Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва
Каардынаты: 53°52′26″ пн. ш. 27°37′39″ у. д. / 53.87389° пн. ш. 27.6275° у. д.
Фонд сацыя́льнай абаро́ны насе́льніцтва — дзяржаўны страхавы фонд Беларусі, заснаваны ў сьнежні 1991 году пад назвай Пэнсійны фонд Рэспублікі Беларусь.
Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва | |
Абрэвіятура | ФСАН |
---|---|
Дата ўтварэньня | 20 сьнежня 1991 (32 гады таму) |
Тып | страхавая |
Юрыдычны статус | дзяржаўная ўстанова |
Мэта | страхаваньне |
Штаб-кватэра | Заводзкі раён, мікрараён Шарыкападшыпнікавы завод, Партызанскі праспэкт, д. 52а[1] |
Месцазнаходжаньне | Менск |
Дзейнічае ў рэгіёнах | Беларусь |
Афіцыйныя мовы | беларуская, расейская |
Старшыня | Ірына Касьцевіч |
Кіраўніца | Юлія Берднікава |
1-ы намесьнік кіраўніцы | Уладзімер Грыхуцік[2] |
Кіроўны орган | Кіраўніцтва |
Матчына кампанія | Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь |
Бюджэт | 13,394 млрд рублёў[3] (2018 г.; $6,697 млрд) |
Сайт | ssf.gov.by/by |
Колішняя назва | Пэнсійны фонд Рэспублікі Беларусь (да 10 чэрвеня 1993 году) |
Паводле 3-га пункту Палажэньня «Аб ФСАН Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь» 2009 году, «Сродкі дзяржаўнага сацыяльнага страхаваньня ўтвараюцца за кошт:
- абавязковых страхавых унёскаў;
- унёскаў на прафэсійнае пэнсійнае страхаваньне;
- даходаў ад капіталізацыі часова вольных сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхаваньня;
- даходаў ад разьмяшчэньня ўнёскаў на прафэсійнае пэнсійнае страхаваньне;
- паступленьняў па зваротным патрабаваньні да юрыдычных і фізычных асобаў, якія прычынілі шкоду, або да асобаў, адказных за прычыненую шкоду згодна з заканадаўствам, у памеры сумы дапамогаў і пэнсіяў, выплачаных у сувязі з калецтвам або іншым пашкоджаньнем здароўя грамадзяніна, а таксама ў выпадку страту кармільца з названых прычынаў;
- сумаў нядоімак, пеняў і адміністрацыйных штрафаў;
- міжбюджэтных трансфэртаў з рэспубліканскага бюджэту»[4].
Кіраваньне
рэдагавацьПаводле 11-га пункту Палажэньня «Аб Фондзе сацыяльнай абароны насельніцтва МПСА РБ» 2009 году, «Калегіяльным органам кіраваньня Фонду ёсьць яго кіраўніцтва. У склад кіраўніцтва ўваходзяць міністар працы і сацыяльнай абароны (страшыня кіраўніцтва), кіраўнік Фонду (намесьнік старшыні кіраўніцтва) і яго намесьнікі паводле пасады, прадстаўнікі Міністэрства фінансаў, Міністэрства эканомікі, Нацыянальнага банку, рэспубліканскіх аб’яднаньняў наймальнікаў і прафсаюзаў. Колькасны і пэрсанальны склад кіраўніцтва Фонду зацьвярджаецца Саветам міністраў Рэспублікі Беларусь. Кіраўніцтва Фонду склікаецца па меры неабходнасьці, але не радзей за 3 разы ў год, і правамоцна прымаць рашэньні пры наяўнасьці ня менш за 2/3 усталяванай колькасьці яго сябраў. Рашэньні прымаюцца простай большасьцю галасоў прысутных на пасяджэньні сябраў кіраўніцтва»[4].
На 2018 год кіраўніцтва ФСАН налічвала 9 сябраў і ўлучала: міністарку працы і сацыяльнай абароны, кіраўніцу, 1-га намесьніка і намесьніцу кіраўніцы ФСАН, намесьнікаў міністраў фінансаў і эканомікі, начальніка галоўнага кіраўніцтва апэрацыяў на фінансавых рынках Нацбанка Беларусі, намесьніцу старшыні Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі (ФПБ) і кіраўніцу Бізнэс-саюзу прадпрымальнікаў і наймальнікаў (БСПН) імя Макса (Марка) Куняўскага[5].
На 2020 год цэнтральны апарат ФСАН улучаў:
- 4 кіраўніцтвы — 1) мэтадалёгіі збору плацяжоў і прафэсійнага пэнсійнага страхаваньня, 2) прававой, кадравай і арганізацыйнай працы, 3) разьвіцьця інфарматызацыі і пэрсаніфікаванага ўліку, 4) сацыяльнага страхаваньня і пэнсіяў;
- 2 аддзелы — 1) бюджэтнай палітыкі, 2) кантрольна-рэвізійны;
- аддзяленьне бухгальтарскага ўліку і справаздачнасьці; сэктар пэрсаніфікаванага ўліку[6].
Паўнамоцтвы
рэдагавацьПаводле 8-га пункту Палажэньня «Аб Фондзе сацыяльнай абароны насельніцтва МПСА РБ» 2009 году, Фонд ажыцьцяўляе звыш 25 паўнамоцтваў:
- «арганізуе і каардынуе працу па кіраваньні сродкамі дзяржаўнага сацыяльнага страхаваньня;
- ажыцьцяўляе збор і акумуляваньне (накапленьне) абавязковых страхавых унёскаў, унёскаў на прафэсійнае пэнсійнае страхаваньне»;
- «фінансуе выдаткі на выплату працоўных і прафэсійных пэнсіяў, дапамогаў..., мерапрыемствы па забесьпячэньні занятасьці насельніцтва»;
- «арганізуе і вядзе індывідуальны ўлік зьвестак аб застрахаваных асобах для мэтаў дзяржаўнага сацыяльнага страхаваньня,... забясьпечвае іх канфідэнцыйнасьць і захаванасьць, а таксама ажыцьцяўляе кантроль за правільнасьцю пададзеных плацежнікамі ўнёскаў зьвестак»;
- «фінансуе выдаткі на санаторна-курортнае лячэньне і аздараўленьне»;
- «разьмяшчае сродкі прафэсійнага пэнсійнага страхаваньня ў банку, упаўнаважаным абслугоўваць дзяржаўныя праграмы;
- ажыцьцяўляе капіталізацыю часова вольных сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхаваньня;
- распрацоўвае і ўносіць ва ўсталяваным парадку прапановы аб памерах і тарыфах (расцэнках) унёскаў;
- прызначае і выплачвае прафэсійныя пэнсіі;
- атрымлівае ў парадку, які вызначаюць Міністэрства юстыцыі і Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, ад органаў, якія рэгіструюць акты грамадзянскага стану, копіі запісаў актаў аб сьмерці;
- ажыцьцяўляе кантроль за правільнасьцю налічэньня, своечасовасьцю і паўнатой сплаты ўнёскаў, прымае прадугледжаныя заканадаўствам захады да плацежнікаў унёскаў, якія парушаюць парадак іх сплаты і падаюць для прызначэньня і выплаты прафэсійных пэнсіяў дакумэнты, якія зьмяшчаюць недакладныя зьвесткі;
- кантралюе правільнасць выкарыстаньня сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхаваньня, што накіроўваюцца на фінансаваньне выплаты працоўных і прафесійных пэнсіяў, дапамогаў»;
- «ажыцьцяўляе ва ўсталяваным заканадаўствам і міжнароднымі дамовамі парадку выплату пэнсіяў і дапамогаў асобам, якія выехалі за мяжу, а таксама прыбылі ў Рэспубліку Беларусь;
- супрацоўнічае зь міжнароднымі арганізацыямі па пытаньнях сваёй кампэтэнцыі, удзельнічае ў распрацоўцы і рэалізацыі міжнародных дамоваў па пытаньнях дзяржаўнага сацыяльнага страхаваньня»;
- «распрацоўвае і ўносіць прапановы аб удасканаленьні заканадаўства аб дзяржаўным сацыяльным страхаваньні;
- «ажыцьцяўляе распрацоўку і ўкараненьне інфармацыйных тэхналёгіяў і аўтаматызаваных сыстэмаў апрацоўкі інфармацыі па пытаньнях дзяржаўнага сацыяльнага страхаваньня, прызначэньня і выплаты прафэсійных пэнсіяў;
- стварае і вядзе базу зьвестак па ўсіх катэгорыях плацежнікаў унёскаў і атрымальнікам прафэсійных пэнсіяў»;
- «вядзе бухгальтарскі ўлік і падае дзяржаўную статыстычную справаздачнасьць»;
- «ажыцьцяўляе закупкі тавараў (работаў, паслугаў);
- ажыцьцяўляе ва ўсталяваным заканадаўствам парадку ведамасны кантроль за адпаведнасьцю патрабаваньням заканадаўства дзейнасьці тэрытарыяльных органаў»;
- «уносіць прапановы аб памерах тарыфаў (расцэнак) на дастаўку пэнсіяў і іншых выплатаў са сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхаваньня;
- падае ў суд заявы аб звароце спагнаньня на маёмасьць даўжнікоў для пагашэньня запазычанасьці па ўнёсках пры адсутнасьці або недастатковасьці ў плацежнікаў унёскаў грашовых сродкаў;
- дае тлумачэньні па пытаньнях, аднесеных да яго кампэтэнцыі, інфармуе грамадзкасьць аб сваёй дзейнасьці;
- ажыцьцяўляе мерапрыемствы па камплектаваньні цэнтральнага апарату і сыстэмы Фонду кваліфікаванымі спэцыялістамі, забясьпечвае іх падбор і расстаноўку, утварае кіраўнічы кадравы склад і яго рэзэрв, арганізуе бесьперапыннае навучаньне, падрыхтоўку, перападрыхтоўку і павышэньне кваліфікацыі кадраў;
- разглядае ў адпаведнасьці з заканадаўствам звароты грамадзянаў, індывідуальных прадпрымальнікаў, юрыдычных асобаў;
- абагульняе практыку прымяненьня заканадаўства ў галіне дзяржаўнага сацыяльнага страхаваньня і забясьпечвае аднастайнае яго прымяненьне»[4].
Выплаты ў фонд
рэдагавацьПаводле 1-га артыкула Закона «Аб абавязковых страхавых унёсках у бюджэт дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСАН) Рэспублікі Беларусь» 1996 году, плацежнікамі абавязковых страхавых унёскаў зьяўляюцца працадаўцы, працоўныя грамадзяне (наёмныя работнікі) і УП «Белдзяржстрах». Пагатоў самастойна ўнёскі сплочваюць: індывідуальныя прадпрымальнікі і рамесьнікі, адвакаты і натарыюсы, творчыя работнікі і падраднікі, супрацоўнікі дыпляматычных, консульскіх і міжнародных установаў, нанятыя за мяжой грамадзяне. УП «Белдзяржстрах» пералічвае страхавыя выплаты за страту працаздольнасьці праз прафэсійную хваробу або няшчаснае здарэньне на вытворчасьці. Згодна з 3-м артыкулам Закона, страхавы ўнёсак «на выпадак дасягненьня пэнсійнага ўзросту, інваліднасьці і страты кармільца» складаў для працадаўца — 28% ад памеру заробка работніка, які выплочваў яшчэ 1% ад свайго заробку. На 2018 год «Белдзяржстрах» і фізычныя асобы, якія самайстойна сплочвалі ўнёскі, пералічвалі 29% мінімальнага заробку. Сельскагаспадарчыя працадаўцы плацілі меншы ўнёсак — 24% ад памеру заробка работніка. Яшчэ менш уносілі грамадзкія аб’яднаньні інвалідаў і пэнсіянэраў, а таксама таварыствы садаводаў, спажыўцоў і ўласьнікаў — 5%. У дадатак да вышэйпамянёных унёскаў працадаўцы, «Белдзяржстрах» і фізычныя асобы, якія самастойна сплочвалі ўнёскі, пералічвалі яшчэ 6% «на выпадак часовай непрацаздольнасьці, цяжарнасьці і родаў, нараджэньня дзіцяці, догляду за дзіцём ва ўзросце да 3-х гадоў, наданьня 1-го вольнага ад працы дня ў месяц маці або бацьку, апекуну, які выхоўвае дзіця-інваліда ва ўзросьце да 18 гадоў, сьмерці застрахаванага або чальца яго сям’і»[7]. Такім чынам, агульны памер страхавых унёскаў у ФСАН складаў 35% ад памеру заробка.
Мінуўшчына
рэдагаваць20 сьнежня 1990 году Савет міністраў БССР і Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі (ФПБ) зацьвердзілі Пастанову № 327 «Аб утварэньні Фонду сацыяльнага страхаваньня Беларускай ССР». 20 сьнежня 1991 году Савет міністраў Рэспублікі Беларусь ухваліў Пастанову № 481 «Аб арганізацыі Пэнсійнага фонду Рэспублікі Беларусь». У Пэнсійны фонд унёскі пералічвала каля 8000 плацежнікаў. 13 траўня 1992 году Савет міністраў Беларусі зацьвердзіў Пастанову № 278 пра склад Кіраўніцтва Пэнсійнага фонду. 10 чэрвеня 1993 году Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь зацьвердзіў Пастанову пра аб’яднаньне Пэнсійнага фонду Беларусі і Фонду сацыяльнага страхаваньня, які належаў ФПБ, у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСАН). Выплочваць унёскі на пэнсіі і іншыя выплаты ў ФСАН сталі каля 14 000 плацежнікаў. У 1994 годзе адзначаліся затрымкі выплаты пэнсіяў праз рост пратэрмінаванай запазычанасьці прыдпрыемстваў, якія прастойвалі, да 30% месячнай сумы пералічэньняў. У выніку ўрад Беларусі адтэрміноўваў (рэструктурызаваў) даўгі прадпрыемстваў да 2003 году[8].
23 верасьня 1994 г. прэзыдэнт А.Лукашэнка падпісаў Указ № 122, якім далучыў ФСАН да Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь. У 2003 годзе стварылі Рэспубліканскую базу дадзеных асабістага ўліку, што зьмяшчала асабовыя рахункі са зьвесткамі аб працоўнай дзейнасьці. Звыш 40 000 плацежнікаў сталі штоквартал здаваць справаздачу ў раённыя аддзелы сацыяльнай абароны, што выклікала чэргі. З 2009 году ФСАН пачаў ажыцьцяўляць прафэсійнае пэнсійнае страхаваньне для спагнаньня за працу ў шкодных умовах. У дадатак да 35% ад заробку прадпрыемствы зь цяжкімі ўмовамі працы сталі выплачваць унёскі ад 1,5% да 4,8%. Гэтыя ўнёскі пачалі накапліваць і разьмяшчаць у банках для налічэньня даходу. Атрыманыя грошы сталі выплочаць у якасьці дадатковай або датэрміновай прафэсійнай пэнсіі. У 2012 годзе звыш 40% сабраных у Менску сродкаў накіравалі на выплаты пэнсіяў і дапамогаў у 5 абласьцях. У Менскай вобласьці выйшлі на самадастатковасьць у выплатах. У 2013 годзе пратэрмінаваная запазычанасьць перад ФСАН складала 0,5% месячнай сумы пералічэньняў. Пагатоў ФСАН меў паўнамоцтвы сьпісваць з банкаўскага рахунку прадпрыемства належную суму пры адсутнасьці своечасовай выплаты. Пры адсутнасьці грошай на рахунку запазычанасьць спаганялі праз суд. Індывідуальным прадпрымальнікам (ІП) у такім выпадку не залічвалі працоўны стаж. Пры выплаце менш за 35% ад памеру мінімальнага заробку стаж ІП адпаведна залічвалі часткова — толькі за некалькі месяцаў за год. Паводле закону, плацежнікі з больш як 10 работнікамі абавязваліся здаваць усе запісы асабістага ўліку з электронным лічбавым подпісам, што можна было зрабіць праз карпаратыўны партал ФСАН у сеціве[8].
Кіраўніцы
рэдагаваць- Натальля Паўлючэнка (12 траўня 2017[9] — 20 верасьня 2020)
- Юлія Берднікава (з 20 верасьня 2020 году)[10]
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Кантакты // Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, 2020 г. Праверана 25 лістапада 2020 г.
- ^ Кіраўніцтва // Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, 2020 г. Праверана 25 лістапада 2020 г.
- ^ Людміла Ніжэвіч. Закон «Аб бюджэце дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь на 2018 год» // Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, 18 сьнежня 2017 г. Праверана 25 чэрвеня 2018 г.
- ^ а б в А.Лукашэнка. Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 16 студзеня 2009 г. № 40 «Аб Фондзе сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь» (рас.) // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 5 кастрычніка 2017 г. Праверана 25 чэрвеня 2018 г.
- ^ Кіраўніцтва Фонду (рас.) // Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, 2018 г. Праверана 25 чэрвеня 2018 г.
- ^ Структура // Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, 2020 г. Праверана 25 лістапада 2020 г.
- ^ А.Лукашэнка. Закон Рэспублікі Беларусь ад 29 лютага 1996 г. № 138-XІІІ «Аб абавязковых страхавых унёсках у бюджэт дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСАН) Рэспублікі Беларусь» (рас.) // Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, 23 студзеня 2017 г. Праверана 25 чэрвеня 2018 г.
- ^ а б Уладзіслаў Кулецкі. Дзе «расьце» пэнсія // Зьвязда : газэта. — 10 ліпеня 2013. — № 125 (27490). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
- ^ У Беларусі прынятыя кадравыя рашэньні ў дачыненьні да некаторых службовых асобаў // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 15 траўня 2017 г. Праверана 20 верасьня 2021 г.
- ^ Новыя прызначэньні ў дыпкорпусе, мясцовай вэртыкалі і міністэрствах // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 20 верасьня 2021 г. Праверана 20 верасьня 2021 г.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Для зваротаў грамадзянаў і індывідуальных прадпрымальнікаў // Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, 2020 г. Праверана 25 лістапада 2020 г.
- Карпаратыўны партал ФСАН (рас.)
- Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва // Газэта «Зьвязда», 1 лютага 2017 г. Праверана 18 чэрвеня 2018 г.
Гэта — накід артыкула пра Беларусь. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |