Гомельскі тлушчавы камбінат

прамысловае прадпрыемства Беларусі

Каардынаты: 52°23′59″ пн. ш. 31°1′35″ у. д. / 52.39972° пн. ш. 31.02639° у. д. / 52.39972; 31.02639

«Гомельскі тлушчавы камбінат» — дзяржаўнае прамысловае прадпрыемства Беларусі, заснаванае ў ліпені 1932 году ў якасьці «Гомельскага маргарынавага заводу».

«Гомельскі тлушчавы камбінат»
Тып адкрытае акцыйнае таварыства
Заснаваная 1 ліпеня 1932 (92 гады таму)
Уласьнікі «Гомельаблпрам»
Краіна Беларусь
Разьмяшчэньне Гомель
Адрас Навабеліцкі раён, вул. Ільліча, д. 4[1]
Ключавыя фігуры Зьміцер Барэйка (антыкрызісны кіраўнік), Станіслаў Кавалёў (галоўны інжынэр)
Галіна прамысловасьць
Прадукцыя алей, гарчыца, гель для душу, кетчуп, маргарын, маянэз, мыла, таматная паста
Чысты прыбытак 611 тыс. рублёў (2021 год)
Лік супрацоўнікаў 700 (2017 год)
Матчына кампанія «Гомельаблпрам»

На 2023 год меў 4 цэхі: маргарынавы, маянэзны, мылаварны і рафінаваньня алею. Гадавая вытворчая магутнасьць складала: 35 000 тонаў перапрацоўкі насеньня рапсу і сланечніка, 10 500 тонаў маргарыну, 10 150 тонаў алею, 10 000 тонаў маянэзу, гарчыцы і таматнай пасты, 8880 тонаў гаспадарчага мыла і 5100 туалетнага мыла. На прадпрыемстве дзейнічала засьведчаная лябараторыя. У асноўным выраблялі маргарын, маянэз, падлівы, кетчуп, таматную пасту, гарчыцу, рапсавы, сланечнікавы і мяшаны алей, вадкае і цьвёрдае гаспадарчае і туалетнае мыла, у тым ліку дзіцячае, антыбактэрыяльнае і з дадаткамі, а таксама гелі для душу. Замежныя пастаўкі ажыцьцяўлялі ў 3 краіны Азіі — Армэнію, Ізраіль і Казахстан, 8 краінаў Эўропы — суседнія Латвію, Летувы, Польшчу, Расею і Ўкраіну, а таксама ў Данію, Малдову і Эстонію, як і ў ЗША[2]. У Расеі прызначэньне прадстаўніцтва выконвала ТАА «Эўракасмэтык»[3]. Уласныя крамы дзейнічалі ў Гомлі і Рэчыцы[4]. Пад заказ выраблялі маянэз і мыла для гандлёвых сетак прадпрыемстваў «Гіпа» і «Ромакс»[5].

На 2023 год «Гомельскі тлушчавы камбінат» вырабляў:

  • кулінарскі тлушч «Белмол» і «CH-02» у пакунках па 20 кг тлустасьцю 99,7 % з тэрмінам прыдатнасьці ад 9 да 18 месяцаў[6];
  • 5 гатункаў цьвёрдага маргарыну ў пакунках па 200 грамаў тлустасьцю ад 65 да 82 % з тэрмінам прыдатнасьці ад 110 дзён да 6 месяцаў[7];
  • рапсавы, сланечнікавы і рапсава-сланечнікавы алей у пляшках па 750 мілілітраў з тэрмінам прыдатнасьці ад 15 да 24 месяцаў[8];
  • 8 гатункаў маянэзу «Правансаль» у пакетах з поліэтылентэрэфталяту (ПЭТ) па 200 і 400 грамаў тлустасьцю ад 50 да 67 % з тэрмінам прыдатнасьці ад 60 ад 120 содняў, а таксама 6 гатункаў маянэзнай падлівы ў ПЭТ-пакетах па 180, 250 і 300 грамаў тлустасьцю ад 20 да 37 % з тэрмінам прыдатнасьці 120 содняў, у тым ліку 3 пад беларускамоўным таварным знакам «Наша акцыя» у пакунках па 380 і 500 грамаў тлустасьцю 22, 33 і 44 %[9];
  • 5 гатункаў кетчупу ў пакунках па 230 і 300 грамаў з тэрмінам прыдатнасьці 6 месяцаў, а таксама 2 гатункі таматнай падлівы ў пакунку і слоіку па 300 грамаў з тэрмінам прыдатнасьці ад 6 да 9 месяцаў, як і таматную пасту ў слоіку на 280 грамаў з тэрмінам прыдатнасьці на 12 месяцаў[10];
  • 4 гатункі гарчыцы ў слоіках па 170 грамаў і пакунках па 130 грамаў з тэрмінам прыдатнасьці * 5 месяцаў, у тым ліку беларускую «Смачна есьці»[11];
  • 4 гатункі хрэну ў слоіках па 160 грамаў з тэрмінам прыдатнасьці 6 месяцаў, у тым ліку японскі[12];
  • 15 гатункаў цьвёрдага туалетнага мыла ў пакунках па 70, 90 і 100 грамаў з тэрмінам прыдатнасьці 2 гады[13], а таксама гасьцінічнае па 10 грамаў[14];
    • 6 гатункаў адмысловага туалетнага мыла ў пакунках па 90, 100 і 140 грамаў з тэрмінам прыдатнасьці 2 гады, у тым ліку антыбактэрыяльнае і гліцэрынавае[15];
    • 7 гатункаў дзіцячага туалетнага мыла ў пакунках па 90 і 100 грамаў з тэрмінам прыдатнасьці ад 2 да 3 гадоў, у тым ліку крэм-мыла[16];
  • 15 гатункаў гаспадарчага мыла ў пакунках па 125, 140, 180 і 200 грамаў тлустасьцю 65 і 72 % з тэрмінам прыдатнасьці 2 і 3 гады[17];
  • 3 гатункі вадкага мыла ў пляшках па 500 грамаў з тэрмінам прыдатнасьці 2 гады, у тым ліку антыбактэрыяльнае[18];
  • 7 гатункаў геляў для душу ў фляконах па 420 грамаў з тэрмінам прыдатнасьці 2 гады[19];
  • вільготныя сурвэткі ў пакунках па 72 асобнікі з тэрмінам прыдатнасьці 2 гады[20].

Мінуўшчына

рэдагаваць

У 1930 годзе пачалі ўзводзіць «Гомельскі маргарынавы завод», які запусьцілі 1 ліпеня 1932 году. Пасьля гэтага прыступілі да пабудовы камбінату. У 1935 году пачаў працу мылаварны завод. У красавіку 1936 году запусьцілі гідрагенізацыйны завод саламасу, у выніку чаго ўтварылі «Гомельскі тлушчавы камбінат» з гідролізным і мылаварным заводамі. У 1948 годзе камбінат аднавілі пасьля Нямецка-савецкай вайны[21]. У 1967 годзе запрацаваў маянэзны цэх і скончылі будаўніцтва цэху туалетнага мыла[22].

У 2001—2003 гадох укаранілі рафінаваньне і дэзадараваньне рапсавага алею, што складалася зь 9 ступеняў[23]. У 2005 годзе ўвялі лінію разьліву алея. У красавіку 2009 году ўсталявалі аўтаматы выпуску маянэзу ў пакетах, на якіх таксама сталі фасаваць кетчуп[22]. У 2013 годзе ўствалявалі лінію туалетнага мыла. У сьнежні 2013 году «Гомельскі тлушчавы камбінат» запусьціў цэх рафінаваньня, вінтэрызаваньня і дэзадараваньня алею безупыннага дзеяньня магутнасьцю 140 тонаў за содні, які складаўся з 4-х сэкцыяў для выдаленьня прымесяў і воску. Гэта дазволіла выпускаць аліўкавы, рапсавы і сланечнікавы алеі. Пры гэтым выкарыстоўвалі айчынны рапс, а сланечнік большасьцю пастаўлялі з Расеі і Ўкраіны. На 2014 год пераважна выраблялі маргарын, маянэз, алей і мыла. Пры гэтым «Гомельскі тлушчавы камбінат» быў найбольшым у Беларусі вытворцам алею[23].

Па выніках 2014 году адзіны на той час у Беларусі цэх рафінаваньня і дэзадараваньня алею загрузілі вытворчасьцю толькі на 5 %, хоць у яго будоўлю ўклалі 100 млрд рублёў (9,7 млн даляраў). Праз гэта «Гомельскі тлушчавы камбінат» страціў 23 млрд рублёў (2,2 млн $). Зь 2015 году загрузку новай лініі павялічылі да 60 %[24]. На люты 2017 году ў дзяржаўнай уласнасьці знаходзілася 99,43 % прадпрыемства, якое налічвала 700 супрацоўнікаў[25]. Увесну 2017 году «Гомельскі тлушчавы камбінат» пашырыў выкарыстаньне беларускай мовы ў аздабленьні сваіх вырабаў[26].

У 2019 годзе прадпрыемства патрапіла пад фінансавае аздараўленьне. Па выніках 2021 году чысты прыбытак склаў 611 тыс. рублёў[27]. 18 жніўня 2022 году 1-ю партыю рапсавага алею вагой 25 тонаў накіравалі ў Кітай. Таксама атрымалі заяўку на пастаўку мыла[28].

  1. ^ Кантакты // ААТ «Гомельскі тлушчавы камбінат», 2023 г. Праверана 1 верасьня 2023 г.
  2. ^ Прадпрыемства сёньня // ААТ «Гомельскі тлушчавы камбінат», 2023 г. Праверана 1 верасьня 2023 г.
  3. ^ Прадстаўніцтва і філіі // ААТ «Гомельскі тлушчавы камбінат», 2023 г. Праверана 29 ліпеня 2023 г.
  4. ^ Крамы і фірмовыя сэкцыі // ААТ «Гомельскі тлушчавы камбінат», 2023 г. Праверана 1 верасьня 2023 г.
  5. ^ Кантрактная вытворчасьць // ААТ «Гомельскі тлушчавы камбінат», 2023 г. Праверана 1 верасьня 2023 г.
  6. ^ Кулінарны тлушч гуртам // ААТ «Гомельскі тлушчавы камбінат», 2023 г. Праверана 1 верасьня 2023 г.
  7. ^ Маргарын гуртам // ААТ «Гомельскі тлушчавы камбінат», 2023 г. Праверана 1 верасьня 2023 г.
  8. ^ Алей гуртам // ААТ «Гомельскі тлушчавы камбінат», 2023 г. Праверана 1 верасьня 2023 г.
  9. ^ Маянэз гуртам // ААТ «Гомельскі тлушчавы камбінат», 2023 г. Праверана 1 верасьня 2023 г.
  10. ^ Соўсы гуртам // ААТ «Гомельскі тлушчавы камбінат», 2023 г. Праверана 1 верасьня 2023 г.
  11. ^ Гарчыца гуртам // ААТ «Гомельскі тлушчавы камбінат», 2023 г. Праверана 1 верасьня 2023 г.
  12. ^ Хрэн у слоіках гуртам // ААТ «Гомельскі тлушчавы камбінат», 2023 г. Праверана 1 верасьня 2023 г.
  13. ^ Цьвёрдае туалетнае мыла, марка «клясычнае» // ААТ «Гомельскі тлушчавы камбінат», 2023 г. Праверана 1 верасьня 2023 г.
  14. ^ Мыла для гасьцініц гуртам // ААТ «Гомельскі тлушчавы камбінат», 2023 г. Праверана 1 верасьня 2023 г.
  15. ^ Цьвёрдае туалетнае мыла, марка «Спэцыяльнае» // ААТ «Гомельскі тлушчавы камбінат», 2023 г. Праверана 1 верасьня 2023 г.
  16. ^ Цьвёрдае туалетнае мыла, марка «дзіцячае» // ААТ «Гомельскі тлушчавы камбінат», 2023 г. Праверана 1 верасьня 2023 г.
  17. ^ Гаспадарчае мыла гуртам // ААТ «Гомельскі тлушчавы камбінат», 2023 г. Праверана 1 верасьня 2023 г.
  18. ^ Вадкае мыла гуртам // ААТ «Гомельскі тлушчавы камбінат», 2023 г. Праверана 1 верасьня 2023 г.
  19. ^ Гелі для душа гуртам // ААТ «Гомельскі тлушчавы камбінат», 2023 г. Праверана 1 верасьня 2023 г.
  20. ^ Вільготныя сурвэткі зь дзіцячым крэмам і рамонкай // ААТ «Гомельскі тлушчавы камбінат», 2023 г. Праверана 1 верасьня 2023 г.
  21. ^ Гомельскі тлушчавы камбінат // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1997. — Т. 5: Гальцы — Дагон. — С. 348. — 576 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0090-0
  22. ^ а б Гісторыя прадпрыемства // ААТ «Гомельскі тлушчавы камбінат», 2023 г. Праверана 1 верасьня 2023 г.
  23. ^ а б Сьвятлана Барысенка. Дзе вырабляюць ідэальны рапсавы алей // Зьвязда : газэта. — 17 красавіка 2014. — № 71 (27681). — С. 4. — ISSN 1990-763x.
  24. ^ Вольга Халадовіч. Праблемы неэфэктыўнасьці дзяржмаёмасьці // Белтэлерадыёкампанія, 20 студзеня 2015 г. Праверана 29 ліпеня 2023 г.
  25. ^ АЯ. З кіраўніцтва «Гомельскага тлушчавага камбінату» патрабуюць аплаціць 51 тысячу рублёў шкоды // Беларуская служба Радыё «Свабода», 27 лютага 2017 г. Праверана 29 ліпеня 2023 г.
  26. ^ Ігар Случак. Вытворцы харчовых тавараў, якія паважаюць беларускамоўных спажыўцоў // Беларуская служба Радыё «Свабода», 22 траўня 2017 г. Праверана 29 ліпеня 2023 г.
  27. ^ «Гомельскі тлушчавы камбінат» выйшаў на чысты прыбытак па выніках 2021 году // Газэта «Зьвязда», 4 красавіка 2022 г. Праверана 29 ліпеня 2023 г.
  28. ^ «Гомельскі тлушчавы камбінат» адправіў першую партыю рапсавага алею ў Кітай // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 18 жніўня 2022 г. Праверана 29 ліпеня 2023 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць
  • Акцыя // ААТ «Гомельскі тлушчавы камбінат», 13 ліпеня 2023 г. Праверана 1 верасьня 2023 г.