потым перасялілася на захад і ўвайшло ў склад палабскіх славянаў. Тым часам пра велетаў яшчэ ў II ст. пісаў Пталямей. Да гіпотэзы Шафарыка станоўча паставіліся беларускі гісторык Вацлаў Ластоўскі і мовазнаўца Язэп Лёсік. Тэорыю Шафарыка разьвіў беларускі гісторык Мікалай Касьпяровіч, які апублікаваў у 1929 годзе артыкул пра валатоўкі, дзе прасачыў пашырэньне на Беларусі паданьняў пра волатаў і зьвязаных з гэтым геаграфічных назваў[1]. Таксама Павал Шафарык лічыў, літва — гэта славянскае племя, якое ўпамінаецца ў летапісам як «лютва»[10].
Гісторыя
рэдагавацьПершыя гістарычныя зьвесткі пра люцічаў паходзяць з канца VIII ст., калі ў войнах франкаў з саксамі яны выступілі на баку апошніх, тым часам бодрычы і сэрбы выступілі на баку франкаў (караля Пэпіна «Кароткага»). Карл Вялікі, пашыраючы сваю дзяржаву на ўсход, увайшоў у кантакт з славянамі, пачаўшы пэрыяд жорсткіх войнаў немцаў з славянамі. У 789 глодзе ён перайшоў з войскам Лабу і пры падтрымцы бодрычаў і сэрбаў, якіх падпарадкаваў сваёй уладзе ў 772 годзе, зруйнаваў краіну люцічаў. У 798 і 799 гадох Карл Вялікі зноў хадзіў вайной супраць плямёнаў, званых агульным імем люцічы[11].
Племянны зьвяз вільцаў-люцічаў умацаваўся з часоў нямецкіх каралёў і імпэратараў Сьвятой Рымскай імпэрыі Генрыха I (919—936) і Оты I (936—973), калі пачалася нямецкая экспансія на поўнач, дзе жылі славяне. У заходнеэўрапейскіх хроніках да гэтага зьвязу звычайна залічваліся чатыры плямёны: далянчане (доленцы[11]), радары (ратары[11]), хіжане і чэразьпеняне (чэрасьпенцы[11]). У зьвяз вільцаў-люцічаў таксама ўваходзілі ўкране, якія жылі на рацэ Укры, і стадаране (стодараны[11]), цэнтрам якіх быў горад Бранібор (Брандэрбург), а таксама ліняне. Палітычную перавагу ў зьвязе мелі радары, культурных цэнтрам якіх быў горад Радагошч[12].
Нямецкі наступ на славянаў пачаўся па 926 годзе, калі зьявілася замірэньне з мадзярамі-вугорцамі. Узімку 927—928 гадоў войска караля Генрыха I здабыло горад Бранібор, а князь стадаранаў Тугамір трапіў у палон. Потым саксонскі граф Бэрнгард шляхам некалькіх выправаў падпарадкаваў нямецкаму ўплыву зямлю радараў і землі некаторых іншых плямёнаў, што ўваходзілі ў зьвяз вільцаў-люцічаў. Аднак, калі ў 929 годзе Генрых I выправіўся ў Прагу, выбухнула паўстаньне палабскіх славянаў, якое ачолілі радары. Дзеля яго здушэньня графы Бэрнгард і Тытмар аблажылі горад Лончын (Ленцэн). Рушаньне славянскіх плямёнаў, якое ішло на дапамогу, немцы загналі ў багну і разьбілі перад горадам. Гэта прывяло да капітуляцыі 800 абаронцаў Лончына, якіх там жа забілі. Жыхары мясцовасьці, што ратаваліся за мурамі гораду, трапілі ў нямецкую няволю[12].
У 932 годзе нямецкія войскі, якія складаліся з закаваных у жалеза конных рыцараў, падпарадкавалі лужыцкіх сэрбаў, а ў 934 годзе ў выніку перамогі над укранамі нямецкае панаваньне пашырылася да ўтокі Одры. У 936 годзе па сьмерці імпэратара Генрыха I выбухнула другое вялікае паўстаньне люцічаў, якое зноў ачолілі радары. У верасьні і кастрычніку таго ж году новаабраны кароль і пазьней імпэратар Ота I узначаліў карную экспэдыцыю, скіраваную ў асноўным супраць радараў. Аднак хваляваньні і збройныя сутычкі не спыняліся, а супраць немцаў таксама ўзбунтаваліся абадрыты-бодрычы. Перад 940 годам граф Гер з Паўночнай Турынгіі, якому даручылі змаганьне з палабскімі славянамі, здолеў дзеля перамоваў сабраць у сваім замку 30 князёў, пераважна вільцаў-люцічаў, якіх па добрым пачастунку перабілі ўначы. Тым часам нямецкі каралеўскі ўрад падкупіў і вызваліў з палону князя Тугаміра, які пад выглядам уцекача вярнуўся ў Бранібор, дзе заняў княскі пасад і ў 941 годзе перадаў стадаранаў пад апеку немцаў. Гэтыя падзеі значна аслабілі здольнасьць да супраціву палабскіх славянаў. Гісторык Павал Урбан мяркуе, што менавіта ў 940-я гады частка люцічаў, да якіх, магчыма, належаў князь Рагвалод, перасялілася на ўсход[13].
У 955 годзе ў зьвязку з вайной Ота I з мадзярамі-вугорцамі выбухнула паўстаньне абадрытаў і люцічаў, якое, аднак, скончылася разьнёй палабскіх славянаў у бітве над ракой Рэкніцай. У гэтай бітве на баку нямецкага войска выступілі славяне руяны-русы. Вялікае паўстаньне вільцаў-люцічаў адбылося ў 983 годзе, у выніку чаго нямецкая калянізацыя прыпынілася амаль на сотню гадоў[14]. Нашчадак Ота I Генрых II ужо не спрабаваў заняволіць люцічаў, а наадварот, перавабіў іх грашыма і падарункамі на свой бок у змаганьні супраць Польшчы Баляслава Адважнага.
Ваенныя і палітычныя посьпехі ўзмацнілі ў люцічах прыхільнасьць паганству і паганскім звычаям, што адносілася і да роднасных ім бодрычаў. Аднак у 1050-х гадох сярод плямёнаў, якія складалі зьвяз, пачалася міжусобная вайна. Зьвяз хутка губляў моц і ўплыў, а па тым, як у 1125 годзе саксонскі герцаг Лотарам зруйнаваў цэнтральнае сьвяцілішча, канчаткова распаўся. У наступныя дзесяцігодзьдзі саксонскія герцагі паступова пашырылі свае ўладаньні на ўсход і заваявалі землі люцічаў. У сваю чаргу люцічы імігравалі ў двух кірунках — у Чэхію і, відаць, у вярхоўі рэкаў Вяльлі і Нёмана. Сьведчаньнем гэтаму лічацца чэскія паселішчы Літвінаў, Літамежыца ды іншыя, якія да XIII стагодзьдзя зваліся Лютвінаў, Лютамежыца і г. д. (агулам больш за 120 местаў, мястэчак і вёсак у Чэхіі). Гэтак жа і на захадзе сучаснай Беларусі і на гістарычнай Віленшчыне люцічы, відаць, заснавалі свае паселішчы (Літва, Літоўцы ды іншыя, больш за 55 пунктаў). Беларускі мовазнаўца Язэп Лёсік зьвязваў з племем вількаў (вільцаў), іначай званых люцічамі, назву Вількаміру[15]. Ад вільцаў-люцічаў назву гэтага места, як і Вільні (Вільды), выводзіў яшчэ ў 1847 годзе чэскі гісторык і этнограф Павал Шафарык[16].
Сьведчаньне перасяленьня часткі люцічаў на ўсход зьмяшчаецца ў Цьвярскім летапісе, напісаным пры двары цьвярскіх князёў, якія мелі шчыльныя кантанты зь Вялікім Княствам Літоўскім[17]. У ім люцічы ўпамінаюцца ў пераліку славянскіх плямёнаў поруч зь літвой[18]
…а ад Ляхаў празвашася Паляне, Ляхаве жа друзі Люціцы, а іныі Літва, іныі Мазаўшане, іныі Памаране[a] | ||
Гісторык Павал Урбан зьвяртае ўвагу на іншую вытрымку з гэтага летапісу: «А Луцічы і Ціверычы прыседааху к Дунаеві, і бе множаства іх, седзяаху па Днястру <…> да мора» і што аналягічныя зьвесткі таксама зьмяшчаюцца ў Ніканаўскім летапісе. Тым часам у сярэдняй плыні Дунаю захаваліся гідронімы Літава, Літавіца і пэўныя сугучныя назвы, а яшчэ ў XIII ст. у Трансыльваніі або далей за Дунаем на Балканскім паўвостраве існавалі Літоўскае княства (kenezat Lytwa) і Літоўская зямля (terra Lytwa)[20]. Як удакладняе гісторык і мовазнаўца Алесь Жлутка, зямля Літва (terra Lytau), якая разьмяшчалася на тэрыторыі сучаснай Румыніі, упамінаецца ў прывілеі вугорскага караля Бэлы IV ад 2 чэрвеня 1247 году. Паводле тэксту дакумэнта названая тэрыторыя — гэта «зямля княства ваяводы Літвоя» (terra kenezatus Lytuoy wojavode). Прытым у іншым дакумэнце, выдадзеным у 1285 годзе, антрапонім падаецца ў іншай форме: Litua (al. Lythen) waiuodam — «Літва (іначай Літэн(ь)) ваявода». Першы варыянт імя ваяводы Litua супадае паводле формы з назвай зямлі, падначаленай яму, а таксама з імем Літво, ад якога паводле прускага храніста XIII ст. Хрысьціяна ўтварылася назва Літвы[21]. Тым часам найбольш раньні ўпамін пра Літву (1009 год) — Litua[22].
У якасьці іншай гістарычнай крыніцы, дзе ўпамінаецца перасяленьне часткі люцічаў на ўсход, разглядаецца «Сага пра Тыдрэка Бэрнскага», запісаная ў XIII ст. у Скандынавіі. Яна апавядае пра князя Вількіна, які стварыў магутную дзяржаву, што пачала называцца Вількінляндам, а народ гэтай дзяржавы — вількінамі. Паводле сагі, празь нейкі час пачаўся канфлікт князя Вількіна з Польшчай, у які ўмяшаўся князь Русі Гертніт. Па спусташэньні Польшчы князь Вількін рушыў з сваім войскам на ўсход, дзе авалодаў Полацкам і Смаленскам, а потым і Ноўгарадам — сталіцай Русі. Па замірэньні з Гернітам Вількін вярнуўся дадому, пакінуўшы «войска вількінаў на Русі». На падставе аналізу гэтай сагі Павал Урбан робіць выснову, што пад вількінамі разумеліся вільцы-люцічы, а сама сага адлюстроўвае паданьні пра перасяленьне часткі гэтага зьвязу на ўсход. Тым часам заміж князя Вількіна правадыром мог быць Рагвалод[b], які паводле летапісаў «прыйшоў з-за мора»[23].
Таксама захавалася сьведчаньне шляхціча з Случчыны Яна Цадроўскага, які ў 1637 годзе вандраваў разам князем Багуславам Радзівілам Нямеччынай ды іншымі эўрапейскімі краямі. Паводле запісу зь дзёньніка Яна Цадроўскага, у ваколіцах Любэку і Гамбургу — колішнім памежжы германцаў з палабскімі славянамі (люцічамі і хаўруснымі ім плямёнамі) — «…мы напаткалі мужыкоў, якія размаўлялі на мяшаным нямецка-літоўскім дыялекце; сваё паходжаньне яны вядуць ад герулаў[d], продкаў ліцьвінаў»[e][27]. А нямецкі гісторык і мовазнаўца Готліб Зыгфрыд Баер(ru) у сваёй працы «Geographia Russiae» (1747 год) зазначаў, што «вільцы на літоўскай мове ваўкі» (лац. «Vilzi Lithuana lingua Lupi»)[28].
Нямецкі дыплямат Жыгімонт Гербэрштайн у XVI стагодзьдзі адзначаў, што народ, які размаўляў на славянскай мове, немцы за Лабай называлі вэнэдамі (Wenden, Winden)[29]. У XIII ст. прускі храніст Хрысьціян сьведчыў: «калісьці звалася Вэнэдыяй, а цяпер гэта Літва, адсюль і назва Вэнэдзкай затокі»[30] (лац. «Wenedia olim, nunc Lithphania, hinc sinus Venedicus dicitur»)[31]. Нямецкі гуманіст XVI ст. Філіп Мэлянхтон разумеў пад вэнэдамі ўсе тыя народы, якія карысталіся славянскай мовай, а дакладней, якія «гутараць на польскай мове». Але тут жа ўдакладняў, што вэнэды мелі агульную мову, якая магла адрозьнівацца асаблівасьцямі маўленьня ў залежнасьці ад мясьцінаў, дзе яны расьсяліліся. У пераліку краінаў, дзе жылі вэнэды, ён вылучыў Русь, Літву і Польшчу[32].
Літва і ліцьвіны
рэдагавацьАсноўныя формы назвы Літва, якія ўжываюцца ў тэкстах лацінамоўных дакумэнтаў, зьвязаных з каралём Міндоўгам: Letovia, Litovia, Luthovia і Lutavia[34]. Прытым формы Luthovia і Lutavia не маглі быць выпадковымі: яны ўжываліся ў лістох, напісаных у час знаходжаньня пасольства Міндоўга пры папскім двары і таму маглі быць успрынятымі беспасярэдне ад набліжаных караля. Падобныя формы сустракаюцца і ў пазьнейшых папскіх лістох, а таксама ў тытулах абодвух прызначаных у Літву біскупаў — Хрысьціяна (Christanus episcopus Lutwinensis) і Віта (Vitus Luthomiriensis episcopus)[35]. Таксама Літва ўпамінаецца як «Лютва» ў замежных дакумэнтах часоў Гедзіміна і Вітаўта[36] (апроч таго, форма Luthwanorum значыцца ў адным з тытулаў вялікага князя Альгерда[37]). Як адзначае беларускі мовазнаўца і гісторык Алесь Жлутка, у старабеларускай мове ўжываліся наступныя пары з аднолькавым значэньнем: лютовати і литовати, лютость і литость, лютостивый і литостивый ды іншыя. Такое ж чаргаваньне сустракаецца ў гідраніміі, тапаніміі і антрапаніміі Вялікага Княства Літоўскага (сярод іншага, на гістарычнай Слонімшчыне існаваў хутар-сядзіба Люцьвіны[38][39], а на гістарычнай Смаленшчыне — вёска Лютвіна[40]). Таксама дасьледнікі засьведчылі форму лютвін (замест літвін)[41], а этнограф Уладзімер Дабравольскі запісаў на Смаленшчыне два старажытныя паданьні, адно зь якіх сягае да XIII ст., дзе Літва завецца Лютвою[42][43] (апроч таго, бытаваньне формы «лютва» замест «літва» на беларуска-расейскім этнічным памежжы засьведчылі ў 1913 годзе[44]). Тым часам яшчэ ў канцы XX ст. адзначалася бытаваньне назвы люцьвіны (Lućwiny) на беларуска-польскім этнічным памежжы ў ваколіцах Супрасьлі[45]. Зь іншага боку, як зазначае гісторык Вацлаў Пануцэвіч, люцічы ў шматлікіх крыніцах называюцца літвой, ліцьвінамі, як напрыклад, «Sclavi Lithewizen»[46].
Яшчэ ў пачатку XX ст. Эрнст Гэніг, выдавец Прускай хронікі Лукаша Давіда выказаў вэрсію, пра паходжаньне назвы Літва ад імя легендарнага прашчура люцічаў (паходжаньне назвы літвы ад люцічаў яшчэ ў XVII ст. сьцьвярджалі прускі гісторык Крыштоф Гарткнох(pl) і польска-прускі гісторык і этнограф Мацей Прэторыюс(pl)[46]), у 1921 годзе гэтую вэрсію падтрымаў і разьвіў мовазнаўца Язэп Лёсік. Пра тое ж выказаўся ў 1920-я гады Вацлаў Ластоўскі. Гісторык Павал Урбан сьледам за Вацлавам Пануцэвічам[47] падрабязна вытлумачыў паходжаньне ліцьвінаў (літвы, лютвы[f]) ад часткі люцічаў[49]. Гэтая ж вэрсія паходжаньня назвы Літва дэкляравалася ў час агульнага сходу студэнтаў-эмігрантаў у Парыжы ў 1949 годзе, у якім бралі ўдзел прадстаўнікі беларускіх і летувіскіх студэнтаў. Яе выклад зьявіўся ў часопісе «Моладзь», які выходзіў у Парыжы ў 1948—1954 гадох. Сучасная беларуская мовазнаўца прафэсарка Раіса Казлова на аснове багатага анамастычнага матэрыялу з розных славянскіх краінаў, у тым ліку зь Беларусі, таксама давяла, што назва Літва ўтварылася ад славянскай асновы *l’ut-, што дазволіла ёй адзначыць: «правамерна аднесьці этнонім Літва да першапачатковага Лютва… Думаецца, што Літва — гэта славяне заходніх ускраінаў Славіі (люцічы, люты, юты, одрычы і іншыя плямёны)». Такім парадкам, паводле меркаваньня дасьледніцы, мова старажытных ліцьвінаў — гэта сплаў мовы ўсходнеславянскага насельніцтва і моваў славянаў заходнеславянскіх ускраінаў[50][51].
Глядзіце таксама
рэдагавацьЗаўвагі
рэдагаваць- ^ Паводле Аповесьці мінулых часоў, «…а ѿ тѣхъ Лѧховъ прозвашасѧ Полѧне Лѧховѣ . друзии Лютицѣ . инии Мазовшане . а нии Поморѧне». Тым часам у Жыгімонта Гербэрштайна «люцічам» адпавядаюць «ліцьвіны»: лац. «…a quo Poloni etiamnum Lechi vocantur, acceperunt. Alii Lithwani, Masouienses, Pomerani»[19]
- ^ У сагах, якія доўгі час пераказваліся з вуснаў у вусны, імёны герояў маглі заменьвацца іншымі
- ^ Відаць, зь ліцьвінаў Севершчыны. Арыгінальны подпіс: ням. «Eine in der Ukraine befindedt Nation Lütwin genannt, wie solhe abgebildet gehen»
- ^ Паводле Вацлава Панушэвіча, пад геруламі (Heruli, Giry) маглі разумець славянскае племя стадаранаў, што жыло разам з пружанамі між Одрай і Лабай (галіна люцічаў); захавалася запісаная ў XVIII ст. малітва «Ойча наш» у славянскай мове герулаў, хоць і моцна германізаванай[25]
- ^ Упамін пра герулаў, відаць, сьведчыць пра папулярнасьць сярод тагачаснай літоўскай шляхты канцэпцыі ўласнага германскага паходжаньня[26]
- ^ Сярод іншага, «лютвой» называў ліцьвінаў Ян Длугаш[48]
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б в Зайкоўскі Э. Волаты // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 351.
- ^ Was bedeutet das Wappen Ihres Kreises?, NDR.de, 6.05.2018.
- ^ Урбан П. 2001. С. 67.
- ^ Лёсік Я. Літва-Беларусь: гістарычныя выведы. — Менск, 2016. С. 15.
- ^ Урбан П. 2001. С. 69.
- ^ Урбан П. 2001. С. 63.
- ^ Урбан П. 2001. С. 67—68.
- ^ Урбан П. 2001. С. 70, 73.
- ^ Урбан П. 2001. С. 19.
- ^ Остапенко А. В. Етнічні фактори у процесах формування білоруського народу та нації : автореф. дис. … д-ра іст. наук : [спец.] 07.00.05 «Етнологія» / Остапенко Анатолій Володимирович ; Київський нац. ун-т ім. Тараса Шевченка. — Захищена 26.04.2021. — Київ, 2021. С. 218.
- ^ а б в г д Пануцэвіч В. Літва і Жамойць. Розныя краіны і народы. — Менск, 2014. С. 173.
- ^ а б Урбан П. 2001. С. 64.
- ^ Урбан П. 2001. С. 65-66.
- ^ Урбан П. 2001. С. 66.
- ^ Літва і ліцвіны — хто і адкуль?, Наша Ніва, 23 лістапада 2016 г.
- ^ Шафарик П. И. Славянския древности. Т. 1. — Москва, 1847. С. 349.
- ^ Урбан П. 2001. С. 62.
- ^ Гісторыя Беларусі. У 2 ч. Ч. 1. Са старажытных часоў да канца XVIII ст.: Курс лекцый. / І. Крэнь, І. Коўкель, С. Марозава, С. Сяльверстава, І. Фёдараў. — Менск: РІВШ БДУ, 2000. С. 36.
- ^ Herberstein S. Rerum Moscoviticarum Commentarii. — Antverpiae, 1557. P. 2—3.
- ^ Урбан П. 2001. С. 60.
- ^ Жлутка А. Літва і ліцьвіны — адкуль і хто? (пасляслоўе) // Лёсік Я. Літва-Беларусь: гістарычныя выведы. — Менск, 2016. С. 25.
- ^ Жлутка А. Літва на Балканах (Першасны сэнс назвы) // Спадчына. № 5—6, 2000. С. 90—95.
- ^ Урбан П. 2001. С. 70—71.
- ^ Возможно, это первое изображение белоруса в истории (но далеко не все в этом уверены). Так или иначе: посмотрите, какой красавчик!, CityDog.by, 13.09.2021 г.
- ^ Пануцэвіч В. Літва і Жамойць. Розныя краіны і народы. — Менск, 2014. С. 179, 243.
- ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі. — Менск, 2019. С. 16.
- ^ Помнікі мемуарнай літаратуры Беларусі XVII ст. — Менск, 1983. С. 124.
- ^ Commentarii Academiae Scientiarum Imperialis Petropolitanae. T. X. — Petropoli, 1747. P. 397.
- ^ Побаль Л. Венеды // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 244.
- ^ Урбан П. 2001. С. 6.
- ^ Voigt J. Geschichte Preussens, von den ältesten Zeiten bis zum Untergange der Herrschaft des deutschen Ordens. Band 1. — Königsberg, 1827. S. 621.
- ^ Урбан П. 2001. С. 19—20.
- ^ ПСРЛ. Т. 23. — СПб., 1910. С. 1.
- ^ Міндаў, кароль Літовіі, у дакумэнтах і сьведчаньнях / А. Жлутка. — Менск, 2005. С. 102.
- ^ Міндаў, кароль Літовіі, у дакумэнтах і сьведчаньнях / А. Жлутка. — Менск, 2005. С. 102—103.
- ^ Чаропка В. Гісторыя нашага імя: Гіст. даслед. — Менск, 1995. С. 50.
- ^ Дзярновіч А. Што з'явілася спачатку — вялікі князь літоўскі ці Вялікае Княства Літоўскае // Studia Historica Europae Orientalis = Исследования по истории Восточной Европы. Вып. 2. — Мн.: Изд. центр БГУ, 2010. С. 30—43.
- ^ Słownik geograficzny... T. XV, cz. 2. — Warszawa, 1902. S. 247.
- ^ Указатель населенным местностям Гродненской губернии, с относящимися к ним необходимыми сведениями. — Гродна, 1905. С. 144.
- ^ Список населенных мест Смоленской губернии. — Смоленск, 1904. С. 274.
- ^ Малевич С. Белорусские народные песни // Сборник отделения русского языка и словесности императорской АН. Т. 32, № 5. — Спб., 1907. С. 180.
- ^ Добровольский В. Н. Смоленский этнографический сборник. Ч. 1. // Записки Императорского русского географического общества по отделению этнографии. Т. XX. — Спб., 1891. С. 379.
- ^ Міндаў, кароль Літовіі, у дакумэнтах і сьведчаньнях / А. Жлутка. — Менск, 2005. С. 106.
- ^ Отчет о состоянии императорского Московского археологического института. — Москва, 1913. С. 10—11
- ^ Załęski W. Z supraskiego na nasze. — Supraśl, 2005. S. 34.
- ^ а б Пануцэвіч В. Літва і Жамойць. Розныя краіны і народы. — Менск, 2014. С. 292.
- ^ Пануцэвіч В. Літва і Жамойць. Розныя краіны і народы. — Менск, 2014. С. 236—255, 291—294.
- ^ Урбан П. 2001. С. 61.
- ^ Урбан П. 2001. С. 58—72.
- ^ Казлова Р. Беларуская і славянская гідранімія. Праславянскі фонд: У 2 т. Т. 2. — Гомель: ГДУ, 2002. С. 80—98.
- ^ Лёсік Я. Літва-Беларусь: гістарычныя выведы. — Менск, 2016. С. 22—27.
Літаратура
рэдагаваць- Лёсік Я. Літва-Беларусь: гістарычныя выведы / Прадм. З. Санько, паслясл. А. Жлуткі. — Менск: Тэхналогія, 2016. — 35 с. ISBN 978-985-458-266-5.
- Пануцэвіч В. Літва і Жамойць. Розныя краіны і народы = Samogitia and Lithuania. The different lands and folks. — Менск: Харвест, 2014. — 304 с. : іл. ISBN 978-985-18-2703-5.
- Сіцька З. Утроп Літвы. — Смаленск: Новая школа, 2009. — 322 с.
- Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: Тэхналогія, 2001. — 216 с. — 500 ас. — ISBN 978-985-458-050-4
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. — Т. 2: Беліцк — Гімн. — 537 с. — ISBN 5-85700-142-0
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Люцічы (рас.), Кароткая гісторыя Беларусі за апошнія 1000 гадоў
- Ніна Баршчэўская, Становішча беларускае мовы ў пэрыяд ВКЛ, Беларуская рэдакцыя Польскага Радыё, 6 чэрвеня 2007 г.