Белая Русь (грамадзкае аб’яднаньне)
«Белая Русь» — грамадзкае аб’яднаньне рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі, створанае ў лістападзе 2007 году, каб падтрымаць аўтарытарнага кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнку ў афіцыйных парлямэнцкіх выбарах 2008 году, а таксама ў выпадку яго ўдзелу ў выбарах прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь у 2010 годзе[2].
«Белая Русь» | |
Лідэр партыі | Алег Раманаў |
---|---|
Дата заснаваньня | 17 лістапада 2007 (17 гадоў таму) |
Штаб-кватэра | Менск, вул. Фрунзэ, д. 5, каб. 300 |
Саюзьнікі і блёкі | РКРКППГА |
Ідэалёгія | этатызм |
Колькасьць | 166 264 (2017)[1] |
Колькасьць дэпутатаў | |
· Палата прадстаўнікоў |
63 / 110 |
· Абласныя Саветы дэпутатаў |
159 / 415 |
Дэвіз | За моцную і квітнеючую Беларусь |
Афіцыйны сайт | 1br.by |
Кіраваньне
рэдагаваць- Зьезд. Склікаецца аднойчы на 5 год. Правамоцны пры наяўнасьці 2/3 прадстаўнікоў. Простай большасьцю галасоў абірае склад Рады й Цэнтральнай кантрольнай камісіі, ухваляе кірункі дзейнасьці й зьмены Статута.
- Рада. Зьбіраецца штогод. Абірае старшыню ды Прэзыдыюм. Выконвае пастановы Зьезду, вызначае набыцьцё і выкарыстаньне маёмасьці. Ухваляе каштарыс прыбыткаў і выдаткаў, надзяляе маёмасьцю суполкі.
- Прэзыдыюм. Праводзіць пасяджэньні штоквартал. Стварае ды касуе суполкі, прымае ды выключае чальцоў. Вядзе супрацу зь іншымі грамадзкімі аб’яднаньнямі, СМІ ды ўрадавымі ўстановамі. Вызначае колькасьць, парадак і аплату працы супрацоўнікаў. Стварае ды касуе падпарадкаваныя ўстановы, прызначае ды ўзнагароджвае іх кіраўнікоў.
- Цэнтральная рэвізійная камісія. Зьбіраецца штогод. Сочыць за выкананьнем пастановаў Зьезду ды каштарысу прыбыткаў і выдаткаў.
Праграма
рэдагаваць3 лістапада 2012 году 2-і зьезд ГА «Белая Русь» зацьвердзіў праграму, якую паправілі на 3-м зьезьдзе 19 студзеня 2018 году. Праграма складалася з прэамбулы і 2-х разьдзелаў: 1) Нацыянальныя інтарэсы Рэспублікі Беларусь у сучасным сьвеце; 2) Шлях Беларусі ў 21-м стагодзьдзі. У прэамбуле праграмы згадвалася, што «дэмакратычныя рэформы губляюць свой сэнс, калі простаму чалавеку становіцца горш». У 1-м разьдзеле абвяшчаўся «стратэгічны прынцып роўнай набліжанасьці да Ўсходу і Захаду». Тамсама адзначалася: «Пры ажыцьцяўленьні гэтага прынцыпу, наша краіна ўвайшла ў Эўразійскі эканамічны зьвяз, ажыцьцяўляе шматбаковую супрацу з краінамі Садружнасьці незалежных дзяржаваў і Эўрапейскага зьвязу, краінамі Ўсходняга партнэрства, Шанхайскай арганізацыі супрацы і Паўднёва-Ўсходняй Азіі[3].
У 2-м разьдзеле праграмы „стратэгічнымі мэтамі“ абвяшчаліся: „дзяржава, здольная абараніць сябе“ і „рынкавая эканоміка“. Паводле праграмы, ГА „Белая Русь“ выступала за: „палітычны плюралізм, прававыя гарантыі дзейнасьці ўсіх палітычных сілаў“; „пашырэньне паўнамоцтваў і належнае фінансавае забесьпячэньне дзейнасьці органаў мясцовага самакіраваньня“; „палітычную і эканамічную інтэграцыю з краінамі СНД, інтэнсіўнае разьвіцьцё зь імі культурных і гуманітарных сувязяў“. У гаспадарцы „Белая Русь“ абяцала: „прыярытэтнае разьвіцьцё сфэры інфармацыйных тэхналёгіяў“; „забесьпячэньне роўнага стаўленьня дзяржавы да ўсіх формаў уласнасьці і спосабаў гаспадараньня“; „дасягненьне энэргетычнай незалежнасьці нацыянальнай эканомікі за кошт уласных энэргарэсурсаў, разьвіцця ядзернай энэргетыкі, выкарыстаньня аднаўляльных крыніцаў энэргіі, ўкараненьня энэргазьберагальных тэхналёгіяў“. Таксама праграма прадугледжвала: „недапушчэньне ўраўнілаўкі … пры прызначэньні пэнсіяў“; „павелічэньне памераў сацыяльнай дапамогі і льготаў шматдзетным сем’ям і сем’ям, якія маюць дзяцей-інвалідаў і інвалідаў зь дзяцінства“[3].
Таксама ў 2-м разьдзеле праграмы згадвалася: „падтрымка традыцыйных для краіны рэлігіяў“; „захаваньне і разьвіцьцё роднай мовы“; процідзеяньне „насаджэньню“ культа гвалту ў сродках масавай інфармацыі. У якасьці захаду маладзёвай палітыкі прапаноўвалася „далучэньне беларускіх юнакоў і дзяўчатаў, дзяцей і падлеткаў да нацыянальнай гісторыка-культурнай спадчыны“. У якасьці намеру абвяшчалася, што „РГА „Белая Русь“ працягне працу па пераўтварэньні ў палітычную партыю“. Урэшце адзначалася, што сябры „Белай Русі“ выступаюць супраць „растленьня (разбэшчваньня) моладзі“[3].
Гісторыя
рэдагавацьГарадзенскую абласную суполку ўтварылі ў 2004 годзе. 2 ліпеня 2007 году ў Менску ўтварылася ініцыятыўная група па ператварэньні аб’яднаньня ў агульнакраёвае[4]. Рашэньне аб стварэньні РГА „Белая Русь“ прынята дэлегатамі ўстаноўчага зьезду грамадзкага аб’яднаньня, які адбыўся 17 лістапада 2007 году ў Менску, а ў сьнежні яно было зарэгістравана Міністэрствам юстыцыі. 1 ліпеня 2010 году ў складзе арганізацыі зарэгістравана 100 тыс. чалавек. 30 жніўня 2011 у склад арганізацыі ўваходзілі 123 тысячы чалавек.
Па словах намесьніка старшыні „Белай Русі“ Аляксандра Шацько на 51 дэпутат Палаты прадстаўнікоў 4-га скліканьня (усяго іх 110), у тым ліку і ён зьяўляюцца чальцамі гэтага аб’яднаньня. У Савеце Рэспублікі чальцы аб’яднаньня складаюць каля чвэрці новых сэнатараў[5]. Першы зьезд РГА „Белая Русь“ адбыўся 25 кастрычніка 2008 году. У працы першага зьезду прыняло ўдзел 380 дэлегатаў. Мерапрыемства адбылося ў Палацы Рэспублікі. На зьезьдзе была прынятая праграма „Белая Русь“, і адбылося даабраньне чальцоў у Рэспубліканскі савет „Белая Русь“. У праграме абвяшчалася імкненьне стала спрыяць Аляксандру Лукашэнку ў якасьці кіраўніка дзяржавы.
14 сакавіка 2011 г. А.Радзькоў паведаміў, што 159 з 415 (38%) дэпутатаў абласных Саветаў дэпутатаў, а таксама 61% дэпутатаў Менскага гарадзкога Савета ёсьць чальцамі „Белай Русі“[6]. 29 верасьня 2011 году А. Радзькоў адзначыў, што „Белую Русь“ пабудавалі паводле партыйнага прынцыпу[7]. На выбарах 2012 г. грамадзкае аб’яднаньне атрымала 63 са 110 месцаў у Палаце прадстаўнікоў 5-га скліканьня[8]. На жнівень 2013 году ГА „Белая Русь“ налічвала звыш 140 000 сябраў (2,5% працаздольнага насельніцтва Беларусі), зь іх звыш 40% складалі настаўнікі і выкладнікі. Моладзь складала 26% сябраў „Белай Русі“[9].
На мясцовых выбарах у Беларусі 2014 году „Белая Русь“ заняла звыш 10 000 (звыш 50%) з 18 809 дэпутацкіх месцаў. 27 лютага 2014 году старшыня „Белай Русі“ Аляксандар Радзькоў заявіў: „Белая Русь“ — прапрэзыдэнцкае грамадзкае аб’яднаньне і мы скіраваныя на тое, каб падтрымліваць палітыку кіраўніка дзяржавы і рэальнымі дзеяньнямі дапамагчы яму выканаць тую праграму, зь якой ён ідзе да выбаршчыкаў»[10]. На мясцовых выбарах у Беларусі 2018 году колькасьць дэпутатаў «Белай Русі» зьменшылася да 9000 (50%) сярод 18 111 дэпутацкіх месцаў.
«Белая Русь» на прэзідэнцкіх выбарах 2020 году падтрымала Аляксандра Лукашэнку. 25 сакавіка 2021 году Савет міністраў Беларусі ўхваліў Пастанову № 168, паводле якой ГА «Белая Русь» уваходзіла ў Пералік грамадзкіх аб’яднаньняў, у дачыненьні якіх прымяняецца 0,1 базавай стаўкі пры арэндзе дзяржаўнай нерухомасьці[11].
18 сакавіка 2023 году прайшоў устаноўчы зьезд партыі «Белая Русь», які зацьвердзіў статут і праграму. Кіраўніком застаўся Алег Раманаў. Зьезд налічваў звыш 1000 удзельнікаў[12]. 2 траўня Міністэрства юстыцыі Беларусі паставіла на ўлік партыю «Белая Русь»[13].
Старшыні
рэдагаваць- Аляксандар Радзькоў (лістапад 2007 — 19 студзеня 2018)
- Генадзь Давыдзька (19 студзеня 2018 — 18 чэрвеня 2022)
- Алег Раманаў (ад 18 чэрвеня 2022 году)[14]
Крыніцы
рэдагаваць- ^ http://www.belayarus.by/today/dates/
- ^ Юлія Ваніна (8 сьнежня 2009) «Белая Русь» напярэдадні выбараў Камэнтары. БелТА. Праверана 13 сьнежня 2011 г.
- ^ а б в Праграма (рас.) // РГА «Белая Русь», 19 студзеня 2018 г. Праверана 20 красавіка 2018 г.
- ^ Зварот членаў ініцыятыўнай групы па стварэньню Рэспубліканскага грамадзкага аб’яднаньня «Белая Русь» да грамадзянаў Рэспублікі Беларусь Даслоўна. Зьвязда, № 122 (25987) (4 ліпеня 2007). Праверана 14 сьнежня 2011 г.
- ^ МЫ, „Белая Русь“ займет полпалаты (рас.)
- ^ «Белая Русь» у 2012 годзе плянуе ўдзельнічаць у парлямэнцкіх выбарах. Telegraf.by (14 сакавіка 2011). Праверана 12 сьнежня 2011 г.
- ^ Аксана Шыкуць (29 верасьня 2011) ГА «Белая Русь» мае намер разгледзець пытаньне аб стварэньні партыі на зьездзе. Беларускае тэлеграфнае агенцтва. Праверана 12 сьнежня 2011 г.
- ^ «Белая Русь» пасьпяхова рэалізуе свае праекты ў фармаце грамадзкага аб'яднаньня - А.Радзькоў // БелТА, 1 кастрычніка 2012 г. Архіўная копія ад 1 кастрычніка 2012 г. Праверана 29 верасьня 2018 г.
- ^ Ларыса Ракоўская. «Белая Русь»: каб выйграваць — трэба працаваць // Зьвязда : газэта. — 24 жніўня 2013. — № 158 (27523). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
- ^ Надзея Нікалаева. Клапацiцца пра людзей, падставiць плячо ўладзе // Зьвязда. — 28 лютага 2014. — № 38 (27648). — С. 2.
- ^ Раман Галоўчанка. Пастанова Савета міністраў Рэспублікі Беларусь ад 25 сакавіка 2021 г. № 168 «Аб зьмяненьні пастановы Савета міністраў РБ ад 30 красавіка 2013 г. № 327» (рас.) // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 30 сакавіка 2021 г. Праверана 13 красавіка 2021 г.
- ^ БелТА. Раманаў: партыйная сыстэма Беларусі выходзіць на новы, больш высокі ўзровень разьвіцьця // Газэта «Зьвязда», 18 сакавіка 2023 г. Праверана 19 сакавіка 2023 г.
- ^ Мінюст зарэгістраваў Беларускую партыю «Белая Русь» // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 2 траўня 2023 г. Праверана 2 траўня 2023 г.
- ^ Хто такі Алег Раманаў, які замяніў Генадзя Давыдзьку на пасадзе кіраўніка «Белай Русі» // Беларуская служба Радыё «Свабода», 18 чэрвеня 2022 г. Праверана 19 чэрвеня 2022 г.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- «Белая Русь» // Газэта «Зьвязда», 20 студзеня 2018 г. Праверана 20 красавіка 2018 г.