Фэльчарска-акушэрскі пункт
Фэльчарска-акушэрскі пункт (ФАП) — лячэбна-прафіляктычная ўстанова, якая зьдзяйсьняе пачатковы этап наданьня мэдычнай дапамогі ў сельскай мясцовасьці. ФАПы працуюць у складзе сельскага мэдычнага ўчастку пад кіраўніцтвам амбуляторыі, пасялковай ці раённай лякарні.
Дзейнасьць
рэдагавацьНеабходнасьць далекарскага зьвяна аховы здароўя ў сельскай мясцовасьці вызначаецца малой шчыльнасьцю пражываньня насельніцтва (у адрозьненьне ад кампактнага гарадзкога насельніцтва). ФАПы разьмяшчаюцца ў найбольш аддаленых ад лякарні населеных пунктах, робячы мэдычную дапамогу для іх жыхароў больш даступнай.
Пэрсанал ФАПу складаецца з загадчыка — фэльчара (акушэркі), патранажнай сястры — акушэркі й санітаркі. ФАП вядзе прыём насельніцтва амбуляторна й на хаце, можа прызначаць лячэньне ў межах кампэтэнцыі фэльчара й акушэркі, ажыцьцяўляе патранаж дзяцей да 3 гадоў, забясьпечвае кансультацыі з адмыслоўцамі й выконвае мэдычныя прадпісаньні. Ажыцьцяўляе мэдычнае абслугоўваньне дзіцячых дашкольных установаў, якія ня маюць у сваім складзе мэдычных працаўнікоў.
ФАПы праводзяць санітарна-проціэпідэмічную працу на падведамнай тэрыторыі:
- выяўляюць і ізалююць заразных хворых;
- праводзяць бягучую дэзінфэкцыю памяшканьняў;
- адхіляюць ад працы ў харчаблёках, дзіцячых і лячэбных установах тых хто кантактаваў з хворымі;
- праводзяць прафіляктычныя прышчэпкі.
ФАП ажыцьцяўляе санітарна-эпідэмічны нагляд за тэрыторыяй і арганізацыямі, разьмешчанымі на ёй.
Склад
рэдагавацьПамяшканьне ФАПу складаецца мінімум з 3 пакояў. Акрамя таго, ФАП можа мець памяшканьне для парадзіх з асобным назіральным пакоем для іх прыёму й санітарнай апрацоўкі. Для часовай ізаляцыі заразных хворых таксама можа быць прадугледжана асобнае ізаляванае памяшканьне.