Касьцёл Сьвятой Ганны (Вільня)

Помнік сакральнай архітэктуры
Касьцёл Сьвятой Ганны
Касьцёл Сьвятой Ганны
Касьцёл Сьвятой Ганны
Краіна Летува
Места Вільня
Каардынаты 54°40′59″ пн. ш. 25°17′36″ у. д. / 54.68306° пн. ш. 25.29333° у. д. / 54.68306; 25.29333Каардынаты: 54°40′59″ пн. ш. 25°17′36″ у. д. / 54.68306° пн. ш. 25.29333° у. д. / 54.68306; 25.29333
Канфэсія каталіцтва
Эпархія Архідыяцэзія Вільнюса[d] 
Архітэктурны стыль цагляная готыка
Аўтар праекту Benedikt Rejt[d]
Дата заснаваньня 1495
Сайт onosbaznycia.lt/index.php
Касьцёл Сьвятой Ганны на мапе Летувы
Касьцёл Сьвятой Ганны
Касьцёл Сьвятой Ганны
Касьцёл Сьвятой Ганны
Касьцёл Сьвятой Ганны на Вікісховішчы

Касьцёл Сьвятой Ганны — помнік архітэктуры канца XV — другой паловы XVI стагодзьдзя ў Вільні. Знаходзіцца ва ўсходняй частцы Старога Места, пры Бэрнардынскай вуліцы[a]. Дзее. Твор архітэктуры позьняй готыкі, адзін з найцікавейшых узораў гатычнай архітэктуры Вялікага Княства Літоўскага. Аб’ект Рэгістру культурных каштоўнасьцяў Летувы.

Утварае адзін комплекс з брамай і званіцай і ўваходзіць у ансамбль бэрнардынскага кляштару з касьцёлам Сьвятых Францішка і Бэрнарда. Архітэктура касьцёла Сьвятой Ганны вылучаецца незвычайнай для заходнеэўрапейскага мастацтва формай паўцыркульнай аркі ў кілепадобным абрамленьні, якая мае аналягі на беларускіх землях у больш раньніх праваслаўных цэрквах[1].

Гісторыя

рэдагаваць
Каб залячыць у сэрцы раны,
Забыць пра долі цяжкі глум,
Прыйдзіце да касьцёла Ганны,
Там зьнікнуць сьцені цяжкіх дум.

Як лёгка да гары, як красна
Узносіць вежы ён свае!
Іх зарыс стройны ў небе ясна
Ізломам дзіўным устае.

А вастрыя іх так высока,
Так тонка ў вышу неба тнуць:
Што міг — і ўжо, здаецца воку,
Яны ў паветры паплывуць.

Як быццам з грубаю зямлёю
Расстаўся стройны, лёгкі гмах
І вось, чаруючы красою,
Ўступае на блакітны шлях.

Глядзіш, — і ціхнуць сэрца раны,
І забываеш долі глум.
Прыйдзіце да касьцёла Ганны,
Там зьнікне горач цяжкіх дум.

Вялікае Княства Літоўскае

рэдагаваць
 
У панараме места. Т. Макоўскі, каля 1600 г.

Упершыню драўляны касьцёл Сьвятой Ганны ў Вільні ўпамінаецца пад 1394 годам. У 1419 годзе будынак касьцёла спалілі крыжакі.

У 1495—1500 гадох з фундацыі вялікага князя Аляксандра вялося будаваньне мураванага касьцёла, які ўрачыста асьвяцілі 22 траўня 1501 году. У 1501—1507 гадох архітэктар Мікалай Энкінгер з Данцыгу абнавіў ансамбль касьцёла. З 1502 году касьцёл належаў кангрэгацыі Сьвтой Ганны і Сьвятога Марціна, якая аб’ядноўвала каталікоў нямецкага паходжаньня. У 1560 і 1564 гадох будынак касьцёл пацярпеў ад пажару. У 1574—1582 гадох на сродкі Мікалая Радзівіла «Чорнага» і Юрыя Радзівіла яго аднавілі, паўторна асьвяцілі і перадалі манахам-бэрнардынам.

У 1613 годзе тэктанічную структуру касьцёла ўмацавалі мэталічнымі зацяжкамі. У пачатку XVII ст. бэрнардыны злучылі закрысьцію з калідорам кляштару[2].

У 1747 годзе інтэр’ер касьцёла аздобілі тры барокавыя алтары, выкананыя паводле праекту архітэктара Яна Глаўбіца. У 1761 годзе будынак касьцёл пацярпеў ад чарговага пажару. Па пажары ўнутраныя сьцены атынкавалі, а вонкавыя — пафабаванлі ў чырвоны колер. Драўляныя дахавыя перакрыцьці замянілі мураванымі скляпеньнямі. У 1794 годзе касьцёл зноў пацярпеў ад пажару.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

рэдагаваць
 
Касьцёл, XIX ст.

Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 год), калі Вільня апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл працягваў дзеяць. У вайну 1812 году будынак выкарыстоўвала француская кавалерыя, унутранае начыненьне касьцёла згарэла.

У 1848—1859 гадох праводзілася рэстаўрацыя касьцёла, у выніку якой будынак абклалі імітацыяй чырвонай цэглы. У траўні 1867 году адбыўся чарговы пажар, ад якога асабліва пацярпелі дах, вокны і дзьверы касьцёла. У 1871 годзе праводзілася яго рэстаўрацыя.

У 1872 годзе дзеля пракладаньня вуліцы расейскія ўлады зруйнавалі ранейшую званіцу, збудаваную на сродкі мужа і жонкі Мілкевічаў у 1746 годзе і перабудаваную ў 1802 годзе Міхалам Шульцам. Побач з касьцёлам збудавалі новую паводле праекту архітэктара Мікалая Чагіна.

У 1902—1909 гадох празь небясьпеку абвалу праводзіліся грунтоўныя працы: варшаўскі рэстаўратар Юзэф Дзянконскі ўмацаваў падмурак, дрэнаваў касьцельны пляц, сьцены ўмацаваў мэталічнымі канструкцыямі, нанова ўзьвёў скляпеньні, аднавіў раздрабнелую цагліну, прыбраў вонкавы пласт тынкоўкі. У будаўнічых работах выкарыстоўвалі чырвоную гліну.

У 1911 годзе касьцёлу прысьвяціў свой верш клясык беларускай літаратуры Максім Багдановіч.

Найноўшы час

рэдагаваць

За савецкім часам набажэнствы ў касьцёле не перапыняліся. У 1969—1972 гадох праводзіўся рамонт будына пад кіраўніцтвам летувіскіх архітэктараў Барткунаса і Кіткаўскаса.

У красавіку 2008 году частку касьцёла адгарадзілі дзеля бясьпекі наведвальнікаў, бо празь вібрацыю, выкліканую транспартнай плыньню побач з касьцёлам, утварыліся расколіны ў сьцяне і пачалі выпадаць цагліны.

Архітэктура

рэдагаваць

Помнік архітэктуры позьняй готыкі. Дакладных зьвестках пра архітэктара няма. Сучасны выгляд будынак набыў у выніку рэканструкцыі 1581 году. Будаваўся ў тэхніцы гатычнай муроўкі з выкарыстаньнем 33 відаў прафіляванай цэглы.

Кампазыцыйна складаецца з прастакутнага ў пляне асноўнага аб’ёму (19 на 8,7 мэтраў), прэзьбітэрыюму з закрысьціяй, якая далучаецца да бімы з паўночнага боку, і 3-граннай апсыды. Бакавыя фасады падзяляюцца контрфорсамі вытанчанай формы на два праслы, якія праразаюцца сьпічастымі вокнамі. Плястыку паўднёвага фасада ўзбагачае партал бакавога ўвахода. Контрфорсы алтарнай часткі завяршаюцца дэкаратыўнымі слупкамі зь пінаклямі. Прасьценкі паміж контрфорсамі гэтай часткі таксама праразаюцца сьпічастымі вокнамі. Галоўны фасад вызначаецца геамэтрычнай дакладнасьцю кампазыцыі, сымэтрычнасьцю, лёгкасьцю і вынятковай плястычнасьцю. Зь яго кутоў узвышаюцца чатырохкутныя вытанчанай прапорцыі вежы, якія пераходзяць у 8-граньнікі і завяршаюцца дэкаратыўнымі слупкамі зь пінаклямі. Цэнтральная частка фасада мае найбольш складаны дэкор, дзе дамінуюць вэртыкальныя падзелы. Яны ўтвараюцца вежай, разьмешчанай восьсю сымэтрыі, трыкутнымі эркерамі і ліштвамі. Усе гэтыя дэкаратыўныя элемэнты аб’ядноўваюцца вялікая кілепадобнай аркай. На думку мастацтвазнаўцы Ўладаса Дрэмы, у кампазыцыі фасада выразна чытаецца старажытны дзяржаўны сымбаль Літвы — герб Калюмны, тром вяршыням якога адпавядаюць тры вежы фасада[3].

Унутраная прастора перакрываецца зоркавымі скляпеньнямі. Ад пачатку меў бэлькавае ажурнае перакрыцьцё[4].

Гістарычная графіка

рэдагаваць

Гістарычныя здымкі

рэдагаваць

Сучасныя здымкі

рэдагаваць
  1. ^ Цяперашні афіцыйны адрас — Maironio g. 8
  1. ^ Габрусь Т. Саборы помняць усё. — Менск, 2007. С. 40.
  2. ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 420.
  3. ^ Venclova T. Wilno. Przewodnik. Wydanie czwarte. — Vilnius, 2006. S. 123—124.
  4. ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 421.

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць