Грэск

вёска ў Грэскім сельсавеце Слуцкага раёну Менскай вобласьці Беларусі
(Перанакіравана з «Грэск (вёска)»)

Грэск[1] — вёска ў Беларусі, на рацэ Саве. Цэнтар сельсавету Слуцкага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год — 1694 чалавекі. Знаходзіцца за 18 км на поўнач ад места Слуцку, за 20 км ад чыгуначнай станцыі Слуцак, за 90 км ад Менску.

Грэск
лац. Hresk
Даўняя камяніца
Даўняя камяніца
Першыя згадкі: 1409
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Менская
Раён: Слуцкі
Сельсавет: Грэскі
Вышыня: 170 м н. у. м.
Насельніцтва: 1694 чал. (2010)
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 1795
Паштовы індэкс: 223641
Нумарны знак: 5
Геаграфічныя каардынаты: 53°10′8″ пн. ш. 27°29′31″ у. д. / 53.16889° пн. ш. 27.49194° у. д. / 53.16889; 27.49194Каардынаты: 53°10′8″ пн. ш. 27°29′31″ у. д. / 53.16889° пн. ш. 27.49194° у. д. / 53.16889; 27.49194
Грэск на мапе Беларусі ±
Грэск
Грэск
Грэск
Грэск
Грэск
Грэск
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Грэск — даўняе мястэчка гістарычнай Случчыны (частка Наваградчыны), старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага.

У аснове тапоніму Грэск ляжыць тое ж слова, што і ў аснове гідроніму Арэса. Таксама існуе меркаваньне, што назва паселішча ёсьць адным зь сьлядоў Грэнскае культуры на Беларусі[2].

На другім выданьні мапы Вялікага Княства Літоўскага (Амстэрдам, 1613 год) можна пабачыць напісаньне Hresko[3].

Гісторыя

рэдагаваць

Раньнія часы

рэдагаваць

На месцы Грэску ў VI ст. да н. э. — VII ст. н. э. існавала ўмацаванае валамі і равамі гарадзішча пэрыяду раньняга жалезнага веку[4]. Цяпер яно знаходзіцца ў цэнтры мястэчка, на правым беразе ракі Савы, ува ўрочышчы Замку. Мае статус гістарычна-культурнай каштоўнасьці[5]. У часе архэалягічных раскопак тут знайшлі пласты, у якіх былі прадметы розных эпох: жалезнага веку, старажытнай Русі, а таксама XIV—XVII стагодзьдзяў. У кар’еры Гайку каля Грэску выявілі скамянелыя рэшткі жывых арганізмаў, век якіх большы за 400 мільёнаў гадоў, што стала абгрунтаваньнем сьцьверджаньняў, што раней на Случчыне было мора[6]. Шэраг навукоўцаў лічыць, што менавіта каля Грэску сканчалася г. зв. мора Герадота[7].

Вялікае Княства Літоўскае

рэдагаваць
 
Грэск на мапе Случчыны

Першы пісьмовы ўпамін пра Грэск датуецца 1409 годам[8] (паводле іншых зьвестак — 1480 годам[9]). У гэты час тут існаваў драўляны замак, быў гасьціны дом[10]. У 1536 годзе мястэчка знаходзілася ў валоданьні каралевы і вялікай княгіні Боны Сфорцы і было цэнтрам войтаўства ў складзе Троцкага ваяводзтва.

4 жніўня 1570 году кароль і вялікі князь Жыгімонт Аўгуст выдаў прывілей на правядзеньне ў Грэску штотыднёвага кірмашу. У дакумэнце вызначалася, што ўсе мыты маюць ісьці ў дзяржаўны скарб. У 1558 годзе мястэчка знаходзілася ў валоданьні Марціна Валадковіча[11], паміж якім і князямі слуцкімі Юрыем і Сямёнам Алелькавічамі вяліся спрэчкі з нагоды захопу апошнмі зямлі ў валоданьнях М. Валадковіча. У 1590 годзе Грэск стаў часткаю Слуцкага княства. У гэты час тут было 68 двароў, існавалі царква, млын і карчма. 3 ліпеня 1593 году кароль і вялікі князь Жыгімонт Ваза перадаў Грэск у леннае валоданьне князю Мікалаю Радзівілу «Сіротку».

У 1600 годзе па ўзяцьці шлюбу Янушам Радзівілам з адзінай спадкаеміцай роду Алелькавічаў князёўнай Соф’яй Алелькавічаўнай Слуцкай Грэск перайшоў у валоданьне Радзівілаў. На 1654 год у мястэчку было 5 двароў, Рынак і 6 вуліц. У 1677 годзе князь Міхал Казімер Радзівіл перадаў маёнтак у закладнае карыстаньне Юрыю Багуславу Отэнгаўзу[12].

У XVIII ст. Грэск знаходзіўся ў складзе Клецкай ардынацыі Радзівілаў. На 1721 год у мястэчку было 69 двароў. У 1765 годзе Юзэф Мікалай Радзівіл перадаў Грэск у закладнае валоданьне графу Антонію Тадэвушу Пшазьдзецкаму[13]. На 1771 год тут было 88 двароў[9].

Пад уладай Расейскай імпэрыі

рэдагаваць
 
Панарама з Замчышча, 1928 г.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Грэск апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стаў цэнтрам воласьці ў Слуцкім павеце Менскае губэрні. У 1800 годзе расейскія ўлады гвалтоўна адабралі тутэйшую царкву ў Сьвятога Пасаду і перадалі ў валоданьне Маскоўскаму патрыярхату[14].

На 1818 год у Грэск было 93 двары, 6 вуліцаў, штогод праводзіўся кірмаш, на 1832 год — 105 двароў, на 1860 год — 138. У 1870 годзе з мэтай маскалізацыі краю расейскія ўлады адкрылі ў мястэчку народную вучэльню. У 1874 годзе Грэск далучылі да Нясьвіскай ардынацыі згодна з дамоўленасьцю паміж ардынатам клецкім князем Лявонам Радзівілам і ардынатам нясьвіскім князем Антоніем Вільгельмам Радзівілам[15], за што князь Л. Радзівіл атрымаў пажыцьцёвую рэнту ў 30 000 рублёў, а таксама захаваў свае правы на паляваньне ў Грэскай пушчы[16]. У 1876—1881 гадох А. В. Радзівіл збудаваў новы будынак Грэскага лясьніцтва, паляўнічы дом, скляпы і іншыя будынкі[17]. На 1885 год у мястэчку было 122 двары, існавалі школа, царква, 3 ветракі, штогод праводзіўся кірмаш.

У канцы XIX — пачатку XX стагодзьдзяў у Грэску дзеяла невялікая сынагога[18]. У пачатку XX ст. у народнай вучэльні навучаліся 109 хлопцаў і 2 дзяўчыны. На 1909 год у мястэчку было 273 двары.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў Грэску знаходзіўся лекарска-назіральны пункт, дзе даглядаліся расейскія салдаты, хворыя на ўскладнёнае запаленьне лёгкіх і плямісты тыфус цяжкага стану[19]. На 1917 год у мястэчку было 365 двароў. У лютым 1918 году Грэск занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

Найноўшы час

рэдагаваць
 
Вапнавыя печы, 1928 г.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Грэск абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Жыхары мястэчка і воласьці атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР[20]. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Грэск увайшоў у склад Беларускай ССР. У жніўні 1919 — ліпені 1920 году, кастрычніку 1920 — лістападзе 1920 году мястэчка займалі польскія войскі. У гэты час Грэск быў цэнтрам гміны, якая 15 верасьня 1919 году разам з Слуцкім паветам увайшла ў склад г. зв. Менскае акругі Грамадзянскага Кіраўніцтва Ўсходніх Земляў міжваеннай Польскай Рэспублікі.

У лістападзе 1920 — сьнежні 1920 году Грэск быў адным з цэнтраў Слуцкага збройнага чыну[21]. З жыхароў Грэскае воласьці ўтварыўся аддзел лікам 150 жаўнераў, пад камандаю афіцэра войска былое Расейскае імпэрыі Міколы Віткі[22].

Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Грэск застаўся ў складзе БССР. У гэты час у мястэчку адкрылася пачатковая школа. У 1922 годзе яна пераўтварылася ў сямігадовую. 17 ліпеня 1924 году ў выніку новага адміністрацыйна-терытарыяльнага падзелу Грэск стаў цэнтрам утворанага раёну ў складзе Слуцкай акругі[23]. На 1926 год у мястэчку было 422 двары. У чэрвені 1927 году па ліквідацыі Слуцкай акругі Грэскі раён увайшоў у склад Менскае акругі.

 
Выпуск курсаў пчаляроў, 1937 г.

У 1929 годзе савецкія ўлады стварылі ў Грэску калгас «Гігант». У 1930 годзе ўтварылася арцель нарыхтоўкі вапны. У ліпені 1930 году Грэскі раён увайшоў у склад Слуцкай пагранічнай акругі. Да 1932 году ў мястэчку працавала жыдоўская школа. У 1933 годзе савецкія ўлады зруйнавалі царкву Раства Багародзіцы[24]. Сьвятара Ўладзімера Лялеўскага, які служыў тут з 1917 году[25] — арыштавалі 14 сакавіка таго ж году з абвінавачаньнем у прыналежнасьці да контрарэвалюцыйнай царкоўна-паўстанскай арганізацыі, якую быццам ачольваў япіскап слуцкі Мікалай (Шамяціла) і прысудзілі да высылкі на поўнач тэрмінам на 5 гадоў, па чым ягоны лёс стаў невядомым[26]. У 1935 годзе ўтварылася машынна-трактарная станцыя, якая ў 1936 годзе абслугоўвала 21 калгас. У 1937—1939 гадох у мястэчку друкавалася газэта Грэскага РК КП(б) Беларусі і райсавету «Сталінец»[27], выданьне якой узнавілі ў 1946 годзе пад назваю «За камунізм», і спынілі ў 1956 годзе[28]. 15 студзеня 1938 году згодна з новым адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзелам Грэскі раён увайшоў у склад утворанай Менскай вобласьці.

У Другую сусьветную вайну 27 чэрвеня 1941 году Грэск акупавалі войскі Трэцяга Райху. У жніўні таго ж году нацысты зьнішчылі тутэйшую жыдоўскую грамаду[29]. У студзені 1942 году архімандрыт Жыровіцкага манастыра Серафім (Раман Шахмуць) і сьвятар Уладзімер Кударэнка адкрылі ў Грэску царкву[30]. У сакавіку 1944 году ў мястэчку сфармаваўся 11-ты пяхотны батальён Беларускай краёвай абароны, у складзе якога было 14 афіцэраў, 27 падафіцэраў і 474 жаўнеры (агульны лік — 515 вайскоўцаў)[31]. 1 ліпеня 1944 году савецкія войскі авалодалі Грэскам у ходзе Менскае апэрацыі[32].

20 верасьня 1944 году Грэск увайшоў у склад утворанай Бабруйскай вобласьці. 8 студзеня 1954 году ў час працэсу ўзбуйненьня абласьцёў Бабруйскую вобласьці ліквідавалі, мястэчка ўвайшло ў склад Менскае вобласьці. У 1956 годзе тэрыторыю Грэскага раёну падзялілі паміж Слуцкім, Капыльскім, Узьдзенскім і Пухавіцкім раёнамі. У 1961 годзе да мястэчка далучылі вёску Някрасаўку.

На 1971 год у Грэску было 617 двароў, на 1992 год — 838, на 1997 год — 822, на 1 студзеня 1998 году — 819. У 1998 годзе ў будынку колішняга кінатэатру пачаў дзеяць прыход царквы Раства Багародзіцы[33]. У 2005 годзе да Грэску правялі газавую сетку, збудавалі вулічны разьмеркавальны газацяг[34]. У 2009 годзе вёска атрымала афіцыйны статус «аграгарадку»[35].

Насельніцтва

рэдагаваць

Дэмаграфія

рэдагаваць
  • XIX стагодзьдзе: 1860 год — 888 чал.; 1885 год — 1068 чал.; 1897 год — 1604 чал., зь іх 207 юдэяў
  • XX стагодзьдзе: 1909 год — 1519 чал.[36]; 1926 год — 1796 чал.; 1939 год — 139 жыдоў[37]; 1971 год — 2192 чал.; 1992 год — 2291 чал.[38]; 1997 год — 2309 чал.[39]; 1 студзеня 1998 году — 2197 чал.; 1999 год — 2125 чал.
  • XXI стагодзьдзе: 2010 год — 1694 чал.

Дзеюць рэлігійныя супольнасьці:

  • Прыход Царквы Раства Багародзіцы Беларускага экзархату (вул. Школьная, 1). Пробашч — Айцец Аляксандар Корань.[40]
  • Рэлігійная суполка Царквы Хрысьціянаў Веры Эвангельскае «Ласка» (вул. Працоўная, 28). Пастыр — Сяргей Жыркоў.[41].
  • Рэлігійная суполка «Царква эвангельскіх хрысьціянаў-баптыстаў» (вул. Агародная, 20)[42].

Адукацыя

рэдагаваць

У Грэску працуюць сярэдняя школа, дзіцячая школа мастацтваў[43], дашкольная ўстанова.

Мэдыцына

рэдагаваць

Мэдычнае абслугоўваньне насельніцтва ажыцьцяўляе вясковая лякарня[44], часткамі якое зьяўляюцца фэльчарска-акушэрскія пункты ў вёсках Леткаўшчыне, Маяку і Шышчыцах. Працуе аптэка.

Культура

рэдагаваць

Культурна-асьветніцкую працу праводзяць дом культуры і бібліятэка[45].

Працуюць аддзелы зьвязку РУП «Белпошта», ААТ «Беларусбанк»[46], крамы №№ 43, 44 Слуцкага раённага спажывецкага таварыства. Ёсьць парк адпачынку, спартовая заля.

Забудова

рэдагаваць

Вуліцы і пляцы

рэдагаваць
Афіцыйная назва Гістарычная назва
Агародная вуліца Лава вуліца
Калгасная вуліца Пабялянка вуліца
Камсамольская вуліца Крывая вуліца
Менская вуліца Шышчыцкая вуліца
Першамайская вуліца Слуцкая вуліца[47]
Пралетарская вуліца Куток (Кіндзюк) вуліца
Сьцяпкоўская вуліца
Садовая вуліца Запечная вуліца

Паводле перапісу 1874 году ў Грэску існавала Селіцкая вуліца[47]. У 1920-я гады ў мястэчку было 8 вуліцаў: Лава, Крывая, Краўцовая, Замагільная, Шышчыцкая, Сьцяпкоўская, Аселіца й Куток.

Эканоміка

рэдагаваць

У Грэску працуюць сельскагаспадарчы вытворчы каапэратыў «Грэск-Агра», філія «Грэск» ААТ «Слуцкі мясакамбінат» (каля 90 работнікаў), ААТ «ПМК-71».

У 2015 годзе збудавалі сьвінагадоўчы комплекс ААТ «Слуцкі мясакамбінат» на 24 000 сьвіньняў[48].

Ёсьць пажарная аварыйна-ратавальная частка № 2 слуцкага раённага аддзелу Міністэрства надзвычайных сытуацыяў.

Транспарт

рэдагаваць

За 5 км на ўсход ад Грэску праходзіць аўтамабільная дарога Р23 (Менск — Мікашэвічы), за 7 км на поўнач — аўтамабільная дарога Р91 (Асіпавічы — Баранавічы).

Аўтобусная станцыя злучае мястэчка з Слуцкам[49].

Турыстычная інфармацыя

рэдагаваць

Інфраструктура

рэдагаваць

У Грэску дзее музэй сялянскага побыту пад адкрытым небам[50].

Славутасьці

рэдагаваць
  • Гарадзішча пэрыяду раньняга жалезнага веку (VI ст. да н. э. — VII ст. н. э.)
  • Курган і помнік на братэрскай магіле савецкіх вайскоўцаў і ахвяраў нацызму (1956)[51]

У царкве Раства Багародзіцы з 2002 году міраструмяніць цудоўны абраз Казанскае Маці Божае[52] і рэпрадукцыя абраза «Неспатольны Кубак»[53].

Страчаная спадчына

рэдагаваць
  • Замак
  • Гасьціны дом
  • Царква Раства Багародзіцы (1590)

Дадатковыя зьвесткі

рэдагаваць
  • Існуюць зьвесткі пра наяўнасьць каля Грэску падземных лёхаў[57]
  • Каля Грэску знайшлі арабскую манэту X ст.[58]
  • У гонар мястэчка сваю назву атрымаў найбуйнейшы з знойдзеных на Беларусі мэтэарытаў
  • У паэме-гутарцы «Гэй, наперад! Гэй, назад!» Ніла Гілевіча адною зь дзейных асобаў зьяўляецца Зэшка з Грэску[59]
  1. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (djvu) С. 416.
  2. ^ Грэнцы. Грэнская культура(недаступная спасылка), клюб «Спадчына»
  3. ^ Спірыдонаў М. Беларусь на карце Вялікага Княства Літоўскага 1613 г. // Гістарычны Альманах. № 8, 2008 г.
  4. ^ Памятныя мясьціны (рас.), афіцыйны сайт Слуцкага раённага выканаўчага камітэту
  5. ^ Пералік матэрыяльных аб’ектаў, якім надаецца статус і катэгорыя гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь, дадатак 1 да Пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь 14.05.2007 № 578, Нацыянальны праўны інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь
  6. ^ Каштоўныя знаходкі (рас.), Слуцкі край. 5 сьнежня 2008 г.
  7. ^ Побытавыя дробязі нашых продкаў(недаступная спасылка) (рас.), АНТ. 9 лютага 2009 г.
  8. ^ З днём нараджэння, родная вёска // Слуцкі край. 11 жніўня 2009 г.
  9. ^ а б Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Слуцкага р-на і г. Слуцка. Кн. 2. — Мн., 2001.
  10. ^ Родныя вобразы. Гасціны дом, этнічны сайт Беларусі
  11. ^ Брэгер Г., Лінская Л. Фрагмент архіва Слуцкага Трайчанскага Свята-Траецкага манастыра ў фондах Нацыянальнага музея гісторыі i культуры Беларусі // «Беларускі археаграфічны штогоднік». Вып. 5, 2004.
  12. ^ Инвентарь им. Гресск кн. Михаила Казимира Радзивилла, составленный при отдаче имения в залоговое содержание Ежи Богуславу Оттенхаузу. 1677 г., Опись дела 505 фонда № 1280 «Радзивиллы, князья» Государственного исторического архива Литвы (м. Вільня).
  13. ^ Ведомость учета недоимок, числящейся на мещанах и земянах Копыльского кнж., Гресской и Пуковской вол., составленная при передаче в арендное содержание гр. Антону Пшездецкому. 1765 г., Опись дела 609 фонда № 1280 «Радзивиллы, князья» Государственного исторического архива Литвы (м. Вільня).
  14. ^ Грэка-каталіцкія цэрквы Слуцкага павету Менскае губэрні, Сайт Згуртаваньня Беларускае Шляхты
  15. ^ Jelski A. Hresk // Słownik geograficzny... T. III. — Warszawa, 1882. S. 177.
  16. ^ Войнилович Э. Воспоминания. Перевод с польского, Старонка № 1 места горада Ліды й Лідзкага павету
  17. ^ Материалы Главного управления имениями Антона Радзивилла о строительстве нового лесничества, охотничьего дома, погреба и других строений в Гресском лесничестве. (Отчеты о расходе денег на строительство, контракты и договора с рабочими, сметы на строительство, планы и др.)… 1876—1881 гг., Опись дела 547 фонда № 1280 «Радзивиллы, князья» Государственного исторического архива Литвы (м. Вільня).
  18. ^ Supplement to the Village (анг.), Reminiscences. The Personal Life of Artist Ary Stillman, 1988.
  19. ^ Яна Собеская. Их называли белыми ангелами // Рэспубліка. 31 ліпеня 2010 г.
  20. ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 19.
  21. ^ Крызіс: «Ландыш» вяне, Белая Ліпа замярзае, Радыё Свабода. 2 лютага 2009 г.
  22. ^ Юрка Харытончык. 3 успамінаў слуцкага паўстанца, Бібліятэка гістарычных артыкулаў
  23. ^ Гісторыя Слуцкага раёну (рас.), афіцыйны сайт Слуцкага раённага выканаўчага камітету
  24. ^ Чудотворная икона в Греске // «Знамя Юности», 6 студзеня 2010 г.
  25. ^ Ляляўскі (Лелявский) Уладзімір.(недаступная спасылка) // Маракоў Л. Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- і царкоўнаслужыцелі Беларусі 1917—1967. Энцыклапедычны даведнік у 2-х тамах. Т. 2. — Менск, 2007.
  26. ^ Кривонос Ф. Синодик за веру и церковь пострадавших в Минской епархии (1918—1951 годы). — Киевец: Свято-Троицкая церковь, 1996.
  27. ^ «Сталінец»(недаступная спасылка), Электронны каталёг Нацыянальнае бібліятэкі Беларусі.
  28. ^ «За камунізм».(недаступная спасылка), Электронны каталёг Нацыянальнае бібліятэкі Беларусі.
  29. ^ Винница Г. Потери еврейского населения за период оккупации восточной и центральной частей Беларуси в 1941—1944 годах(недаступная спасылка), Уроки Холокоста: История и современность
  30. ^ Силова С. Православная церковь в Белоруссии в годы Великой Отечественной (1941—1945) / Монография. — Гродно, 2003.
  31. ^ Шнэк С. Узброеная Случчына. Да гісторыі Беларускае Краёвае Абароны // «Беларускі Рэзыстанс» №1, 2004.
  32. ^ Лічба Савецкага інфармацыйнага бюро. 1 ліпеня 1944 году (рас.), сайт Солдат. RU.
  33. ^ Символ последней надежды, «Інфа-Кур’ер», 22 лістапада 2007 г.
  34. ^ Гісторыя УП «МінскВоблГазАб’ект»(недаступная спасылка) (рас.), вытворчае унітарнае рэспубліканскае прадпрыемства «МінскВоблГазАб’ект»
  35. ^ Объект как эталон эстетического оформления (рас.), Будаўніцтва і нерухомасьць
  36. ^ Mestechki of Minsk Gubernia. (анг.)
  37. ^ Gresk The Encyclopedia of Jewish Life Before and During the Holocaust: A-J. (анг.)
  38. ^ Шчарбатаў А. Грэск // ЭГБ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 167.
  39. ^ БЭ. — Мн.: 1997 Т. 5. С. 495.
  40. ^ Минская епархия Слуцкое благочиние(недаступная спасылка) (рас.), Православие. By
  41. ^ Поместные церкви ХВЕ (рас.), Объединенная Церковь христиан веры евангельской в Республике Беларусь
  42. ^ Поместные церкви Союза эвангельскіх хрысьціянаў-баптыстаў (рас.), Христианский портал в Беларуси на ROGDESTVO.by
  43. ^ Случчына — невычэрпная крыніца талентаў // «Слуцкі край». 28 верасьня 2010 г.
  44. ^ Греская участковая больница (рас.), Здравохранение Беларуси
  45. ^ Греская библиотека-филиал № 14 сети публичных библиотек Слуцкого района (рас.), Библиотеки Республики Беларусь и зарубежных стран.
  46. ^ Отделение №615/33 ОАО «АСБ Беларусбанк»(недаступная спасылка) (рас.), сайт ОАО «АСБ Беларусбанк»
  47. ^ а б Place Names in the 1874 List of Jewish Males in Lyakhovichi by Deborah Glassman
  48. ^ На еўрапейскім узроўні(недаступная спасылка) // «Слуцкі край», 21 верасьня 2010 г.
  49. ^ Расписание движения автобусов по автовокзалу «Слуцк».(недаступная спасылка) ДУП «Автобусный парк № 2» г. Слуцка (рас.)
  50. ^ Музэй пад адкрытым небам стварыў жыхар вёскі Грэск // «Інфа-Кур’ер», 19 траўня 2010 г.
  51. ^ Обелиск на братской могиле советских воинов и жертв фашизма (в. Грэск) (рас.), Афіцыйны сайт Слуцкага раённага выканаўчага камітету
  52. ^ Микашевичи-Туров-Греск (рас.), Свято-Елисаветинский монастырь в Минске
  53. ^ Паломничество по маршруту Греск-Слуцк состоится 16 мая (рас.), Православный дайджест новостей
  54. ^ «Жизнь по заданию. „Зефир“ и „Эльза“ Разведчики-нелегалы»(недаступная спасылка) (рас.), Книгосайт
  55. ^ Самая каштоўная спадчына(недаступная спасылка) // «Голас Радзімы», 25 лістапада 2010 г.
  56. ^ Загадкавы сьвет Аляксандра Салтаўца // «Інфа-Кур’ер», 24 чэрвеня 2009 г.
  57. ^ Подземные архитектурные сооружения России: обзор и опыт кадастра // Conference «Rock-cut Megalithic Monuments: Problems and ways of solving them». Sofia, 1999.
  58. ^ Звягин Ю. Путь из варяг в греки. Тысячелетняя загадка истории. — Москва, 2009.
  59. ^ У «Доме літаратара» Рыгор Барадулін, Анатоль Сідарэвіч, Міхась Тычына, Радыё Свабода, 12 кастрычніка 2007 г.

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць