Сярэдняя Літва

(Перанакіравана з «Віленшчына»)

Сярэ́дняя Літва́, Срадко́вая Літва́[1] (польск. Litwa Środkowa) — дзяржаўнае ўтварэньне на тэрыторыях усходняй Летувы і заходняй Беларусі з сталіцай у Вільні (кастрычнік 1920 — сакавік 1922), занятых у кастрычніку 1920 году войскамі генэрала Люцыяна Жалігоўскага. Найбольшыя месты: Ашмяны, Смаргонь і Трокі. Насельніцтва 530 тысячаў чалавек.

Сярэдняя Літва
Litwa Środkowa

13 кастрычніка 1920—18 красавіка 1922
Сьцяг Сярэдняй Літвы Герб Сярэдняй Літвы
Сьцяг Герб
Месцазнаходжаньне Сярэдняй Літвы
Афіцыйная мова польская
Сталіца Вільня
Плошча
 • агульная

13 490 км² км²
Насельніцтва
 • агульнае (1920)
 • шчыльнасьць

490 000
36 ас/км²
Цяпер зьяўляецца часткай Летува, Польшча, Беларусь
Маркі Сярэдняй Літвы

Канцэпцыя

рэдагаваць

Утварэньне Сярэдняй Літвы зьявілася вынікам узаемадзеяньня фэдэралісцкай канцэпцыі Юзэфа Пілсудзкага з вайскоўцамі і палітычнымі рэаліямі 1918—1920 гадоў. Па думцы Пілсудзкага, узьніклыя на абломках Расейскай і Аўстрыйскай імпэрыяў беларуская, польская, украінская і летувіская дзяржавы павінны былі ўтварыць фэдэрацыю, якая адраджае Рэч Паспалітую. Аднак у Польшчы, Беларусі і суседніх краінах да завяршэньня Першай сусьветнай вайны ўзяла верх ідэя нацыянальнай дзяржавы. Тым ня менш Пілсудзкі імкнуўся да стварэньня саюзнай з Польшчай літоўскай фэдэрацыі — Літвы Паўночнай (Літвы ковенскай), Літвы Сярэдняй і Літвы Паўднёвай (са сталіцай у Наваградку). Свайго роду мадыфікацыяй гэтай ідэі зьявіўся пазьней «плян Гіманса» — высунуты ўвесну 1921 бэльгійскім дыпляматам Полем Гімансам плян урэгуляваньня польска-летувіскага канфлікту, які прадугледжваў стварэньне дзяржавы з двух кантонаў — з цэнтрам у Вільні і з цэнтрам у Коўне.

Перадумовы

рэдагаваць

У 1918—1919 гадох летувісы даволі пасьпяхова будавалі сваю дзяржаву. Спачатку ім актыўна дапамагалі немцы, а потым і краіны Антанты. Галоўным жаданьнем летувісаў было ўлучыць у сваю дзяржаву ўсю Віленшчыну разам з старадаўняй сталіцай Вялікага Княства Літоўскага[2]. Спачатку савецкая Расея ставілася да стварэньня летувісамі ўласнай дзяржавы адназначна адмоўна. Але па акупацыі палякамі ЛітБелу сытуацыя зьмянілася, бо Летува зрабілася хаўрусьніцай бальшавікоў у змаганьні з Польшчай[3]. 11 верасьня 1919 урад Савецкай Расеі заявіў пра згоду прызнаць Летувіскую дзяржаву і заключыць зь ёю мірнае пагадненьне.

У ліпені 1920 году, за часамі савецка-польскай вайны, бальшавіцкія войскі перайшлі ў наступ. Польская дзяржава, зьнясіленая двума гадамі баявых дзеяньняў і экспансіі на Ўсходзе, пастанавіла прасіць дапамогі ў Антанты. Прэм’ер-міністар Уладзіслаў Грабскі выехаў дзеля гэтага ў Спа (Бэльгія) на канфэрэнцыю эўрапейскіх дзяржаваў. Краіны Антанты паставілі перад польскім прэм’ерам умову: вайсковая і грашовая дапамога Польшчы будзе, калі Варшава адмовіцца ад палітычных прэтэнзіяў на Вільню і Віленскі край. 10 ліпеня 1920 году дамова паміж польскай дзяржавай і краінамі Антанты была падпісаная.

Праз два дні, 12 ліпеня, урад Савецкай Расеі склаў Маскоўскую дамову зь Летувой, у якой прызнаў яе незалежнасьць і перадаў у абмен на нэўтралітэт у савецка-польскім канфлікце Віленскі край зь Вільняй, а таксама Горадню, Ліду, Смаргонь, Ашмяны, Нарач і Браслаўскія азёры. 14 ліпеня Чырвоная Армія заняла Вільню, а ў верасьні перадала яе летувісам[4].

У ходзе контрнаступленьняў у жніўні — верасьні 1920 году, па бітве на Вісьле, польскія войскі адваявалі 12 беларускіх паветаў у Савецкай Расеі, а таксама Горадню, Ліду, Сьвянцяны ў Летувы. Віленскі край заставаўся ў складзе Летувы, хоць этнічныя летувісы складалі тутака паводле розных падлікаў ад 5% да 18% (у самой Вільні іх было 4,5%). Грубая заваёва краю польскімі войскамі выклікала б востры пратэст з боку Эўропы і Лігі Нацыяў, таму захоп Вільні і Віленскага краю павінен быў выглядаць як звычайны «бунт». Роля «бунтаўнікоў» адводзілася Літоўска-беларускай дывізіі пад камандаваньнем Люцыяна Жалігоўскага. Дывізія Жалігоўскага складалася на 90% з жаўнераў-ураджэнцаў Беларусі, а значная частка іх, у сваю чаргу, паходзіла зь Віленскага краю.

20 верасьня Пілсудзкі, галоўны ініцыятар акцыі, выдаў загад аб накіраваньні Літоўска-беларускай дывізіі на Гарадзеншчыну, на зімовыя кватэры. 30 верасьня ў Беластоку адбылася сустрэча паміж Жалігоўскім і Пілсудзкім. Жалігоўскі пазьней успамінаў:


  Пілсудзкі паведаміў, што Польшча адмовілася афіцыйна ад Вільні ў Спа і зараз няма іншага спосабу вярнуць горад. Трэба, каб гараджане самі падняліся за свае правы... Трэба толькі памятаць, што можа наступіць час, калі і Сойм, і Сэнат, і Польшча адракуцца вас, таму трэба быць гатовым узяць усё пад сваю адказнасьць. Пра гэта нельга казаць уголас  

—Люцыян Жалігоўскі, Наша Ніва. Кароткая гісторыя яшчэ адной Літвы

Прэцэдэнт самавольнага адваяваньня краю ўжо існаваў. У верасьні 1919 году італьянскі паэт і нацыяналіст Габрыеле Д’Анунцыё на чале групы ахвотнікаў заваяваў вольны горад Ф’юмэ (Рыеку), порт на ўсходнім узьбярэжжы Адрыятыкі, і абвясьціў аб далучэньні яго да Італіі.

Стварэньне

рэдагаваць

У канцы верасьня 1920 году ў Сувалках пачаліся польска-летувіскія перамовы. На іх была падпісаная дамова, якая перасоўвала дэмаркацыйную лінію на поўнач на 40—60 км. Вільня заставалася на летувіскім баку, што не задавальняла польскія ўлады. Дамова павінна была ўступіць у дзеяньне 10 кастрычніка 1920 году.

6 кастрычніка Люцыян Жалігоўскі аддаў загад пра перамяшчэньне апэратыўнае вайсковае групоўкі ў раён Вярэнава і Беняконяў за вызначаную сувалкаўскімі перамовамі дэмаркацыйную лінію. Ядро дывізіяў склалі часткі I Літоўска-Беларускай дывізіі, у склад якой уваходзілі Віленскі, Гарадзенскі, Менскі, Сувалкаўскі, Лідзкі і Ковенскі палкі[3]. Дзеяньні частак, сфармаваных з выхадцаў Вільні і Віленскага краю, павінны былі насіць стыхійны характар, які выказвае волю насельніцтва, і выглядаць як вяртаньне законных гаспадароў у родны край.

У гэты ж дзень у раён Эйшышак падышла дывізія добраахвотнікаў Мар’яна Касьцялкоўскага. Раніцай 7 кастрычніка на нарадзе афіцэраў дывізіі Жалігоўскі абвясьціў, што войска пад ягоным камандаваньнем рушыць на Вільню, і патлумачыў ім сапраўдны характар акцыі. Толькі паасобныя афіцэры ўспрынялі акцыю непрыхільна і адмовіліся ўдзельнічаць, за што былі высланыя з дывізіі. Генэрал адзначаў: «Гэта былі нашае права і абавязак. Дажывем да адбудовы Вялікай Літвы. Ніхто нам гэтага ня забароніць». Большасьць жаўнераў з радасьцю ўспрыняла вестку пра марш на Вільню, справядліва лічачы, што ідуць вызваляць сваю малую Айчыну.

Да Вільні было 50 км. Мар’ян Касьцялкоўскі разам з добраахвотніцкай дывізіяй ішоў праз Рудніцкую пушчу, Літоўска-Беларуская дывізія — абапал чыгункі Ліда-Вільня. На першых кілямэтрах ніякага супраціву не было, толькі каля мястэчка Яшунаў, пры пераправе церазь Мерачанку, адбылася дзьвюхгадзінная бойка зь летувіскім аддзелам. Літоўска-беларуская дывізія страціла некалькі чалавек забітымі і параненымі. Дарога на Вільню была адчыненая. Летувіскія жаўнеры былі ў шоку: палонных жаўнераў паводле загаду генэрала адпускалі, размаўляць з парлямэнтарамі Жалігоўскі адмаўляўся, матывуючы гэта тым, што адбываецца ніякая не вайсковая акцыя, а вяртаньне жаўнераў дахаты. «Інстынкт стагодзьдзяў супольнага жыцьця працівіўся праліцьцю суседзкай крыві».

А восьмай раніцы 9 кастрычніка на подступах да Вільні разгарэліся першыя сутычкі. 4-ы батальён пяхоты і 9-ы летувіскі полк хутка былі разгромленыя. Віленчукі, аб’яднаныя ў патрыятычныя суполкі, знутры гораду чынілі супраціў летувіскім войскам (камандаваньне якіх прыняло пастанову аб эвакуацыі), абстрэльвалі іх пры адыходзе. Да другой гадзіны дня летувіскія аддзелы пакінулі Вільню. Першымі ў места з боку прадмесьця Комінаў увайшлі Менскі полк пяхоты і эскадрон конных стралкоў. Віленчукі іх радасна віталі.

Увечары таго жа дня генэрал Жалігоўскі радыёграмай, адрасаванай урадам Польшчы, ЗША, іншых дзяржаваў і Лізе Нацыяў, апавясьціў аб тым, што салдаты родам зь Віленскага краю адмовіліся падпарадкоўвацца Вярхоўнаму галоўнакамандуючаму, ён прыняў камандаваньне над імі і створаная часавая выканаўчая камісія. Адначасна быў выпушчаны зварот салдатаў I Літоўска-Беларускай дывізіі, у якім абвяшчалася, што пакуль хоць бы адзін зь іх у стане трымаць у руках зброю, могілкі продкаў не захопіць «летувіс, бальшавік або немец», а «ангелец» ня будзе вызначаць іх лёс. Паўстанцы былі спыненыя летувісамі толькі ў раёне Шырвінтаў. Польшча заявіла, што адбываецца беларуска-летувіскі канфлікт, да якога яна ня мае ніякага дачыненьня[3].

Аб утварэньні Сярэдняй Літвы апавяшчалі тры ноты, высланыя 12 кастрычніка 1920 году генэралам Люцыянам Жалігоўскім ураду Польшчы ў Варшаве, ураду Летувы ў Коўне і дзяржавам Антанты. Першы з дэкрэтаў абвяшчаў, што паўстае новая дзяржава пад назвай Сярэдняя Літва з сталіцай у Вільні, з тэрыторыяй 15 тыс. кв.км і насельніцтвам, крыху большым за 1,5 мільёна чалавек. Гербам новай дзяржавы станавіўся шчыт з Арлом і Пагоняй.

Ліга Нацыяў запатрабавала спыненьня баявых дзеяньняў, умяшаўшыся ў момант, калі, паводле меркаваньня некаторых летувіскіх дасьледнікаў, летувіскім войскам па ўдалых баёх пад Гедройцамі (19 лістапада) і Шырвінтамі (21 лістапада) адкрывалася дарога на Вільню. Пры пасярэдніцтве кантрольнай камісіі Лігі Нацыяў 29 лістапада было складзенае замірэньне. Стварылася фармальна незалежная дзяржава пад назвай Сярэдняя Літва. Яе кіраўніком стаў генэрал Люцыян Жалігоўскі. 17 сьнежня 1920 году ваенная кантрольная камісія Лігі Нацыяў пазначыла нэўтральную паласу ў 10 км, якая падзяляла Летувіскую Рэспубліку і Сярэднюю Літву.

 
Дэмаркацыйныя лініі 1919—1939

Пазьней на патрабаваньне Польшчы канфэрэнцыя амбасадараў Ангельшчыны, Францыі, Італіі, Японіі 15 сакавіка 1923 году пастанавалі ліквідаваць нэўтральную паласу, усталяваўшы дэмаркацыйную лінію на заход ад чыгункі Дзьвінск — Горадня. Летувіскія ўлады з гэтай пастановай не пагадзіліся, але былі змушаныя лічыцца з існаваньнем дэмаркацыйнай лініі, якую ўлады Польшчы тлумачылі як дзяржаўную мяжу.

18 чэрвеня 1919
27 ліпеня 1919
7 кастрычніка 1920 (Сувалцкая дамова)
3 лютага 1923

Тэрыторыя

рэдагаваць

Згодна з дэкрэтам № 1 ад 12 кастрычніка 1920 году галоўнакамандуючага войскамі генэрала Люцыяна Жалігоўскага тэрыторыя Сярэдняй Літвы першапачаткова складалася з 14 гмінаў Браслаўскага, па адной гміне Вілейскага і Дзісенскага, 19 гмінаў Віленскага павету, Троцкага павету, гмінаў Лідзкага павету на правым беразе Нёману і 8 гмінаў Гарадзенскага павету. Пазьней мяжа Сярэдняй Літвы была перанесеная крыху на поўнач і прайшла па лініі Алкенікі — Беняконі — Дзевянішкі — Трабы — Лебедзі, на захад ад Маладэчна і Вялейкі, потым на поўнач да Казянаў і ракі Дзьвіны, на захад ад Друі. Сярэдняя Літва ў выніку поўнасьцю ці часткова ахоплівала Ашмянскі, Сьвянцянскі, Троцкі, Віленскі, Браслаўскі і Лідзкі паветы; яна займала каля 10 тыс. км².

Насельніцтва

рэдагаваць

Насельніцтва Сярэдняй Літвы складала 530 тысячаў чалавек, паводле падлікаў некаторых дасьледнікаў у канцы 1921 году дасягала 647 тысячаў. Паводле афіцыйных зьвестак уладаў Сярэдняй Літвы 40 % насельніцтва складалі беларусы (напраўду — значна болей[5]), аднак пазьней польскія ўлады абвясьцілі зусім іншыя зьвесткі: палякаў налічылі 70% (каля 370 тыс.)[6], летувісаў — 12,8%, беларусаў — 6%, габрэяў — 4%, прадстаўнікоў іншых нацыянальнасьцяў і этнічных групаў (расейцы, татары, караімы, армяне, немцы, латышы) у суме — 6,5%[7]. Пастанова Часовай кіроўнай камісіі, прынятая 3 сакавіка 1922 году, у якасьці раўнапраўных мясцовых моваў прызнала польскую, беларускую, летувіскую і габрэйскую (ідыш).

Беларусы ў Сярэдняй Літве

рэдагаваць

У першы пэрыяд існаваньня Сярэдняй Літвы ў сувязі з будучым плебісцытам Часовая кіроўная камісія праводзіла ў дачыненьні да беларускага насельніцтва лібэральную нацыянальную палітыку. 9 кастрычніка 1920 году ў Вільні на нарадзе беларускіх дзеячоў, у якой бралі ўдзел Браніслаў Тарашкевіч, Вацлаў Іваноўскі, Антон Луцкевіч і інш., пастанавілі выкарыстаць спрыяльныя палітычныя абставіны дзеля разьвіцьця беларускай адукацыі і асьветы. На прапанову ўраду Браніслаў Тарашкевіч заняў пасаду старшага рэфэрэнта ў Дэпартамэнце асьветы. Увесну 1921 году ў краіне дзейнічала 186 беларускіх школаў. У канцы 1920 году тут заснавалі Барунскую настаўніцкую сэмінарыю. З 1919 году дзейнічала Віленская беларуская гімназія. У 1921 годзе з ініцыятывы Браніслава Тарашкевіча ўтварылася Таварыства беларускай школы. Аднак беларускае школьніцтва на Віленшчыне існавала да таго часу, пакуль у складзе Часовай кіроўнай камісіі заставаліся Вацлаў Іваноўскі і Браніслаў Тарашкевіч (у кастрычніку 1921 году апошні адмовіўся ад працы ў Дэпартамэнце асьветы). Новы ўрад Сярэдняй Літвы прыступіў да ліквідацыі беларускай асьветы. У 1922 годзе колькасьць беларускіх школаў скарацілася да 29.

Урад Сярэдняй Літвы абяцаў даць Віленшчыне аўтаномію і фінансава падтрымліваў беларускія нацыянальныя арганізацыі. На тэрыторыі Сярэдняй Літвы дзейнічала некалькі беларускіх арганізацыяў, прадстаўнікі групаў рознай палітычнай арыентацыі, зьвязаных зь Беларусьсю.

Кіраваньне

рэдагаваць

Паводле дэкрэту № 1 ад 12 кастрычніка 1920 году Вярхоўнага галоўнакамандуючага войскамі Сярэдняй Літвы Люцыяна Жалігоўскага, вярхоўная ўлада належала Вярхоўнаму галоўнакамандуючаму, выканаўчая ўлада — Часовай кіроўнай камісіі (польск. Tymczasowa Komisja Rządząca). Улада камісіі залежала ад Люцыяна Жалігоўскага, паколькі ім вызначалася яе кампэтэнцыя і паўнамоцтвы. Старшынём яе стаў спачатку Вітольд Абрамовіч, прыхільнік польска-літоўскай фэдэрацыі. Сябрамі камісіі былі Лявон Бабіцкі, браты Іваноўскія, Браніслаў Тарашкевіч і іншыя.

Галоўнымі задачамі Часовай камісіі было забесьпячэньне палітычнай і эканамічнай стабільнасьці краю. Слабасьць цэнтральнай улады Сярэдняй Літвы стала прычынай злоўжываньняў з боку мясцовай адміністрацыі і вайскоўцаў.

Кашталянам Вільні быў прызначаны маёр Станіслаў Бабятынскі.

Апарат кіраваньня фармаваўся на падставе дэкрэту № 2 ад 12 кастрычніка 1920 году: дырэктарам дэпартамэнту аховы краю прызначаўся Лявон Бабіцкі, дырэктарам дэпартамэнту замежных справаў — Юры Іваноўскі, унутраных справаў — Вітольд Абрамовіч, працы і сацыяльнай аховы — Мячыслаў Энгель, прамысловасьці, гандлю і ўзнаўленьні гаспадаркі — Тэафіль Шопа, лясной і сельскай гаспадаркі, а пазьней дэпартамэнту прамысловасьці — Вацлаў Іваноўскі, асьветы — Браніслаў Тарашкевіч, і інш. Пазьней Антоні Янкоўскі стаў дырэктарам дэпартамэнта фінансаў, Станіслаў Касьцялкоўскі — асьветы, Севярын Людкевіч — сельскай і лясной гаспадаркі, Аляксандар Ахматовіч — юстыцыі.

Незадаволенасьць насельніцтва дзейнасьцю камісіі выклікала крызіс. У студзені 1921 году М. Энгель, А. Янкоўскі, Ю. Іваноўскі, Т. Шопа пайшлі ў адстаўку. Старшынём рэарганізаванай камісіі новага складу стаў генэрал Станіслаў Макжэцкі. Па закулісных перамовах з ініцыятывы Юзэфа Пілсудзкага дэкрэтам № 415 ад 21 кастрычніка 1921 году генэрал Жалігоўскі прызначыў старшынём камісіі Аляксандра Мяйштовіча, а дэкрэтам № 419 перадаў яму ўсю вярхоўную ўладу ў Сярэдняй Літве. Асноўнай задачай Мяйштовіча было правядзеньне выбараў у прадстаўнічы орган Сярэдняй Літвы — сойм, які мусіў вызначыць яе лёс.

Герб, сьцяг і іншыя атрыбуты

рэдагаваць
 
Герб Сярэдняе Літвы (сучасная рэканструкцыя)

Герб Сярэдняй Літвы ўсталёўваўся дэкрэтам № 1 ад 12 кастрычніка 1920 году і адлюстроўваў сабой шчыт зь Белым Арлом (традыцыйны геральдычны знак Польшчы) на правай палове і Пагоняй (традыцыйны геральдычны знак Літвы (Беларусі)) на левай палове. Колер сьцягу быў чырвоным. Гімн усталяваны ня быў. Сталыя жыхары маглі атрымаць альбо пашпарт грамадзяніна Сярэдняй Літвы на польскай і летувіскай мовах, альбо пашпарт жыхара Сярэдняй Літвы замежнага паходжаньня на польскай мове і беларускай або габрэйскай.

 
Сьцяг Сярэдняе Літвы (сучасная рэканструкцыя)

Спачатку адначасна цыркулявалі розныя валюты (маркі польскія і нямецкія, расейскія грашовыя знакі). Дэкрэтам Жалігоўскага ад 12 сакавіка 1921 году адзіным законным сродкам плацяжу ўсталёўвалася польская марка. Аснову дэфіцытнага бюджэту Сярэдняй Літвы складалі фактычна беззваротныя пазыкі Польшчы.

Першыя паштовыя маркі новай дзяржавы выйшлі 20 кастрычніка 1920 году і мелі выяву двух гербаў: польскага арла і Пагоні. На марках 1920—1922 гадоў можна ўбачыць выявы помнікаў гісторыі і архітэктуры Вільні (сярод якіх касьцёл Сьвятой Ганны і Вострая Брама), партрэты каралевы Ядвігі і караля Ягайлы, Тадэвуша Касьцюшкі і Адама Міцкевіча. Некалькі разоў выходзілі маркі з партрэтам Люцыяна Жалігоўскага. У лістападзе 1921 году выйшла марка, прысьвечаная ўваходу войска Люцыяна Жалігоўскага ў Вільню 9 кастрычніка 1920 году[8].

Часткі, якія ўдзельнічалі ў апэрацыі 8—9 кастрычніка былі ператвораныя ў I корпус войска Сярэдняй Літвы, папоўніўшыся добраахвотнікамі і салдатамі — выхадцамі краю, адабранымі з XX пяхотнай дывізіі (былой II Літоўска-беларускай дывізіі) і адкамандзіраванымі ў Вільню. Аднак неўзабаве магчымасьці папаўненьня войска салдатамі і тэхнікай вычарпаліся. Да сакавіка 1921 году ў распараджэньні Жалігоўскага было 17343 ваяроў (разам з 722 афіцэрамі), 366 кулямётаў, 13 браневікоў, 2 бронецягнікі, 8 самалётаў і інш.

Гаспадарка

рэдагаваць

Прамысловасьць

рэдагаваць

Нягледзячы на цяжкасьці, на тэрыторыі Сярэдняй Літвы на працягу 1921 году пачалі дзейнічаць 432 прамысловых і каля 1370 дробных прадпрыемстваў. Асноўным прадметам экспарту была прамысловая сыравіна (дрэва, лён і інш.). Улады распрацавалі праект электрыфікацыі краю з выкарыстаньнем электрастанцыяў у Ашмянах, Сьвянцянах і Лошы, спрабавалі правесьці зямельную рэформу, якая мела на мэце аслабленьне сацыяльнай напружанасьці на вёсцы.

Сельская гаспадарка

рэдагаваць

Большасьць насельніцтва краіны займалася сельскай гаспадаркай. Да 1923 году на Віленшчыне быў выдзелены 961 дзялянка для пасяленьня польскіх каляністаў-асаднікаў. 6470 гаспадарак, што належалі былым вайскоўцам і дзеячам розных арганізацыяў, дадаткова атрымалі ў сярэднім па 2,5 га зямлі на кожную гаспадарку[9]. Набываць зямлю маглі толькі тыя сяляне, якія былі палякамі альбо запісваліся імі і належалі да каталіцкай царквы. Некаторыя вёскі расьсялялі на хутары.

 
Польскае этнічнае насельніцтва згодна з даваенным перапісам (1912 г., E. Czyński, T. Tilinger's). Выразна адлюстраваная польская меншасьць на Віленшчыне — 6—12%.

Жалігоўскі ў закліку 9 кастрычніка 1920 году абвяшчаў, што яго мэта — скліканьне ў Вільні прадстаўнікоў краю для выказваньня праўдзівай волі насельніцтва. Аднак першапачаткова прызначаныя на 9 студзеня 1921 году выбары былі адкладзеныя.

Супраць выбараў у Сойм выступіла Ліга Нацыяў, якая прыняла пастанову правесьці ў Сярэдняй Літве плебісцыт (дзеля забесьпячэньня парадку прадугледжавалася ўвесьці замежныя войскі). Афіцыйнае Коўна выступіла катэгарычна супраць народнага волевыяўленьня, Летуву падтрымала Савецкая Расея. У мэмарандуме дэлегацыі Беларускай Народнай Рэспублікі адзначалася, што значная частка беларускіх жыхароў мусіла пакінуць гэтыя землі ў Першую сусьветную вайну і яшчэ не вярнулася. Таксама зьвярталася ўвага на наяўнасьць дыктату польскай адміністрацыі, які можа ўплываць на вынікі плебісцыту[10].

Пад ціскам Польшчы 28 кастрычніка 1921 году ўсё ж прызначылі новую дату выбараў у Часовы Сойм Сярэдняй Літвы — 8 студзеня 1922 году. Да ўдзелу дапускаліся сталыя жыхары Сярэдняй Літвы і выхадцы зь яе тэрыторыі. Сярод 12 выбарчых акругаў 3 знаходзіліся на тэрыторыі Польшчы (Ліда, Васілішкі, Браслаў) і 2 на тэрыторыі Летувы (Шырвінты, Высокі Двор). Большасьць летувісаў на заклік лідэраў летувіскага насельніцтва Сярэдняй Літвы выбары байкатавала. Беларускі нацыянальны камітэт і большая частка беларусаў таксама байкатавала гэтыя выбары[10], да байкоту далучылася частка габрэяў. У выбарах удзельнічала 64,4% выбарнікаў (249 325 чалавек). Зь летувісаў, якія мелі права галасу, прагаласавала 8,2%, з габрэяў — 15,3%, зь беларусаў — 41%. У віленскім сойме 77 мандатаў атрымалі палітычныя аб’яднаньні, якія выступалі за поўную інкарпарацыю Сярэдняй Літвы ў склад Польшчы, 22 — прыхільнікі аўтаноміі ў рамках польскай дзяржавы, 4 — прыхільнікі фэдэрацыі з Польшчай (Дэмакратычная партыя) і толькі 3 — прыхільнікі зьвязу зь летувіскай дзяржавай (Народны зьвяз Адраджэньня).

Паседжаньні сойму пачаліся 1 лютага 1922 году. На паседжаньні 20 лютага (24 лютага?[11]) 1922 году сойм 96 галасамі пры 6, якія ўстрымаліся (у некаторых выданьнях лічбы адпаведна 101 і 3), прыняў рэзалюцыю аб безумоўным улучэньні Сярэдняй Літвы ў склад Польшчы.

З студзеня 1921 году Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянэраў супольна зь іншымі антыпольскімі сіламі вяла падрыхтоўку да ўзброенага паўстаньня, якое мела на мэце перашкодзіць далучэньню Віленшчыны да Польшчы, аднак польская дэфэнзыва раскрыла падпольле[10].

22 сакавіка 1922 году ўстаноўчы сойм у Варшаве прыняў Акт узьяднаньня Віленскага краю з Польскай Рэспублікай. 24 сакавіка 1922 году віленскі Сойм быў распушчаны (частка яго дэпутатаў была кааптаваная ў Сойм Польскай Рэспублікі). 6 красавіка варшаўскім Соймам быў прыняты закон аб усталяваньні дзяржаўнай улады на Віленшчыне. 18 красавіка 1922 году ў Вільні пры ўдзеле кіраўніка дзяржавы Юзэфа Пілсудзкага, прэм’ер-міністра Антонія Панікоўскага, прымаса Польшчы Эдмунда Дальбора, генэрала Люцыяна Жалігоўскага адбылося ўрачыстае падпісаньне акту аб усталяваньні ўлады Польшчы.

Па зацьверджаньні ў сакавіку 1923 году Лігай Нацыяў усходняй мяжы Польшчы Віленскі край стаў адной зь яе частак.

  1. ^ Пытаньне аб Срадковай Літве  (бел.) // Раніца. — Вільня: 11 студня 1922 г.. — № 6 (15). — С. 1.
  2. ^ Трусаў, Алег Сярэдняя Літва. Радзіма.орг. Праверана 25 красавіка 2009 г.
  3. ^ а б в Арлоў, Уладзімер (3 ліпеня 2008) Наша гісторыя з Уладзімірам Арловым. Беларускі турыстычны партал «Туризм и отдых». Праверана 25 красавіка 2009 г.
  4. ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 364.
  5. ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 366.
  6. ^ = Wielka encyklopedia PWN. — Варшава: PWN, 2003. — Т. 16. — С. 78.
  7. ^ Jędrzejewicz W. Сярэдняя Літва і яе ўнутранае жыцьцё = Litwa Środkowa i jej życie wewnętrzne. — Лёндан: 1983. — С. 26.
  8. ^ = Michel. Europa-Katalog. Ost. 1999/2000. — Мюнхэн: С. 451-452.
  9. ^ Летува: Кароткая энцыкляпэдыя = Литва: Краткая энциклопедия. — С. 186.
  10. ^ а б в Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 367.
  11. ^ Алег Гардзіенка Кароткая гісторыя яшчэ адной Літвы. «Наша Ніва». Праверана 9 траўня 2009 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць