Прыпяцкае Палесьсе

фізыка-геаграфічны раён Беларускага Палесься

Прыпяцкае Палесьсе — фізыка-геаграфічная акруга Беларускага Палесься, на поўдні Беларусі, ва ўсходняй частцы Берасьцейскай, заходняй часткі Гомельскай, на поўдні Менскай і крайнім паўднёвым захадзе Магілёўскай абласьцей. Працягласьць з захаду на ўсход ад 175 да 280 км, з поўначы на поўдзень ад 83 да 140 км. Вышыня 127—140 м, максымальная 174 м (на захад ад мястэчка Лагішын Пінскага раёну).

Прыпяцкае Палесьсе (2001)
Прыпяцкае Палесьсе (1977)

Нізінная тэрыторыя ўяўляе сабой сыстэму алювіяльных, абалонавых, азёрна-алювіяльных раўнін зь дзялянкамі водна-ледавіковых і марэнавых раўнін, моцна дэнудаваных краявымі ледавіковымі грудамі й градамі. Характэрна наяўнасьць буйных затарфаваных балотных масіваў і рэшткавых азёраў. Азёрна-алювіяльныя раўніны працягнулася на паўночны захад уздоўж ракі Арэса да возера Чырвонае і паміж Сьцьвігай і Ўбарцю (адносныя вышыні 0,5—2 м). Складзеныя пясковымі адкладаньнямі, перакрытымі маламагутным торфам. Дзялянкі водна-ледавіковых раўнін разьмешчаныя на паўночным усходзе і паўночным захадзе і на левабярэжжа ракі Гарынь. Паверхня іх ускладненая эолавымі градамі вышынёй 3—5 м, асобнымі марэнавымі грудамі, невялікімі лагчынамі. Даліна Прыпяці ўлучае абалону і дзьве надабалонавыя тэрасы. Шырыня нізкай, забалочанай абалоны ад 2—3 да 8—9 км, пры ўпадзеньні Піны і Гарыні да 16—18 км. Першая алювіяльная надабалонавая тэраса плоская, месцамі ўскладненая эолавымі ўтварэньнямі, складзеная сярэдне- і дробназярновымі пяскамі. Другая (вышыня над зрэзам вады 7—15 м, шырыня ад 200—500 м да 18 км) — цокальная плоскахвалістая, ускладненая эолавымі грудамі й градамі, рэшткамі марэнавай раўніны. Характэрныя адкрытыя травяныя балоты.

Характэрна стракатасьць і мазаічнасьць глебаў (дзярнова-падзолістыя, тарфяна-балотныя, дзярновыя забалочаныя, абалонавыя і іншых).

Гідраграфія

рэдагаваць

Па тэрыторыі Прыпяцкага Палесься працякае рака Прыпяць зь левымі прытокамі Піна, Ясельда, Бобрык 1-ы, Цна, Лань, Случ, Пціч, Трэмля, Іпа і правымі — Стыр, Гарынь, Сьцьвіга, Убарць (нізоўі). Азёры: Чырвонае, Выганашчанскае, Чорнае, Спораўскае, Бабровіцкае, Белае.

Расьліннасьць

рэдагаваць

Лясістасьць у Жыткавіцкім раёне да 57%, на поўначы Лельчыцкага да 69%, у Пінскім да 32%. Пераважаюць хваёвыя (на выдмах), шыракаліста-хваёвыя, чорнаалешнікавыя лясы і дубровы. У паніжэньнях пухнатабярозавыя і чорнаалешнікавыя лясы. Пад балотамі каля 23% тэрыторыі (1/3 зь іх асушаюцца), пераважаюць нізінныя. Найвялікшыя балотныя масівы: Паддубічы, Выганашчанскае балота, Грычын, Булеў Мох, Хольча, Аброўскае балота, Межч. У абалонах зёлкавыя гідрамэзафітныя лугі зь дзялянкамі асотавых і абалонавых дуброваў, сустракаюцца буйназлакавыя мэзагідрафітныя лугі. Пад сельскагаспадарчымі ўгодзьдзямі каля 30% тэрыторыі. У межах Прыпяцкага Палесься Прыпяцкі ляндшафтава-гідралягічны запаведнік, Целяханская запаведна-паляўнічая гаспадарка, 8 заказьнікаў.

Сярэдняя тэмпэратура студзеня -5,5°С, ліпеня 18,3°С, ападкаў 632 мм за год (паводле дадзеных Палескай балотнай станцыі).

Літаратура

рэдагаваць
  • Природа Белоруссии. Популярная энциклопедия. — Мн.: БелЭн 1986. — 600 с.: ил.