Найвышэйшая атэстацыйная камісія Беларусі

дзяржаўнае ведамства Беларусі ў галіне засьведчаньня навуковых годнасьцяў і ступеняў

Найвышэйшая атэстацыйная камісія Беларусі[6] — дзяржаўнае ведамства Беларусі ў галіне засьведчаньня годнасьці і ступеняў навуковых працаўнікоў, заснавае ў верасьні 1992 году.

Найвышэйшая атэстацыйная камісія Беларусі
Абрэвіятура НАК РБ
Дата ўтварэньня 18 верасьня 1992 (30 гадоў таму)
Тып ведамства
Юрыдычны статус дзяржаўная ўстанова
Мэта прысваеньне навуковых годнасьцяў і ступеняў
Штаб-кватэра Першамайскі раён, прасп. Незалежнасьці, д. 66[1]
Месцазнаходжаньне Менск
Каардынаты 53°55′13″ пн. ш. 27°35′54″ у. д. / 53.92028° пн. ш. 27.59833° у. д. / 53.92028; 27.59833Каардынаты: 53°55′13″ пн. ш. 27°35′54″ у. д. / 53.92028° пн. ш. 27.59833° у. д. / 53.92028; 27.59833
Дзейнічае ў рэгіёнах Беларусь
Афіцыйныя мовы беларуская, расейская
Старшыня Аляксандар Гучок
Галоўная навуковая сакратарка Вольга Дубаневіч[2]
Сябры Камісіі Аляксандар Канойка, Натальля Кардзіяка, Зьміцер Піневіч, Аляксандар Сьмяян, Ірына Старавойтава, Сяргей Чыжык[3]
Асноўныя асобы Кірыл Дабрэга, Аляксей Белы, Міхаіл Вішнеўскі, Валеры Гадуноў, Алег Івашкевіч, Мікалай Казак, Аляксандар Лакотка, Валянціна Маслава, Антаніна Морава, Станіслаў Трацьцяк, Юры Харын, Уладзімер Шкуматаў[4]
Кіроўны орган Прэзыдыюм
Матчына кампанія Прэзыдэнт Беларусі
Бюджэт 1,859 млн рублёў (2021 год; 732,5 тыс. $)[5]
Сайт vak.gov.by/be
Колішняя назва Найвышэйшы атэстацыйны камітэт Беларусі (1995—1997, 2001—2002), Дзяржаўны найвышэйшы атэстацыйны камітэт Беларусі (1997—2001)

На 2022 год улучала 2 управы: 1) аналітычнай і прававой працы, 2) атэстацыйнай працы, а таксама рэжымна-таемны орган[7].

ПаўнамоцтвыРэдагаваць

На 2022 год Найвышэйшая атэстацыйная камісія Беларусі мела паўнамоцтвы на:

  • кіраваньне працай навуковых установаў і ВНУ у галіне засьведчаньня навукоўцаў;
  • узгадненьне праектаў нарматыўных прававых актаў датычна падрыхтоўкі навукоўцаў і прысваеньня навуковых годнасьцяў і ступеняў;
  • вызначэньне парадку засьведчаньня навуковых установаў сумесна зь Дзяржаўным камітэтам па навуцы і тэхналёгіях Беларусі і Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі;
  • распрацоўку і зацьверджаньне пераліку спэцыяльнасьцяў навукоўцаў Беларусі і пераліку спэцыяльнасьцяў для прысваеньня навуковых годнасьцяў у Беларусі;
  • стварэньне і зацьверджаньне складу, улік і мэтадычную дапамогу, нагляд за дзейнасьцю і спыненьне дзейнасьці радаў абароны дысэртацыяў;
  • разгляд дысэртацыяў ад радаў абароны дысэртацыяў;
  • зацьверджаньне і скасаваньне рашэньняў радаў абароны дысэртацыяў аб прысуджэньні навуковай ступені кандыдата навук;
  • прысуджэньне навуковай ступені доктара навук на падставе хадайніцтва рады абароны дысэртацыяў і адхіленьне такога хадайніцтва;
  • прысваеньне годнасьці дацэнта і прафэсара на падставе хадайніцтва навуковай рады ВНУ і навуковай установы і адхіленьне такога хадайніцтва;
  • прыраўноўваньне дакумэнтаў аб прысуджэньні навуковай годнасьці і ступені, выдадзеных ведамствамі засьведчаньня іншых дзяржаваў, зь якімі ўрад Беларусі заключыў дамовы аб прызнаньні такіх дакумэнтаў;
  • перазасьведчаньне асобаў з навуковай годнасьцю і ступеняй, прысуджанымі ў іншых дзяржавах, зь якімі ўрад Беларусі заключыў дамову аб прызнаньні адпаведных дакумэнтаў;
  • узгадненьне адкрыцьця і закрыцьця асьпірантуры, ад’юнктуры і дактарантуры, удзел у іх зацьведчаньні, мэтадычную дапамогу ім і нагляд за імі;
  • зацьверджаньне пашпарту спэцыяльнасьці навукоўцаў і праграмы-мінімуму кандыдацкага экзамэну паводле адмысловага прадмету;
  • разгляд справы аднаўленьня і пазбаўленьня навуковай годнасьці і ступені, скаргі і звароту грамадзяніна і юрыдычнай асобы;
  • распрацоўку апісаньня нацыянальнага дыплёму кандыдата і доктара навук, нацыянальнага пасьведчаньня дацэнта і прафэсра, нацыянальнага дыплёму доктара філязофіі, дубліката такога дыплёму і пацьведчаньня, унясеньня іх на зацьверджаньне прэзыдэнту Беларусі, усталяваньне парадку афармленьня і выдачы названых дакумэнтаў і іх дублікатаў;
  • агляд вынікаў дысэртацыяў, давядзеньне і да ведама дзяржаўных ведамстваў і іх асьвятленьне ў сродках масавай інфармацыі;
  • улік і абагулены агляд абароненых дысэртацыяў са штогадовай падачай адпаведнай справаздачы прэзыдэнту Беларусі
  • стварэньне і падтрыманьне надзённасьці банку дадзеных аб навукоўцах Беларусі, унясеньне асабістых зьвестак фізычных асобаў з такога банку ў рэгістар насельніцтва;
  • фінансаваньне выдаткаў радаў абароны дысэртацыяў на прысуджэньне навуковых ступеняў і нагляд за мэтавых выкарыстаньнем гэтых сродкаў;
  • стварэньне архіву, захоўваньне справаў засьведчаньня і перадача дысэртацыі ў Нацыянальную бібліятэку Беларусі;
  • удзел у падрыхтоўцы праектаў міжурадавых дамоваў аб засьведчаньні навуковай годнасьці і ступені;
  • заключэньне міжнародных міжведамасных дамоваў;
  • усталяваньне парадку разгляду справы засьведчаньня сушукальніка навуковай годнасьці і ступені, іх прысваеньня, аднаўленьня і пазбаўленьня, вызначэньне афармленьня дысэртацыі, аўтарэфэрату і выданьня паводле дысэртацыі, утварэньне і зьмяненьне пераліку выданьняў Беларусі для абнародаваньня вынікаў дысэртацыі[8].

КіраваньнеРэдагаваць

  • Прэзыдыюм. Склад зацьвярджаўся прэзыдэнтам Беларусі па ўзгадненьні са старшынём. Налічваў 15 сябраў. Прысуджаў навуковыя годнасьці і ступені. Прыраўноўваў і прызнаваў замежныя пасьведчаньні аб навуковай годнасьці і ступені[4].
  • Калегія. Налічвала 9 сябраў. Стварала і зацьвярджала склад радаў абароны дысэртацыяў і экспэртных радаў. Узгадняла адкрыцьце і закрыцьце асьпірантуры, ад’юнктуры і дактарантуры. Зацьвярджала пашпарт спэцыяльнасьці навукоўцаў і праграмы-мінімуму кандыдацкага экзамэну паводле адмысловага прадмету[3].
  • Экспэртныя рады. Ацэньвалі дысэртацыі на сушуканьне навуковых ступеняў у адпаведнасьці з галіной навукі і спэцыяльнасьцю паводле надзённасьі і навізны, дакладнасьці і абгрунтаванасьці вынікаў, а таксама дастасоўнай значнасьці. Вызначалі абгрунтаванасьць заключэньняў рады абароны дысэртацыяў. Рыхтавалі заключэньні і парады для Прэзыдыюму наконт прысуджэньня навуковай годнасьці і ступені. Разглядалі матэрыялы перазасьведчаньня ўладальнікаў замежных пасьведчаньняў аб навуковай годнасьці і ступені, пасьля чаго давалі Прэзыдыюму адпаведныя парады. Уносілі прапановы наконт стварэньня і складу радаў абароны дысэртацыяў пасьля адпаведнага разгляду. Раілі наконт зацьверджаньня пашпарту спэцыяльнасьці навукоўцаў і праграмы-мінімуму кандыдацкага экзамэну паводле адмысловага прадмету пасьля адпаведнага разгляду. Разглядала матэрыялы наконт аднаўленьня і пазбаўленьня навуковай годнасьці і ступені. Уносіла ў Калегію прапановы наконт улучэньня часопісаў у Пералік навуковых выданьняў Беларусі для абнародаваньня вынікаў дысэртацыяў[9].

МінуўшчынаРэдагаваць

18 верасьня 1992 году Савет міністраў Беларусі ўхваліў Пастанову № 564 «Аб стварэньні Найвышэйшай атэстацыйнай камісіі пры Савеце міністраў Рэспублікі Беларусь». У лістападзе 1995 году Найвышэйшую атэстацыйную камісію Беларусі перайменавалі ў Найвышэйшы атэстацыйны камітэт Беларусі (НАК Беларусі). На 1996 году НАК Беларусі атрымліваў заяўкі на прысуджэньне навуковых ступеняў ад 136 радаў абароны дысэртацыяў і 25 экспэртных радаў. НАК Беларусі зацьвярджала рашэньне радаў аб прысуджэньні навуковай ступені кандыдата навук і адпаведныя хадайніцтвы аб прысуджэньні ступені доктара навук. Таксама НАК Беларусі прысвойвала годнасьці дацэнта і прафэсара, стварала ўстановы атэстацыі, распрацоўвала парадак падрыхтоўкі навуковых кадраў праз асьпірантуру, дактарантуру і сушукальніцтва. Сярод іншага НАК Беларусі зацьвярджала пералікі спэцыяльнасьцяў для прысуджэньня навуковых годнасьцяў і ступеняў, а таксама стварала нацыянальны банк дадзеных навукоўцаў з годнасьцямі і ступенямі[10]. У 1997 годзе НАК Беларусі перайменавалі ў Дзяржаўны найвышэйшы атэстацыйны камітэт Беларусі, а ў 2001-м — зноў у Найвышэйшы атэстацыйны камітэт, але ў складзе Камітэту па навуцы пр Савеце міністраў Беларусі. У 2002 годзе вярнулі назву Найвышэйшая атэстацыйная камісія Беларусі.

У 2013 годзе Найвышэйшая атэстацыйная камісія Беларусі прысвоіла навуковую ступеню кандыдата навук 512 сушукальнікам, а ступеню доктара навук — 39 сушукальнікам. Таксама 49 сушукальнікаў атрымалі годнасьць прафэсара. Сярэдні век сушукальнікаў ступені кандыдата навук склаў 34 гады, а доктара навук — 53 гады. Па мэдычных і тэхнічных навуках выканалі 100 дысэртацыяў з прысуджэньнем ступені, па фізыка-матэматычных — 47 і па біялягічных — 45. За 21 год дзейнасьці НАК Беларусі ў пэдагогіцы абаранілі каля 600 дысэртацыяў. Дыплёмы аб навуковых ступенях у Беларусі атрымалі 46 замежных грамадзянаў з 11 краінаў — Расеі, Лібіі, Іраку, Кітаю, Ірану, Анголы, Віетнаму, Ізраілю, Нігерыі, Нідэрляндаў і Ўкраіны. Па выніках пераатэстацыі ступеню кандыдата навук прысудзілі 3-м грамадзянам Беларусі, якія абаранілі свае працы за мяжой[11].

На 31 сьнежня 2019 году НАК Беларусі ўхваляў дзейнасьць 161-й рады абароны дысэртацыяў, у тым ліку 120 доктарскіх радаў. За 2019 год зьмянілі склад 20 радаў абароны дысэртацыяў і падоўжылі паўнамоцтвы 10 такіх радаў, а таксама стварылі 7 новых радаў, зь якіх 6 кандыдацкіх. Агулам рады абароны дысэртацыяў дзейнічалі ў 23-х галінах навукі, у тым ліку такіх, як: архітэктура, біялёгія, вэтэрынарыя, ваенная навука, геаграфія, геалёгія і мінэралёгія, мастацтвазнаўства, гісторыя і археалёгія, культуралёгія, мэдыцына, пэдагогіка, паліталёгія, псыхалёгія, сельскагаспадарчая навука, грамадазнаўства, тэхнічныя навукі, фармацэўтыка, фізыка-матэматычныя навукі, мовазнаўства, філязофія, хімія, эканоміка і правазнаўства[12].

СтаршыніРэдагаваць

КрыніцыРэдагаваць

  1. ^ Найвышэйшая атэстацыйная камісія Рэспублікі Беларусь // Прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь, 2022 г. Праверана 6 чэрвеня 2022 г.
  2. ^ Кіраўніцтва // Найвышэйшая атэстацыйная камісія Рэспублікі Беларусь, 2022 г. Праверана 6 чэрвеня 2022 г.
  3. ^ а б Калегія // Найвышэйшая атэстацыйная камісія Рэспублікі Беларусь, 2022 г. Праверана 6 чэрвеня 2022 г.
  4. ^ а б Прэзыдыюм // Найвышэйшая атэстацыйная камісія Рэспублікі Беларусь, 2022 г. Праверана 6 чэрвеня 2022 г.
  5. ^ А. Лукашэнка. Закон Рэспублікі Беларусь ад 29 сьнежня 2020 г. № 73-З «Аб рэспубліканскім бюджэце на 2021 год»(рас.) // Нацыянальны прававы партал Беларусі, 1 студзеня 2021 г. Праверана 6 чэрвеня 2022 г.
  6. ^ Ствараецца Аб’яднаньне незалежных гісторыкаў // Беларуская служба Радыё «Свабода», 14 сакавіка 2007 г. Праверана 6 чэрвеня 2022 г.
  7. ^ Сувязныя зьвесткі падразьдзяленьняў // Найвышэйшая атэстацыйная камісія Рэспублікі Беларусь, 2022 г. Праверана 6 чэрвеня 2022 г.
  8. ^ Аб НАК // Найвышэйшая атэстацыйная камісія Рэспублікі Беларусь, 2022 г. Праверана 6 чэрвеня 2022 г.
  9. ^ Экспэртныя саветы // Найвышэйшая атэстацыйная камісія Рэспублікі Беларусь, 2022 г. Праверана 6 чэрвеня 2022 г.
  10. ^ Вышэйшы атэстацыйны камітэт Рэспублікі Беларусь // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1997. — Т. 4: Варанецкі — Гальфстрым. — С. 334. — 480 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0090-0
  11. ^ Надзея Нікалаева. Дысэртацыя — не рэфэрат // Зьвязда : газэта. — 15 лютага 2014. — № 29 (27639). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
  12. ^ Саветы па абароне дысэртацый // Найвышэйшая атэстацыйная камісія Рэспублікі Беларусь, 2022 г. Праверана 6 чэрвеня 2022 г.

Вонкавыя спасылкіРэдагаваць