Падатак на прыбытак

Падатак на прыбытак — адзін з асноўных відаў прамых падаткаў.

Займае асноўнае месца па ўдзельнай вазе ў фармаваньні даходаў дзяржаўнага бюджэту. Аб’ектам абкладаньня зьяўляецца сукупны прыбытак арганізацыі, паменшаны ці павялічаны ў адпаведным парадку. Плацельшчыкамі падатку зьяўляюцца ўсе камэрцыйныя прадпрыемствы, а таксама некамэрцыйныя арганізацыі, якія займаюцца прадпрымальніцтвам. Падатак узымаецца паводле падатковае дэклярацыі па прапарцыйных альбо (радзей) прагрэсіўных стаўках.

Беларусь

рэдагаваць

Паводле агульнай часткі Падатковага кодэксу Рэспублікі Беларусь 2002 году, падатак на прыбытак ёсьць рэспубліканскім (артыкул 8)[1]. Асаблівая частка Падатковага кодэксу Беларусі 2009 году зьмяшчала главу 14 «Падатак на прыбытак», якая ўлучала артыкулы з 125-га па 144-ы. Паводле 125-га артыкула, «Плацежнікамі падатку на прыбытак прызнаюцца арганізацыі». Згодна са 126-м артыкулам «Аб’ектам падаткаабкладаньня падаткам на прыбытак прызнаюцца валавы прыбытак, а таксама дывідэнды і прыраўнаваныя да іх даходы..., налічаныя беларускімі арганізацыямі»[2].

27 студзеня 2023 году міністар па падатках і зборах Беларусі Сяргей Налівайка паведаміў, што за 2022 год падатак на прыбытак забясьпечыў 15,1 % (звыш 5,5 млрд) з 36,5 млрд рублёў даходу кансалідаванага бюджэту Беларусі[3].

Паводле 142-га артыкула асаблівай часткі Падатковага кодэксу Беларусі 2009 году, «Стаўка падатку на прыбытак усталёўвалася ў памеры:

  • 18 %»[4] — ва ўсіх агульных выпадках;
  • 12 % — «па дывідэндах..., а таксама па даходах заснавальнікаў (удзельнікаў, акцыянэраў) у выглядзе курсавых розьніцаў, што ўзьнікаюць пры пераацэнцы дэбіторскай запазычанасьці па разьліках з замежнымі арганізацыямі па належных ад іх дывідэндах»;
  • 10 % — «ад збыту тавараў уласнай вытворчасьці, улучаных у пералік высокатэхналягічных тавараў», што таксама сплочваюць «навукова-тэхналягічныя паркі, цэнтры странсфэру тэхналёгіяў, рэзыдэнты навукова-тэхналягічных паркаў»;
  • 25 % — «банкі і страхавыя арганізацыі»[2].

У 2023 годзе стаўку падатку на прыбытак павысілі з 18 да 20 %.

  1. ^ А.Лукашэнка. Падатковы кодэкс Рэспублікі Беларусь ад 19 сьнежня 2002 г. № 166-З (агульная частка) (рас.) // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 26 кастрычніка 2016 г. Архіўная копія ад 26 кастрычніка 2016 г. Праверана 4 кастрычніка 2018 г.
  2. ^ а б А.Лукашэнка. Падатковы кодэкс Рэспублікі Беларусь ад 29 сьнежня 2009 г. № 71-З (асаблівая частка) (рас.) // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 12 студзеня 2017 г. Праверана 4 кастрычніка 2018 г.
  3. ^ МПЗ: у 2022 годзе ў кансалідаваны бюджэт паступіла больш за 36,5 млрд рублёў // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 27 студзеня 2023 г. Архіўная копія ад 27 студзеня 2023 г. Праверана 27 студзеня 2023 г.
  4. ^ Уладзіслаў Кулецкі. Дзяржава і бізнэс разам шукаюць выйсьце // Зьвязда : газэта. — 27 жніўня 2013. — № 159 (27524). — С. 2. — ISSN 1990-763x.