Паве́транае су́дна — лятальны апарат, які падтрымліваецца ў атмасфэры пасродкам узаемадзеяньня з паветрам, адрознага ад узаемадзеяньня з паветрам, адбітым ад паверхні зямлі або вады[1]. Такім чынам, ракеты, турбалёты, экранапляны (але не экраналёты) і судны на паветранай падушцы не адносяца да паветраных суднаў. Чалавечая дзейнасьць, якая акружае паветраныя судны, называецца авіяцыяй. Звычайна кіраваньнем такіх апаратаў займаецца бартавы пілёт, аднак на наш час існуюць беспілётныя лятальныя апараты, які могуць дыстанцыйна кіравацца або самакіравацца бартавымі кампутарамі. Паветраныя судны могуць быць клясыфікаваны па розных крытэрах, як то тыпам пад’ёму, рухальнай ўстаноўкі, выкарыстаньня і іншым.

Airbus A380 зьяўляецца найвялікшым у сьвеце пасажырскім авіялайнэрам

Клясыфікацыя

рэдагаваць

Па сваёй ўдзельнай вазе паветраныя судны ўмоўна можна падзяліць на дзьве групы — паветраныя суда лягчэйшыя за паветра (анг. aerostats) і паветраныя судны цяжэйшыя за паветра (анг. aerodynes). Розьніца паміж імі складаецца ў тым, што паветраныя судны лягчэйшыя за паветра здольныя самастойна падняцца ў паветра без дапамогі дадатковай сілавы ўстаноўкі, у адрозьненьне ад паветраных суднаў цяжэйшых за паветра. Дадзеная клясыфікацыя не зьяўляецца афіцыйнай і прыводзіцца як адна з магчымых і часта ўжывальных.

Судны лягчэйшыя за паветра

рэдагаваць
 
Zeppelin NT у аэрапарту Фрыдрыгсгафэна

Паветраныя судны лягчэйшыя за паветра адрозьніваюцца тым, што для ўздыму ў паветра яны выкарыстоўваюць аэрастатычныя сілы, заснаваныя на законе Архімэда, згодна зь якім цела меншай шчыльнасьці будзе ўсплываць у асяродзьдзі большай шчыльнасьці да таго часу, пакуль не пачне плаваць, то бок пакуль шчыльнасьці цела і асяродзьдзя ня будуць роўнымі. Паколькі пры выдаленьні ад паверхні зямлі шчыльнасьць атмасфэры падае, пад’ёмная сіла такога лятальнага апарата пры наборы вышыні таксама памяншаецца. Сярод такіх суднаў вылучаюць дырыжаблі і аэрастаты.

Канструкцыя аэрастатаў звычайна характарызуецца наяўнасьцю абалонкі з заключаным у ёй газам, шчыльнасьць якога ніжэйшыя за шчыльнасьць атмасфэрнага паветра. Гэта можа быць газ лягчэйшы за паветра, як то вадарод, гель, мэтан і іншыя, альбо непасрэдна само паветра ў нагрэтым стане.

Нягледзячы на тое, што канструктыўна дырыжаблі зьяўляюцца «ўдасканаленым аэрастатам», удзельная вага некаторых зь іх цяжэйшая за паветра, — яны маюць адмоўную плавучасьць («тонуць») і недахоп аэрастатычнай пад’ёмнай сілы кампэнсуюць цягай сваіх рухавікоў. У сувязі з гэтым вылучаецца адмысловая група — гібрыдныя дырыжаблі — яны спалучаюць у сабе ўласцівасьці аэрастата (наяўнасць аэрастатычнай сілы за кошт газу ў абалонцы), шрубалёта (дадатковая пад’ёмная сіла пры вэртыкальным узьлёце ствараецца пры дапамозе апорных шрубаў) і самалёта (дадатковая аэрадынамічная пад’ёмная сіла ў час гарызантальнага палёту ствараецца за кошт нерухомага крыла). Дадзены від паветраных суднаў мае пэўныя перавагі перад звычайнымі дырыжаблямі, аднак першы гібрыдны дырыжабль быў запатэнтаваны толькі ў 1987 годзе[2].

Судны цяжэйшыя за паветра

рэдагаваць

Паветраныя судны цяжэйшыя за паветра не валодаюць дастатковай аэрастатычнай сілай, а таму для стварэньня пад’ёмнай сілы неабходна выкарыстоўваць іншыя канструктарскія рашэньні. Найбольш распаўсюджанае зь іх ёсьць выкарыстаньне аэрадынамічнай сілы, якая стварае пад’ёмную сілу за кошт несымэтрычнага абцяканьня цела, то бок аэрадынамічнай паверхні, патокам паветра.

Нерухомае крыло

рэдагаваць
 
Ан-225 зьяўляецца самым вялікім ў сьвеце грузавым самалётам
Асноўны артыкул: Крыло самалёта

У авіяцыйнай тэхніцы пад крылом маецца на ўвазе паверхня для стварэньня пад’ёмнай сілы. Пад’ёмная сіла крыла ствараецца за кошт розьніцы ціскаў паветра на ніжнюю і верхнюю паверхню. Ціск жа паветра залежыць ад хуткасьці праходжаньня паветра па паверхні. На ніжняй паверхні крыла хуткасьць праходжаньня паветра аказваецца ніжэйшай, чым на верхняй, таму пад’ёмная сіла крыла накіравана зьнізу ўверх. Прыкладамі паветраных суднаў, якія выкарыстоўваюць такі спосаб для стварэньня пад’ёмнай сілы ёсьць самалёт і плянэр.

Асноўнае адрозьненьне самалёта ад планэра складаецца ў наяўнасьці сілавой устаноўкі, з дапамогай якой ён можа самастойна набраць неабходную хуткасьць для стварэньня дастатковай пад’ёмнай сілы. Для разгону планэра выкарыстоўваюцца зьнешнія сілы, напрыклад, лябёдка з доўгім тросам або старт з наветранага схілу гары, альбо непасрэдна дастаўка да кропкі вольнага палёту з дапамогай іншага паветранага судна. Таксама існуе прамежкавы варыянт — мотаплянэр (анг. motor glider), які абсталяваны ўласнай рухальнай устаноўкай, якая дазваляе яму самастойна выконваць узьлёт або набор вышыні[3].

Апорная шруба

рэдагаваць
Асноўны артыкул: Апорная шруба

Паветраная шруба ці прапэлер (анг. Propeller) ёсьць лопасны агрэгат, прыводны ў кручэньне рухавіком і прызначаны для пераўтварэньня магутнасьці, то бок крутоўнага моманту, рухавіка ў цягу. Апорнай шрубай ці ротарам (анг. Rotor зьяўляецца паветраная шруба з вэртыкальнай восьсю кручэньня, якая забясьпечвае пад’ёмную сілу лятальнаму апарату і якая дазваляе выконваць кіраваны гарызантальны палёт і зьдзяйсьняць пасадку. Агульная назва для ўсіх аэрадынамічных паветраных суднаў, якія выкарыстоўваюць апорную шрубу або некалькі такіх шрубаў для палёту, шрубакрылыя лятальныя апараты (анг. rotorcraft). Асноўнымі прадстаўнікамі такіх апаратаў зьяўляюцца шрубалёт і аўтажыр. Розьніца паміж імі заключаецца ў тым, што апорная шруба ва шрубалёце круціцца сілавой устаноўкай, а ў аўтажыру — круціцца ў рэжыме аўтаратацыі. Апорная шруба аўтажыру нахілены назад, а сілавая ўстаноўка выкарыстоўваецца для разгону пры ўзьлёце і руху ў гарызантальным кірунку. Набягалы паток паветра пры гэтым прымушае круціцца апорную шрубу, што стварае пад’ёмную сілу.

Глядзіце таксама

рэдагаваць
  1. ^ Авиация: Энциклопедия / Гл. ред. Г. П. Свищёв. — М.: Большая Российская энциклопедия, 1994. — С. 150. — 736 с — ISBN 5-85270-086-X
  2. ^ Алексей Пасечник Возвращение цеппелина // «Вокруг Света» : журнал. — 2008. — № 2 (2809).
  3. ^ FAI Sporting Code Section 3 — Gliding " Chapter 1: General Rules and Definitions. Міжнародная авіяцыйная фэдэрацыя

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць