Будаўніцтва

галіна матэрыяльнай вытворчасьці па стварэньні, перабудове і пашырэньні будынкаў і збудаваньняў

Будаўні́цтва — галіна матэрыяльнай вытворчасьці па стварэньні, перабудове і пашырэньні будынкаў і збудаваньняў, якія забясьпечваюць вытворчую дзейнасьць людзей і іх матэрыяльна-культурныя патрэбы.

Будаўніцтва мэтро ў Менску (2010 г.)

Віды: гідратэхнічнае, жыльлёва-камунальнае, прамысловае, сельскагаспадарчае, транспартнае і энэргетычнае. Вынікам працы ёсьць завершаныя і падрыхтаваныя да выкарыстаньня прамысловыя і сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, інжынэрныя і транспартныя шляхі зносінаў, жылыя дамы і грамадзкія будынкі. У якасьці галіны гаспадаркі служыць асновай памнажэня народнага багацьця. Высокая хуткасьць капітальнага будаўніцтва забясьпечвае абнаўленьне будаўнічых вырабаў і вызначае паскарэньне народнай гаспадаркі краіны. Ажыцьцяўляецца на аснове праектаваньня і вылучаных укладаньняў. Для выкананьня будаўнічай працы ствараюць агульнабудаўнічыя і адмысловыя прадпрыемствы, якія будуюць падрадным (на аснове дамовы з падраднікам) і гаспадарчым (сіламі ўласьніка) спосабам. Будаўнічыя матэрыялы і канструкцыі пастаўляе прамысловасьць будаўнічых матэрыялаў. Будаўнічыя машыны і абсталяваньне — будаўніча-дарожнае і камунальнае машынабудаваньне. На аснове ўмацаваньня матэрыяльна-тэхнічнай базы пашыраецца зборнае будаўніцтва, у тым ліку аб’ёмна-блёчнае, што павялічвае хуткасьць будоўлі і ўзровень індустрыялізацыі[1].

Рамонт царквы Ўваскрасеньня Хрыстовага (Віцебск, 2015 г.)

На 1996 год было найбольш разьвіта ў ЗША, Нямеччыне, Вялікабрытаніі, Францыі і Японіі, дзе на долю будаўніцтва прыпадала 8-16% сукупнага ўнутранага прадукту і 4-9% агульнай колькасьці работнікаў, занятых у вытворчасьці. У гэтых краінах пераважалі дробныя і сярэднія прадпрыемствы. У ЗША звыш 80% будаўнічых прадпрыемстваў мелі да 5 работнікаў кожная. У Францыі звыш 90% такіх прадпрыемстваў наймалі да 10 чалавек. У Нямеччыне малыя будаўнічыя прадпрыемствы наймалі да 100 чалавек і выконвалі да 65% абсягу будаўнічых працаў. Адначасна на міжнародным рынку панавалі буйныя падраднікі, асабліва ў краінах Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амэрыкі. Істотны ўплыў на будаўніцтва аказвалі аб’яднаньні, якія распрацоўвалі і выдавалі нарматыўныя дакумэнты, пашыралі перадавы досьвед, павышалі кваліфікацыю будаўнікоў і выдавалі адмысловыя часопісы. Кіраваньне будаўнічай галіной ажыцьцяўляецца на аснове будаўнічых кодэксаў. У Японіі дзейнічае Міністэрства будаўніцтва. У Канадзе — Фэдэральнае міністэрства дзяржаўнага будаўніцтва. У Вялікабрытаніі — Міністэрства будаўніцтва і грамадзкіх працаў. У ЗША — Міністэрства жыльлёвага будаўніцтва і гарадзкога разьвіцьця[1].

Беларусь

рэдагаваць
 
Перабудова Вялікага тэатру опэры і балету (Менск, 2006 г.)

У 19 стагодзьдзі ў Беларусі пераважна будавалі прыватныя падрадныя прадпрыемствы і сэзонныя работнікі, найчасьцей уручную. Адначасна праклалі густую сетку чыгунак, увялі ў дзеяньне шмат прамысловых прадпрыемстваў і выканалі значны абсяг мэліярацыйнай працы. Гэтаму спрыяла разьвітая прамысловасьць будаўнічых матэрыялаў. З канца 1920-х гадоў і наступнай індустрыялізацыяй будаўніцтва набыло шырокі размах. У 1940 годзе трэст Белдзяржбуд улучаў 120 будаўнічых прадпрыемстваў, зь іх 30 адмысловых, якія выконвалі падрадным спосабам каля 60% абсягу будаўнічых працаў. За 1919—1940 гады пабудавалі і капітальна адрамантавалі звыў 1800 прамысловых прадпрыемстваў, 316 маторна-трактарных станцыяў (МТС), звыш 12 млн м² карыснай плошчы жытла, шмат школ, лякарняў і грамадзкіх будынкаў. У Нямецка-савецкую вайну асноўныя фонды Беларусі зазналі істотныя страты. Аднаўленьне і разьвіцьцё народнай гаспадаркі абумовілі істотнае павелічэньне маштабаў будаўніцтва. У 1944—1950 гадах капіталаўкладаньні ў 1,4 разу перавысілі іх абсяг за даваенны час. За 1945—1995 гады аднавілі і пабудавалі звыш 880 прамысловых прадпрыемстваў: Менскі трактарны завод, Менскі аўтамабільны завод, Беларускі аўтамабільны завод (Жодзіна), Наваполацкі (Віцебская вобласьць) і Мазырскі нафтаперапрацоўчыя заводы (Гомельская вобласьць), вытворчае аб’яднаньне «Беларуськалій» (Салігорск) і Беларускі мэталюргічны завод (Жлобін). Аднавілі і пабудавалі 182 млн м² карыснай плошчы жытла, вялікую колькасьць аўтадарог і чыгунак, мэліярацыйных збудаваньняў. Маштабныя будаўнічыя працы выканалі для зьмяншэньня наступстваў Чарнобыльскай катастрофы[1].

На 1996 год будаўніцтва ажыцьцяўлялі прадпрыемствы Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь, канцэрнаў «Менскбуд» і «Белпаліўгаз», адмысловыя трэсты «Белэнэргабуд», «Белтрансбуд», «Белсувязьбуд» і «Палесьсеводбуд». На 1994 год у іх складзе было каля 200 аб’яднаньняў, трэстаў і акцыянэрных таварыстваў, якія задзіночвалі 995 падрадных будаўніча-мантажных і 234 рамонтна-будаўнічыя прадпрыемствы. Дзейнічала звыш 2000 малых прыватных будаўнічых прадпрыемстваў і каапэратываў. У 1995 годзе на долю падрадных каапэратываў прыпадала 49% абсягу будаўнічых працаў, на дзяржаўныя прадпрыемствы — 39%, на прыватныя — 12%. Дзейнічала разьвітая сетка праектна-вышуквальных працаў, вытворчасьць будаўнічых матэрыялаў і машынаў[1].

Пры канцы сьнежня 2012 году Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь правёў праверку будаўнічых пляцовак Менску, на якіх налічыў звыш 17 000 работнікаў. Зь іх каля 10 000 (59%) складалі супрацоўнікі работніцкіх спэцыяльнасьцяў, якія непасрэдна працавалі на будаўнічых пляцоўках. Звыш 7000 астатніх работнікаў складалі кіраўнічы і вытворчы пэрсанал[2]. У 2013 годзе на будаўніцтва жытла ў Беларусі пайшло 32,9 трлн рублёў (3,667 млрд даляраў ЗША) укладаньняў у асноўныя сродкі, што склала 16,2 % агульнага абсягу ўкладаньняў і на 24,5 % перавысіла ўзровень 2012 году. Упершыню за некалькі гадоў звыш паловы (51,1 %) крыніцаў фінансаваньня жыльлёвага будаўніцтва склалі ўласныя сродкі насельніцтва. Пазыкі банкаў забясьпечылі 31,1 % фінансаваньня, хоць у ранейшыя гады іх доля дасягала 70 %. Пабудавалі 63 300 кватэраў, што было на 10 % больш чым у 2012 годзе (57 200). Таксама на 17,6 % вырасла агульная плошча ўведзенага ў карыстаньне жытла да 5,273 млн кв.м. Зь іх: у Менскай вобласьці — 1,414 млн кв.м (26,8 %), у Менску — 1,166 млн кв.м (22,1 %), у Берасьцейскай вобласьці — 792 200 кв.м (15 %), у Гарадзенскай — 654 900 кв.м (12,4 %), у Гомельскай — 521 000 кв.м (9,9 %), у Магілёўскай — 363 900 кв.м (6,9 %) і ў Віцебскай — 360 200 кв.мэтраў (6,8 %). Доля ўведзенага ў дзеяньня жытла на вёсцы вырасла з 21,5 % да 26,6 % (1,404 млн кв.м), зь якіх 1,124 млн кв.м (80 %) пабудавалі ў Менскай вобласьці. Для грамадзянаў у патрэбе паляпшэньня жыльлёвых умоваў пабудавалі 53,6 % (2,825 млн кв.м) ад агульнай плошчы ўведзенага ў дзеяньне жытла, у тым ліку з выкарыстаньнем дзяржаўнай падтрымкі — 2,483 млн кв.м (87,9 %), сярод якіх 1,894 млн кв.м (76,3 %) у шматкватэрных дамах у гарадах[3].

Глядзіце таксама

рэдагаваць
  1. ^ а б в г Карл Губінскі, Л.І. Тулупава. Будаўніцтва // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1996. — Т. 3. — С. 309-310. — 511 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0068-4
  2. ^ Будаўнікоў — больш, кіруючых работнікаў — менш // Зьвязда : газэта. — 13 ліпеня 2013. — № 128 (27493). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
  3. ^ Сяргей Куркач. Кожны другі будаваўся за свае грошы // Зьвязда. — 23 студзеня 2014. — № 12 (27622). — С. 5.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць