Жалезабэтон
Жалезабэтон — штучны будаўнічы матэрыял з бэтону і сталёвай арматуры, маналітна злучаных у адзіную канструкцыю.
Падкляса ад | кампазытны матэрыял |
---|---|
Матэрыял | бэтон, арматура |
Першаадкрывальнік | Жазэф Манье |
Дата адкрыцьця | 1853 |
Трывалае счапленьне бэтону і арматуры забясьпечваецца падобнымі каэфіцыентамі іх лінейнага пашырэньня. Бэтон пераважна ўспрымае сьціскальныя намаганьні, надае канструкцыі цьвёрдасьць і ахоўвае арматуру ад іржавеньня. Падоўжаныя стрыжні арматуры, яе папярочныя хамуты і мантажная арматура для каркасаў успрымаюць расьцягвальныя намаганьні. Жалезабэтон вызначаецца высокай трываласьцю, даўгавечнасьцю, вогнеўстойлівасьцю і простасьцю формаўтварэньня. Выкарыстоўваецца ў жыльлёвым і прамысловым будаўніцтве, мостабудаваньні і гідратэхнічным будаўніцтве. Зь яго робяць жалезабэтонныя канструкцыі[1].
Віды
рэдагавацьЖалезабэтон бывае:
Канструкцыі
рэдагавацьУзьвядзеньне жалезабэтонных канструкцыяў мэтазгодна пры вялікіх дынамічных нагрузках, у тым ліку сэйсмічных, а таксама праз умовы перавозкі і мантажу. У іх пераважна выкарыстоўваюць гнуткую арматуру ў выглядзе асобных стрыжняў, зварных сетак і каркасаў. Акрамя падоўжанай арматуры ўсталёўваюць разьмеркавальную мантажную і папярочную (адгін і хамут). Часам прадугледжваюць ускоснае армаваньне ў выглядзе зварных сетак і сьпіраляў[2].
Жалезабэтонная канструкцыя бывае:
- маналітная — фармуецца ў апалубцы на месцы будаўніцтва, выкарыстоўваецца пры асабліва вялікіх нагрузках, якія кладуцца на падмурак, каркас і перакрыцьцё шматпавярховага прамысловага будынка, гідратэхнічнае збудаваньне, перакрыцьцё аўтадарогі, складнік маста і шляхаправоду;
- зборная — складаецца з асобных складнікаў, папярэдне зробленых на заводзе і палігоне, пашыраная пры прамысловым будаўніцтве, ідзе на падмурак і падземную частку будынка і збудаваньня, як то блёк і пліта падмурка, блёк і панэль сьцяны падвалу, на каркас будынка (калёна, рыгель, прагон, падкранавая бэлька і фэрма), на вонкавую і ўнутраную сьцены (перагародачныя і сьценавыя блёк і панэль), на міжпавярховае перакрыцьцё і пакрыцьцё будынка (насьціл, панэль і пліта);
- зборна-маналітная — спалучае зборныя складнікі з маналітным бэтонам, які ўкладваецца на будаўнічай пляцоўцы, выкарыстоўваецца ў перакрыцьцях шматпавярховага будынка, мосьце і шляхаправодзе, а таксама пры ўзьвядзеньні абалонкі[2].
Таксама вылучаюць такія канструкцыі, як:
- звычайная, як то армацэмэнтавая канструкцыя;
- папярэдне напружаная — выкарыстоўваюць высокатрывалую стрыжнёвую арматуру і дрот, а таксама пасмы і канаты зь яго[2].
Паводле арматуры вылучаюцца канструкцыі:
- са сталёвай арматурай;
- са шклоплястыкавай арматурай — іржаўстойлівая і электраізалявальная, улучае стрыжні са шкляных нітак, зьяднаных палімэрнымі кампазыцыямі;
- дыспэрснаармаваная (зь фібрабэтону)[2].
Паводле спосабу атрыманьня канструкцыя бывае:
- вібраўшчыльненая;
- цэнтрыфугаваная;
- прасаваная;
- вакуўмаваная;
- камбінаваная[2].
Работы
рэдагавацьЖалезабэтонныя работы прадугледжваюць узьвядзеньне з маналітнага жалезабэтону. Улучаюць апалубку, арматурную і бэтонную работы. Пасьлядоўна выконваюць:
- выраб і мантаж арматурных каркасаў, сетак і асобных стрыжняў;
- усталёўку апалубкі;
- прыгатаваньне, перавозку, укладку і ўшчыльненьне бэтоннай сумесі;
- догляд бэтону падчас цьвярдзеньня;
- распалубку пасьля дасягненьня бэтонам трываласьці[3].
Змантаваныя арматурныя каркасы магчыма скарыстаць пры ўсталёўцы апалубкі для яе замацаваньня ў патрэбным становішчы, а таксама для мацаваньня закладных дэталяў[3].
Мінуўшчына
рэдагавацьУ 1867 годзе францускі навуковец Жазэф Манье атрымаў патэнт на жалезабэтон. Жалезабэтонныя канструкцыі імкліва пашырылася ў Ангельшчыне і ЗША. У 1885 годзе жалезабэтон пачалі выкарыстоўваць у Расейскай імпэрыі. Жалезабэтон стаў адным з найбольш пашыраных у будаўніцтве матэрыялаў, які сталі выкарыстоўваць у канструкцыях будынкаў і такіх збудаваньняў, як падмурак, пліта, сьцяна, труба, мост і плаціна. Яго прымяненьне пашырылі на ўсе кліматычныя зоны, бо фізыка-мэханічныя ўласьцівасьці жалезабэтону застаюцца аднолькавымі пры тэмпэратуры ад −40 да +60 °C[1].
Беларусь
рэдагавацьУ 1901—1902 гадох на чыгуначнай лініі Віцебск — Жлобін узьвялі 27 жалезабэтонных мастоў і шляхаправодаў[1].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б в г П.М. Багаслаўчык. Жалезабэтон // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1998. — Т. 6: Дадаізм — Застава. — С. 414—415. — 576 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0106-0
- ^ а б в г д М.М. Гурбо. Жалезабэтонныя вырабы і канструкцыі // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1998. — Т. 6: Дадаізм — Застава. — С. 415. — 576 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0106-0
- ^ а б П.М. Багаслаўчык. Жалезабэтонныя работы // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1998. — Т. 6: Дадаізм — Застава. — С. 415. — 576 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0106-0
Літаратура
рэдагаваць- Павал Біч. Жалезабэтон з пазыцый супраціўленьня матэрыялаў / заг.рэд. Л.Ю. Бяльзацкая, маст. В.Г. Кавалеўская. — Менск: Навука і тэхніка, 1991. — 222 с. — 380 ас. — ISBN 5-343-00929-8
Гэта — накід артыкула. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |