Гомельская вобласьць

адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў Беларусі
(Перанакіравана з «Гомельшчына»)

Го́мельская во́бласьць — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў Беларусі. Плошча вобласьці складае 40,4 тыс. км². Насельніцтва на 2018 год — 1 415 749 чалавек[1]. Адміністрацыйны цэнтар — места Гомель.

Гомельская вобласьць

Сьцяг
Агульныя зьвесткі
Краіна Беларусь
Статус вобласьць
Адміністрацыйны цэнтар Гомель
Улучае 21 раён
Найбуйнейшыя гарады Мазыр
Рэчыца
Жлобін
Рагачоў
Шацілавічы
Дата ўтварэньня 15 студзеня 1938
Старшыня аблвыканкаму Уладзімер Дворнік
Насельніцтва (2018)
1 415 749[1] (15%, 1-е месца)
Шчыльнасьць 35 чал./км²
Нацыянальны склад беларусы — 88,2%
расейцы — 7,7%
украінцы — 2,1%[2]
Плошча 40,4 тыс. км² (1-е месца)
Вышыня па-над узр. м.
 · сярэдняя вышыня

 130 м[3]
Месцазнаходжаньне Гомельскай вобласьці
Гомельская вобласьць на мапе
Мэдыя-зьвесткі
Часавы пас UTC +3
Код ISO 3166-2 BY-HO
Тэлефонны код +375-23
Паштовыя індэксы 246 ххх, 247 ххх
Код аўтам. нумароў 3
Афіцыйны сайт
   Дадатковыя мультымэдыйныя матэрыялы

Гісторыя

рэдагаваць
 
Харугва Рэчыцкага павету

Геаграфічнае становішча

рэдагаваць

Гомельская вобласьць разьмешчаная ў паўднёва-ўсходняй частцы Беларусі. Тэрыторыя вобласьці складае 40,4 тыс. км².

На захадзе вобласьць мяжуе зь Берасьцейскай, на паўночным захадзе — зь Менскай, на поўначы — з Магілёўскай абласьцямі Беларусі, на ўсходзе — з Бранскай вобласьцю Расеі, на паўднёвым захадзе — з Чарнігаўскай, на поўдні — з Кіеўскай, Жытомірскай і Ровенскай абласьцямі Ўкраіны.

Гомельская вобласьць разьмешчаная ў паўднёва-заходняй частцы Ўсходне-Эўрапейскай раўніны. Заходняя частка вобласьці займае Прыпяцкае Палесьсе — моцна забалочаная і залесеная нізіна, разьмешчаная на вышыні 120—140 м над узроўнем мора. У правабярэжжы Прыпяці сустракаюцца моцна размытыя марэнавыя ўзгоркі і ўзвышшы, найбуйнейшыя зь іх — Мазырская града (вышыня 206 м). З усходу да Палескай нізіны далучаецца Прыдняпроўская нізіна. На ўсходзе і паўночным усходзе ад Дняпра нізіна паступова падвышаецца і пераходзіць у Чачэрскую раўніну.

Карысныя выкапні

рэдагаваць

Зямныя нетры Гомельшчыны багатыя карыснымі выкапнямі. Найбольш значныя — паліўна-энэргетычная сыравіна: торф, нафта, спадарожны газ, каменны і буры вугаль, гаручыя лупнякі.

Першая ў Беларусі прамысловая нафта была здабытая ў 1964 годзе каля Рэчыцы. Аднак запасы ўласнай нафты невялікія і пакрываюць толькі да 4% патрэбаў краіны ў гаруча-змазвальных матэрыялах.

Штогадовая здабыча торфу складае каля 1 млн тон (17% ад усяго торфу, што здабываецца ў Беларусі). Распрацавана каля 1500 тарфянішчаў. Найбуйнейшыя тарфяныя масівы знаходзяцца ў Жлобінскім, Рэчыцкім, Брагінскім і Шацілавіцкім раёнах.

Выведаныя два радовішчы лупнякоў, якія маюць прамысловае значэньне, — Любанскае (0,9 млрд т) і Тураўскае (2,7 млрд т). Запасы бурага вуглю ў Жыткавіцкім і Брынёўскім радовішчах ацэньваюцца ў 99,3 млн т.

Амаль ва ўсіх раёнах вобласьці ёсьць сыравіна для будаўнічых матэрыялаў: цэмэнтавыя і легкаплаўкія гліны, сылікатныя і будаўнічыя пяскі, крэйда, будаўнічае каменьне. Запасы будаўнічага каменьню складаюць 8,5 млн тыс. м³. На іх базе пабудаваны друзавы завод «Глушкавічы». Гліны для вытворчасьці цэглы і дахоўкі здабываюцца ў 17 раёнах вобласьці.

На базе такіх радовішчаў працуюць 11 заводаў па выпуску цэглы. Найбуйнейшае ў рэспубліцы радовішча тугаплаўкіх глінаў і суглінкаў «Гарадок» з запасамі 30,6 млн т забясьпечвае працу Рэчыцкага камбінату будматэрыялаў, а радовішчы легкаплаўкіх глінаў, запасы якіх складаюць 33,5 млн м³, — Петрыкаўскага керамзытавага заводу. Выведаныя тры радовішчы шкляных і фармовачных пяскоў з агульнымі прамысловымі запасамі ў 89,9 млн т. На базе аднаго зь іх створаны абагачальны камбінат у в. Папоўка.

Запасы калійных соляў ацэньваюцца ў 236 млн т, крэйды — у 3533 тыс. т. Даўсанітавыя руды радовішча «Заазёрнае» могуць даць сыравіну, якая замяняе ўвазныя з Расеі і Ўкраіны алюмін і кальцынаваную соду.

Наладжваецца прамысловае засваеньне радовішча «Дыябазавае», руды якога неабходныя для вытворчасьці бэрылію і рэдказямельных элемэнтаў царыявай групы; працягваецца распрацоўка радовішчаў дыямэнтаў (Жлобінска-Рагачоўская дзялянка Паўноча-Прыпяцкай нізіны); рыхтуецца прамысловае засваеньне новых відаў сыравіны (гіпсу, базальтавых валокнаў, мінэральных сарбэнтаў, ёдабромных расолаў).

Мазырскае, Давыдаўскае і Старобінскае радовішчы ўтрымліваюць больш за 22 млрд т каменнай солі (прамысловыя катэгорыі). Вядомая ўсім харчовая соль «Экстра» вырабляецца Мазырскім солевыварочным камбінатам з запасаў Мазырскага радовішча.

Каля месцаў знаходжаньня мінэральных водаў адкрытыя санаторыі і прафілякторыі. Наладжана бутыляваньне мінэральных водаў.

Клімат і расьліннасьць

рэдагаваць

Клімат у рэгіёне ўмерана кантынэнтальны, зь цёплым летам і мяккай зімой. Сярэдняя тэмпэратура студзеня — мінус 6 °C, ліпеня — плюс 18 °C.

Узімку пераважаюць паўднёвыя ветравеі, улетку заходнія і паўночна-заходнія. Хуткасьць ветравею ў сярэднім за год складае каля трох мэтраў у сэкунду. Сярэднегадовая колькасьць ападкаў вагаецца ў межах 550—660 мілімэтраў.

У вобласьці адзін з самых працяглых у краіне вэгетацыйных перыядаў (191—209 дзён). Клімат спрыяе вырошчваньню цукровых буракоў, кукурузы, хуткасьпелых гатункаў вінаграду і іншых культураў.

Пад лесам занятыя 45% тэрыторыі (хваёвыя, бярозавыя, чорнаалешнікавыя, дубовыя). Балоты займаюць 13% плошчы. На тэрыторыі вобласьці разьмешчаныя Прыпяцкі нацыянальны парк, Палескі радыяцыйна-экалягічны запаведнік, 11 біялягічных, 5 ляндшафтавых заказьнікаў нацыянальнага значэньня. Зарэгістраваныя 17 батанічных і 71 геалягічны помнік прыроды.

Гідраграфія

рэдагаваць

Усе рэкі рэгіёну належаць басэйну Дняпра, які праходзіць па тэрыторыі вобласьці з поўначы на поўдзень на працягу 400 км. Найбуйнейшыя суднаходныя прытокі Дняпра — Прыпяць, Бярэзіна (праваруч), Сож (леваруч). Буйныя прытокі Прыпяці — Случ, Пціч, Трэмля, Іпа (леваруч), Сьцьвіга, Убарць, Славечна, Жалонь (праваруч). Найвялікшае возера — Чырвонае, у абалонах рэчак сустракаюцца невялікія азёры-старыцы. Створаная шчыльная сетка мэліярацыйных каналаў.

Экалёгія

рэдагаваць

Асноўны цяжар наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС прыйшоўся менавіта на Гомельскую вобласьць.

З найбольш забруджаных тэрыторыяў у чыстыя раёны краіны адселеныя больш за 135 тысячаў чалавек з 470 населеных пунктаў, у тым ліку з 295 населеных пунктаў Гомельшчыны.

За гады, якія мінулі пасьля аварыі, створаная і функцыянуе сыстэма радыяцыйнага кантролю і маніторынгу, якая распрацаваная і фінансуецца за кошт дзяржаўнага бюджэту. Дзейнічае сыстэма правядзеньня ахоўных захадаў у аграпрамысловай вытворчасьці, што дазваляе трымаць пад кантролем вытворчасьць сельскагаспадарчай прадукцыі, зьдзяйсьняецца комплекс захадаў па падвышэньні ўзроўню мэдыцынскага абслугоўваньня пацярпелага насельніцтва, дзейнічае, хоць і ня ў поўным аб’ёме, сыстэма сацыяльнай абароны ўсіх катэгорыяў пацярпелага насельніцтва. Створаная заканадаўчая і нарматыўна-прававая база па ўсіх кірунках пераадоленьня наступстваў катастрофы.

Транспарт

рэдагаваць

Транспартны комплекс вобласьці мае дастаткова магчымасьцяў для забесьпячэньня патрэбаў прадпрыемстваў і насельніцтва ў перавозках і паслугах.

Праз тэрыторыю вобласьці праходзяць важныя міжнародныя чыгуначныя лініі Санкт-Пецярбург — Жлобін — Адэса, Вільня — Менск — Жлобін — Корасьцень — Кіеў, Берасьце — Гомель. Іх агульная працягласьць — 1859,4 км. У транспартным абароце агульная вага чыгуначнага транспарту складае больш за 90%, у пасажырскім абароце — 50%. Найбуйнейшыя вузлы: Гомель, Жлобін, Каленкавічы.

Галоўныя аўтамагістралі вобласьці E95 Санкт-Пецярбург — Гомель — КіеўАдэса, M5 Менск — Гомель, M10 Бранск — Гомель — Пінск — Берасьце. Даўжыня дарог зь цьвёрдым пакрыцьцём 9,7 тыс. км.

Па Дняпры, Прыпяці, Беразіне, Сожу зьдзяйсьняецца суднаходзтва. У Гомелі і Мазыры ёсьць аэрапорты.

У адзінай транспартнай сыстэме трубаправодны транспарт прадстаўлены міжнароднай нафтаправоднай магістральлю «Дружба», Мазырскім магістральным прадуктаправодам, газаправодамі міжрэспубліканскага і мясцовага прызначэньня.

У Гомельскай вобласьці паслугі сувязі робяць два дзяржаўныя прадпрыемствы: «Гомельаблтэлекам» і «Гомельаблпошта», у склад якіх уваходзяць адасобленыя падразьдзелы, што дзейнічаюць ва ўсіх раёнах вобласьці.

Прамысловасьць і сельская гаспадарка

рэдагаваць

У гаспадарчым комплексе вобласьці галоўнае месца займае прамысловасьць. Яна спэцыялізуецца на вытворчасьці сталі і пракаце, машынабудаваньні, хімічнай, лясной, дрэваапрацоўчай, лёгкай і харчовай галінах. Вырабляюцца прадукты нафтаперапрацоўкі, серная кіслата, фосфарныя ўгнаеньні, кормаўборачныя камбайны, падшыпнікі, станкі, шкло, папера, кардон, шпалеры, будматэрыялы, мэбля, кухонная соль, мыла, перапрацоўваецца сельскагаспадарчая прадукцыя. Каля траціны вырабаў экспартуецца ў 70 краінаў сьвету. Дзейнічае вольная эканамічная зона «Гомель-Ратон». Справавыя сувязі з суседнімі краінамі разьвіваюцца ў рамках эўрарэгіёну «Дняпро».

Роля сельскагаспадарчай вытворчасьці ў вобласьці ў цэлым зьнізілася пасьля чарнобыльскай катастрофы. Паменшыліся плошчы палёў (цяпер 35,3% тэрыторыі), скарацілася пагалоўе жывёлін. Асноўная спэцыялізацыя — мяса-малочная жывёлагадоўля, вырошчваньне зерневых (пераважаюць жыта, ячмень), бульбы. У прымескіх гаспадарках разьвітая птушкагадоўля. На 2023 год дзейнічала 219 земляробчых прадпрыемстваў[5].

На 2023 год працавала звыш 1500 прамысловых прадпрыемстваў. Сярод іх найбольшымі былі «Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод», «Беларуснафта» у Гомлі, «Рагачоўскі малочнакансэрвавы камбінат», «Гомсельмаш» і фабрыка «Спартак» у Гомлі[5]. Іншымі асноўнымі прадпрыемствамі вобласьці былі:

Насельніцтва

рэдагаваць
  • 2018 год — 1 415 749 чал.[1]
  • 2017 год — 1 420 656 чал.[6]
  • 2016 год — 1 422 941 чал.[7]
  • 2014 год — 1 425 400 чал.[8]

У Гомельскай вобласьці на 1 студзеня 2005 году пражывала 1 млн 495 тыс. чалавек, 30% зь якіх — у сельскай мясцовасьці. Адміністрацыйны цэнтар вобласьці — места Гомель — па колькасьці насельніцтва (492 тысячы чалавек) займае ў краіне другое месца пасьля Менску. Колькасьць працоўных рэсурсаў складае ў рэгіёне каля 920 тысячаў чалавек. Асобы працаздольнага ўзросту складаюць 61,3% усяго насельніцтва. З агульнай колькасьці, занятыя ў народнай гаспадарцы, 63,2% — працоўныя, астатнія — службоўцы. Каля 118 тысячаў чалавек складаюць тыя, што маюць вышэйшую адукацыю (у тым ліку пяць тысячаў працоўных). Сярэднюю спэцыяльную адукацыю маюць 139 тыс. чалавек. Прафэсійна-тэхнічная адукацыя — 115 тыс. чалавек. У дзяржаўным сэктары эканомікі занятыя 374 тыс. чалавек, на прадпрыемствах прыватнай і замежнай формаў уласнасьці — 260 тыс. чалавек. З агульнай колькасьці занятага насельніцтва, у прамысловасьці працуе — 27,5%, сельскай гаспадарцы — 10,8%, гандлю і грамадзкім харчаваньні — 12,2%, адукацыі — 10,9%.

Нацыянальны склад насельніцтва разьмяркоўваецца наступным чынам (перапіс 2009 году)[2]:

Найбуйнейшыя сельскія населеныя пункты вобласьці (больш за 3 тысячы чалавек): Яроміна, Азершчына, Козенкі, Краснае, Прыбыткі, Пакалюбічы.

Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел

рэдагаваць
 
Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел Гомельскае вобласьці

Вобласьць падзяляецца на 21 раён:

  1. Брагінскі раён
  2. Буда-Кашалёўскі раён
  3. Веткаўскі раён
  4. Гомельскі раён
  5. Добрускі раён
  6. Ельскі раён
  7. Жыткавіцкі раён
  8. Жлобінскі раён
  9. Каленкавіцкі раён
  10. Кармянскі раён
  11. Лельчыцкі раён
  12. Лоеўскі раён
  13. Мазырскі раён
  14. Нараўлянскі раён
  15. Петрыкаўскі раён
  16. Рудабельскі раён
  17. Рэчыцкі раён
  18. Рагачоўскі раён
  19. Хвойніцкі раён
  20. Чачэрскі раён
  21. Шацілавіцкі раён

Таксама налічвае 18 местаў, 15 мястэчак[5] і 2608 вёсак.

  1. ^ а б в Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  2. ^ а б Перепись населения — 2009. Гомельская область. Национальный состав населения (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  3. ^ GeoNames (анг.) — 2005.
  4. ^ У якіх межах былі абвешчаныя Беларуская Народная Рэспубліка і БССР? // 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  5. ^ а б в Даты гісторыі: 85 гадоў Віцебскай, Гомельскай, Менскай і Магілёўскай абласьцям // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 12 студзеня 2023 г. Праверана 27 студзеня 2023 г.
  6. ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  7. ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  8. ^ Demographic situation in January 2014 (анг.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь, 9 лютага 2014

Літаратура

рэдагаваць
  • Гомельская область // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн., 2007. — 648 с. ISBN 978-985-11-0384-9.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць