Сусьветныя навыкі
«Сусьветныя навыкі» — міжнародная некамэрцыйная арганізацыя Нідэрляндаў, заснаваная ў 1950 годзе ў Гішпаніі ў якасьці Міжнароднай арганізацыі прафэсійна-тэхнічнай адукацыі (МАПТА) для рэгулярнага правядзеньня міжнароднага спаборніцтва ў галіне прафэсійных навыкаў.
«Сусьветныя навыкі» | |
анг. WorldSkills | |
Сьцяг | |
Абрэвіятура | «СН» |
---|---|
Дэвіз | Удасканаленьне нашага сьвету сілай навыкаў |
Дата ўтварэньня | 1950 (74 гады таму) |
Тып | асацыяцыя |
Юрыдычны статус | некамэрцыйная арганізацыя |
Мэта | узьняцьцё вядомасьці і прызнаньня ўмелых людзей |
Штаб-кватэра | Імпэратарскі канал, д. 241[1] |
Месцазнаходжаньне | Амстэрдам |
Каардынаты | 52°22′19″ пн. ш. 4°53′7″ у. д. / 52.37194° пн. ш. 4.88528° у. д.Каардынаты: 52°22′19″ пн. ш. 4°53′7″ у. д. / 52.37194° пн. ш. 4.88528° у. д. |
Дзейнічае ў рэгіёнах | Нідэрлянды |
Сяброўства | 84 краіны (2024 год) |
Афіцыйныя мовы | ангельская |
Старшыня | Крыс Хамфрыс[2] |
Скарбнік | Аляксандар Эрдман[3] |
Генэральны дырэктар | Давыд Хоўі[4] |
Асноўныя асобы | Майкл Фунь, Стэфан Прашль |
Кіроўны орган | Управа |
Бюджэт | 6,241 млн эўра (2022 год)[5] |
Колькасьць супрацоўнікаў | 22 (2024 год)[6] |
Колькасьць валянтэраў | 8 (2024 год) |
Сайт | worldskills.org |
Колішняя назва | Міжнародная арганізацыя прафэсійна-тэхнічнай адукацыі (да 2000 году) |
На 2024 год налічвала 87 арганізацыяў-удзельніцаў, ад 84-х краінаў з 2/3 сусьветнага насельніцтва[6].
Кіраваньне
рэдагаваць- Агульны сход. Склікалася кожныя 2 гады на чале са старшынёй. Складалася са службовых і тэхнічных прадстаўнікоў ад кожнай арганізацыі-сяброўкі з кожнай краіны. Абірала Ўправу кіраўнікоў, у тым ліку старшыню і скарбніка. Вызначала гаспадароў наступных спаборніцтваў. Ухваляла грашовыя справаздачы пасьля аўдыту. Прымала новых сябраў і зацьвярджала вынікі спаборніцтваў. Зацьвярджала бюджэт і штогадовыя сяброўскі ўнёскі. Зьмяняла Сталы распарадак, Правілы спаборніцтваў і Звод этычных паводзінаў. Улучала 2 пастаянныя камітэты: 1) стратэгіі (са службовых прадстаўнікоў), 2) спаборніцтваў (з тэхнічных прадстаўнікоў).
- Управа кіраўнікоў. Складалася з 8 сябраў, абраных на 4 гады, у тым ліку ўлучала старшыню і скарбніка, 2-х кіраўнікоў Камітэту спаборніцтваў і 4-х кіраўнікоў Камітэту стратэгіі. Палову складу абіралі кожныя 2 гады. Склікалася 4 разы на год. Зацьвярджала генэральнага дырэктара і гадавую справаздачу. Прызначала аўдытара і ўхваляла ўзнагароды.
- Сакратарыят. Яго ўзначальваў генэральны дырэктар, які выконваў плян дзеяньняў пад наглядам Управы[7].
Правілы спаборніцтва
рэдагаваць«Сусьветныя навыкі» падзялялі спаборніцтвы паводле 6 галінаў занятасьці: будаўніцтва, творчае мастацтва і мода, інфармацыйныя тэхналёгіі і сувязь, вытворчасьць і інжынэрная справа, грамадзкія і асабістыя паслугі, перавозкі і дастаўка. Паводле пункту 3.7 Правілаў спаборніцтва першае спаборніцтва пры ўвядзеньні навыка мела ўлучаць прынамсі прадстаўнікоў ад 6 удзельнікаў арганізацыі пры папярэднім уліку на яго. У 2-і раз спаборніцтва ў такім новым навыку мела налічваць прынамсі 9 удзельнікаў, а ў 3-і і наступныя разы — 14. Згодна з пунктам 6.1 Правілаў налічвалася 8 дружынных відаў спаборніцтва. Сярод іх, у Выкліку вытворчасьці дружына магла налічваць 3 чалавекі. Іншыя 7 спаборніцтваў прадугледжвалі ўдзел 2-х чалавек ад дружыны: мэхатроніка, рухомая робататэхніка, краявідная архітэктура, бэтанаваньне, кампутарная бясьпека, чацьверты прамысловы пераварот і інтэграцыя рабатызаваных сыстэмаў. Большасьць спаборніцтваў у навыках прадугледжвала ўзроставае абмежаваньне да 22-х гадоў для ўдзельнікаў. Выняткамі служылі: трохвымерны друк, абслугоўваньне летака, мадэляваньне будынка, воблачныя вылічэньні, кампутарная бясьпека, прамысловы дызайн, чацьверты прамысловы пераварот, структураваная кабэльная сыстэма, мэхатроніка, Выклік вытворчасьці, оптаэлектроніка, інтэграцыя рабатызаваных сыстэмаў і водаачыстка[8].
На 2024 год налічвалася 63 навыкі, у якіх ладзілі спаборніцтва. Разьбіўка паводле галіны занятасьці выглядала наступным чынам:
- будаўніцтва (15) — архітэктурнае мулярства, муроўка, сталярства, цясьлярства, бэтанаваньне, будаўнічая мэталаапрацоўка, мадэляваньне будынка, электрамантаж, сталярнае злучэньне, краявідная архітэктура, малярства, тынкаваньне і мацаваньне гіпсакардону, вадаправод і ацяпленьне, ахаладжэньне і кандыцыяваньне паветра, абліцоўка (кафляваньне) сьцяны і падлогі;
- творчае мастацтва і мода (6) — 3-вымернае лічбавае гульнявое мастацтва, мода, флярыстыка, графічны дызайн, ювэлірная справа і наглядная таварнасьць;
- інфармацыйныя тэхналёгіі і сувязь (7) — воблачныя вылічэньні, кампутарная бясьпека, кіраваньне кампутарнай сеткай, апраграмаваньне для занятасьці, распрацоўка мабільнага дастасунка, друк і распрацоўка вэб-бачыны;
- вытворчасьць і інжынэрная справа (20) — 3-вымерны друк, аўтаномная рухомая робататэхніка, хімічна-лябараторная тэхналёгія, фрэзэраваньне зь лічбавым праграмным кіраваньнем (ЛПК), тачэньне з ЛПК, электроніка, аўтаматызацыя вытворчасьці, прамысловы дызайн, чацьверты прамысловы пераварот, прамысловая мэханіка, структураваная кабэльная сыстэма, Выклік вытворчасьці, машынабудаўнічае аўтаматызаванае праектаваньне, мэхатроніка, оптаэлектроніка, прататыпаваньне, аднаўляльная энэргія, інтэграцыя рабатызаваных сыстэмаў, водаачыстка і зварка;
- грамадзкія і асабістыя паслугі (8) — выпяканьне, касмэталёгія, кулінарыя, цырульніцтва, ахова здароўя, гасьцінічны прыём, кандытарская справа і грамадзкае харчаваньне;
- перавозкі і дастаўка (7) — абслугоўваньне летака, рамонт аўтакузава, абслугоўваньне самахода, фарбаваньне самахода, абслугоўваньне цяжкавіка, транспартная экспэдыцыя і абслугоўваньне цягніка[9].
Краіны-ўдзельніцы
рэдагавацьНа 2024 год «Сусьветныя навыкі» налічвалі 84 краіны-удзельніцы:
- 2 у Акіяніі — Аўстралія і Новая Зэляндыя;
- 29 у Азіі — Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Азэрбайджан, Аман, Армэнія, Банглядэш, Бахрэйн, Брунэй, Віетнам, Грузія, Ізраіль (+Палестынская аўтаномія), Інданэзія, Індыя, Іран, Казахстан, Кітай (+Ганконг і Макао), Кувэйт, Кыргыстан, Малайзія, Манголія, Пакістан, Паўднёвая Карэя, Саудаўская Арабія, Сынгапур, Тайвань, Тайлянд, Узбэкістан, Філіпіны, Шры-Ланка і Японія;
- 11 у Афрыцы — Гана, Дэмакратычная Рэспубліка Конга, Замбія, Кенія, Марока, Намібія, Паўднёвая Афрыка, Туніс, Турэччына, Уганда і Эгіпет;
- 7 у Паўднёвай Амэрыцы — Аргентына, Бразылія, Вэнэсуэла, Калюмбія, Парагвай, Чылі і Эквадор;
- 8 у Паўночнай Амэрыцы — Барбадас, Дамініканская Рэспубліка, ЗША, Канада, Коста-Рыка, Мэксыка, Трынідад і Табага, Ямайка;
- 27 у Эўропе — Аўстрыя, Беларусь, Бэльгія, Вугоршчына, Вялікабрытанія, Гішпанія, Данія, Ірляндыя, Ісьляндыя, Італія (Паўднёвы Тыроль), Латвія, Ліхтэнштайн, Люксэмбург, Нарвэгія, Нідэрлянды, Нямеччына, Партугалія, Польшча, Расея, Румынія, Украіна, Фінляндыя, Францыя, Харватыя, Швайцарыя, Швэцыя і Эстонія[10].
Мінуўшчына
рэдагавацьУ 1950 годзе ў Мадрыдзе (Гішпанія) прайшло першае Міжнароднае спаборніцтва прафэсійна-тэхнічнай адукацыі[11], якое зладзіў Франсіска Альбэрт Відаль з удзелам прадстаўнікоў моладзі Гішпаніі і Партугаліі. У 1953 годзе да міжнароднага спаборніцтва ў Гішпаніі далучыліся маладзёны з Францыі, Вялікабрытаніі, Заходняй Нямеччыны, Швайцарыі і Марока[6]. У чэрвені 1954 году склікалі першую арганізацыйную раду, якая пераўтварылася ў Міжнародную арганізацыю прафэсійна-тэхнічнай адукацыі (МАПТА)[12].
У 1958 годзе ўпершыню зладзілі спаборніцтва ў Брусэлі (Бэльгія) за межамі Гішпаніі. За 1960-я гады правялі спаборніцтвы ў Нямеччыне (Дуйсбург, 1961), Ірляндыі (Дублін, 1963), Вялікабрытаніі (Глазга, 1965), Нідэрляндах (Утрэхт, 1966) і Швайцарыі (Бэрн, 1968). У 1970 годзе міжнароднае спаборніцтва адбылося ўпершыню ў Токіё (Японія) па-за Эўропай[6]. 25 верасьня 1975 году зацьвердзілі першы Статут МАПТА[12]. У наступныя гады спаборніцтва прынялі Паўднёвая Карэя (Пусан, 1978), ЗША (Атланта, 1981), Аўстралія (Сыднэй, 1988), Тайвань (Тайбэй, 1993)[6]. 15 чэрвеня 2000 году ў Лісабоне (Партугалія) Агульны сход МАПТА ўхваліў новы Статут, паводле якога назву арганізацыі зьмянілі на «Сусьветныя навыкі»[12].
У 2007 годзе на спаборніцтве «Сусьветных навыкаў» у Сідуоцы (Японія) ўвялі адну школу на адну краіну, што абазначала суправаджэньне кожнай дружыны мясцовымі вучнямі. У 2009 годзе ў Калгары (Канад) правялі найбольшае спаборніцтва з удзелам 850 маладзёнаў ад 47 краінаў. Праз год лік краінаў у руху дасягнуў 53-х[6]. У 2013 годзе міжнароднае спаборніцтва ў Ляйпцыгу (Нямеччына) сабрала 200 000 гледачоў і расьцягнулася на 4 дні. У 6 спаборніцтвах цягам 2003—2013 гадох вяла Карэя. У 2015 годзе ў міжнародным спаборніцтве ўпершыню ўзялі ўдзел прадстаўнікі Беларусі[11]. У 2017-м упершыню зладзілі спаборніцтва ў Абу Дабі на Блізкім Усходзе, якое сумясьцілі зь Міжнародным моладзевым форумам сярэдняй спэцыяльнай адукацыі, на якім стварылі Моладзевую дэклярацыю аб будучыні навыкаў і падрыхтоўкі. У 2019 годзе спаборніцтва ўпершыню прайшло ў Казані (Расея) ў суседняй зь Беларусьсю краіне. Пасьля перапынку на каронавірусную пандэмію ў 2022 годзе спаборніцтва правялі ў Шанхаі (Кітай)[6].
Беларусь
рэдагаваць20—22 траўня 2014 году прайшоў першы конкурс прафэсійнага майстэрства «Сусьветныя навыкі Беларусі-2014». Папярэдне Рэспубліканскі інстытут прафэсійнай адукацыі стаў сябрам міжнароднай арганізацыі «Сусьветныя навыкі», якая ладзіць міжнароднае спаборніцтва дзеля папулярнасьці працоўных прафэсіяў. Спаборніцтва ў Беларусі сумясьцілі з паказам «Млына моды» і «Горада майстроў». У спаборніцтве ўзялі ўдзел 150 прадстаўнікоў навучальных установаў прафэсійна-тэхнічнай, сярэдняй спэцыяльнай і вышэйшай адукацыі. Канкурсанты паказалі прафэсійныя навыкі ў 20 спэцыяльнасьцях, сярод якіх былі: кандытарскае майстэрства, дызайн адзеньня, рэстаранныя паслугі, зварка, сталярныя працы і мабільная робататэхніка. У 2015 годзе ў міжнародным спаборніцтве ў Сан-Паўлу (Бразылія) ўпершыню ўзялі ўдзел прадстаўнікі Беларусі[11]. Сярод 15 беларускіх удзельнікаў двое тады атрымалі ордэны за дасканаласьць: Алеся Назарава — у цырульніцтве, Вольга Закрэўская — у модзе[13].
У 2017 годзе на спаборніцтвах «Сусьветных навыкаў» у Абу Дабі (ААЭ) сярод 27 беларускіх удзельнікаў ордэн за дасканаласьць у цырульніцтве здабыла Надзея Кашталян[14]. У 2019 годзе на міжнародных спаборніцтвах у Казані (Расея) выступіла 30 прадстаўнікоў Беларусі. Сярод іх ордэны за дасканаласьць атрымалі 4 удзельнікі: Валянцін Арцямёнак — у структураваных кабэльных сыстэмах, Ксенія Шафранская — у цырульніцтве, Юлія Маркевіч — у модзе і Аляксей Крупскі — у распрацоўцы вэб-бачыны[15].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Зьвесткі для сувязі (анг.) // «Сусьветныя навыкі», 2024 г. Праверана 17 лютага 2024 г.
- ^ Крыс Хамфрыс (анг.) // «Сусьветныя навыкі», 2024 г. Праверана 17 лютага 2024 г.
- ^ Аляксандар Эрдман (анг.) // «Сусьветныя навыкі», 2024 г. Праверана 16 лютага 2024 г.
- ^ Давыд Хоўі (анг.) // «Сусьветныя навыкі», 2024 г. Праверана 17 лютага 2024 г.
- ^ Справаздача за 2022 год (Грашовая справаздача, старонка 42) (анг.) // «Сусьветныя навыкі», 2023 г. Праверана 17 лютага 2024 г.
- ^ а б в г д е ё Пра нас (гісторыя) (анг.) // «Сусьветныя навыкі», 2024 г. Праверана 17 лютага 2024 г.
- ^ Статут (анг.) // «Сусьветныя навыкі», 28 верасьня 2023 г. Праверана 17 лютага 2024 г.
- ^ Правілы спаборніцтва (анг.) // «Сусьветныя навыкі», 8 студзеня 2024 г. Праверана 17 лютага 2024 г.
- ^ Навыкі (анг.) // «Сусьветныя навыкі», 8 студзеня 2024 г. Праверана 17 лютага 2024 г.
- ^ Сябры (анг.) // «Сусьветныя навыкі», 8 студзеня 2024 г. Праверана 17 лютага 2024 г.
- ^ а б в Надзея Нікалаева. Прафэсійны Алімп чакае сваіх герояў // Зьвязда : газэта. — 16 траўня 2014. — № 89 (27699). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
- ^ а б в «Сусьветныя навыкі» (анг.) // Зьвяз міжнародных аб'яднаньняў, 2022 г. Праверана 17 лютага 2024 г.
- ^ Вынікі 2015 году ў Сан-Паўлу для Беларусі (анг.) // «Сусьветныя навыкі», 2024 г. Праверана 17 лютага 2024 г.
- ^ Вынікі 2017 году ў Абу Дабі для Беларусі (анг.) // «Сусьветныя навыкі», 2024 г. Праверана 16 лютага 2024 г.
- ^ Вынікі 2019 году ў Казані для Беларусі (анг.) // «Сусьветныя навыкі», 2024 г. Праверана 17 лютага 2024 г.
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьГэта — накід артыкула. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |