Замежная запазычанасьць Беларусі

Замежная запазычанасьць Беларусі — валавая замежная запазычанасьць Рэспублікі Беларусь на любы дадзены момант часу ўяўляе сабой нявыплачаную суму фактычных бягучых і неабумоўленых абавязаньняў, якая патрабуе выплаты асноўнага абавязку і/або адсоткаў дэбіторам у некаторы будучы пэрыяд часу і якая ўяўляе сабой абавязаньні рэзыдэнтаў Рэспублікі Беларусь перад нерэзыдэнтамі[1].

У склад замежнай запазычанасьці не ўключаюцца:

  • акцыянэрны капітал прадпрыемстваў прамога інвэставаньня, іншыя формы ўдзелу ў капітале, а таксама рэінвэставаныя прыбыткі, паколькі яны не прадугледжваюць выплату асноўнага абавязку і/або адсоткаў па яго абслугоўваньні (прамыя і партфэльныя інвэстыцыі, забясьпечвальныя ўдзел у капітале);
  • вытворныя фінансавыя інструмэнты, такія, як фарвардныя кантракты і апцыёны;
  • пазыковыя каштоўныя паперы, якія выпускаюцца рэзыдэнтамі, выкарыстоўваныя ў рамках зваротных апэрацыяў з каштоўнымі паперамі.

Дынаміка

рэдагаваць

Пачатак фармаваньня замежнай запазычанасьці Рэспублікі Беларусь прыходзіцца на канец 1992 г., калі былі складзеныя першыя крэдытныя дамовы паміж Рэспублікай Беларусь як сувэрэнным пазычальнікам і Камісіяй Эўрапейскіх супольнасьцяў па пастаўках тавараў, якія адносяцца да крытычнага імпарту.[2]

Па стане на 1.01.1993 г. Рэспубліка Беларусь мела доступ да 4 адчыненых крэдытных лініяў:

Беларусь зьяўляецца сябрам МВФ з 1992 году. За пэрыяд супрацоўніцтва з фондам Беларусь атрымала ад МВФ два транша крэдыту па праграме сыстэмных рэформаў у жніўні 1993 году ($98 млн) і ў лютым 1995 году ($101,7 млн) і адзін транш крэдыту stand-by у верасьні 1995 году ($101,7 млн). У наступным фонд спыніў вылучэньне крэдытаў Беларусі з-за неадпаведнасьці эканамічнай палітыкі ўрада рэкамэндацыям фонду, а улады Беларусі заяўлялі аб сваёй адмове праводзіць наступныя перамовы з МВФ аб вылучэньні рэзэрвовых крэдытаў.

У цяперашні час Беларусь ня мае абавязаньняў па раней прыцягнутым крэдытам МВФ. Апошні плацёж па крэдытах МВФ быў праведзены 1 лютага 2005 году.

У сьнежні 2007 году Расея вылучыла Беларусі стабілізацыйны крэдыт у памеры $1,5 млрд на 15 гадоў пад LIBOR+0,75% зь пяцігадовай адтэрміноўкай плацяжу па асноўным абавязку.

У канцы чэрвеня 2008 году амбасадар Вэнэсуэлы ў Беларусі Амэрыка Дыяс Нун'ес заявіў, што Вэнэсуэла падасьць Беларусі крэдыт у 500 млн. даляраў ЗША, адзначыўшы, што дакумэнты знаходзяцца на стадыі афармленьня. У сьнежні 2008 году Вэнэсуэла вылучыла Беларусі крэдыт на суму ў 500 млн. даляраў ЗША, пра гэта паведаміў прэзыдэнт А. Лукашэнка. Афіцыйна беларускія ўлады пра падпісаньні дамовы не паведамлялі.

У кастрычніку 2008 году Расея прыняла рашэньне аб вылучэньні Беларусі крэдыту на $2 млрд. 13 лістапада 2008 году Расея і Беларусь падпісалі дамову аб падаваньні Беларусі стабілізацыйнага крэдыту на $2 млрд у 2008—2009 гадах. Віцэ-прэм’ер — міністар фінансаў Расеі Аляксей Кудрын і міністар фінансаў Беларусі Андрэй Харкавец 14 лістапада 2008 году падпісалі дамову аб дзяржкрэдыце на $1 млрд. Першы мільярд быў вылучаны ўжо ў лістападзе, а другі транш, таксама на $1 млрд, плянавалася што паступіць да 28 лютага 2009 году пасьля падпісаньня пляну сумесных дзеяньняў дзьвюх краінаў па пераадоленьні наступстваў сусьветнага фінансавага крызісу. Плян быў падпісаны ў Менску 30 студзеня 2009 году, але грошы да 28 лютага 2009 году так і не паступілі ў краіну. 5 сакавіка 2009 году прэм’ер-міністар Расейскай Фэдэрацыі Ўладзімер Пуцін падпісаў пастанову аб вылучэньні Беларусі крэдыту ў 500 млн даляраў. У. Пуцін адзначыў канструктыўнае супрацоўніцтва Беларусі і Расеі, сказаўшы, што абедзьве краіны ўпэўнена рухаюцца «ў кірунку да стварэньня саюзнай дзяржавы».

Беларускі ўрад разьлічваў на атрыманьне крэдыту ад Расеі на ўмовах аналягічных крэдыту 2007 году.[3] Але ў адпаведнасьці з умовамі дамовы крэдыт быў прадстаўлены на 15 гадоў з 5-гадовай адтэрміноўкай па асноўным абавязку па стаўцы LIBOR+3%. Першы намесьнік старшыні Цэнтральнага банку РФ Аляксей Улюкаеў 13 сьнежня 2008 году ў этэры радыёстанцыі «Эхо Москвы» прызнаў, што рашэньне аб падаваньні Беларусі стабілізацыйнага крэдыту ў 2 млрд даляраў «шмат у чым палітычнае».

У сярэдзіне кастрычніка 2008 году Ўрад і Нацыянальны банк Беларусі (НББ) зьвярнуліся ў Раду дырэктараў Міжнароднага валютнага фонду з просьбай аб падаваньні рэзэрвовага крэдыту на $2 млрд. Экспэрты фонду працавалі ў Менску амаль месяц — з 27 кастрычніка па 22 лістапада, але адпаведны мэмарандум так і ня быў падпісаны. Чарговая місія МВФ, прыбылая ў Менск, з 15 сьнежня аднавіла перамовы па пытаньні вылучэньня крэдыту. Чакалася, што экспэрты фонду завершаць сваю працу 19 сьнежня, аднак гэтага не адбылося. Гэта было зьвязана з тым, што МВФ патрабавала ад беларускага боку выкананьня пэўных умоваў — скарачэньне бюджэтнага фінансаваньня, лібэралізацыя, правядзеньне дэвальвацыі валюты. Прадстаўнікі МВФ лічалі, што Беларусь павінна на 20% зьменшыць курс беларускага рубля. Беларускія перамоўнікі з гэтым не пагаджаліся.[4] Але ў наступным, беларускія ўлады часткова выканалі патрабаваньні МВФ.

31 сьнежня 2008 году Місія Міжнароднага валютнага фонду і ўрад Беларусі дасягнулі дамовы аб эканамічнай праграме тэрмінам на 15 месяцаў, у рамках якой Беларусі будзе вылучаны стабілізацыйны крэдыт у памеры $2,46 млрд. Дадзеная дамова была ўхвалена Радай дырэктараў МВФ, якая зьбіралася ў студзені 2009 году. У студзені 2009 году паступілі $788 млн. першага траншу стабкрэдыту МВФ.

У сувязі з крызісам ліквіднасьці заходнія банкі, якія працягвалі падаваць крэдыты беларускім банкам, практычна адразу жа прынялі рашэньне аб зачыненьні непакрытых лімітаў, толькі некалькі замежных банкаў у верасьні-кастрычніку працягвалі працаваць на непакрытай аснове з двума найбуйнейшымі беларускімі дзяржбанкамі — «Беларусбанкам» і «Белаграпрамбанкам». Аднак пасьля звароту ўладаў Беларусі за рэсурсавай падтрымкай у МВФ непакрытыя ліміты з боку заходніх банкаў былі зачыненыя і на гэтыя банкі. У дадзенай сытуацыі беларускія банкі маюць адзіную крыніцу рэсурсаў для крэдытаваньня — прыцягнутыя сродкі мясцовых кліентаў.[5]

У сярэдзіне сьнежня 2008 году прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка зьвярнуўся да кіраўніцтва ЗША аб падаваньні Беларусі крэдыту на $5 млрд. Аб гэтым ён паведаміў падчас інтэрвію афіцыйным беларускім СМІ.[6]

Таксама прыкладна ў гэты жа час Беларусь папытала ў РФ дадатковы крэдыт на 100 млрд расейскіх рублёў ($3,6 млрд) у выпадку пераходу да разьлікаў у расейскіх рублях пры ўзаемным гандлі, аднак Расея адхіліла просьбу Беларусі.[7] У сьнежні газэта «Коммерсант» паведаміла, што рашэньне аб падаваньні Беларусі крэдыту ў 100 мільярдаў расейскіх рублёў будзе залежаць ад таго, ці прызнае афіцыйны Менск незалежнасьць Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі. Другая ўмова — перадача «Газпраму» кантрольнага пакета акцый ААТ «Белтрансгаз». Па дадзеных газэты, у выпадку выкананьня гэтых умоваў Беларусь магла бы ня толькі атрымаць крэдыт, але і захаваць палёгкавы кошт на расейскі газ.

У канцы студзеня 2009 году старшыня кіраваньня Нацыянальнага банку Беларусі (НББ) Пётар Пракаповіч паведаміў, што беларускія ўлады плянуюць ў красавіку-траўні 2009 году прыцягнуць крэдыт Сусьветнага банку на $1 млрд. Ён таксама паведаміў, што ў пачатковай стадыі знаходзяцца перамовы ўлад Беларусі па прыцягненьні рэсурсаў Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця. Па яго меркаваньню, дадзеныя рэсурсы могуць паступіць да ліпеня 2009 году. Кіраўнік НББ таксама паведаміў, што Нацбанк вядзе працу з буйнымі эўрапейскімі краінамі па прамым прыцягненьні крэдытных рэсурсаў.[8]

3 лютага 2009 году памагаты прэзыдэнта РФ Сяргей Прыходзька паведаміў, што ўлады Расеі гатовыя разгледзець пытаньне аб падаваньні дадатковага крэдыту Беларусі ў некалькі дзясяткаў мільярдаў расейскіх рублёў. Аднак 31 сакавіка прэс-служба Мінфіна РФ паведаміла, што Беларусі на дадзеным этапе ў падаваньні крэдыту на 100 млрд рублёў адмоўлена. У той жа час ад беларускіх улад паступіў новы запыт на банкаўскі крэдыт на $2 млрд пад дзяржгарантыі РФ. Пры гэтым не ўдакладняецца, якія банкі могуць падаць такі крэдыт.[9]

3 красавіка 2009 году начальнік галоўнага ўпраўленьня банкаўскага нагляду, сябар Рады дырэктараў Нацыянальнага банку Беларусі Сяргей Дубкоў паведаміў, што беларускія ўлады вядуць перамовы з Ашчадбанкам Расеі аб падаваньні крэдыту ў суме $2 млрд. З прапановамі аб крэдытнай падтрымцы Беларусь таксама зьвярнулася да іншых банкаў Расеі — ВЭБ і Расбанку, зь якімі ў беларускага ўрада складзеныя мэмарандумы аб супрацоўніцтве[10].

28 траўня 2009 году расейскі Мінфін адмовіўся перадаваць беларускім ўладам чарговы транш крэдыту на 500 млн. даляраў, заявіўшы, што Беларусь можа апынуцца неплацежаздольнай дзяржавай у канцы 2009 — пачатку 2010 году. Пра гэта паведаміў журналістам віцэ-прэм'ер, міністар фінансаў Расеі Аляксей Кудрын перад пачаткам паседжаньня Рады Міністраў Саюзнай дзяржавы ў Менску[11] Па словах А. Кудрына, Расея перадасьць беларускім ўладам грошы, калі тая распачне дадатковыя меры па забесьпячэньні эканамічнай устойлівасьці. Пры гэтым Масква прапанавала Менску ўзяць 500 млн. даляраў расейскімі рублямі, але Беларусь адмовілася. Пры гэтым зусім нядаўна беларускія ўлады паўтаралі, што востра маюць патрэбу ў расейскіх рублях для ўзаемаразьлікаў. Раней таксама паведамлялася, што Беларусь жадала б атрымаць ад Расеі яшчэ адзін крэдыт — гэтым разам у 200 мільярдаў рублёў. Перамовы па гэтым крэдыце не завершаны. Таксама стала вядома, што беларускія ўлады папыталі ў Расеі новы крэдыт — на дзевяць мільярдаў даляраў. Гэтыя сродкі павінны пайсьці на будаўніцтва АЭС у Беларусі. Яе будзе ўзводзіць расейскі «Расатам». Рэакцыя афіцыйных прадстаўнікоў Ураду Расеі на ініцыятыву беларускіх ўладаў пра новы крэдыт пакуль невядомая[12].

Пры гэтым прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандар Лукашэнка параўнаў дзеяньні Аляксея Кудрына і Ўладзімера Пуціна з дзеяньнямі нейкіх «нашых адмарозкаў»: «Мы ўчора назіралі цікавую карціну, калі прэзыдэнт сядзіць з Уладзімерам Уладзімеравічам Пуціным і абмяркоўвае на сяброўскай ноце пытаньні, пачынальна ад асабістых, прыватных і сканчаючы дзяржаўнымі. А тым часам Кудрын перад паседжаньнем Саюзнага Саўміна дае прэс-канфэрэнцыю, сутнасьць якой пасеяць паніку ў Беларусі», — адзначыў А. Лукашэнка. Па яго словах, «ён цалкам кансалідаваўся з нашымі адмарозкамі і пачынае нас вучыць працаваць». Па словах А. Лукашэнкі, «учора Пуцін сказаў, што на падлёце да Менску абмяркоўваў з Кудрыным сытуацыю. І тут Кудрын выліўся тырадай. Што гэта было не ўзгоднена? Усё гэта было ўзгоднена». Пры гэтым ён адзначыў, што «гульня задумана па-буйнаму. Майце гэта на ўвазе. Выдужаем — будзе дзяржава, не выдужаем — нас самнуць і бясплатна ў кішэнь пакладуць, і будзем потым бегаць і глядзець налева і направа, каб нам кавалак хлеба са стала кінулі». «Так, добра нам. Але за намі 10 млн таленавітых, працавітых людзей, якіх мы не павінны падставіць і ашукаць», — заявіў прэзыдэнт Беларусі[13].

29 траўня 2009 году Рада дырэктараў Сусьветнага банку ўхваліла вылучэньне Беларусі 125 млн даляраў. Сродкі будуць накіраваны на праекты краіны ў вобласьці энэргазахаваньня. Гэта самы буйны крэдыт, які Сусьветны банк калі-небудзь вылучаў Беларусі. Рашэньні пра падаваньне крэдыту на мільярд даляраў Сусьветны банк пакуль ня прыняў. 24 чэрвеня 2009 году беларускія ўлады зьвярнулася да Эўразьвязу з просьбай аб аказаньні фінансавай дапамогі. 26 чэрвеня 2009 году першы намесьнік прэм'ер-міністра Ўладзімер Сямашка паведаміў, што Расея пацьвердзіла гатовасьць падаць Беларусі крэдыт для будаўніцтва АЭС у памеры 9 млрд даляраў ЗША. Па яго словах, адпаведнае паведамленьне паступіла ад прэм'ер-міністра Расеі Ўладзімера Пуціна 22 чэрвеня.[14]

30 чэрвеня 2009 году Выканаўчая рада МВФ завяршыла першы агляд у рамках дамоўленасьці пра крэдыт «стэнд-бай» зь Беларусьсю. Па яе выніках Фонд ня толькі зацьвердзіў фактычнае падаваньне крэдыту ў памеры 679,2 млн даляраў, але і павялічыў аб'ём фінансавай падтрымкі да 3,52 млрд даляраў[15].

Сукупны памер

рэдагаваць

Сукупная замежная запазычанасьць Беларусі на 1 красавіка 2008 году склала 13 млрд. 630 млн. даляраў ЗША і вырасла за першы квартал бягучага году на 8% (на 1,007 млрд. даляраў ЗША).[16] Замежная запазычанасьць органаў дзяржаўнага кіраваньня ў студзені—сакавіку 2008 году скараціўся на 0,2% да 2,033 млрд. даляраў. Прамыя інвэстыцыі (міжфірмовае крэдытаваньне) павялічыліся за першы квартал на 18,7% да 599,4 млн. даляраў. Замежная запазычанасьць камэрцыйных банкаў павялічылася з пачатку года на 24,7% да 3,205 млрд. даляраў. Вонкавы абавязак іншых сэктараў эканомікі павялічыўся на 6,6% да 7,379 млрд. даляраў. Замежная запазычанасьць органаў грашова-крэдытнага рэгуляваньня скарацілася на 30,1% і склала 413,1 млн. даляраў.

Сукупная замежная запазычанасьць Беларусі на 1 ліпеня 2008 году склала $14 115,6 млн. і павялічылася ад пачатку года на 13 %. Доўг дзяржаўных органаў склаў $2005,8 мільёнаў, замежная запазычанасьць камэрцыйных банкаў павялічылася з пачатку году на 30,6 % да $3358,5 мільёнаў. Замежны доўг іншых сэктараў эканомікі павялічыўся на 11,9 % да $7590,9 млн[17].

Сукупная замежная запазычанасьць Беларусі на 1 кастрычніка 2008 году склала 14 млрд. 557 млн. даляраў. З пачатку года павялічылася на 16,5%, або на 2 млрд. 63,5 млн. даляраў. Замежная запазычанасьць камэрцыйных банкаў узрасла з пачатку года на 21,4% да 3 млрд. 120,7 млн. даляраў. Замежная запазычанасьць іншых сэктараў эканомікі павялічылася на 19,2% да 8 млрд. 81,6 млн. даляраў. Замежная запазычанасьць органаў грашова-крэдытнага рэгуляваньня скарацілася на 24,4% і склала 450,6 млн. даляраў ЗША.

Сукупная замежная запазычанасьць Беларусі на 1 студзеня 2009 году склала 14,8 млрд. даляраў.

Сукупная замежная запазычанасьць Беларусі на 1 красавіка 2009 году склала 16 млрд. 322 млн. даляраў. З пачатку года павялічылася на 7,7%, або на 1 млрд. 170,7 млн. даляраў. Замежная запазычанасьць камэрцыйных банкаў знізілася з пачатку года на 7,49% да 2 млрд. 836,7 млн. даляраў. Замежная запазычанасьць іншых сэктараў эканомікі - 7 млрд. 516 млн. даляраў. Замежная запазычанасьць органаў грашова-крэдытнага рэгуляваньня павялічылася і склала 1 млрд. 196 млн. даляраў ЗША. [18]

Сукупная замежная запазычанасьць Беларусі на 1 красавіка 2010 году склала 22 млрд. 243 млн. даляраў (гэта прыкладна 44,7% УВП). З пачатку года павялічылася на 0,8%, або на 183,2 млн. даляраў. Замежная запазычанасьць камэрцыйных банкаў знізілася з пачатку года на 1,8% да 3 млрд. 487,2 млн. даляраў. Замежная запазычанасьць іншых сэктараў эканомікі - 8 млрд. 592,4 млн. даляраў. Замежная запазычанасьць органаў грашова-крэдытнага рэгуляваньня павялічылася і склала 4 млрд. 493,4 млн. даляраў ЗША. [19]


Сукупная замежная запазычанасьць Беларусі на 1 кастрычніка 2010 году склала 25 млрд. 593,3 млн. даляраў (гэта прыкладна 48,8% УВП). З пачатку года павялічылася на 16%, або на 3 млрд. 533 млн. даляраў. У разліку на душу насельніцтва валавы вонкавы абавязак таксама працягвае расці, і на 1 кастрычніка ён ужо склаў 2 тыс. 703 даляра. [20]

Замежная запазычанасьць на пачатак году
Год Сума, млрд дал. ЗША[21]
1993 0,976
1997 1,9
1998 2,146
1999 2,37
2000 2,224
2001 2,092
2002 2,979
2003 3,895
2004 4,174
2005 4,935
2006 5,128
2007 6,786
2008 12,623
2009 14,8
2010 22,06
2011 28,402
2012 34,023
2013 33,766
2014 39,621
2015 40,023
2016 38,258
2017 37,516
2018 39,833
2019 39,288
2020 40,722
  1. ^ Валавы зьнешні доўг Рэспублікі Беларусь // Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, 2021 г. Праверана 29 студзеня 2021 г.
  2. ^ КАНЦЭПТУАЛЬНЫЯ АСНОВЫ ВОНКАВАГА ЗАПАЗЫЧАНЬНЯ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ (рас.)
  3. ^ interfax.by, Кудрин: Россия приняла решение о выделении Беларуси кредита на $2 млрд (рас.)
  4. ^ Уладзімер Глод. Наколькі дэвальвуюць беларускі рубель // Радыё «Свабода», 20 лістапада 2008 г. Праверана 29 студзеня 2021 г.
  5. ^ АФН, Иностранные банки прекратили кредитование белорусских банков после обращения Беларуси в МВФ за кредитом (рас.)
  6. ^ Белорусский Партизан, Прорвало, или ход великого комбинатора (рас.)
  7. ^ Lenta.ru, Россия отказалась дать в долг Беларуси 100 миллиардов рублей (рас.)
  8. ^ interfax.by, Беларусь планирует в апреле-мае привлечь кредит Всемирного банка на $1 млрд (рас.)
  9. ^ interfax.by, РФ отказала Беларуси в кредите на 100 млрд рублей (рас.)
  10. ^ Аляксей Арэшка. Беларусь вядзе перамовы з Ашчадным банкам Расеі аб прадстаўленьні крэдыту ў памеры 2 млрд. долараў ЗША (дапоўнена) // БелаПАН, 3 красавіка 2009 г. Праверана 29 студзеня 2021 г.
  11. ^ Аляксей Арэшка. Расея адкладвае выдзяленьне Беларусі чарговага траншу крэдыту ў 500 млн. долараў // БелаПАН, 28 траўня 2009 г. Праверана 29 студзеня 2021 г.
  12. ^ Аляксандар Класкоўскі. Масква нагадала Лукашэнку пра даўгі // БелаПАН, 28 траўня 2009 г. Праверана 29 студзеня 2021 г.
  13. ^ Марына Носава. Аляксандар Лукашэнка: Не атрымліваецца ў Расеі — ня трэба кланяцца, трэба шукаць сваё шчасьце ў іншай частцы плянэты // БелаПАН, 29 траўня 2009 г. Праверана 29 студзеня 2021 г.
  14. ^ Расея пацьвердзіла гатовасьць падаць Беларусі крэдыт для фінансаваньня будаўніцтва АЭС (рас.) // БелаПАН
  15. ^ Аляксей Арэшка. МВФ павялічыў аб'ём фінансавай падтрымкі Беларусі да 3,52 млрд. долараў ЗША // БелаПАН, 30 чэрвеня 2009 г. Праверана 29 студзеня 2021 г.
  16. ^ БелаПАН, Вонкавы абавязак Беларусі вырас на мільярд даляраў(недаступная спасылка) (рас.)
  17. ^ Беларусь вінна 14 мільярдаў // Радыё «Свабода», 16 верасьня 2008 г. Праверана 29 студзеня 2021 г.
  18. ^ Хартыя'97, Внешний долг Беларуси на 1 апреля превысил 16 миллиардов долларов
  19. ^ ТОП Внешний долг Беларуси на 1 апреля 2010 г. достиг 22,2 млрд долл(недаступная спасылка)
  20. ^ Совокупный внешний долг Беларуси достиг 48,8% ВВП
  21. ^ Валавы зьнешні доўг Рэспублікі Беларусь у разрэзе сэктараў эканомікі і фінансавых інструмэнтаў у адпаведнасьці з мэтадычнымі рэкамэндацыямі МВФ за 2020 год // Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, 2021 г. Праверана 29 студзеня 2021 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць