Вышэйшая навучальная ўстанова
Вышэйшая навучальная ўстанова (ВНУ) — навучальная ўстанова, якая дае вышэйшую прафэсійную адукацыю і ажыцьцяўляе навуковую дзейнасьць. Вылучаюць дзяржаўныя і прыватныя ВНУ.
Кожная вышэйшая навучальная ўстанова мае статут і зьяўляецца аўтаномным суб’ектам прававых адносін. ВНУ павінна мець ліцэнзію, якая дае права на адукацыйную дзейнасьць. Для таго, каб мець права выдаваць выпускнікам ВНУ дыплём дзяржаўнага ўзору, навучальная ўстанова павінна быць акрэдытавана. Навучаньне ў ВНУ звычайна цягнецца ад 4 да 6 гадоў і бывае дзённым, вячэрнім і завочным.
На 2023 год у сьвеце налічвалася звыш 30 000 ВНУ[1].
Беларусь
рэдагавацьУлетку 2013 году на дзённую бюджэтную форму навучаньня ў ВНУ Беларусі залічылі 22 352 чалавекі. Сярод іх 19 959 (89%) першакурсьнікаў скончылі сярэднія школы, у тым ліку 18 844 чалавек (94%) — у год паступленьня. Сярод выпускнікоў сярэдняй школы 16 170 студэнтаў (81%) скончылі яе ў гарадах. Таксама студэнтамі сталі 2036 выпускнікоў сярэдніх спэцыяльных навучальных установаў (9%) і 163 выпускнікі прафэсійна-тэхнічных вучэльняў. Акрамя таго, у ВНУ Беларусі паступіў 191 замежны грамадзянін. Сродкі дзяржаўнага каштарысу Беларусі вылучылі на навучаньне 24 100 першакурсьнікаў. То бок недабор на бюджэтнае навучаньне склаў 1767 чалавек (7%), зь іх 1079 студэнтаў недабралі ў 15 з 22 ВНУ Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Без уступных іспытаў залічылі 296 чалавек (1,3%), зь іх 210 пераможцаў рэспубліканскіх і міжнародных прадметных алімпіядаў, 58 заслужаных спартоўцаў і 6 ляўрэатаў спэцыяльнага фонду прэзыдэнта Беларусі. Яшчэ 287 чалавек залічылі па-за конкурсам, зь іх 243 (1%) сіраты і кінутых бацькамі дзіцяці (байструкі)[2].
На верасень 2013 году 60 % выкладнікаў ВНУ Беларусі з навуковымі ступенямі былі ў веку за 60 гадоў[3].
Глядзіце таксама
рэдагавацьКрыніцы
рэдагаваць- ^ БДУ падняўся на 43 пазыцыі ў рэйтынгу «КС» па прыродазнаўчых навуках // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 10 красавіка 2023 г. Праверана 10 красавіка 2023 г.
- ^ Надзея Нікалаева. ВНУ недабралі на бюджэт амаль 1,8 тысячы першакурсьнікаў // Зьвязда : газэта. — 15 жніўня 2013. — № 151 (27516). — С. 3. — ISSN 1990-763x.
- ^ Надзея Нікалаева. Сацыяльныя рызыкі рэфармаваньня вышэйшай школы // Зьвязда. — 25 верасьня 2013. — № 180 (27545). — С. 1, 2. — ISSN 1990-763x.