Беніца — даўняе мястэчка гістарычнай Ашмяншчыны (частка Віленшчыны).

Від на Беніцу

Вялікае Княства Літоўскае

рэдагаваць

Першы пісьмовы ўспамін пра Беніцу як сяло Маркаўскай воласьці Віленскага ваяводзтва датуецца 1507 годам. У гэты час узгадваюцца ў Беніцы некалькі татарскіх радоў, а таксама Валовічы (1509 г.), Акушкі (1520 г.), Комары, Астравухі й іншыя. У 1554 мясьціна знаходзілася ў валоданьні роду Астравухаў, у 1576 перайшла да С. Валовіча. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (15641566) сяло і аднайменны маёнтак увайшлі ў склад Ашмянскага павету. У 1582 г. Стэфан Львовіч Роскі, падкаморы ашмянскі, які выкуплял зямлю ў Беніцы ў татараў і Астравухаў, прадаў Беніцу Міхалу і Райне (у дзявоцтве Панятоўская) Мацкевіч-Комар разам з праваслаўнай царквой[1]. З гэтага можна меркаваць, што прыкладна ў гэты час на беразе ракі Бенічанка паўстала праваслаўная царква сьвятога Ільлі, зямля якой прымыкала да дарогі з Вільні на Маркава. Землі царквы суседнічалі з валоданьнямі Васіля Астраўха. Нашчадак Васіля Андрэй Астравух, жанаты з Ганнай Комар, змог аб'яднаць землі Астравухаў і Комар, таксама выкупіў татарскія ўладаньні Тэнэшка Міхайлавіча, Давідовічаў, Міткевічаў. У 1601 г. Андрэй Астравух выкупіў у Самуэля Валовіча за 3.000 коп грошы яго частку Беніцы[2]. Такім чынам Андрэй Астравух аб'яднаў Беніцу й заклаў тут сваю рэзыдэнцыю на мейсцы, дзе потым паўстане сядзіба. Вакол рэзыдэнцыі пачало расьці й разьвівацца мястэчка. Але Астравухі не прызвычаіліся да валоданьня такімі вялікімі гаспадаркамі, таму пачаткі хутка ўлазіць у пазыкі. У 1628 г. пачаўся распродаж навакольных ваколіцаў і фальваркаў. Спадчыньнікам Андрэя Астравуха стаў Міхаў Ідзі Астравух, пры якім распродаж працягнуўся. У 1634 г. частка маёнтку перайшла да Яраша Коцела. 28 траўня 1653 г. Міхал Ідзі Астравух быў вымушаны з дармо аддаць маёнтак сыну Яраша Коцела Самуэлю Гераніму пры ўмове, што Самуэль Геранім Коцел пагасіць усе пазыкі папярэдняга ўладальніка й выкупіць закладзеную маёмасьць. Апошні Аструх, які застаўся ў жывых, Юзэф, прадаў у 1662 г. Самуэлю Гераніму Коцелу дзьве свае невялікія гаспадаркі, размешчаныя каля Турца, — Беніца Багданаўская і Гае[3].

Такім чынам, з 1634 Беніца знаходзілася ў валоданьні роду Коцелаў. Пры двары ўласьнікаў маёнтку жыў і працаваў філёзаф П. Мотвіл, існавалі бібліятэка, архіў, мастацкая галерэя, парк, сад, сажалкі з каналамі. Пасьля Самуэля Коцела ўладальнікам Беніцы стаў Міхал Казімер Коцел. У 1701 годзе Міхал Казімер Коцел, які быў віцебскім кашталянам, збудаваў у 1701-1704 гадах у мястэчку касьцёл і кляштар бэрнардынаў, да якога запрасіў спачатку бэрнардынаў, а потым кармэлітаў. Як сьведчыць легенда, у 1700 году пан Коцел са сваёй сям’ёй ехаў зь Беніцы ў Ашмяны. І так здарылася, што коні панесьлі панскую брычку, у якой была толькі маленькая дачка Коцелаў. Калёсы маглі перавярнуцца, і дачка загінула б. Шляхціц пасьпеў толькі ўкленчыць і папрасіць дапамогі ў Божае Маці. І тут коні, якія беглі, як звар’яцелыя, імгненна спыніліся. Дзякуючы за цуд, пан Коцел даў клятву пабудаваць на гэтым месцы касьцёл, і праз год стрымаў сваё слова[4].

Касьцёл Сьвятой Троіцы, пабудаваны ў барочным стылі, перадалі манахам‑бэрнардынам. Манахі зладзілі побач з касьцёлам двухпавярховы манастыр, пры якім працавала школа. Пасьля пабудовы касьцёла Беніца стала асноўнай рэзыдэнцыяй Коцелаў, яны пабудавалі тут сядзібны палац, аранжарэю, заснавалі сад, парк з сыстэмай сажалак і каналаў. Архітэктар Спампані, які будаваў палац, быў спэцыяльна запрошаны Коцеламі з Італіі.

Паколькі Міхал Казімер быў бязьдзетным, то вырашыў пакінуць маёнтак Беніцу ў спадчыну. 25 сакавіка 1719 г. у Маладэчне ён аформіў тастамэнт на імя дачкі сваёй сястры Канстанцыі - Барбары Хамінская, якая была замужам за далёкім родзічам Міхала Казімера Казімерам Коцелам (шасьціюрадным пляменьнякам). Неўзабаве ў 1722 г. Міхал Казімер памёр, а маёнтак перайшоў Казімеру Коцелу. Ад Казімера Коцела маёнтак перайшоў яго сыну Тадэвушу, які пабудаваў тут сядзібу.

 
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы і кляштар бэрнардынаў

Тадэвуш Коцел меў двух сыноў: Казімера, якому пры жыцьці аддаў Беніцу й Юзэфа, якому аддаў Гарадзілава, і дачку Барбару, якая выйшла замуж за капітана нацыянальнай кавалерыі войскаў Вялікага Княства Літоўскага Анджэя Абрамовіча. Абодва браты памерлі ў адносна маладым узросьце без нашчадкаў, таму й Беніцу, і Гарадзілава атрымалі ў спадчыну іх адзіная сястра Барбара Абрамовіч. З чатырох дачок Абрамовічаў Клара выйшла замуж за Станіслава Радзішэўскага, Ганна за Юзэфа Пузыніна, даўшы яму ў пасаг Гарадзілава, а Марцыяна й Марыяна, якая пасьля замужжа за Казімера Швыкоўскага гербу Агончык — сакратара пасольства ў Прусіі караля Станіслава Аўгуста, унеслі сядзібу ў сьпіс беніцкай маёмасьці[5].

Паўстаньне Асноўныя дзейныя асобы
Паўстаньне Тадэвуша Касьцюшкі Юзэф Коцел, Казімер Міхал Коцел, Міхал Клеафас Агінскі
Паўстаньне 1830—1831 гадоў Міхал Ходзька, Караль Пшэзьдзецкі, Юзэф Зянковіч, Юстын Поль
Паўстаньне 1863—1864 гадоў Яўстах Чарноўскі, Юльян Чарноўскі, Зыгмунт Мінейка

Пад уладай Расейскай імпэрыі

рэдагаваць

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Беніца апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе зрабілася цэнтрам воласьці Ашмянскага павету. У Вайну 1812 году тут спыняўся Напалеон у часе ўцёкаў з Масквы. Залю ў палацы, дзе ён жыў, пераўтварылі на мэмарыяльную. Апроч таго, у розныя часы ў мястэчку спыняліся М. К. Агінскі, Т. Зан, Ян Ходзька, С. Манюшка, В. Дмахоўскі, Н. Орда, А. Концкі, Г. Пузына, Уладзіслаў Сыракомля, У. Дмахоўскі, Ф. Багушэвіч.

 
Перароблены на царкву Траецкі касьцёл, да 1866 г. (зьлева) і пасьля 1866 г. (справа)

У 1813 ад бязьдзетнага М. Коцела Беніца перайшла да ягонай пляменьніцы, якая была замужам за Казімерам Швыкоўскім. Маёнтак стаўся часткай уладаньняў Швыкоўскіх. У гэты час зь Беніцай зьвязана дзейнасьць вядомага летувіскага сьвятара Кіпрыянаса Лукаўскаса[6]. Па задушэньні нацыянальна-вызвольных паўстаньняў 1830-1831 і 1863-1854 гг., расейскія ўлады ў 1851 годзе зачынілі кляштар бэрнардынаў, а касьцёл у 1866 гвалтоўна перарабілі на царкву. У 1864‑м побач з касьцёлам была пабудаваная Сьвята‑Пакроўская царква. Царква была пабудавана ў «псэўдарускім» архітэктурным стылі, іх яшчэ называюць «мураўёўкамі», ў гонар Мураўёва‑вешальніка. У 1886 у мястэчку збудавалі яшчэ адну царкву.

У Першую сусьветную вайну Беніца знаходзілася ў прыфрантавой зоне. Уладаром маёнтка быў Канстантын Швыкоўскі. У верасьні 1915 року Беніца апынулася пад кайзэраўскай уладай. У міжваенны пэрыяд гаспадаром Беніцы быў сын Канстантына, Ян Швыкоўскі. У мястэчку дзейнічалі беларускія нацыянальныя арганізацыі. Таксама былі й летувіскія нацыянальныя арганізацыі[7]. У 1939 г. будынак сядзібы быў разрабаваны, а ў 1987 г. канчаткова разабраны да падмуркаў.

Беніца на фотаздымках Станіслава Яроцкага

рэдагаваць

Найноўшы час

рэдагаваць
 
Бэрнардынскі пляц у Беніцы (1917 г.)

Згодна зь Берасьцейскім мірам ад 3 сакавіка 1918 року Беніца ўвайшла ў склад Германскай імпэрыі. Нямецкая ўлада займалася ў асноўным ваеннымі пытаньнямі, у той час як прамысловасьць, гандаль, асьвета, адукацыя, культурнае жыцьцё й грамадзянская апека былі аддадзены пад кантроль Народнага сакратарыята Беларускай Народнай Рэспублікі[8], абвешчанай 25 сакавіка 1918 року, дзякуючы гэтаму ў Беніцы зьявілася беларуская школа зь беларускай мовай навучаньня.

У сьнежні 1919 року з адступленьнем нямецкіх войск Беніца была занята Чырвонай арміяй, але на землі Беларусі прэтэндавала таксама й адроджаная Польшча, у пачатку ліпеня 1919 року польскія войскі вызвалілі Беніцу з-пад бальшавіцкай улады. У ліпені 1920, падчас савецка-польскай вайны, бальшавіцкія войскі перайшлі ў наступ. Польская дзяржава, зьнясіленая двума гадамі баявых дзеяньняў і экспансіі на Ўсходзе, вырашыла прасіць дапамогі ў Антанты. Прэм’ер-міністар Уладзіслаў Грабскі выехаў дзеля гэтага ў Спа (Бэльгія) на канфэрэнцыю эўрапейскіх дзяржаваў. Краіны Антанты паставілі перад польскім прэм’ерам умову: вайсковая і грашовая дапамога Польшчы будзе, калі Варшава адмовіцца ад палітычных прэтэнзіяў на Вільню і Віленскі край. 10 ліпеня 1920 году дамова паміж польскай дзяржавай і краінамі Антанты была падпісаная.

Праз два дні, 12 ліпеня, урад Савецкай Расеі, прызнаўшы незалежнасьць Летувы, перадаў ёй у абмен на нэўтралітэт у савецка-польскім канфлікце Віленскі край зь Вільняй, а таксама Горадню, Ліду, Смургоні, Ашмяну, Нарач, Браслаўскія азёры і Беніцу. 14 ліпеня Чырвоная Армія займае Вільню, а ў верасьні перадае яе летувісам. У ходзе контрнаступленьняў у жніўні-верасьні 1920, пасьля бітвы на Вісьле, польскія войскі адваявалі 12 беларускіх паветаў у Савецкай Беларусі, а таксама Горадню, Ліду, Сьвянцяны ў Летувы. Віленскі край зь Беніцай заставаўся ў складзе Летувы, хоць этнічныя летувісы складалі тутака паводле розных падлікаў ад 5% да 18% (у самой Беніцы іх амаль не было). Грубая заваёва краю польскімі войскамі выклікала б востры пратэст з боку Эўропы і Лігі Нацыяў, таму захоп Вільні і Віленскага краю павінен быў выглядаць як звычайны «бунт». Роля «бунтаўнікоў» адводзілася Літоўска-беларускай дывізіі пад камандаваньнем Люцыяна Жалігоўскага. Дывізія Жалігоўскага складалася на 90% з жаўнераў-ураджэнцаў Беларусі, а значная частка іх, у сваю чаргу, паходзіла зь Віленскага краю, у тым ліку й і Беніцы. У пачатку кастрычніку 1920 року войскі Жалігоўскага занялі Беніцу. Згодна з дэкрэтам № 1 ад 12 кастрычніка 1920 галоўнакамандуючага войскамі генэрала Л. Жалігоўскага Беніца апынулася ў складзе новай беларуска-польскай дзяржавы Сярэдняя Літва.

Жалігоўскі ў закліку 9 кастрычніка 1920 абвяшчаў, што яго мэта — скліканьне ў Вільні прадстаўнікоў краю для выказваньня праўдзівай волі насельніцтва. Аднак першапачаткова прызначаныя на 9 студзеня 1921 выбары былі адкладзеныя. 28 кастрычніка 1921 была прызначаная новая дата выбараў у Часовы Сойм Сярэдняй Літвы8 студзеня 1922. Да ўдзелу дапускаліся сталыя жыхары Сярэдняй Літвы і выхадцы яе тэрыторыі. Сярод 12 выбарчых акругаў 3 знаходзіліся на тэрыторыі Польшчы (Ліда, Васілішкі, Браслаў) і 2 на тэрыторыі Летувы (Шырвінты, Высокі Двор).

Афіцыйнае Коўна выступіла катэгарычна супраць народнага волевыяўленьня, Летуву падтрымала Савецкая Расея. Большасьць летувісаў па закліку лідэраў летувіскага насельніцтва Сярэдняй Літвы выбары байкатавала. Да байкоту далучылася частка беларусаў і габрэяў. У выбарах удзельнічала ўсяго 64,4% выбарнікаў (249 325 чалавек). Зь летувісаў, якія мелі права галасу, прагаласавала 8,2%, з габрэяў — 15,3%, зь беларусаў — 41%. У віленскім сойме 77 мандатаў атрымалі палітычныя аб’яднаньні, якія выступалі за поўную інкарпарацыю Сярэдняй Літвы ў склад Польшчы, 22 — прыхільнікі аўтаноміі ў рамках польскай дзяржавы, 4 — прыхільнікі фэдэрацыі з Польшчай (Дэмакратычная партыя) і толькі 3 — прыхільнікі зьвязу зь летувіскай дзяржавай (Народны зьвяз Адраджэньня).

 
Від на Траецкі касьцёл з цэнтру мястэчка

Паседжаньні сойму пачаліся 1 лютага 1922. На паседжаньні 20 лютага (24 лютага?[9]) 1922 сойм 96 галасамі пры 6, якія ўстрымаліся (у некаторых выданьнях лічбы адпаведна 101 і 3), прыняў рэзалюцыю аб безумоўным уключэньні Сярэдняй Літвы ў склад Польшчы.

Са студзеня 1921 антыпольскія сілы вялі падрыхтоўку да ўзброенага паўстаньня, якое мела на мэце перашкодзіць далучэньню Віленшчыны да Польшчы, аднак польская дэфэнзыва раскрыла падпольле.

22 сакавіка 1922 устаноўчы сойм у Варшаве прыняў Акт узьяднаньня Віленскага краю з Польскай Рэспублікай. 24 сакавіка 1922 віленскі Сойм быў распушчаны (частка яго дэпутатаў была кааптаваная ў Сойм Польскай Рэспублікі). 6 красавіка варшаўскім Соймам быў прыняты закон аб усталяваньні дзяржаўнай улады на Віленшчыне. 18 красавіка 1922 у Вільні пры ўдзеле кіраўніка дзяржавы Юзэфа Пілсудзкага, прэм’ер-міністра Антонія Панікоўскага, прымаса Польшчы Эдмунда Дальбора, генэрала Люцыяна Жалігоўскага адбылося ўрачыстае падпісаньне акту аб усталяваньні ўлады ўрада Польшчы.

Пасьля зацьвярджэньня ў сакавіку 1923 Лігай Нацыяў усходняй мяжы Польшчы Віленскі край стаў адной зь яе частак.

У 1922 року Беніца ўвайшла ў склад Польшчы, дзе зрабілася цэнтрам гміны Аршанскага павету Віленскага ваяводзтва. 1 красавіка 1927 року ўступіла ў моц распараджэньне Рады Міністраў аб утварэньні Маладэчанскага павету з цэнтрам у Маладэчне[10]. У склад Маладэчанскага павету з Аршанскага павету была перададзена й Беніцкая гміна. Падчас знаходжаньня ў складзе Польшчы, у Беніцы была наладжана вытворчасьць, існавала свая піваварня й скураны завод.

У 1939 Беніца ўвайшла ў БССР, дзе ў 1940 зрабілася цэнтрам сельсавету (існаваў да 1959). У 1948 савецкія ўлады зачынілі касьцёл і царкву і ператварылі іх у склады, сямейны склеп Коцелаў і Швыкоўскіх быў разрабаваны, падчас чаго касьцякі былых гаспадароў проста звалілі ў кучу, труны паразьбівалі, а надмагільныя пліты павыкідалі на вуліцу, а ў 1987 — зьнішчылі муры палаца Коцелаў. Станам на 1990 у вёсцы было 123 двары.

Міталёгія

рэдагаваць
 
Сьвіран у Беніцы, карціна Станіслава Яроцкага (1927 г.)
 
Прыдарожныя крыжы на карціне Станіслава Яроцкага, 1910 г.

Беніца вылучаецца, як вёска з багатай матэрыяльнай і нематэрыяльнай рэлігійнай і міталягічнай спадчынай. Беларускі гісторык Зьміцер Скварчэўскі ў дасьледаваньні камянёў з выявамі знака ў выглядзе шаста з паўсфэрай (і яго варыяцый) адзначыў падобны камень у Беніцы[11]. Зьміцер Скварчэўскі вылучае камяні з гэтым знакам у асобны тып помнікаў, адзначае, што пераважная большасьць дадзеных знакаў высечана на надмагільных камянях[12]. Існуе меркаваньне, што гэтая сымболіка на землях Беларусі можа сьведчыць аб этнічнай альбо нават рэлігійна-міталягічнай сьпецыфіцы[13]. Зьміцер Скварчэўскі зьвяртае ўвагу, што камяні ў межах цэркваў, якія будуць старэйшымі за царкву: Камень з адпаведным знакам знаходзіцца ў сьцяне Пакроўскай царквы 1886 г. у в. Беніца Маладэчанскага раёну, а таксама ў сьцяне Троіцкай царквы 1860 г. у в. Маркава Маладэчанскага раёну; у агароджы Ўсьпенскай царквы (другая палова ХІХ ст.) у в. Ручыца Вялейскага раёну прысутнічаюць некалькі камянёў з выявай дадзенага знака; у агароджы Пакроўскай царквы 1866 г. у в. Міхневічы Смаргонскага раёну таксама прысутнічаюць падобныя камяні[14]. Таксама дасьледчык зьвярнуў увагу яшчэ на адну цікавую асаблівасьць Беніцы: Варта зьвярнуць увагу на такую зьяву, як драўляныя прыдарожныя крыжы, якія завяршаюцца паўсфэрай (фактычна той жа самы «парасон»), якія сустракаюцца ў Маладэчанскім (в. Беніца, Рэдзькі) і Ашмянскім (в. Карабы, Міхайлоўшчына, Цюпішкі) раёнах. Было б цікава ўдакладніць іх геаграфію і суаднесьці з арэалам камянёў з «парасонамі»[15].

  1. ^ Czesław Jankowski, Powiat oszmiański : materjały do dziejów ziemi i ludzi. Cz. 1, Petersburg : nakł. wydawcy : K. Grendyszyński ; Kraków : G. Gebethner, 1896, s. 302.
  2. ^ Czesław Jankowski, Powiat oszmiański : materjały do dziejów ziemi i ludzi. Cz. 1, Petersburg : nakł. wydawcy : K. Grendyszyński ; Kraków : G. Gebethner, 1896, s. 303.
  3. ^ Czesław Jankowski, Powiat oszmiański : materjały do dziejów ziemi i ludzi. Cz. 1, Petersburg : nakł. wydawcy : K. Grendyszyński ; Kraków : G. Gebethner, 1896, s. 305.
  4. ^ Chodźko I. Obrazy litewskie; ser. 2, Wyd. 2 poprawne. — Wilno: J. Zawadzki, 1851. S. 343—344.
  5. ^ Roman Aftanazy, Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej, wyd. drugie przejrzane i uzupełnione, t. 4: Województwo wileńskie, Wrocław: Zakład Narodowy im. Ossolińskich, 1993, s. 30.
  6. ^ Julius Sasnauskas, Naujųjų metų srovės ir tiltai, 2020-01-18. Nuoroda tikrinta 2021-09-12.
  7. ^ Bronius Kviklys, „Mūsų Lietuva“, t. 1, p. 244. Bostonas, Lietuvių enciklopedijos leidykla, 1964 m. Nuoroda tikrinta 2021-09-12.
  8. ^ Юры Туронак. Нежаданая рэспубліка
  9. ^ Алег Гардзіенка Кароткая гісторыя яшчэ адной Літвы. «Наша Ніва». Праверана 9 траўня 2009 г.
  10. ^ Dziennik Ustaw., zm. Dziennik Ustaw., zm. Dziennik Ustaw.
  11. ^ Скварчэўскі, Д. Камяні з выявай знака ў выглядзе восі з паўсферай: да праблемы паходжання, арэала, класіфікацыі і датавання / Д. Скварчэўскі // Беларускі фальклор. Матэрыялы і даследаванні. – 2017. – Выпуск 4. – С. 40.
  12. ^ Скварчэўскі, Д. Камяні з выявай знака ў выглядзе восі з паўсферай: да праблемы паходжання, арэала, класіфікацыі і датавання / Д. Скварчэўскі // Беларускі фальклор. Матэрыялы і даследаванні. – 2017. – Выпуск 4. – С. 40.
  13. ^ Прохараў, А. А. Каменны шлях на нябёсы. Міфа-рытуальная семантыка пахавальнага знака з паўночнай Беларусі / А. А. Прохараў // Druvis. – 2011. – № 3. – С. 81–87. С. 81.
  14. ^ Скварчэўскі, Д. Камяні з выявай знака ў выглядзе восі з паўсферай: да праблемы паходжання, арэала, класіфікацыі і датавання / Д. Скварчэўскі // Беларускі фальклор. Матэрыялы і даследаванні. – 2017. – Выпуск 4. – С. 45.
  15. ^ Скварчэўскі, Д. Камяні з выявай знака ў выглядзе восі з паўсферай: да праблемы паходжання, арэала, класіфікацыі і датавання / Д. Скварчэўскі // Беларускі фальклор. Матэрыялы і даследаванні. – 2017. – Выпуск 4. – С. 52.

Літаратура

рэдагаваць