Віленскі край, Віленшчына — усходняя і паўднёва-ўсходняя частка сучаснае Летувы зь Вільняю, а таксама прылеглыя да яе раёны Беларусі, якія з 1920 да 1939 року належылі Польшчы і адрозьнівалася асаблівасьцямі нацыянальнага складу насельніцтва, культуры, палітычнай арыентацыяй. Тэрыторыя Віленшчыны дэ-юрэ ўваходзіла ў склад Беларускай Народнай Рэспублікі і Беларускай ССР (верасень — кастрычнік 1939).

Гісторыя

рэдагаваць
 
Этнічная мапа Эўрапейскае Расеі ў 1898 р.

Да 1917 року Віленшчына ўваходзіла у склад Віленскае губэрні Расейскае імпэрыі. Гэта Сьвянцянскі, Віленскі і Троцкі паветы. Палову насельніцтва складалі беларусы, за імі — летувісы, асаблівае мейсца займала места Вільня. Згодна з Усерасейскім перапісам насельніцтва 1897 року нацыянальны (моўны) склад губэрні[1]:

Павет беларусы летувісы габрэі палякі вялікаросы
Ґубэрня цалкам 59,1 % 17,6 % 12,7 % 8,2 % 4,9 %
Вялейскі 86,9 % 9,5 % 2,5 %
Віленскі 59,8 % 17,9 % 12,3 % 10,1 % 10,4 %
Дзісенскі 81,1 % 10,1 % 2,4 % 5,9 %
Лідзкі 73,2 % 8,7 % 12,0 % 4,7 % 1,2 %
Ашмянскі 80,0 % 3,7 % 12,1 % 1,7 % 2,3 %
Сьвянцянскі 49,5 % 20,8 % 17,1 % 6,0 % 5,4 %
Троцкі 17,7 % 49,1 % 9,5 % 11,3 % 4,6 %


 
Сярэдняя Літва і тэрыторыі, на якія прэтэндавала Летува

Падчас Першае сусьветнае вайны і згодна зь Берасьцейскім мірам тэрыторыя была занятая войскамі Нямецкай імпэрыі. Пад канец сьнежня 1918 року немцы пакінулі Вільню і яе ваколіцы.

У пачатку студзеня 1919 року Віленшчыну (Вільню 5 студзеня) заняла Чырвоная Армія, супраціў якой мясцовыя польскія ўзброеныя фармаваньні аказаць не змаглі. Падчас польска-савецкае вайны польская армія заняла Вільню 19—21 красавіка 1919 року. Падчас наступу Чырвонае Арміі ў ліпені 1920 року палякі адступілі ад Вільні.

Падчас савецка-летувіскіх перамоваў у траўні 1920 асноўным пытаньнем, якое вызначала межы Летувы, было вайсковае супрацоўніцтва супраць Польшчы, потым, пры пагаршэньні ваеннае сытуацыі, — нэўтралітэт Летувы. 12 ліпеня 1920 року у Маскве была падпісаная дамова між РСФСР і Летуваю, які прызнаваў незалежнасьць Летувы ў межах былое Ковенскае ґубэрні, частцы Віленскае, Гарадзенскае, Сувальскае ґубэрняў, улучаючы Відзы, Вільню, Ашмяны, Ліду, Шчучын, Горадню. Дамова набывала юрыдычную моц 14 кастрычніка. 26 жніўня 1920 року Вільня была перададзеная пад кіраўніцтва Летувы. Іншыя тэрыторыі, якія адыходзілі паводле савецка-летувіскіх дамоваў Летуве, таксама перадаваліся пад кіраўніцтва летувіскае адміністрацыі падчас польскага наступу пасьля "Цуду на Вісьле".

З уварваньнем у жніўні 1920 польскіх войскаў на тэрыторыі, на якія прэтэндавала Летува, яны сутыкнуліся зь летувіскім супрацівам. Рада Ліґі нацыяў 20 верасьня прыняла рэкамэндацыю, якая пацьвярджае ў якасьці ўсходняе мяжы Польшчы «лінію Кэрзана», на захад ад якое ляжалі землі зь перавагаю польскага насельніцтва, на ўсход — тэрыторыі зь перавагаю беларускага, украінскага, летувіскага насельніцтва, і прапанаваў Польшчы лічыцца з нэўтралітэтам тэрыторыі Летувы з усходняга боку лініі. Летува і Польшча афіцыйна прынялі гэтую рэкамэндацыю. Пад ціскам Ліґі нацыяў пад канец верасьня 1920 року ў Сувалках пачаліся польска-летувіскія перамовы. 7 кастрычніка была падпісаная дамова, якая разьмяжоўвала польскую і летувіскую зоны (Плян Гіманса). У адпаведнасьці з дамоваю Вільня і прылеглыя тэрыторыі адыходзілі да Летувы. Дамова мела ўступіць у дзеяньне 10 кастрычніка 1920 року.

За два дні да ўступу Сувальскае дамовы ў сілу па таемных распараджэньнях Юзэфа Пілсудзкага часткі польскае арміі (1-я Літоўска-Беларуская дывізія) пад камандаю ґенэрала Люцыяна Жаліґоўскага, імітуючы непадпарадкаваньне вярхоўнаму камандаваньню, пачалі наступ і занялі Вільню (9 кастрычніка) і Віленскі край. Занятыя тэрыторыі былі абвешчаныя дзяржаваю Сярэдняю Літвою, пад часовым кіраваньнем Вярхоўнага галоўнакамандуючага і Часовае кіруючае камісіі. Выбары, праведзеныя 8 студзеня 1922, сфармавалі прадстаўнічы орґан насельніцтва Сярэдняе Літвы — Віленскі сойм. Сойм 20 лютага 1922 большасьцю галасоў прыняў рэзалюцыю пра далучэньне Віленскага краю ў склад Польшчы. 22 сакавіка 1922 Устаноўчы сойм у Варшаве прыняў Акт зьяднаньня Віленскага краю з Польскаю Рэспублікаю. У красавіку 1922 Віленшчына ўвайшла да складу Польшчы. У 1926 на тэрыторыі краю было сфармаванае Віленскае ваяводзтва

Аднак Летува не адмаўлялася ад правоў на Віленшчыну і вяла за яго актыўную прапаґандысцкую і дыпляматычную барацьбу. Толькі ў 1938 годзе, калі Летува, пасьля ўзброеных інцыдэнтаў на мяжы і ўльтыматуму Польшчы, была вымушана пагадзіцца з аднаўленьнем дыпляматычных адносінаў, былі адкрытыя межы.

У выніку ўварваньня ў верасьні 1939 савецкіх войскаў на тэрыторыю Польшчы Віленшчына была занятая савецкімі войскамі. Паводле «Дамовы пра перадачу Летувіскай Рэспубліцы места Вільні і Віленскай вобласьці і пра ўзаемадапамогу між Савецкім Саюзам і Летуваю» ад 10 кастрычніка 1939 року частка Віленшчыны была перададзеная Летуве. Гэтая частка складала тэрыторыю ў 6909 км² з 490 тыс. чалавек. Пасьля акупацыі Прыбалтыкі СССР і зьяўленьня Летувіскае ССР да новастворанае савецкае рэспублікі ў кастрычніку 1940 дадаткова адыйшла тэрыторыя Беларусі плошчаю 2637 км².

Глядзіце таксама

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць