Беларуская краёвая абарона

(Перанакіравана з «Беларуская Краёвая Абарона»)

Белару́ская Краёвая Абарона (БКА; лацінка: Biełaruskaja Krajovaja Abarona, BKA) — вайсковае фармаваньне, створанае ў генэральнай акрузе «Беларусь» у 1944 годзе.

Беларуская краёвая абарона

Шаўрон БКА
Гады існаваньня 23 лютага 1944 — красавік/травень 1945
Краіны Трэці Райх
«Беларусь»
Падпарадкаваньне Вафэн СС
Тып Узброеныя сілы
Уключае ў сябе 39 пяхотных батальёнаў
6 сапэрных батальёнаў
Функцыя змаганьне з партызанамі
Колькасьць 21629 чалавек да канца красавіка 1944 году
Дысьлякацыя Генэральная акруга Беларусь
Марш Марш БКА
Войны Другая Сусьветная вайна
Нямецка-савецкая вайна
Удзел у «Сьвята вясны»
Вядомыя камандзіры Францішак Кушаль

Стварэньне

рэдагаваць

15 студзеня 1944 году прэзыдэнт БЦР Радаслаў Астроўскі паклікаў у склад рады 14 асобаў, а 24 студзеня быў абраны прэзыдыюм Беларускай цэнтральнай рады[1]. У ягоны склад увайшоў і Францішак Кушаль як галава аддзелу вайсковых справаў. Гэты аддзел ствараўся зь меркаваньнем стварэньня ў будучыні беларускага войска[2].

У пачатку лютага 1944 году Астроўскі, Кушаль, Нэронскі, як сакратар прэзыдэнта, і прадстаўнік штабу Готбэрга капітан Эміль Кумэр выехалі ў падарожжа па некаторых акругах, каб высьветліць стаўленьне беларусаў да мабілізацыі ў БКА. Падчас паездкі яны былі ў Слуцку, Баранавічах і Слоніме, пасьля якога вярнуліся ў Менск[2].

Пасьля паездкі прэзыдэнтам БЦР былі прызначыныя акруговыя намесьнікі БЦР, на што быў атырманы дазвол Готбэрга ў лютым 1944 году[3].

23 лютага 1944 году, пасьля дазволу Гітлера на мабілізацыю ў тым жа месяцы[3], быў выдадзены загад Готбэрга аб стварэньні Беларускай Краёвай Абароны. З гэтае нагоды ў кабінэце прэзыдэнта БЦР была скліканая зачыненая нарада, каб азнаёміцца з гэтым загадам[4].

На гэтай нарадзе былі прысутныя: прэзыдэнт БЦР Астроўскі, першы віцэ-прэзыдэнт Шкялёнак, галоўны кіраўнік БКА Кушаль і яго заступнік Мікула, намесьнікі БЦР і акруговыя начальнікі БКА. Ад немцаў былі прысутнымі: начальнік штабу Готбэрга падпалкоўнік Клейн з ад’ютантам, камандовец чужа-нацыянальнай паліцыі на Беларусі падпалкоўнік Каўфман з ад’ютантам, кіраўнік палітычнага аддзелу СД у Менску Сэп і нямецкія акруговыя каманданты паліцыі.

Ад’ютант падпалк. Клейна адчытаў сакрэтны загад Готбэрга аб утварэньні БКА.

Паводле загаду, Готбэрг, паклікаючыся на прапанову прэзыдэнта БЦР ад 18 лютага 1944 году, загадаў утварэньне БКА да барацьбы супроць бальшавізму. Утварэньне БКА мелася адбыцца на ўсёй тэрыторыі Генэральнай акругі Беларусі, за выняткам акругаў Ганцавічы і Ліда, дзе небыло акруговых намесьнікаў БЦР і акруговых начальнікаў БКА, праз польскае засільле ў адміністрацыі[5]. У існых ці заплянаваных абаронных вёсках мабілізацыя забаранялася[4].

Па прачытаньні загаду паўстала дыскусія пра дату пачатку мабілізацыі ў БКА, якой сталася 10 сакавіка 1944 году[2].

25 лютага ў Менску адбыўся вялікі мітынг, на якім так званы «беглы» капітан Чырвонай Арміі Ігар Капер «абнародаваў» таемны загад Сталіна аб поўным вынішчэньні беларускай нацыі, пасьля чаго была падрыхтаваная рэзалюцыя аб гатоўнасьці гэтай нацыі да барацьбы з бальшавізмам[3]. У той жа дзень Беларускай цэнтральнай радай былі прызначаныя акруговыя начальнікі (камандоўцы) БКА[3]. Акруговых начальнікаў БКА падбіраў Францішак Кушаль, які таксама заняўся арганізацыяй штабу БКА й распрацаваньнем пляну мабілізацыі[2].

1 сакавіка на чарговай канфэрэнцыі ў ОМі Курт фон Готбэрг прадставіў праект стварэньня ў Беларусі на працягу 4–6 тыдняў антыпартызанскага фармаваньня, т. зв. Kampfgruppen von Gottberg, сілаю 20 тыс. чалавек. У яго павінныя былі ўліцца казацкія і каўкаскія адзінкі, брыгада Камінскага і беларускія батальёны. Такім чынам, БКА была задуманая як адно з гэткіх фармаваньняў Готбэрга. Ён не называў праектаванага колькаснага складу БКА, але, паводле Юрыя Туронка, з тых дадзеных, якія ён падаў, можна меркаваць, што плянаваўся 10-тысячны кантынгент[3].

Мабілізацыя

рэдагаваць

6 сакавіка 1944 году прэзыдэнт БЦР Астроўскі падпісаў загад аб мабілізацыі ў Беларускую Краёвую Абарону[6]. 9 сакавіка ўвечары ў большай частцы Беларусі былі расклеяныя вялікія абвешчаньні аб мабілізацыі. Наступнай раніцай мабілізацыйныя камісіі распачалі сваю працу. На будынках камісіяў былі ўзьнятыя бел-чырвона-белыя сьцягі[7].

10 сакавіка[2] пачалася мабілізацыя і цягнулася да 15 красавіка[8]. Як адзначаў Кушаль, мабілізацыя праходзіла даўжэй, чым плянавалася, з-за малога дазнаньня прыймовых камісіяў ды перашкодаў нямецкіх уладаў і партызанаў[2].

У выніку прызыву ў сямі акругах Генэральнай акругі Беларусі была сфармавана наступная колькасьць батальёнаў:[9]

  • Менская акруга — 6 батальёнаў (2358 чалавек);
  • Слуцкая акруга — 5 батальёнаў (3982 чалавекі);
  • Наваградзкая акруга — 4 батальёны (2047 чалавек);
  • Баранавіцкая акруга — 8 батальёнаў (6495 чалавек);
  • Глыбоцкая акруга — 4 батальёны (2910 чалавек);
  • Вялейская акруга — 4 батальёны (2414 чалавек);
  • Слонімская акруга — 3 батальёны (1423 чалавекі).

Аснову войска склала мабілізаванае мужчынскае насельніцтва 1908—1924 гадоў нараджэньня[10].

Да 28 сакавіка 1944 году былі сфармаваныя 34 пяхотныя батальёны, асабовы склад якіх налічваў 21629 афіцэраў, унтэр-афіцэраў і шарагоўцаў. 10 красавіка пачаліся заняткі з баявога рыхтаваньня[9].

Усяго было мабілізавана каля 25 тыс. чалавек, зь якіх плянавалася стварыць 48 батальёнаў па 450—500 чал. Да сярэдзіны красавіка 1944 было створана 38 пяхотных і 6 сапёрных батальёнаў, некаторыя зь якіх засталіся недаўкамплектаваныя[10].

Афіцэры і падафіцэры БКА праходзілі падрыхтоўку на 3-хтыднёвых курсах у Менску, радавыя — на месцах службы.

Зрыў мабілізацыі

рэдагаваць

10—11 сакавіка 1944 году Цэнтральны камітэт Камуністычнае партыі Беларусі выдаў адмысловы зварот да насельніцтва акупаванай Беларусі. У звароце казалася, што мабілізацыя праводзіцца, каб сабраць найздаравейшую частку насельніцтва і зьнішчыць яе ў лягерах сьмерці[11]. ЦК КПБ заклікала не паддавацца ні на якія правакацыі акупантаў, а прызыўныя — пункты зьнішчаць[11].

Падпольныя органы КПБ паклалі зварот ЦК КПБ у аснову сваёй палітыка-агітацыйнай і арганізацыйнай працы. Гэты зварот друкаваўся ў дзясятках тысячах асобніках. Напрыклад, з час правядзеньня мабілізацыі ў паўднёвых раёнах Менскай акругі былі распаўсюджаныя 62 тысячы паасобнікаў улётак і 54 тысячы газэтаў з тэкстам гэтага звароту. У Беластоцкай акрузе за сакавік—красавік выдалі вялікім накладам 11 улётак, якія заклікаюць не ўступаць у БКА[11].

Партызаны ды падпольнікі таксама грамілі прызыўныя пункты, забівалі сяброў прызыўных камісіяў й ладзілі кардоны, каб не прапусьціць прызыўнікоў. Таксама ладзіліся напады на ўжо сфармаваныя батальёны БКА, якія яшчэ не былі ўзброеныя. У выніку гэтых нападаў найбольш актыўныя ахвіцэры й унтэр-ахфіцэры зьнішчаліся, а шарагоўцы распускаліся па дамах або ўступалі ў партызанскія атрады. Гэтак было ў некаторых раёнах Наваградзкай, Слонімскай, Баранавіцкай акругі[12].

Прызыўнікі

рэдагаваць

Адмысловым загадам БЦР ад прызыву былі вызваленыя акраінныя раёны. Гэта было выклікана тым, што яны знаходзіліся ў партызанскіх зонах, з-за чаго там было немагчыма праводзіць мабілізацыю[13]. Гэтым жа загадам былі вызваленыя кіраўнікі акругаў і раёнаў, некаторыя лекары й аграномы, інжынэрна-тэхнічныя кадры чыгуначнікаў, працаўнікі прадпрыемстваў ваеннай прамысловасьці і настаўнікі сярэдніх школаў[14].

Прызыву падлягалі ўсе колішнія ахвіцэры й унтэр-ахвіцэры Царскай, Чырвонай, Польскай арміі, добраахвотніцкіх фармаваньняў 1918—1920 гадоў і іншых у веку, адпаведна, да 57 і 55 гадоў. У загадзе таксама казалася, што яны могуць быць вызваленыя ад мабілізацыі, калі знаходзяцца на кіроўных пасадах або працуюць адмыслоўцамі ў нямецкіх установах[8].

Мабілізацыі падлягалі нараджэнцы ад 1908 да 1917 году і ад 1921 да 1924 году[6].

Прыймовыя камісіі

рэдагаваць

Прыймовыя камісіі для афіцэраў і падафіцэраў ствараліся ў акругах. У іх уваходзілі:[15]

  • Намесьнік БЦР як старшыня;
  • Акруговы афіцэр;
  • Адзін старшыня павету або акруговага гораду;
  • Два лекары.

Прыймовыя камісіі для шарагоўцаў ствараліся ў паветах. У іх уваходзілі:[6]

  • Паветавы старшыня як старшыня камісіі;
  • Паветавы афіцэр;
  • Афіцэр, сябра камісіі;
  • Два лекары.

Шкаленьне

рэдагаваць

Паводле пляну, асабовы склад жаўнераў павінны быў прайсьці баявую, тактычна-палявую, стралковую й фізычную падрыхтоўку. Аднак амал ьне было матэрыяльна-тэхнічнае й тэарэтычнае часткі. Жаўнеры былі вымушаныя вучыцца паводле скарочаных нямецкага й савецкага ўставаў ды вольнага пераказу некаторых падручнікаў[16].

Баявая падрыхтоўка пачыналася на другі або трэці дзень пасьля мабілізацыі. Тактычна-палявая падрыхтоўка пачыналася ва ўсіх батальёнах на шосты дзень пасьля прызыву, 16 сакавіка 1944 году. Паводле навучальнага пляну ды праграмы, праз 2-3 тыдні ўсе батальёны БКА павінныя былі стаць баяздольнымі[16].

Навучаньне скончылася манэўрамі толькі ў адзінак зь Вялейскай акругі. Гэтыя манэўры прайшлі ў пачатку чэрвеня 1944 году. У іх часткі БКА разам з паліцыяй і часткамі Арміі Краёвай адпрацоўвалі захоп варожых пазыцыяў. Пасьля манэўраў адбылося абмеркаваньне іх беларускім і нямецкім бокам. Збольшага усе былі задаволеныя вывучкай беларусаў. Аднак тутэйшы акруговы афіцэр маёр Міхал (Павал) Якуцэвіч зазначаў, што для вядзеньня сучаснае вайны патрэбная й сучасная зброя, асабліва танкі й авіяцыя[17].

Дзейнасьць

рэдагаваць

Галоўнай задачай БКА зьяўлялася барацьба супраць савецкіх партызан, якая праводзілася ў згодзе з паліцэйскімі ўладамі на месцах. Многія са створаных батальёнаў выкарыстоўваліся для аховы складаў, іншых гаспадарчых мэтаў. Пад уплывам агітацыі партызанаў і падпольшчыкаў, посьпехаў Чырвонай Арміі частка вайскоўцаў БКА перайшла са зброяй да партызанаў.

25[2][17][18] (або 26[19]) сакавіка адбылася ўрачыстая прысяга БКА ў паасобных батальёнах[18]. У некаторых батальёнах у гэты дзень яе не было, бо самі гэтыя батальёны яшчэ былі на стадыі фармаваньня[2]. У Менску на Катэдральнай плошчы (плошча Волі) прысягу складалі курсанты афіцэрскай і падафіцэрскай школы ў прысутнасьці прэзыдэнта БЦР Аўстроўскага, гэнэральнага камісара Готбэрга, прадстаўнікоў нямецкай арміі, цывільнай адміністрацыі і вялікага натоўпу народу[18]. Пасьля прысягі адбыўся парад[2].

5 красавіка 1944 году БЦР прыняла пастанаўленьне аб ўвядзеньні ахвіцэрскіх рангаў БКА. 12 красавіка было прынятае такое ж пастанаўленьне адносна унтэр-ахвіцэрскіх годнасьцяў[20]. Для кожнага з 18 рангаў былі распрацаваныя варыянты параднай, выхадной, службовай і палявой уніформы, аднак яны засталіся толькі на паперы[20].

Баявыя дзеяньні

рэдагаваць

У канцы траўня нямецкі штаб пастанавіў ужываць лепш падрыхтаваныя батальёны БКА ў вялікіх апэрацыях супраць партызанаў. Першым быў 15-ты батальён з павету Гарадзішча, які стаяў у вёсцы Вольнай[18]. Перад апэрацыяй батальён быў перавезены ў Менск, дзе быў абмундзіраваны, пераўзброены і рэарганізаваны[18]. Батальён прымаў удзел у баях з партызанамі ў ваколіцах Лепелю ды БарысаваСьвята вясны»)[21]. Апэрацыя доўжылася з 16 красавіка да 10 траўня 1944 году[21]. Усевалад Родзька, камандовец батальёну ў апэрацыі, быў узннагароджаны жалезным крыжом, а камандоўцы ротаў, шмат якія унтэр-афіцэры ды шарагоўцы атрымалі «баявую адзнаку для ўсходніх народаў»[21][22].

У сярэдзіне чэрвеня 1944 году ў акцыю супраць партызанаў быў узяты 34-ты батальён БКА са Стоўпцаў. Але гэта адбылося бязь веданьня Галоўнага кіраўніцтва БКА, з-за чаго шмат жаўнераў проста разьбеглася перад пасадкай на цягнік. Каб батальён захаваўся ў яго быў накіраваны намесьнік Кушаля Віталь Мікула, які ўгаварыў беларускіх жаўнераў пайсьці на апэрацыю[21][22].

Наваградзкі батальён у другой палове чэрвеня 1944 году прымаў удзел разам зь нямецкімі аддзеламі ў акцыі супроць партызанаў на паўночны ўсход ад Глыбокага[22].

У буйных апэрацыях супраць партызанаў немцы стараліся ўжываць найбольш падрыхтаваныя ды добра ўзброеныя батальёны[23]. Тыя ж батальёны, што былі падрыхтаваныя слаба, выкарыстоўваліся як мясцовая самаабарона: яны патрулявалі раён свайго базаваньня й адганялі партызанаў назад у лес, такім чынам, даючы сялянам магчымасьць спакойна апрацоўваць зямлю. Так выкарыстоўваліся адзінкі БКА Вялейскай й Слуцкай акругі. Тут змаганьне пачалося адразу па фармаваньні батальёнаў, захапіўшы ўвесь этап рыхтаваньня. Фактычна тутэйшыя жаўнеры вучыліся ў баі[24].

Пасьля 27 чэрвеня 1944 нямецкі пэрсанал, адказны за сувязь пры БКА, пакінуў Менск, і рашэньне пра лёс асобных атрадаў БКА пакладалася на камандоўцаў гэтых атрадаў. Яны паставілі жаўнераў БКА перад выбарам: адступіць разам зь немцамі ці застацца дома. Бальшыня абірала родны дом. Напрыклад, толькі 18 з 700 жаўнераў баранавіцкага атраду БКА, збольшага падафіцэры, вырашыла ісьці зь немцамі на захад[25].

На эміграцыі

рэдагаваць

Пасьля таго, як тэрыторыю Беларусі занялі савецкія войскі, кіраўніцтва БКА перабралася ў Нямеччыну, дзе працягвала дзейнасьць. Паводле Францішка Кушаля, ва Ўсходняй Прусіі і Польшчы было каля 10 тысячаў жаўнераў БКА[2].

13 верасьня пастановай Радаслава Астроўскага без дазволу немцаў у Бэрліне быў створаны 1-ы беларускі вучэбны кадравы батальён[2].

5 кастрычніка 1944 вайсковы аддзел БЦР рэарганізаваны ў Галоўнае кіраўніцтва вайсковых справаў (БКВС) на чале з Кастусём Езавітавым[26].

5 кастрычніка 1944 г. прэзыдэнт БЦР выдаў загад, які таго ж дня быў прадубляваны ў адпаведным загадзе № 6 шэфа ГКВС аб увядзеньні для беларускіх вайскоўцаў на чужыне нарукаўнай нашыўкі ў выглядзе бел-чырвона-белага шчытку (пад вуглом 45° справа налева)[27]. У верхняй частцы на цёмнашэрым тле белы надпіс лацінкай «Беларусь»[9]. Пазьней гэты праект Езавітава стаў асновай для нарукаўнай нашыўкі 30-й грэнадэрскай дывізіі СС «Беларусь»[27].

На пачатку 1945 году ўтвораная 1-я беларуская грэнадэрская брыгада «Беларусь» (пазьней — 30-я грэнадэрская дывізія СС «Беларусь №1»), якая 30 красавіка 1945 году трапіла ў палон да амэрыканцаў[2].

Батальёны БКА ў Нямеччыне фармаваліся пераважна з асобаў, якія былі праціўнікамі савецкай улады і зьбеглі з раёнаў, занятых савецкімі войскамі. Пасьля вайны значная іх частка апынулася ў эміграцыі.

Кіраўніцтва

рэдагаваць
Асноўны артыкул: Штаб Беларускай краёвай абароны

Фармальна БКА ўзначальвала Галоўнае камандаваньне на чале з маёрам Францішакам Кушалем. Аднак беларускае кіраўніцтва было моцна абмежаванае немцамі. У штабе БКА не было апэрацыйнага аддзелу, што зводзіла ягоную ролю на другараднае месца. Паводле нямецкага пляну, заданьнем штабу БКА, апрача правядзеньня мабілізацыі, была прапагандовая праца[2].

Акруговыя начальнікі БКА

рэдагаваць

Паводле ідэі Кушаля, мабілізацыю павінныя былі праводзіць адмыслова ўпаўнаважаныя прадстаўнікі Штабу БКА, акруговыя начальнікі БКА. За іх былі прызначыныя:[2][5][28]

У кожнага акруговага начальніка БКА ў падпарадкаваньні былі раённыя начальнікі БКА[28]. Таксама акружныя й раённыя начальнікі БКА павінныя былі разам з акружнымі прадстаўнікамі БЦР абіраць камандоўцаў будучых вайсковых адзінак БКА[13].

Нацыяналізм

рэдагаваць

15 сакавіка 1944 году маёр Францішак Кушаль выдаў загад № 15, паводле якога трэба было прыбраць з батальёнаў БКА ўсіх афіцэраў і падафіцэраў польскае нацыянальнасьці, перадаўшы іх у распараджэньне Біржы працы. Тое ж самае трэба было зрабіць і з палякамі-шарагоўцамі, калі, на думку камандоўцаў ротаў, іх прысутнасьць была непажаданая. У некаторых адзінках БКА гэты загад быў выкананы дэмабілізацыяй усіх жаўнераў польскай нацыянальнасьці. Аднак у некаторых батальёнах польскія афіцэры й падафіцэры працягвалі служыць, напрыклад, у клецкім батальёне[8].

Палякам забаранялася наведваць трохтыднёвыя афіцэрскія курсы БКА ў Менску[8].

30 траўня 1944 году Кушаль выдаў загад, паводле якога асабоваму складу адзінак БКА забаранялася сьпяваць небеларускія песьні[8].

6 чэрвеня 1944 году на паседжаньні Беларускай цэнтральнай рады ў Менску было пастаноўлена:[29]

Аддзелу прапаганды Краёвай Абароны правесьці растлумачэньне ў аддзелах аб высокім гонары для беларуса вайскоўца мець і насіць сваю ўласную беларускую ўніформу.

Значэньне

рэдагаваць

Беларуская краёвая абарона была адзінай вайсковай фармацыяй, створанай на акупаванай Нямеччынай тэрыторыі, у якую быў зладжаны паўнавартасны прызыў[30], вынікі якога сталі сур’ёзным палітычным посьпехам Радаслава Астроўскага й Курта фон Готбэрга[3][31]. Таксама гэта была спроба арганізацыі нацыянальных беларускіх узброеных сілаў на акупаванай тэрыторыі СССР, якая гэтаксама праходзіла паводле ўсіх правілаў ваеннай навукі[30].

Галоўны камандовец БКА маёр Францішак Кушаль пазьней адзначаў:[2]

Правядзеньне мабілізацыі на Беларусі прадстаўніцтвам беларускага народу, якім тады з’яўлялася БЦР, было надзвычайна важнай справай. Гэта быў першы факт у гісторыі Беларусі, калі беларускі народ паклікаўся ў беларускае войска беларускімі ўладамі.

Маёр БКА Зьміцер Касмовіч меркаваў, што форма БКА стане формай войска Вольнае Беларусі:[9]

Сімвалам таго, што час няволі міне і на стражы граніц вольнай і незалежнай Беларускай Рэспублікі стануць Беларускія Збройныя Сілы апранутыя ў уніформу беларускага жаўнера Беларускай Краёвай Абароны.

Маёр БКА Ўладзімер Шнэк прызнаваў БКА за «адзіную сапраўдную нацыянальную Беларускую Збройную Сілу», патрэбную, каб абараніць беларускі народ і БНР ад захопнікаў[9].

10 чэрвеня 1944 году БЦР выдала пастанову, паводле якой лекары БКА на пагонах павінныя мець мэдычную адзнаку (вужаку)[32].

Вайсковую уніформу і адпаведныя адзнакі за ваенныя заслугі рыхтавалі палкоўнік Сьцяпан Шнэк, маёр Пётар Касацкі й іншыя. На чале іх стаяў Кастусь Езавітаў[9].

5 кастрычніка 1944 г. прэзыдэнт БЦР выдаў загад[27], які таго ж дня быў прадубляваны ў адпаведным загадзе № 6 шэфа ГКВС аб увядзеньні для беларускіх вайскоўцаў на чужыне наступных адзнак:[33]

  1. Пагоны — як у Нямецкай Арміі, з усімі адзнакамі паводля рангаў, ступеняў і становішчаў;
  2. На шапцы — Беларускі Гэрб — «Пагоня», як у БКА;
  3. На каўняры — пятліцы, як у БКА, з шасьціканцовым двукрызкам «Ярылы»;
  4. На правым рукаве, вышэй локця — шчыток з бела-чырвона-белымі колерамі і з белым надпісам на цёмна-шэрым фоне «Беларусь» (лацінкаю), паводле далучанага узору.

Годнасьці

рэдагаваць

У пададзенай табліцы пададзеныя годнасьці БКА двух праектаў:

Праект 1944 году[34] Праект 1945 году[9]
Генэралы Гэнэрал зброі

(Генэрал зброі)[35]

Генерал зброі

Маршал БНР

Генерал-палкоўнік
Гэнэрал-лейтэнант

(Генэрал-лейтэнант)[35]

Генерал-лейтэнант
Генерал-маёр
Афіцэры[36] Палкоўнік Палкоўнік
Падпалкоўнік Падпалкоўнік
Маёр Маёр
Капітан Капітан
Старшы лейтэнант

Надлейтэнант[2]

Старшы летэнант
Лейтэнант Лейтэнант
Падафіцэры[37] Сьцяжны Сьцяжны
Старшыня Старшыня

Старшы сяржант

Зьвязны Зьвязны

Сяржант

Дружынны

Дружыновы

Дружыновы

Младшы сяржант

Шарагоўцы Старшы стралец Капрал
Старшы   жаўнер   2-й клясы
Старшы   жаўнер   1-й клясы
Стралец Жаўнер

Знакі адрозьненьня

рэдагаваць

Ніжэй пададзеныя знакі адрозьненьня праекту 1945 року з альбому Ўладзімера Шнэка[9].

генэралы

рэдагаваць
Пазнака Генэралы
Палікі              
Годнасьці Генерал зброі Генерал-палкоўнік Генерал-лейтэнант Генерал-маёр
  Вэрмахт Generaloberst General der Waffengattung Generalleutnant Generalmajor
  эквівалент OF-9 OF-8 OF-7 OF-6

Ахвіцэры

рэдагаваць
Пазнака Ахвіцэры
Палікі                        
Годнасьці Палкоўнік Падпалкоўнік Маёр Капітан Старшы лейтэнант Лейтэнант
  Вэрмахт Oberst Oberstleutnant Major Hauptmann Oberleutnant Leutnant
  эквивалент OF-5 OF-4 OF-3 OF-2 OF-1

Унтэр-ахвіцэры й шараговы склад

рэдагаваць
Пазнака
Унтэр-ахвіцэры Шараговы склад
Палікі

Тарчыкі

                   
     
Годнасьці Сьцяжны Старшыня Зьвязны Дружыновы Капрал Старшы жаўнер

2-ай клясы

Старшы жаўнер

1-ай клясы

Жаўнер
  Вэрмахт Oberfähnrich Stabsfeldwebel Oberfeldwebel Feldwebel Stabsgefreiter

Hauptgefreiter

Obergefreiter Gefreiter Soldat
  эквівалент OF-(D) ОR-8 ОR-7 ОR-6 ОR-4/3 ОR-3 ОR-2 ОR-1

Узнагароды

рэдагаваць

Падчас вайны, імаверна, з 1944 году існаваў ордэн «Жалезны Крыж Заслугі». Ужо на эміграцыі 10 кастрычніка (паводле Мазырэца 10-14 кастрычніка) 1976 году Радаслаў Астроўскі (за тыдзень да сваёй сьмерці) зацьвердзіў тры ўзнагароды БКА:[38]

  • 21 сакавіка 2021 году СТБ у межах праграмы «Тыдзень» (па-расейску: Неделя) упершыню паказала на тэлебачаньні кадры прысягі й параду БКА 25 (або 26) сакавіка 1944 году[19].
  • Частка беларусаў сьвяткуе 23 лютага як дзень стварэньня БКА, а не Чырвонай Арміі.

Крыніцы й заўвагі

рэдагаваць
  1. ^ Язэп Найдзюк, Іван Касяк. Беларусь учора і сяньня. — 1992. — С. 269.
  2. ^ а б в г д е ё ж з і к л м н о п Францішак Кушаль. Спробы арганізацыі беларускага войска пры нямецкай акупацыі Беларусі // Беларускі Гістарычны Агляд. — 1998.
  3. ^ а б в г д е Юры Туронак. Беларусь пад нямецкай акупацыяй. — Менск: 1993.
  4. ^ а б Язэп Найдзюк, Іван Касяк. Беларусь учора і сяньня. — 1992. — С. 271.
  5. ^ а б в Язэп Найдзюк, Іван Касяк. Беларусь учора і сяньня. — 1992. — С. 270.
  6. ^ а б в Язэп Найдзюк, Іван Касяк. Беларусь учора і сяньня. — 1992. — С. 272.
  7. ^ Язэп Найдзюк, Іван Касяк. Беларусь учора і сяньня. — 1992. — С. 273.
  8. ^ а б в г д Олег Романько. КОРИЧНЕВЫЕ ТЕНИ В ПОЛЕСЬЕ. БЕЛОРУССИЯ 1943—1945. — 2008. — С. 232.
  9. ^ а б в г д е ё ж Уладзімір Шнэк. Беларуская краёвая абарона. Уніформа і адзнакі. Ілюстраваны альбом. — Мельбурн: Беларускі Вызвольны Фронт, 1984.
  10. ^ а б Літвін, А. Аупацыя Беларусі (1941—1944). Пытанні супраціву і калабарацыі. — Мн.: Беларускі кнігазбор, 2000. — С. 187.
  11. ^ а б в Олег Романько. КОРИЧНЕВЫЕ ТЕНИ В ПОЛЕСЬЕ. БЕЛОРУССИЯ 1943—1945. — 2008. — С. 246.
  12. ^ Олег Романько. КОРИЧНЕВЫЕ ТЕНИ В ПОЛЕСЬЕ. БЕЛОРУССИЯ 1943—1945. — 2008. — С. 246-247.
  13. ^ а б Олег Романько. КОРИЧНЕВЫЕ ТЕНИ В ПОЛЕСЬЕ. БЕЛОРУССИЯ 1943—1945. — 2008. — С. 231.
  14. ^ Олег Романько. КОРИЧНЕВЫЕ ТЕНИ В ПОЛЕСЬЕ. БЕЛОРУССИЯ 1943—1945. — 2008. — С. 231-232.
  15. ^ Язэп Найдзюк, Іван Касяк. Беларусь учора і сяньня. — 1992. — С. 271-272.
  16. ^ а б Олег Романько. КОРИЧНЕВЫЕ ТЕНИ В ПОЛЕСЬЕ. БЕЛОРУССИЯ 1943—1945. — 2008. — С. 240.
  17. ^ а б Олег Романько. КОРИЧНЕВЫЕ ТЕНИ В ПОЛЕСЬЕ. БЕЛОРУССИЯ 1943—1945. — 2008. — С. 241.
  18. ^ а б в г д Язэп Найдзюк, Іван Касяк. Беларусь учора і сяньня. — 1992. — С. 275.
  19. ^ а б Шокирующие кадры. Это празднование Дня Воли в 1944 году в Минске. То, что раньше никогда не показывали  (рас.) // СТВ. — 21.03.2021.
  20. ^ а б Олег Романько. КОРИЧНЕВЫЕ ТЕНИ В ПОЛЕСЬЕ. БЕЛОРУССИЯ 1943—1945. — 2008. — С. 239.
  21. ^ а б в г Олег Романько. КОРИЧНЕВЫЕ ТЕНИ В ПОЛЕСЬЕ. БЕЛОРУССИЯ 1943—1945. — 2008. — С. 242.
  22. ^ а б в Язэп Найдзюк, Іван Касяк. Беларусь учора і сяньня. — 1992. — С. 276.
  23. ^ Олег Романько. КОРИЧНЕВЫЕ ТЕНИ В ПОЛЕСЬЕ. БЕЛОРУССИЯ 1943—1945. — 2008. — С. 242-243.
  24. ^ Олег Романько. КОРИЧНЕВЫЕ ТЕНИ В ПОЛЕСЬЕ. БЕЛОРУССИЯ 1943—1945. — 2008. — С. 243.
  25. ^ Туронак, Ю. Беларусь пад нямецкай акупацыяй. — Мн.: Беларусь, 1993. — С. 189.
  26. ^ Іван Касяк. Загад № 5 Галоўнага Кіраўніцтва Вайсковых Спраў, аб назове Вайсковага Кіраўніцтва, 19. X. 1944 // За Дзяржаўную Незалежнасьць Беларусі. — 1960. — С. 148.
  27. ^ а б в Ю. Грыбоўскі. Беларускі легіён СС: міфы і рэчаіснасць  (бел.). — 11.01.2009.
  28. ^ а б Олег Романько. КОРИЧНЕВЫЕ ТЕНИ В ПОЛЕСЬЕ. БЕЛОРУССИЯ 1943—1945. — 2008. — С. 230.
  29. ^ Іван Касяк. Пратакол № 10 паседжаньня Прэзыдыюму БЦР, 6. 6. 1944 // За Дзяржаўную Незалежнасьць Беларусі. — 1960. — С. 127.
  30. ^ а б Романько О.В. Белорусская краевая оборона (февраль – июнь 1944 г.). к вопросу о некоторых аспектах немецкой оккупационной политики на территории СССР  (рас.) // Культура народов Причерноморья. — 2003. — № 39.
  31. ^ Олег Романько. КОРИЧНЕВЫЕ ТЕНИ В ПОЛЕСЬЕ. БЕЛОРУССИЯ 1943—1945. — 2008. — С. 251.
  32. ^ Іван Касяк. Пастанова № 41 Прэзыдыуму БЦР аб адзнаках для лекароў БКА, 10. VI. 1944 // За Дзяржаўную Незалежнасьць Беларусі. — 1960. — С. 128.
  33. ^ Іван Касяк. Загад № 6 Гал. Kip. Вайсковых Спраў аб штатах 1-га Кадравага Батальёну БКА, 27. X. 1944 // За Дзяржаўную Незалежнасьць Беларусі. — 1960. — С. 152.
  34. ^ Іван Касяк. Загад № 5 Галоўнага Кіраўніцтва Вайсковых Спраў, аб назове Вайсковага Кіраўніцтва, 19. X. 1944 // За Дзяржаўную Незалежнасьць Беларусі. — 1960. — С. 149.
  35. ^ а б Беларускія вайсковыя рангі  (бел.) // Зважай. — Таронта: Красавік, 1975. — № 1 (2). — С. 8.
  36. ^ Іван Касяк. Палажэньне аб афіцэрскіх рангах БКА // За Дзяржаўную Незалежнасьць Беларусі. — 1960. — С. 108.
  37. ^ Іван Касяк. Палажэньне аб падафіцэрскіх службовых ступенях БКА // За Дзяржаўную Незалежнасьць Беларусі. — 1960. — С. 111.
  38. ^ Мазырэц Ціт. Узнагароды Беларусі // Спадчына №5 — 1992. С. 38-41; №1-1993. С. 53-56

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць