Юры Селівёрстаў
Юры Міхайлавіч Селівёрстаў (нар. 12 красавіка 1978, Менск, цяпер Беларусь) — дзяржаўны дзяяч Беларусі.
Юры Селівёрстаў | |
2018 год | |
7-ы міністар фінансаў Беларусі | |
---|---|
4 чэрвеня 2020 — цяперашні час | |
Прэзыдэнт: | Аляксандар Лукашэнка |
Прэм’ер-міністар: | Раман Галоўчанка |
Папярэднік: | Максім Ермаловіч |
1-ы намесьнік міністра фінансаў Беларусі | |
2018 — 4 чэрвеня 2020 | |
Прэм’ер-міністар: | Сяргей Румас |
Наступнік: | Зьміцер Кійко |
Намесьнік міністра фінансаў Беларусі | |
2015 — 2018 | |
Прэм’ер-міністар: | Андрэй Кабякоў |
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзіўся: |
12 красавіка 1978 (46 гадоў) Менск, Беларуская ССР, Савецкі Саюз |
Сужэнец: | жанаты |
Дзеці: | 2 дачкі |
Бацька: | Міхаіл Селівёрстаў |
Адукацыя: | Беларускі дзяржаўны эканамічны ўнівэрсытэт (2002), Акадэмія кіраваньня пры прэзыдэнце Беларусі (2009) |
Узнагароды: |
7-ы міністар фінансаў Беларусі (зь 2020 году). 18 сьнежня 2020 году прадставіў законапраект «Аб зьмяненьні Падатковага кодэксу», які прадугледжваў: 1) увядзеньне збору за перасячэньне мяжы пры выезьдзе зь Беларусі; 2) скасаваньне ільготаў па падатку на дададзеную вартасьць (ПДВ) на ежу і лекі; 3) павышэньне стаўкі падатку на прыбытак для прадпрыемстваў сотавай сувязі і электрасувязі з 18 да 30 %; 4) павелічэньне падаходнага падатку паводле працоўных дамоваў з прадпрыемствамі Беларускага парку высокіх тэхналёгіяў (ПВТ) і індустрыяльнага парку «Вялікі камень» зь 9 да 13 %; 5) замену дарожнага мыта з самаходаў на транспартны падатак за іх тэхагляд. Найбольшай крытыцы падвергліся павышэньне падаходнага падатку для ПВТ і ўвядзеньне ПДВ на лекі паводле расейскага ўзору. 10 кастрычніка 2021 году заявіў пра намер скасаваць падатковую ільготу на кватэру. 1 ліпеня 2022 году паведаміў пра ўвядзеньне ПДВ у 20 % на пакупкі ў замежных інтэрнэт-крамах. Зь іншага боку, у траўні 2022 году задаволіў прапановы: 1) павысіць бязмытную вартасьць увозімай у Беларусь пасылкі 5-кратна да 1000 эўра, 2) скасаваць эмбарга на большасьць харчаваньня з Эўразьвязу, 3) зьняць абмежаваньні на выезд з краіны.
Жыцьцяпіс
рэдагавацьУ 2002 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўнівэрсытэт і працаўладкаваўся ў Міністэрства фінансаў Беларусі. У 2009 годзе скончыў Акадэмію кіраваньня пры прэзыдэнце Беларусі і заняў пасаду начальніка Галоўнай управы фінансаў вытворчай сфэры Міністэрства фінансаў Беларусі. У 2012 годзе стаў начальнікам Галоўнай управы бюджэтнай палітыкі Міністэрства фінансаў Беларусі[1]. 3 сьнежня 2014 году на паседжаньні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Беларусі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі паведаміў: «Значны фактар, які сур'ёзным чынам уплывае на фармаваньне рэспубліканскага бюджэту ў 2015 годзе, — гэта зьнешні доўг. Таму мы вымушаныя фармаваць яго са значным прафіцытам у памеры 16 трлн рублёў, сродкі будуць накіроўвацца на пагашэньне зьнешняга дзяржаўнага доўгу. Аб'ём сродкаў, які мы павінныя пагасіць ў будучым годзе, складае каля 3 млрд даляраў. Акрамя таго, абслугоўванне доўгу складзе яшчэ каля 1-го млрд даляраў»[2].
Намесьнік міністра фінансаў
рэдагавацьЗь 2015 году заняў пасаду намесьніка міністра фінансаў Беларусі. 3—4 лістапада 2015 году быў прадстаўніком Міністэрства фінансаў Беларусі на 3-м «Кастрычніцкім эканамічным форуме» на панэлі № 3 «Новы погляд на сацыяльную палітыку»[3].
13 верасьня 2016 году паведаміў пра намер спаганяць зь 2018 году падатак на дададзеную вартасьць з электронных паслугаў у Сеціве ад замежных прадпрыемстваў. Падаткам мелі абкласьці продаж відэа, гульняў, музыкі і праграмаў. Пры гэтым, дадаў, што падатак «прапануецца абгаварыць у Падатковым кодэксе ўжо сёньня, каб усе ведалі правілы гульні і працавалі паводле іх»[4]. На паседжаньні парлямэнцкай камісіі па эканамічнай палітыцы ён удакладніў, што такі намер узьнік «з улікам прапановаў МПЗ»[5]. 15 верасьня на паседжаньні Пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах, на якім разглядалі праекты законаў «Аб унясеньні дапаўненьняў і змяненьняў у Падатковы кодэкс Рэспублікі Беларусь» і «Аб рэспубліканскім бюджэце на 2017 год», патлумачыў плянаваньне бюджэту паводле базавага сцэнару намерам прадухіліць патрэбу ў сэквэстраваньні, на якое давялося пайсьці ў 2016 годзе. Згодна з базавым сцэнаром заплянавалі рост сукупнага ўнутранга прадукту Беларусі на 0,2 %[6]. 15 верасьня на паседжаньні парлямэнцкай камісіі па бюджэце і фінансах, якая разглядала бюджэт на 2017 год, паведаміў пра намер пазычыць 1,9 млрд даляраў, каб пагасіць частку ад 2,3 млрд даляраў дзяржаўнай пазыкі. Пры гэтым, выдаткі на вяртаньне пазыкаў мелі скласьці ў 2017 годзе на 20 % больш, чым у 2016-м. Выпуск аблігацыяў меў даць 800 млн эўра за мяжой і 300 млн даляраў унутры краіны. Яшчэ каля 700 млн даляраў разьлічвалі атрымаць за кошт 3-х частак пазыкі ад Эўразійскага фонду стабілізацыі і разьвіцьця (Расея)[7].
31 сакавіка 2017 году на выязным паседжаньні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па бюджэце і фінансах, якое прайшло ў бездатацыйным Лагойскім раёне, заявіў, што выдаткі мясцовых бюджэтаў у 2016 годзе склалі 16 % СУП Беларусі і перавысілі палову кансалідаванага бюджэту краіны. Зь яго словаў, бюджэты базавага ўзроўню забясьпечылі асноўныя паслугі адукацыі, аховы здароўя і грамадзкага забесьпячэньня, жыльлёва-камунальнай гаспадаркі і перавозак. Ён дадаў, што мясцовыя бюджэты ўтварылі з падаткаў на 70 %, сярод якіх былі падаходны падатак і падатак на ўласнасьць. Таму мясцовыя органы кіраваньня былі зацікаўленыя ў павелічэньні аплаты працы і стварэньні вытворчасьцяў на падведамасных прадпрыемствах. Селівёрстаў нагадаў пра павышэньне стаўкі падаходнага падатку да 13 % у 2015 годзе, які выплочваўся ў мясцовыя бюджэты. Таксама мясцовыя Саветы дэпутатаў атрымалі права павышаць базавыя стаўкі зямельнага падатку і падатку на нерухомасьць у 2,5 разы. Пры гэтым, намесьнік міністра падкрэсьліў патрэбу ў вызначэньні мясцовымі Саветамі ставак збору за паслугі аграэкатурызму на ўзор курортнага збору, а таксама збору за рамесьніцкую дзейнасьць[8]. 14 траўня 2017 году на форуме «Адзін пояс — адзін шлях» у Пэкіне (Кітай) паведаміў: «Ужо падпісаныя пагадненьні з кітайскім бокам па рэалізацыі трох праектаў у машынабудаваньні на агульную суму больш за 340 млн даляраў. Гэта будаўніцтва і разьвіцьцё прадпрыемстваў «Амкадармаш», «Салеа-Гомель» і «Салеа-Кобрын»[9]. 23 чэрвеня 2017 году на пленарным паседжаньні Палаты прадстаўнікоў паведаміў пра рост дзяржаўнага доўгу Беларусі на 12 % у 2016 годзе да 39,4 % ад СУП Беларусі. Селівёрстаў прызнаў, што ўкладаньні ў мадэрнізацыю «Крычаўцэмэнтнашыфэру» (Магілёўская вобласьць) прывялі да запазычанасьці на 200 млн даляраў[10].
17 лютага 2018 году заявіў наконт дадатнага разьліку бюджэту: «Той прафіцыт у 2,8 млрд рублёў, або 2,7 % да СУП, які быў летась, у нас захаваны, і зроблены нейкі зачын на бягучы год — мы маем рэзэрв, каб у першую чаргу пагашаць дзярждоўг. ... бюджэт на 2018 год мы лічылі, зыходзячы з кансэрватыўнага сцэнару, як і на 2017-ы, што сябе апраўдала»[11]. 8 жніўня 2018 году адзначыў: «Праект бюджэту на 2019 год фармаваўся зыходзячы з базавага сцэнару эканамічнага разьвіцьця. ... Пры плянаваньні бюджэту ўлічана рэалізацыя падатковага манэўру ў Расеі. Чакаецца, што рост даходаў па кансалідаваным бюджэце складзе менш за 1 %, па рэспубліканскім — 98,3 % да ацэнкі бягучага году»[12]. У жніўні 2018 году даў інтэрвію часопісу «Фінансы. Улік. Аўдыт», у якім прапанаваў увесьці назапашвальныя пэнсіі пры адначасным зьніжэньні ўнёску ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва і павышэньні пэнсійнага ўзросту[13]. Таксама прапанаваў пераадолець нястачу працоўных спэцыяльнасьцяў за кошт зьмяншэньня кваліфікацыйных патрабаваньняў па шэрагу спэцыяльнасьцяў з профільнай вышэйшай адукацыі на сярэднюю спэцыяльную, у тым ліку для касіраў у банках[14].
13 лістапада 2018 году ў 40-гадовым веку заняў пасаду 1-га намесьніка міністра фінансаў Беларусі[15]. 18 сьнежня 2018 году прадставіў праект бюджэту Беларусі на 2019 год у Палаце прадстаўнікоў, якая прагаласавала за яго ў 1-м чытаньні. Паводле словаў Селівёрстава, прафіцыт меў скласьці 1,7 млрд рублёў для пагашэньня вонкавага доўгу. Пры гэтым, прадугледзілі рост даходаў на 0,8 % да 23,6 млрд рублёў, а выдаткаў — на 5,1 % да 21,9 млрд рублёў[16]. Агулам у 2019 годзе на аплату запазычанасьці вылучылі 5,8 млрд рублёў (2,73 млрд даляраў), зь іх 2,8 млрд рублёў з мытаў на ўвоз нафты. Пагатоў, абслугоўваньне запазычанасьці мела вырасьці на 1/4 да 3-х млрд рублёў (1,41 млрд $)[17]. Сярод іншага, 1-ы намесьнік міністра фінансаў Беларусі заявіў: «Субсыдаваньне паслугаў пасажырскага транспарту прагназуецца ў суме 315,1 мільёну рублёў. Для субсыдаваньня жыльлёва-камунальных паслугаў прадугледжваецца 541 мільён рублёў з улікам павышэньня тарыфаў на жыльлёва-камунальныя паслугі для насельніцтва на 5 даляраў у эквіваленце. Меркаванае павышэньне тарыфаў дасьць магчымасьць забясьпечыць зь 1 студзеня 2019 году 100%-нае пакрыцьцё затратаў насельніцтвам па ўсіх паслугах, акрамя цеплазабесьпячэньня». Урэшце, Селівёрстаў дадаў, што законапраект аб рэспубліканскім бюджэце прадугледжвае правядзеньне кансэрватыўнай бюджэтнай палітыкі[18].
4 лістапада 2019 году на пашыраным паседжаньні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па бюджэце і фінансах паведаміў, што бюджэт Беларусі страціць 951 млн рублёў (423,6 млн даляраў) ад спыненьня перамытнёўкі расейскай нафты ў 2020 годзе[19]. 19 лістапада прадставіў у Палаце прадстаўнікоў Беларусі праект рэспубліканскага бюджэту на 2020 год, які дэпутаты ўхвалілі ў 1-м чытаньні. Пры гэтым, Селівёрстаў адзначыў: «Даходная база разьлічаная ва ўмовах нарастаньня ўплыву падатковага манэўру, які рэалізуецца ў Расеі. Агульны аб'ём стратаў даходаў бюджэту ў 2020 годзе ацэньваецца ў 1,9 млрд рублёў». Таму ўпершыню за 6 гадоў праект бюджэту разьлічылі зь нястачай 995,1 млн рублёў. Даходы мелі вырасьці на 0,3 % да 24,3 млрд рублёў параўнальна зь 2019 годам, а выдаткі — на 11,4 % да 25,4 млрд рублёў. За кошт 15 млрд рублёў меркавалі забясьпечыць заробкі бюджэтнікаў, у тым ліку лекараў і настаўнікаў, на ўзроўні 80 % сярэдняга заробку па краіне. У кансалідаваным бюджэце прадугледзілі 30 % выдаткаў на аплату працы з улікам адлічэньняў на грамадзкае страхаваньне. Пры гэтым, у ФСАН вырашылі накіраваць 2 млрд рублёў на падтрыманьне пэнсіяў на ўзроўні 40 % ад сярэдняга заробку[20]. Сярод іншага, на слуханьнях яму задалі пытаньне пра ўплыў 500 млн даляраў дзяржаўнай пазыкі ад Банку разьвіцьця Кітаю замест Расеі, якую меркавалі атрымаць да канца году. Селівёрстаў адзначыў «спрыяльны ўплыў» кітайскай пазыкі, бо тая была супастаўнай паводле памеру з пазыкай, якую раней разьлічвалі атрымаць у Расеі[21].
Міністар фінансаў Беларусі
рэдагаваць4 чэрвеня 2020 году А. Лукашэнка прызначыў Юрыя Селівёрстава міністрам фінансаў Беларусі замест Максіма Ермаловіча, якога накіравалі амбасадарам у Вялікабрытанію на хадайніцтва міністра замежных справаў Уладзімера Макея[22]. Пры гэтым, Селівёрстаў увайшлоў у склад ураду новага прэм'ера Рамана Галоўчанкі, які дагэтуль быў старшынёй Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэту Беларусі[23]. 25 чэрвеня Палата прадстаўнікоў Беларусі ў адным чытаньні разгледзіла законапраект аб зацьверджаньні справаздачы пра выкананьне рэспубліканскага бюджэту за 2019 год. Пры гэтым, наконт уплыву пандэміі каронавірусу Селівёрстаў адзначыў, што давялося перанесьці тэрміны выкананьня асобных падатковых абавязкаў з 1 красавіка да 30 верасьня. Таксама з 30 да 10 дзён скарацілі тэрмін вяртаньня прадпрыемствам выліку на падатак на дададзеную вартасьць. Індывідуальным прадпрымальнікам дазволілі перайсьці з адзінага падатку на спрошчанае падаткаабкладаньне. Сярод іншага, міністар фінансаў зазначыў: «Працоўная група разглядае заяўкі прадпрыемстваў рэспубліканскага і мясцовага ўзроўню. Для падтрымкі арганізацыяў крэдытнымі рэсурсамі даюцца гарантыі, іх агульны аб’ём заплянаваны ў памеры 1,2 мільярды рублёў. Прадугледжана магчымасьць уключэньня выдаткаў, якія зараз дадаткова нясуць арганізацыі на сродкі індывідуальнай абароны». Паводле яго словаў, выплата надбавак лекарам і мэдычным сёстрам за працу з хворымі на каронавірус склала каля 120 млн рублёў. Звыш 20 % (4,3 млрд рублёў) выдаткаў пайшло на грамадзкую галіну. У даходы рэспубліканскага бюджэту ў 2019 годзе паступіла 24,3 млрд рублёў, што было на 0,3 % больш за плян, хоць паступленьні ад увазных мытаў на нафту і нафтапрадукты зьнізіліся на 115 млн рублёў. Пры гэтым, выдаткі бюджэту Беларусі склалі 21,2 млрд рублёў, што зрабіла бюджэт прафіцытным насуперак заплянаванай нястачы. Гэтага дасягнулі пры фінансаваньні выдаткаў у поўным аб’ёме, хоць выканалі іх гадавы плян на 96,8 %[24]. Таксама міністар паведаміў, што агульны абсяг запазычаньняў ад пачатку году перавысіў 1,5 млрд даляраў. Ён згадаў, што на мінулым тыдні «забясьпечана рэалізацыя ўгоды па разьмяшчэньні эўрабондаў на Лёнданскай біржы на суму 1,25 мільярды даляраў. Зь іх 750 мільёнаў даляраў — 10-гадовыя запазычаньні, 500 мільёнаў даляраў — 5-гадовыя». Яшчэ каля 300 млн даляраў пазыкаў атрымалі на ўнутраным рынку Беларусі і на «Маскоўскай біржы» (Расея)[25].
15 ліпеня 2020 году Савет міністраў Беларусі і Нацыянальны банк Беларусі ўхвалілі Пастанову № 419/15, паводле якой Селівёрстаў стаў прадстаўніком дзяржавы ў органах кіраваньня ААТ «Белаграпрамбанк» разам зь міністрам сельскай гаспадаркі Іванам Крупком і намесьніцай міністра эканомікі Анжалікай Нікіцінай[26]. 5 жніўня 2020 году Селівёрстаў паведаміў, што па выніках 2020 году, страта даходаў дзяржаўнага бюджэту прагназавалася на ўзроўні 3,7 млрд рублёў у сувязі з пандэміяй каронавірусу: «Палова гэтай сумы зьвязаная з нафтавым рынкам, памяншэньнем памеру мытаў, а таксама аб'ёмаў экспарту нафтапрадуктаў. Акрамя таго, з улікам сытуацыі ў эканоміцы ў цэлым, прагназуем, што недаатрымаем падатак на прыбытак, дывідэнды ад прадпрыемстваў у дзяржуласнасьці на суму крыху больш за 2 млрд рублёў». Таму заплянаваную нястачу бюджэту павялічылі зь 900 млн да 2,1 млрд рублёў[27]. 6 жніўня міністар паведаміў, што 90 млн эўра пазыкі ад Сусьветнага банку (ЗША) выкарыстоўваюць для таго, каб «замясьціць раней выдзеленыя зь бюджэту сродкі» на змаганьне супраць каронавіруснай інфэкцыі[28]. 25 жніўня патлумачыў, што ў росьце плянавай нястачы бюджэту адлюстравалі рэструктурызацыю запазычанасьці камбінатаў хлебапрадуктаў на 1,3 млрд рублёў. Пры гэтым, дадаў: «у нас ёсьць пэўны аб’ём рэшткаў, які мы сфармавалі ў папярэднія гады. Усе сацыяльныя абавязкі мы выплацім, што тычыцца заработнай платы, падтрымкі фонду сацабароны па пэнсіях». Сярод іншага, прызнаў, што за студзень—ліпень вывазныя мыты на нафту і нафтапрадукты паступілі на 13 % (175 млн рублёў) ад пляну, падатак на прыбытак — на 18 % (260 млн руб.) і дывідэнды — на 21 % (216 млн руб). Урэшце, міністар паведаміў, што дзяржава выплаціла 2 млрд даляраў з 3,6 млрд $ валютнага доўгу за год[29]. 10 лістапада 2020 году на паседжаньні Савету міністраў Селівёрстаў удакладніў: «задзейнічаем рэшткі (бюджэтных сродкаў) на суму каля мільярда рублёў, каб дэфіцыт бюджэту ў гэтай частцы прафінансаваць». Таксама ён дадаў пра падтрымку лекараў за працу з хворымі на каронавірус: «такая падтрымка па году ацэньваецца да паўмільярды рублёў бюджэтных грошай па ўсіх кірунках»[30].
18 сьнежня 2020 году паведаміў, што праект закону «Аб зьмяненьні Падатковага кодэксу» прадугледжвае ўвядзеньне збору за перасячэньне мяжы пры выезьдзе зь Беларусі. Абласныя Саветы дэпутатаў мелі атрымаць права ўводзіць такі збор памерам да 3-х базавых велічыняў (87 рублёў або 33,7 даляраў) з самаходаў вагой да 5 тонаў. Міністар нагадаў, што некалькі гадоў таму такі збор ужо існаваў[31]. Палата прадстаўнікоў Беларусі ўхваліла гэты законапраект, які скасоўваў ільготы па ПДВ на ежу і лекі, а таксама павышаў стаўку падатку на прыбытак для прадпрыемстваў сотавай сувязі і электрасувязі з 18 да 30 %. Сярод іншага, павялічвалі падатак на прыбытак для лямбардаў з 25 да 40 % і падатак з даходаў паводле працоўных дамоваў з прадпрыемствамі Беларускага парку высокіх тэхналёгіяў (ПВТ) і індустрыяльнага парку «Вялікі камень» (Смалявіцкі раён) зь 9 да 13 %. Стаўкі зямельнага падатку і арэнднай платы за зямельныя дзялянкі пад гандлёвыя цэнтры і аўтастаянкі пры іх павышалі з 0,7 да 1,5 % ад кадастравай вартасьці зямлі. Мясцовыя Саветы дэпутатаў атрымлівалі права 2-кратна зьмяняць стаўкі адзінага падатку з ІП і фізычных асобаў, а Менскі гарадзкі Савет дэпутатаў — павылічыць стаўкі гэтага падатку 4-кратна. Урэшце, 1 студзеня мелі замяніць транспартным падаткам, прывязаным да тэхагляду, дзяржаўнае мыта за выдату дазволу на допуск самаходу на ўдзел у дарожным руху[32]. У той самы дзень Палата прадстаўнікоў ухваліла праект закону «Аб рэспубліканскім бюджэце на 2021 год» з улікам зьмяненьня падатковага заканадаўства. Селівёрстаў зазначыў, што ў законапраекце прадугледзілі нястачу бюджэту на ўзроўні 4-х млрд рублёў, бо выдаткі мелі скласьці 27,3 млрд рублёў, а даходы — 23,3 млрд рублёў[33]. 28 сьнежня міністар заявіў, што ў 2020 годзе на пагашэньне дзяржаўнага доўгу накіравалі 6,3 млрд рублёў, а ў 2021 годзе яго выплаты зьменшацца да 4,9 млрд рублёў (1,9 млрд $). Ён нагадаў, што на папярэдні тыдні падпісалі пагадненьне аб вылучэньні расейскай пазыкі на 1 млрд даляраў у эквіаленце, зь якіх 500 млн $ меркавалі атрымаць да новага году[34]. 29 сьнежня паведаміў, што дарожны падатак складзе ў сярэднім 60—80 рублёў пры сплаце да 15 сьнежня пасьля атрыманьня апавяшчэньня ад раённай інспэкцыі МПЗ Беларусі[35].
3 студзеня 2021 году на «Агульнанацыянальным тэлебачаньні» заявіў: «кавідныя надбаўкі ўрачам, якія працуюць у чырвонай зоне, у асноўным выплачваюцца на раённым узроўні, і гэта вялікі націск на выдаткі. Што датычыцца рэспубліканскага бюджэту, то Міністэрства аховы здароўя традыцыйна большую частку закупак ажыцьцяўляе цэнтралізавана, гэта неабходнасьць закупак сродкаў індывідуальнай аховы, мэдыкамэнтаў, дадатковыя мэдапараты, а гэта таксама нагрузка на бюджэт». Пры гэтым, міністар фінансаў патлумачыў: «калі адзін з узроўняў бюджэту ня можа ў поўным аб’ёме сфармаваць тыя даходы, каб забясьпечыць выдаткавыя абавязкі, яму дапамагае вышэйстаячы бюджэт». Селівёрстаў таксама зазначыў: «Прырост выдаткаў будзе на галіну аховы здароўя. Мы па аб’ёме выдаткаў у гэтай сфэры знаходзімся прыкладна на ўзроўні 4,6 % СУП і літаральна 6—7 гадоў таму думалі аб тым, што добра было б, калі ў нас было 4 % ВУП выдаткаў на ахову здароўя ў бюджэце». Урэшце, міністар згадаў адмову ад ільготаў па ПДВ на харчаваньне, спажывецкія тавары і лекі: «Гэта ўсё часовыя захады на пэрыяд пандэміі. З улікам усіх крыніцаў гэтыя льготы, у тым ліку па ПДВ, па ўсёй краіне дадуць прыкладна да 1 млрд рублёў»[36]. 26 лютага 2021 году Селівёрстаў паведаміў: «Каля 3,5 млрд даляраў за мінулы год было накіравана на пагашэньне і абслугоўваньне вонкавых плацяжоў», на пакрыцьцё якіх прыцягнулі 3,146 млрд даляраў вонкавых пазыкаў. Пры гэтым, міністар адзначыў: «па асобных крыніцах бюджэт недабраў даходаў — гэта падатак на прыбытак, дывідэнды, плацяжы і даходы ад нафтахімічнага комплексу. ... У цэлым каля 750 млн рублёў у бюджэт недапаступіла». Гэтым ён патлумачыў тое, што агульны аб'ём дэфіцыту бюджэту склаў амаль 2,2 млрд рублёў (845,5 млн $)[37]. 15 сакавіка 2021 году А. Лукашэнка падпісаў Указ № 106 «Аб складзе Раду бясьпекі Рэспублікі Беларусь», паводле якога ў яго ўвайшоў Юры Селівёрстаў у якасьці міністра фінансаў Беларусі[38].
У сакавіцкім нумары часопісу «Фінансы, улік, аўдыт» Селівёрстаў паведаміў, што ў 2020 годзе даходы рэспубліканскага бюджэту ў рэальным выражэньні скараціліся на 11,4 %. Таму асобныя выдаткі скарацілі на 1,6 млрд рублёў, а «выдаткі, якія фінансуюцца за кошт сродкаў вонкавых дзяржаўных пазыкаў» — на 712 млн рублёў. Сярод іншага, ён згадаў пра рэкапіталізацыю «Беларусбанку» на 1 млрд рублёў, а таксама адтэрміноўку пазыкаў «Белаграпрамбанку» і «Белінвэстбанку» да 2028 году. Урэшце, міністар заявіў пра гарантыі ўраду Беларусі пазыкаў на 1,5 млрд рублёў для вытворчых прадпрыемстваў, як і пра накіраваньне звыш 2 млрд рублёў камбінатам хлебапрадуктаў і сельскім гаспадаркам[39]. 13 красавіка 2021 году паведаміў, што ў сувязі з выдаткамі на лячэньне ад каронавірусу нястача рэспубліканскага бюджэту паводле пляну ў 1-м квартале склала каля 1,7 млрд рублёў (668 млн $)[40]. 18 траўня 2021 году адзначыў: «Па выніках 4-х месяцаў дэфіцыт рэспубліканскага бюджэту склаў каля 700 млн рублёў. Ён зьменшыўся ў параўнаньні з паказьнікам за 3 месяцы на суму 1 млрд рублёў. Гэта зьвязана з плянаваным паступленьнем падатку на прыбытак, дывідэндаў. Па мясцовых бюджэтах прафіцыт склаў 1,5 млрд рублёў»[41]. 11 чэрвеня 2021 году выступіў на паседжаньні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па бюджэце і фінансаў, якая разглядала праекты законаў аб выкананьні бюджэту дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва і аб выкананьні рэспубліканскага бюджэту за 2020 год. Селівёрстаў зазначыў, што праз пандэмію каронавірусу выдаткі на мэдыцыну вырасьлі параўнальна зь 2019 годам на 240 млн рублёў да 1,2 млрд рублёў. Пры гэтым, лекарам і мэдсёстрам дадаткова да заробку выплацілі 576 млн рублёў за працу ў ачагах каронавіруснай інфэкцыі. Міністар таксама паведаміў: «Па навуцы аб'ём выдаткаў склаў 326 мільёнаў рублёў (0,2 % да СУП)». Таксама ён заўважыў, што за 5 гадоў існаваньня сямейнага капіталу для шматдзетных сем'яў па гэтую падтрымку зьвярнулася 94 000 грамадзянаў, у тым ліку 15 300 укладных рахункаў адкрылі ў 2020 годзе, калі на гэтыя мэты накіравалі 338 млн рублёў[42].
12 жніўня 2021 году паведаміў, што па выніках 7 месяцаў дэфіцыт рэспубліканскага бюджэту скараціўся да менш як 300 млн рублёў, што было 6-кратна менш за плянавую нястачу ў 2 млрд рублёў[43]. 10 кастрычніка 2021 году заявіў на «АНТ», што падатковую ільготу на кватэру ў Падатковым кодэксе скасуюць, каб «зраўняць умовы падаткаабкладаньня ўладальнікаў індывідуальнага жыльля»[44]. Таксама міністар дадаў, што па выніках 9 месяцаў бюджэтная нястача перавысіла 1 млрд рублёў, што склала менш за 1 % СУП Беларусі[45]. Сярод іншага, Селівёрстаў паведаміў пра ўвядзеньне 1 ліпеня 2022 году ПДВ, які складаў 20 %, на пакупкі ў замежных інтэрнэт-крамах: «Тавары, якія прадаюцца ў звычайных крамах, і там ёсьць ПДВ, знаходзяцца не ў аднолькавай сытуацыі з тымі, хто гандлюе такім чынам. Таму ўвядзеньне гэтага падатку на даданую вартасьць зробіць роўнымі ўмовы і падштурхне да таго, каб тыя крамы зарэгістраваліся як суб'екты гаспадараньня і плацілі падаткі са сваіх даходаў тут, у наш бюджэт»[46]. 10 сьнежня 2021 году згадаў: «У наступным годзе выплаты па дзярждоўгу каля 10 млрд рублёў. Яны прырастаюць у параўнаньні з гэтым годам на суму амаль 2 млрд рублёў»[47].
14 сакавіка 2022 году па выніках перамоўваў старшыняў урадаў Беларусі і Расеі ў Маскве заявіў пра разгляд адыходу ад канвэртацыі праз даляр пры разьмеркаваньні ўвазных мытаў у Эўразійскім эканамічным зьвязе: «Гэты мэханізм дзейнічаў у прывязцы да даляра. Упэўнены, што мы ў бліжэйшы час пяройдзем або на нацыянальныя валюты, або на расейскі рубель як сродак канвэртацыі»[48]. Таксама міністар згадаў пра выключэньне з «Таварыства сусьветнай міжбанкаўскай фінансавай сувязі» (Бэльгія) 3-х беларускіх банкаў — Банку разьвіцьця Беларусі, «Белаграпрамбанку» і «Дабрабыту»: «ва ўзаемаадносінах з Расеяй у нас ёсьць каналы і магчымасьці выкарыстоўваць расейскую сыстэму, яна ў нас ёсьць і цалкам працуе. Ёсць кітайская сыстэма. Думаю, што ў бліжэйшы час банкі перабудуюцца на гэтыя сыстэмы»[49]. 18 сакавіка заўважыў, што Ўказам № 93 ад 14 сакавіка 2022 году «Аб дадатковых захадах забесьпячэньня стабільнага функцыяваньня эканомікі» прадугледзілі скарачэньне няпершачарговых выдаткаў рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў[50]. Міністар патлумачыў: «Што ж такое няпершачарговыя выдаткі? Хтосьці плянаваў рамонт, набыць інвэнтар, мэблю, транспартныя сродкі, ад якіх пакуль можна адмовіцца. Хтосьці плянаваў будаўніцтва аб’екту, але яно яшчэ не пачатае»[51]. Таксама Селівёрстаў адзначыў прадугледжаныя Ўказам абмежаваньні пры вывадзе капіталу за мяжу: «Калі заснавальнік або акцыянэр кажа: выкупляйце маю долю, аддавайце грошы, і я у што бы то ні стала сыходжу, — альбо на гэта будзе ўсталяваны дадатковы падатак, альбо вызначана нейкая забарона ў 2022 годзе на рэгістрацыю такіх угодаў»[52]. 20 сакавіка ў этэры тэлеканала «Беларусь 1» паведаміў пра падпісаньне ў Маскве на міжурадавых перамовах Пагадненьня аб адтэрміноўцы крэдытнай запазычанасьці Беларусі на 5—6 гадоў[53].
23 красавіка на тэлеканале «Беларусь 1» заявіў: «У Расейскай Фэдэрацыі на год нам нададзена адтэрміноўка па плацяжах, нават не на каляндарны год, а ссунутая на гадавы пэрыяд. Больш за 1 млрд $ плацяжоў, якія нам трэба было ажыцьцявіць, мы цяпер не ажыцьцяўляем»[54]. Таксама адзначыў: «У нас быў паказьнік на пяцігодку 26% падатковая нагрузка, сёньня яна 24%»[55]. Сярод іншага, прыгадаў пераход на расейскі рубель у мытных разьліках ЭАЭЗ, бо «паўсталі пытаньні з праходжаньнем плацяжоў» і «санкцыйнымі абмежаваньнямі на цэнтральныя банкі» ў сувязі з расейскім уварваньнем ва Ўкраіну. Пры гэтым, прызнаў, што гэтае рашэньне не падтрымалі Армэнія і Казахстан, але ўдакладніў, што «з намі яны таксама будуць працаваць ужо без прывязкі да даляра»[56]. Сярод іншага, міністар прызнаў перашкоды з дастаўкай аплаты па дзяржаўных эўрааблігацыях Беларусі за мяжой: «мы будзем вымушаныя працаваць на двухбаковай аснове, як і робіць РФ з нашымі інвэстарамі. І той.., хто хоча вярнуць свае грошы, ня хоча санкцыйных гэтых усіх рэчаў, ён свае грошы атрымае. А хто хоча, як і раней, атрымаць грошы праз «Эўраклір», праз эўрапейскі дэпазытарый, які не праводзіць нашы плацяжы, там ён іх не атрымае. Хай ідзе і падае прэтэнзіі да іх»[57].
У траўні 2022 году Селівёрстаў задаволіў частку прапановаў, якія падрыхтавалі Рэспубліканскі саюз прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў і Рэспубліканская канфэдэрацыя прадпрымальнікаў: 5-кратна да 1000 эўра павысілі бязмытную вартасьць увозімай у Беларусі пасылкі, скасавалі эмбарга на большасьць харчаваньня з Эўразьвязу і зьнялі абмежаваньні на выезд з краіны[58]. 20 чэрвеня 2022 году Селівёрстаў патлумачыў новаўвядзеньні Пастановы Савету міністраў Беларусі аб пашырэньні экспартнага пазычаньня: «Раней прадугледжвалася, што толькі непасрэдна сам экспартэр можа атрымаць рэсурсы. Цяпер, калі гэта зручней зрабіць праз спэцэкспартэра або галаўную кампанію холдынгу, для гэтага ня трэба прымаць асобных рашэньняў». Сярод іншага, ён адзначыў наданьне права пазыкі ад Банку разьвіцьця Беларусі і камэрцыйных банкаў пад саступку патрабаваньня: «Раней магчымасьці факторынгу былі зьвязаныя толькі з замежнай валютай..., цяпер гэтая опцыя даступная і з нацыянальнай валютай». Урэшце, міністар падкрэсьліў зьмяненьне адсоткавай стаўкі ў беларускіх і расейскіх рублях: «Раней прадугледжвалася, што стаўка па такім крэдыце фіксуецца на дату заключэньня дамовы. Гэта выклікала пэўныя складанасьці ў банкаў, якія фінансуюць названыя ўгоды. Таму прадугледжана, што названая стаўка можа быць плавальнай, гэта значыць мяняцца разам са стаўкай рэфінансаваньня. Банкам будзе прасьцей і лягчэй знаходзіць рэсурсы на такую падтрымку»[59].
29 чэрвеня 2022 году міністар абвясьціў пра выплаты па эўрааблігацыях Беларусі ў беларускіх рублях: «Частку сваіх абавязкаў мы ўжо выконваем у беларускіх рублях паводле рашэньня ўраду і Нацбанку. Пералічаем грошы на рахунак, і тыя нашыя партнэры, хто хоча, могуць зьвяртацца і забіраць гэтыя рэсурсы. Цяпер прынятая пастанова, куды таксама ўключаны лёнданскі «Сіцібанк» як наш агент па эўрааблігацыях». Пры гэтым, Селівёрстаў патлумачыў: «апошняя выплата працэнтнага даходу па эўрааблігацыях Беларусі была ў канцы лютага. Тады Міністэрства фінансаў пералічыла ў поўным аб'ёме суму ў далярах ЗША на карысьць аплатнага агента — «Сіцібанка». Банк павінен залічыць гэтыя грошы на карысьць міжнародных клірынгавых сыстэмаў, тыя па ланцужку на карысьць трымальнікаў. Аднак у Мінфін пачалі паступаць шматлікія звароты ўладальнікаў каштоўных папераў аб неатрыманьні альбо атрыманьні ў няпоўным аб'ёме належных выплатаў». Ён дадаў: «На пытаньне, чаму да інвэстараў не даходзяць грошы, у нас ёсьць афіцыйны адказ ад банка, што ўсё пералічана, зьвяртайцеся ў дэпазытарныя сыстэмы. А ў гэтых сыстэмах сказалі, што ня будуць весьці з намі дыялёг па гэтай тэме, маўляў, разьбірайцеся з аплатным агентам. Па ўсёй гэтай сытуацыі мы бачым, што гэтыя сыстэмы імкнуцца не даводзіць плацяжы да тых, хто зь іх пункту гледжаньня ёсьць санкцыйным — па сутнасьці, гэта тыя, хто абслугоўваўся ў расейскіх дэпазытарыях, гэта беларускія банкі». Пагатоў, замежныя прадпрыемствы ўзаемаразьліку зьмянілі свае рэглямэнты, каб вызваліць сябе ад адказнасьці ў сувязі з санкцыйнымі абмежаваньнямі. Таму міністар падкрэсьліў, што да ўкладальнікаў не даходзіць «каля 40 %» грошай, а ў сувязі з аплатай праз Нацбанк, на які наклалі абмежаваньні, «ёсьць рызыка, што наогул уся сума плацяжу ня дойдзе». Селівёрстаў абвясьціў, што цяпер Міністэрства фінансаў будзе пералічваць сумы па эўрааблігацыях на рахункі ў «Беларусбанку» з доступам для «Сіцібанку»[60].
Крытыка
рэдагаваць1 студзеня 2021 году набылі моц прапанаваныя міністрам фінансаў Селівёрставым праўкі ў Падатковы кодэкс Беларусі, паводле якіх падаходны падатак з працаўнікоў прадпрыемстваў Беларускага парку высокіх тэхналёгіяў узьнялі зь 9 да 13 %, што ўраўняла стаўку падатку зь сярэдняй па краіне. У адпаведным камэнтары прэс-служба сотавага апэратара «А1» заявіла: «мы выказваем шкадаваньне ў сувязі з тым, што тэлекамунікацыйная і IT-галіны зноў сутыкаюцца з пагаршэннем інвэстыцыйнага клімату для вядзеньня бізнэсу ў Беларусі, у той час як іншыя краіны актыўна заахвочваюць інвэстыцыі ў сфэрах, зьвязаных з інфармацыйнымі тэхналёгіямі і лічбавай трансфармацыяй». 2 студзеня міністар фінансаў Селівёрстаў заявіў пра павышэньне падаходнага падатку для працаўнікоў прадпрыемстваў Беларускага ПВТ, што «гэта рашэньне часовае, на 2 гады», бо «спатрэбіліся дадатковыя выдаткі, прычым сур'ёзныя на сыстэму аховы здароўя» для пераадоленьня пандэміі каронавірусу. Пры гэтым, адзначыў: «Для таго каб у ІТ-рынку былі стымулы, рашэньне аб тым, што адлічэньні ў ФСАН плацяцца не ў агульнапрынятым парадку, а для разьліку бярэцца сярэдняя заработная плата па краіне, якая, напэўна, у некалькі разоў менш, чым тая заработная плата, якую працаўнікі на самой справе атрымліваюць, гэтая льгота застаецца, нікуды не зьнікае. Яна робіць прывабнай ІТ-сфэру для наймальнікаў, для уласьнікаў ІТ-кампаній. Гэтыя льготы больш адчувальныя, чым падаходны падатак»[61].
Таксама 1 студзеня 2021 году продаж і ўвоз лекаў і лекавых вырабаў абклалі падаткам на дададзеную вартасьць (ПДВ) у 10 %, а ўвазную стаўку ПДВ на сыравіну і паўфабрыкаты да лекаў і артапэдычных пратэзаў узьнялі да 20 %. У выніку да 1 лютага 2021 году аптэкі Беларусі ўзнялі цэны на адпаведны адсотак, каб улічыць у іх павышаны ПДВ. Раней міністар Селівёрстаў тлумачыў, што стаўкі ПДВ на лекі паднялі «для іх упарадкаваньня ў першую чаргу з Расейскай Фэдэрацыяй»[62].
У чэрвені 2022 году Селівёрстаў трапіў пад санкцыі Канады[63].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Міністар фінансаў Селівёрстаў Юры Міхайлавіч // Міністэрства фінансаў Беларусі, 2022 г. Праверана 26 ліпеня 2022 г.
- ^ БелТА. Беларусь у 2015 годзе плянуе пагасіць зьнешні доўг у памеры каля $ 3 млрд // Газэта «Зьвязда», 3 сьнежня 2014 г. Праверана 26 ліпеня 2022 г.
- ^ Ігар Карней. «Кастрычніцкі форум»: Эканоміка Беларусі зноў перад выбарам // Беларуская служба Радыё «Свабода», 3 лістапада 2015 г. Праверана 26 ліпеня 2022 г.
- ^ АА. Падатак з праграмаў, музыкі і гульняў у інтэрнэце заплянавалі на 2018 год // Беларуская служба Радыё «Свабода», 13 верасьня 2016 г. Праверана 26 ліпеня 2022 г.
- ^ Валер Мельнікаў. Беларусь будзе спаганяць ПДВ з міжнародных IT-кампаній // Беларуская служба Радыё «Свабода», 14 верасьня 2016 г. Праверана 26 ліпеня 2022 г.
- ^ БелТА. Стаўка рэфінансаваньня заплянаваная на ўзроўні 15-17 працэнтаў // Газэта «Зьвязда», 15 верасьня 2016 г. Праверана 26 ліпеня 2022 г.
- ^ БелТА. Беларусь павінна аддаць 2,3 млрд долараў на выплату дзяржпазыкі ў 2017 годзе // «Эўрапейскае радыё для Беларусі», 15 верасьня 2016 г. Праверана 26 ліпеня 2022 г.
- ^ Вераніка Пуставіт. Павялічваем даходы // Зьвязда : газэта. — 5 красавіка 2017. — № 64 (28428). — С. 4. — ISSN 1990-763x.
- ^ БелаПАН. Беларусь і Кітай рэалізуюць тры праекты ў машынабудаваньні // Беларускае Радыё «Рацыя», 14 траўня 2017 г. Праверана 27 ліпеня 2022 г.
- ^ Уладзімер Глод. «Кітайская» мадэрнізацыя давяла да даўгоў // Беларуская служба Радыё «Свабода», 23 чэрвеня 2017 г. Праверана 27 ліпеня 2022 г.
- ^ Юры Селівёрстаў. Цытата дня // Зьвязда. — 20 лютага 2018. — № 35 (28651). — С. 1.
- ^ Юры Селівёрстаў. Цытата дня // Зьвязда. — 9 жніўня 2018. — № 151 (28767). — С. 1.
- ^ Tut.by. Мінфін прапануе зрабіць назапашвальныя пэнсіі абавязковымі // «Эўрапейскае радыё для Беларусі», 25 жніўня 2018 г. Праверана 27 ліпеня 2022 г.
- ^ Tut.by. Мінфін: На шэрагу спэцыяльнасьцяў вышэйшая адукацыя не патрэбная // «Эўрарадыё», 26 жніўня 2018 г. Праверана 27 ліпеня 2022 г.
- ^ Зьміцер Панкавец. Беларускамоўны пасол, балетмайстар Купалаўскага // Газэта «Наша ніва», 13 лістапада 2018 г. Праверана 27 ліпеня 2022 г.
- ^ Дэпутаты прагаласавалі ў першым чытаньні за праект бюджэту Беларусі на 2019 год // «Эўрарадыё», 18 сьнежня 2018 г. Праверана 27 ліпеня 2022 г.
- ^ БелаПАН. Мінфін распавёў, колькі Беларусь павінна заплаціць астатняму сьвету ў 2019 годзе // Беларуская служба Радыё «Свабода», 18 сьнежня 2018 г. Праверана 27 ліпеня 2022 г.
- ^ Яўген Канановіч, газэта «Беларусь сёньня». Са студзеня насельніцтва будзе пакрываць выдаткі ЖКП на 100%, акрамя цяпла // Газэта «Зьвязда», 20 сьнежня 2018 г. Праверана 27 ліпеня 2022 г.
- ^ БелТА. Ад спыненьня «перамытнёўкі» нафты ў 2020 годзе Беларусь страціць 951 мільён рублёў // «Эўрарадыё», 4 лістапада 2019 г. Праверана 27 ліпеня 2022 г.
- ^ БелТА. Праект бюджэту на 2020 год прыняты ў першым чытаньні // Газэта «Зьвязда», 19 лістапада 2019 г. Праверана 27 ліпеня 2022 г.
- ^ Аляксандар Юр'еў. Мінфін: кітайскі крэдыт не паўплывае на выкананьне бюджэту // Радыё «Спадарожнік», 19 лістапада 2019 г. Праверана 27 ліпеня 2022 г.
- ^ Юрый Селівёрстаў прызначаны міністрам фінансаў Беларусі // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 4 чэрвеня 2020 г. Праверана 27 ліпеня 2022 г.
- ^ Ілона Красуцкая, тэлеканал «Беларусь 1». Важны момант у палітычным і эканамічным жыцьці краіны // Белтэлерадыёкампанія, 4 чэрвеня 2020 г. Праверана 27 ліпеня 2022 г.
- ^ Варвара Марозава. На падтрымку арганізацый крэдытнымі рэсурсамі заплянавана 1,2 мільярды рублёў // Газэта «Зьвязда», 25 чэрвеня 2020 г. Праверана 27 ліпеня 2022 г.
- ^ Беларусь ад пачатку года ўзяла ў доўг 1,5 мільярды даляраў // Радыё «Спадарожнік», 25 чэрвеня 2020 г. Праверана 27 ліпеня 2022 г.
- ^ Нацыянальны прававы партал Беларусі. Прызначаныя прадстаўнікі дзяржавы ў органах кіраваньня найбуйнейшых банкаў Беларусі // Газэта «Зьвязда», 17 ліпеня 2020 г. Праверана 27 ліпеня 2022 г.
- ^ БелТА. Бюджэт можа недаатрымаць у 2020 годзе да 4 мільярдаў // Партал «Наша ніва», 5 жніўня 2020 г. Праверана 27 ліпеня 2022 г.
- ^ Мінфін Беларусі рыхтуе першае крэдытнае пагадненьне з Фондам АПЕК // БелТА, 6 жніўня 2020 г. Архіўная копія ад 6 жніўня 2020 г. Праверана 27 ліпеня 2022 г.
- ^ БелТА. Пра заробкі, пенсіі і вонкавы доўг — Лукашэнка прыняў з дакладам першага віцэ-прэм’ера і міністра фінансаў // Газэта «Зьвязда», 25 жніўня 2020 г. Архіўная копія ад 25 жніўня 2020 г. Праверана 27 ліпеня 2022 г.
- ^ Марыя Дадалка. Што падтрымае бюджэт // Зьвязда. — 11 лістапада 2020. — № 220 (29334). — С. 2.
- ^ БелТА. Мінфін: Збор за перасячэньне мяжы прапануецца ўвесьці пры выезьдзе з краіны // Газэта «Зьвязда», 18 сьнежня 2020 г. Праверана 27 ліпеня 2022 г.
- ^ БелТА. Дэпутаты прынялі праект абноўленага Падатковага кодэкса ў двух чытаньнях // Газэта «Зьвязда», 18 сьнежня 2020 г. Праверана 27 ліпеня 2022 г.
- ^ Дэпутаты прынялі праект бюджэту на 2021 год у двух чытаньнях // БелТА, 18 сьнежня 2020 г. Праверана 28 ліпеня 2022 г.
- ^ БелТА. Міністэрства фінансаў ня бачыць праблемаў з пагашэньнем дзярждоўгу ў 2021 годзе // Газэта «Зьвязда», 28 сьнежня 2020 г. Праверана 28 ліпеня 2022 г.
- ^ Тэлеканал «Беларусь 1». На рамонт і будаўніцтва дарожнай сеткі ў рэгіёнах у наступным годзе накіруюць 300 мільёнаў рублёў // Белтэлерадыёкампанія, 29 сьнежня 2020 г. Праверана 28 ліпеня 2022 г.
- ^ «Агульнанацыянальнае тэлебачаньне». Селівёрстаў: Пандэмія аказвае моцны націск на бюджэт краіны, але мы спраўляемся // Газэта «Зьвязда», 4 студзеня 2021 г. Праверана 28 ліпеня 2022 г.
- ^ Каля $3,5 млрд накіравана ў 2020 годзе на пагашэньне і абслугоўваньне зьнешняга дзярждоўгу Беларусі // БелТА, 26 лютага 2021 г. Архіўная копія ад 26 лютага 2021 г. Праверана 28 ліпеня 2022 г.
- ^ Аляксей Данічаў. Зацьверджаны новы склад Рады бясьпекі Беларусі // Радыё «Спадарожнік», 15 сакавіка 2021 г. Праверана 28 ліпеня 2022 г.
- ^ МГ. Мінфін хоча за кошт прыватнікаў напоўніць бюджэт, які апусьцеў праз дапамогу дзяржпрадпрыемствам // Тэлеканал «Белсат», 18 сакавіка 2021 г. Праверана 28 ліпеня 2022 г.
- ^ Тэлеканал «Беларусь 1». Юры Селівёрстаў пра стан фінансавых справаў у рэспубліканскім бюджэце // Белтэлерадыёкампанія, 13 красавіка 2021 г. Праверана 28 ліпеня 2022 г.
- ^ БелаПАН. Дэфіцыт бюджэту па выніках чатырох месяцаў скараціўся да 700 млн рублёў // Беларускае Радыё «Рацыя», 18 траўня 2021 г. Праверана 29 ліпеня 2022 г.
- ^ Марыя Дадалка. На сямейны капітал у мінулым годзе накіравана 338 мільёнаў рублёў // Зьвязда. — 12 чэрвеня 2021. — № 110 (29479). — С. 3.
- ^ У Беларусі даўгі перад скарбам пабілі гістарычны рэкорд // Партал «Новы час», 22 жніўня 2021 г. Праверана 29 ліпеня 2022 г.
- ^ «АНТ». Падатак на нерухомасьць, зьмены для ІП // Партал «Наша ніва», 10 кастрычніка 2020 г. Праверана 29 ліпеня 2022 г.
- ^ Селівёрстаў: бюджэт на 2022 год фармуецца ва ўмовах эканоміі, але рэальны рост зарплат будзе // БелТА, 11 кастрычніка 2021 г. Праверана 29 ліпеня 2022 г.
- ^ Віталь Цімкаў. ПДВ на пакупкі з «АліЭкспрэс» увядуць у Беларусі ў 2022 годзе // Радыё «Спадарожнік», 11 кастрычніка 2021 г. Праверана 28 ліпеня 2022 г.
- ^ Беларусь у 2022 годзе плянуе работу па рэфінансаваньні дзярждоўгу з расейскім бокам // БелТА, 10 сьнежня 2021 г. Праверана 29 ліпеня 2022 г.
- ^ Селівёрстаў: трэба адмовіцца ад прывязкі да даляра ва ўзаемаразьліках у ЭАЭС як мага хутчэй // БелТА, 14 сакавіка 2022 г. Праверана 29 ліпеня 2022 г.
- ^ БелТА. Свіфт і пераход на нацвалюты // Газэта «Зьвязда», 14 сакавіка 2022 г. Праверана 29 ліпеня 2022 г.
- ^ Селівёрстаў: зарплаты бюджэтнікаў у Беларусі ня стануць ніжэйшыя // БелТА, 18 сакавіка 2022 г. Архіўная копія ад 18 сакавіка 2022 г. Праверана 29 ліпеня 2022 г.
- ^ БелТА. У Беларусі будуць аптымізаваць выдаткі бюджэтаў // Газэта «Зьвязда», 14 сакавіка 2022 г. Праверана 29 ліпеня 2022 г.
- ^ БелТА. Якія меры могуць быць прыняты ў Беларусі для прадухілення вываду капіталу // Газэта «Зьвязда», 18 сакавіка 2022 г. Праверана 29 ліпеня 2022 г.
- ^ БелТА. Селівёрстаў: Беларусь атрымала адтэрміноўку ў пагашэньні абавязкаў па расейскіх крэдытах на 5-6 гадоў // Газэта «Зьвязда», 21 сакавіка 2022 г. Праверана 29 ліпеня 2022 г.
- ^ БелТА. Беларусь атрымала ад Расеі гадавую адтэрміноўку па выплаце крэдытаў // Газэта «Зьвязда», 23 красавіка 2022 г. Праверана 29 ліпеня 2022 г.
- ^ БелТА. Мінфін: прымаць рашэньне аб павышэньні падаткаў у дадзены момант немэтазгодна // Газэта «Зьвязда», 23 красавіка 2022 г. Праверана 29 ліпеня 2022 г.
- ^ Тэлеканал «Беларусь 1». Міністар фінансаў аб дэдалярызацыі і пераходзе на расейскія рублі ў мытных разьліках ЕАЭС // Газэта «Зьвязда», 23 красавіка 2022 г. Праверана 29 ліпеня 2022 г.
- ^ Тэлеканал «Беларусь 1». Міністар фінансаў расказаў аб разьліках па эўрабондах // Газэта «Зьвязда», 23 красавіка 2022 г. Праверана 29 ліпеня 2022 г.
- ^ Павал Сьлюнкін і Арцём Шрайбман, Філіп Біканаў і Генадзь Каршуноў, Кацярына Барнукова і Леў Львоўскі, «Беларускі трэкер пераменаў». Чатыры тэндэнцыі беларускай эканомікі // Партал «Наша ніва», 28 чэрвеня 2022 г. Праверана 29 ліпеня 2022 г.
- ^ Спрашчэньне працэдураў крэдытаваньня і падтрымкі экспартэраў // БелТА, 20 чэрвеня 2022 г. Архіўная копія ад 20 чэрвеня 2022 г. Праверана 29 ліпеня 2022 г.
- ^ Міністар фінансаў растлумачыў, чаму Беларусь вырашыла праводзіць выплаты па эўрабондах у нацвалюце // БелТА, 29 чэрвеня 2022 г. Архіўная копія ад 29 чэрвеня 2022 г. Праверана 29 ліпеня 2022 г.
- ^ Tut.by. «Каронавірус нам жа таксама ніхто не абяцаў» // Газэта «Новы час», 3 студзеня 2021 г. Праверана 28 ліпеня 2022 г.
- ^ Tut.by. Аптэкі і мэдцэнтры з 1 лютага павышаюць кошты // Газэта «Новы час», 31 студзеня 2021 г. Праверана 28 ліпеня 2022 г.
- ^ Regulations Amending the Special Economic Measures (Belarus) Regulations: SOR/2022-167 (анг.) Canada Gazette
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Юры Селівёрстаў // Газэта «Зьвязда», 29 чэрвеня 2022 г. Праверана 29 ліпеня 2022 г.
- Селівёрстаў // Газэта «Новы час», 29 чэрвеня 2022 г. Праверана 29 ліпеня 2022 г.
- Юры Селівёрстаў // Беларускае Радыё «Рацыя», 23 красавіка 2022 г. Праверана 29 ліпеня 2022 г.
- Юры Селівёрстаў // Тэлеканал «Белсат», 15 ліпеня 2022 г. Праверана 29 ліпеня 2022 г.