Кансэрватызм
Кансэрватызм (па-француску: conservatisme, ад лац. conservo — «захоўваю») — ідэалягічная прывержанасьць да традыцыйных каштоўнасьцей і парадкаў, сацыяльных ці рэлігійных дактрынаў. У палітыцы — кірунак, які адстойвае каштоўнасьць дзяржаўнага і грамадзкага парадку, непрыманьне радыкальных рэформаў і экстрэмізму. Галоўнай каштоўнасьцю ў кансэрватызме прымаецца захаваньне традыцый грамадзтва, ягоных інстытутаў, аднак пры гэтым не адвяргаецца разьвіцьцё грамадзтва, калі яно будзе паступовым, эвалюцыйным. Кансэрватызі дапушчае няроўнасьць як уласьцівасьць грамадзтва.
У зьнешняй палітыцы кансэрватызм праяўляецца праз стаўку на ўмацаваньне бясьпекі, прымяненьне вайсковай сілы, падтрымку традыцыйных хаўрусьнікаў, у зьнешнеэканамічных адносінах — пратэкцыянізм. Для кансэрватызму характэрныя прыхільнасьць да існуючых і ўсталяваных сацыяльных сыстэмаў і нормаў, «скептычнае» ўспрыманьне ідэяў роўнасьці людзей, непрыманьне рэвалюцыяў і радыкальных рэформаў, адстойваньне эвалюцыйнага арганічнага, максымальна павольнага разьвіцьця. Ідэалягічна кансэрватызм супрацьстаіць як лібэралізму, гэтак і сацыялізму. Кансэрватызм варта адрозьніваць ад рэтраградзтва як ад імкненьня назад і варожасьці да новаўвядзеньняў, і ад традыцыяналізму. Сучасны кансэрватызм часам аказваецца нават больш гнуткім і рухомым, чым іншыя палітычныя плыні.
Упершыню тэрмін «кансэрватызм» ужыў у 1891 годзе францускі палітык і пісьменьнік Франсуа Рэнэ дэ Шатабрыян, падчас Францускае рэвалюцыі. У заходняй палітыцы кансэрватызмам часьцяком называюць школу мысьленьня, распачатую Эдмундам Бэркам, Люі дэ Банальдам і падобнымі мысьлярамі. Акрамя Бэрка, вялікі ўнёсак у афармленьне кансэрватызму зрабілі францускі езуіт Жазэф дэ Мэстр і аўстрыйскі канцлер Клемэнт Мэтэрніх.
Меркаваньні кансэрватыўных партыяў у сьвеце вельмі розныя. Асноўнымі кансэрватыўнымі палітычнымі сіламі ў сваіх краінах лічацца лібэральна-дэмакратычная партыя Японіі, Рэспубліканская партыя ЗША, Кансэрватыўная партыя Вялікабрытаніі, Лібэральная партыя Аўстраліі. Сьветапогляд і палітыка ўсіх гэтых партыяў моцна адрозьніваюцца адзін ад аднаго.
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьКансэрватызм — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў