Міхал Казімер Радзівіл

(1635—1680) падканцлер і гетман польны літоўскі

Міхал Казімер Радзівіл (26 кастрычніка 1635, Нясьвіж — 14 лістапада 1680, Балёньня) — дзяржаўны і вайсковы дзяяч Вялікага Княства Літоўскага[3]. Стольнік (1652—1653), крайчы (1653—1656) і падчашы вялікі літоўскі (1656—1661), кашталян (1661—1666) і ваявода віленскі (1666—1668), падканцлер вялікі літоўскі і гетман польны літоўскі (з 1668)[4].

Міхал Казімер Радзівіл
лац. Michał Kazimier Radzivił
Міхал Казімер Радзівіл
Міхал Казімер Радзівіл

Герб Трубы
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 26 кастрычніка 1625(1625-10-26) або 26 кастрычніка 1635(1635-10-26)[1]
Нясьвіж
Памёр 14 лістапада 1680(1680-11-14)[2]
Балёньня
Пахаваны
Род Радзівілы
Бацькі Аляксандар Людвік Радзівіл
Тэкла з Валовічаў
Жонка Кацярына з Сабескіх
Дзеці Мікалай Францішак, Багуслаў Крыштап, Ян, Людвік, Юры Юзэф, Караль Станіслаў
Дзейнасьць дыплямат

Міхал Казімер Радзівіл — шчыры каталік, вядомы рэлігійным фундатарствам і бегласьцю ў навуках, асабліва ў алхіміі. У часе швэдзкіх войнаў адважна бараніў край ад уварваньняў, разам зь Міхалам Вішнявецкім належаў да арыстакратычнай апазыцыі, браў удзел у Хоцінскай бітве 1673 году. Князь Сьвятой Рымскай імпэрыі на Нясьвіжы і Алыцы, VI ардынат нясьвіскі, IV ардынат алыцкі, III пан на Белай.

Валодаў Крожамі ў Жамойці, Белай і Славатычамі ў Берасьцейскім павеце, Шыдлоўцам у Каралеўстве Польскім і інш. Быў старостам упіцкім, перамышльскім, члухаўскім, камянецкім, хойніцкім, лідзкім, цельшыцкім, рабштынскім, хоцінскім, гомельскім, осцкім, крычаўскім, прапойскім, гульбінскім, нежынскім і інш.

Біяграфія

рэдагаваць
 
Кацярына з Сабескіх

Зь нясьвіскай лініі роду Радзівілаў гербу Трубы, сын Аляксандра Людвіка, маршалка вялікага літоўскага, і Тэклі Ганны з Валовічаў. Ягоным хросным бацькам быў кароль і вялікі князь Ян Казімер. Па сьмерці маці выхоўваўся ў Кобрыні пад апекай бабулі Альжбеты з Гаслаўскіх-Валовічаў.

Першую адукацыю атрымаў у Нясьвіжы, куды пераехаў па сьмерці бабулі. Удзел у грамадзкім жыцьці распачаў з элекцыйнага сойму 1648 году ў Варшаве, калі аддаў свой голас за неўзабаве абранага караля і вялікага князя Яна Казімера. Разам з бацькам быў на каранацыі. Па атрыманьні ў 1652 годзе свайго першага значнага ўраду — стольніка вялікага літоўскага — разам з бацькам зьдзейсьніў падарожжа ў Эўропу, у выніку якога доўга заставаўся ў Балёньні, дзе навучаўся ўва ўнівэрсытэце.

 
Уезд князя ў Вену, 1680 г.

Абіраўся паслом на соймы 1648, 1659, 1661 гадоў, быў маршалкам Галоўнага Трыбуналу ў 1664 годзе. У 1653 годзе атрымаў урад крайчага, у 1656 годзе — падчашага вялікага літоўскага. У 1661 годзе стаў кашталянам, у 1666 годзе — ваяводам віленскім. У 1668 годзе атрымаў урад падканцлера і булаву гетмана польнага.

Па сьмерці бацькі ў 1654 годзе стаў нясьвіскім ардынатам, займаўся ўмацаваньнем Нясьвіжа і замку. У 1655 годзе разам зь мясцовым насельніцтвам бараніў Нясьвіж ад маскоўскага войска. Неўзабаве па паразе ў бітве пад Філіпавым, ледзь выратаваўся ад швэдзкага палону. Нягледзячы на вялікія страты, адгукнуўся на просьбу Яна Казімера і выставіў у літоўскае войска за свой кошт 600 драгунаў і 1200 пяхоты, аднак на загад караля гэтыя вайсковыя фармаваньні ўвайшлі ў войска Каралеўства Польскага[5]. У сакавіку 1658 году на вясельлі Яна Замойскага і Марыі Казімеры дэ Акрыён, пазнаёміўся з сваёй будучай жонкай, тагачаснай маладой удавой Кацярынай з роду Сабескіх, зь якой пабраўся шлюбам 7 ліпеня таго ж году ў Львове.

 
Уезд князя ў Рым, 1680 г.

Увесь наступны 1659 год правёў у бітвах за вызваленьне захопленых маскоўскімі войскамі тэрыторыяў у вайну 1654—1667 гадоў. У канцы таго ж году пасьпяшаўся ў Нясьвіж, каб умацаваць места і замак, папоўніць яго зброяй, правіянтам і людзьмі. Умацаваны Нясьвіскі замак вытрымаў у 1660 годзе паўторную аблогу маскоўскіх войскаў.

 
Іншая вэрсія карціны, 1680 г.

Па ваенных спусташэньнях дамогся ад караля Рэчы Паспалітай вызваленьня Нясьвіжа на чатыры гады ад падаткаў, жаўнерскіх пастояў і каралеўскіх мытаў. 20 студзеня 1673 году выдаў «Унівэрсал», у якім заахвочваў насельніцтва дзяржавы сяліцца ў Нясьвіжы, гарантуючы свабоды паводле Магдэбурскага права, у дадатак робячы значныя ахвяраваньні касьцёлам і кляштарам, што надала істотную дапамогу аднаўленьню культурнай сталіцы Радзівілаў.

У час міжкаралеўя 1673—1774 гадоў называўся сярод кандыдатаў на сталец, але падтрымаў абраньне Яна Сабескага і стаў ягоным блізкім паплечнікам. Браў удзел у антытурэцкіх кампаніях 1674—1675 гадоў і 1677 году ўва Ўкраіне.

У 1679[4] годзе накіраваўся да імпэратара Леапольда выказаць ад імя караля і вялікага князя суседзкую прыязнасьць, а таксама да папы Інакентыя XI, каб засьведчыць яму каралеўскую пакору[5]. Памёр на зваротным шляху ў Балёньні. Спачыў у родавай крыпце касьцёла Божага Цела ў Нясьвіжы[6].

17 ліпеня 1658 году ажаніўся з Кацярынай (1634—1694), сястрой караля і вялікага князя Яна Сабескага. У шлюбе нарадзіліся дзеці:

У картцы да артыкула праводзіцца партрэт невядомага мастака XVII ст., які захоўваецца ў Нацыянальным музэі ў Лівэрпулі.

  1. ^ Польскі біяграфічны інтэрнэт-слоўнік (пол.)
  2. ^ Senatorowie i dygnitarze Wielkiego Księstwa Litewskiego 1386—1795 (пол.) / пад рэд. J. WolffKraków: 1885. — С. 156, 165.
  3. ^ Пазднякоў В. Радзівіл Міхал Казімір // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 496.
  4. ^ а б ЭГБ. — Мн.: 2001 Т. 6. Кн. 1. С. 60.
  5. ^ а б Шышыгіна-Патоцкая К. Нясвіж і Радзівілы. — Менск: «Беларусь», 2007.
  6. ^ Jaroszuk J. Radziwiłł Michał Kazimierz h. Trąby (1635—1680) // Polski Słownik Biograficzny. — Wrocław — Warszawa — Kraków — Gdańsk — Łódź : Zakład Narodowy Imienia Ossolińskich, Wydawnictwo Polskiej Akademii Nauk, 1987. — Tom XXX/2, zeszyt 125. S. 292.

Літаратура

рэдагаваць
  • Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
  • Шышыгіна-Патоцкая К. Нясвіж і Радзівілы. — Менск: «Беларусь», 2007. — 240 с.: іл. ІSBN 978-985-01-0740-4.
  • Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая. — 591 с. — ISBN 985-11-0214-8
  • Богатырев А. Материалы В. М. Тяпкина и некоторых его современников к биографии Михаила Казимира Радзивилла (1635—1680) // Нясвіжскі замак: падзеі, асобы, спадчына: зборнік матэрыялаў Міжнароднай навуковай канферэнцыі / уклад.: А. У. Блінец, С. М. Клімаў. — Мн.: Колорград, 2019. — С. 127—140.