Віленскі павет (ВКЛ)
Ві́ленскі паве́т — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Віленскага ваяводзтва Вялікага Княства Літоўскага. Плошча 6,3 тыс. км². Сталіца — места Вільня.
Віленскі павет | |
Агульныя зьвесткі | |
---|---|
Краіна | Вялікае Княства Літоўскае |
Статус | павет Вялікага Княства Літоўскага[d] |
Адміністрацыйны цэнтар | Вільня |
Дата скасаваньня | 1795 |
Кашталяны | Кашталяны віленскія |
Насельніцтва | гл. Дэмаграфія |
Плошча | 6,3 тыс. км² |
Час існаваньня | XV ст. — 1795 |
Месцазнаходжаньне Віленскага павету | |
Дадатковыя мультымэдыйныя матэрыялы |
Гісторыя
рэдагавацьУзьнік па Крэўскай уніі (1385 год) на аснове колішняга Віленскага княства[1], уваходзіў у склад Віленскага ваяводзтва.
Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў утварыўся наноў шляхам аб’яднаньня шэрагу воласьцяў, якія раней падпарадкоўваліся беспасярэдне ваяводу віленскаму: Гедройцкай, Кернаўскай, Медніцкай, Майшагольскай, Меміскай, Няменчынскай, Рудамінскай. У склад павету ўвайшлі таксама магнацкія маёнткі (Дубінкі, Мусьнікі, Упнікі, Астравец, Вялькія, Малыя Салечнікі і інш.) і ўладаньні касьцёла (Веркі, Гервяты, Маляты, Панары, Рукойны, Шашолы).
Захаваліся сьведчаньні азначэньня жыхароў Віленскага павету ліцьвінамі: «виленский гость литвин Дема Матвеев» (1555 год)[2], «литвин Виленского повету Абросимка», «литвин города Вилны Ян», «литвин Виленского повету Сашка», «литвин Виленского повету Христофор Рудинской», «литвин шляхтич кормовой Виленского повету Матяш Збороцкий» (усе 1609—1610 гады)[3], «литвин Виленского повету Федор Косарев, шляхтич» (1610 год)[4], «литвин Агейка Родионов, Виленского повету» (1657 год)[5].
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) спыніў сваё існаваньне, ягоная тэрыторыя апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі.
Геаграфія
рэдагавацьУ склад Віленскага павету ўваходзіла тэрыторыя Быстрыцкага, Інтурскага і Керноўскага старостваў (дзяржаўных воласьцяў), 40 вялікакняскіх дзяржаваў[6], а таксама прылеглыя прыватнаўласьніцкія маёнткі.
Плошча павету складала каля 6,3 тыс. км², зь іх каля 0,5 тыс. км² знаходзіліся на тэрыторыі сучаснай Беларусі. За ўвесь час існаваньня ягоныя межы практычна не зьмяняліся — асобныя прыгранічныя маёнткі перадаваліся з павету ў павет[7].
Адметнасьцю павету была адсутнасьць буйных лятыфундыяў, пераважалі дробныя і сярэднія памерам (да 500 дымоў) маёнткі. Дамінавала шляхецкая ўласнасьць (да 74% дымоў). Дзяржаве належала каля 1 3% дымоў, касьцёлу — таксама 13%[8].
На тэрыторыі павету знаходзіліся месты і мястэчкі Астравец, Багуславішкі, Быстрыца, Варняны, Відзенішкі, Гедройцы, Гелваны, Гервяты, Дубінкі, Інтуркі, Кернаў, Лаварышкі, Майшагола, Меднікі, Міхалішкі, Мусьнікі, Немянчын, Нідокі, Пабойск, Падбярэзьзе, Пазэльва, Рудаміна, Рукойні, Салечнікі Вялікія, Салечнікі Малыя, Табарышкі, Тургелі, Упнікі, Шашолі, Шырвінты, Шумск і Яшуны. Магдэбурскае права мелі Вільня (1387), Кернаў (1571) і Майшагола (23.02.1792).
Дэмаграфія
рэдагавацьУ сярэдзіне XVII ст. налічваў 16 501[9] дым (каля 100—115 тыс. жыхароў). Па вайне Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) колькасьць дымоў скарацілася да 8,5 тыс.
У апошняй чвэрці XVIII ст. насельніцтва павету дасягала 125—160 тыс. чал. (20,7 тыс. дымоў[10])
У скарзе зямяніна Віленскага павету ад 1566 году ідзецца пра гвалт пад «сялом Жамойцкім Кемем», пра які апавядаў віж Рудамінскага двара[11].
Ураднікі
рэдагавацьМясцовая шляхта абірала двух паслоў на Вальны сойм і двух дэпутатаў на Галоўны Трыбунал. Першым падкаморыем быў Я. Лявон, судзьдзём земскім — Ю. Белазор, падсудкам — С. Касінскі, пісарам — А.Мацкевіч, павятовым харунжым — С. Нарбут. Павятовую шляхту ачольваў кашталян віленскі[7].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Камінскі М. Віленскі павет // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 286.
- ^ Памятники дипломатических сношений Московского государства с Польско-Литовским государством. Т. 2. — СПб., 1887. С. 466.
- ^ Мальцев В. П. Записки о смерти «тюремных сидельцев» в смоленских тюрьмах в 1609—1610 гг. // Исторический архив. № 5, 1960.
- ^ Акты исторические, собранные и изданные Археографическою коммиссиею. Т. 2. — СПб., 1841. С. 358.
- ^ Замосковный край в XVII веке: Опыт изследования по истории экономическаго быта Московской Руси. — М., 1906. С. 292.
- ^ Słownik geograficzny... T. V. — Warszawa, 1884. S. 338.
- ^ а б Насевіч В. Віленскі павет // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 432.
- ^ Насевіч В. Віленскі павет // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 433.
- ^ Сагановіч Г. Невядомая вайна: 1654—1667. — Менск, 1995.
- ^ Słownik geograficzny... T. V. — Warszawa, 1884. S. 337.
- ^ Lietuvos Metrika. 50-oji Teismų bylų knyga (1565—1566). — Vilnius, 2014. P. 56.
Літаратура
рэдагаваць- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. — Т. 2: Беліцк — Гімн. — 537 с. — ISBN 5-85700-142-0