Зямя́не, Зямля́не (польск. ziemianie ад ziemia — зямля) — катэгорыя вайскова-служылага насельніцтва Вялікага Княства Літоўскага, частка фэўдальнага стану[1].

  • 1) У XV—XVI стагодзьдзях назва зямяне пашырылася сярод маламаёмаснага баярства ў заходніх землях ВКЛ, што тлумачыцца ўжываньнем польскай тэрміналёгіі і перасяленьнем пэўнай часткі польскай шляхты ў ВКЛ. Попіс войска ВКЛ 1528 году дакладна адрозьнівае пошты (вайсковыя аддзелы) баярскія ад зямянскіх. Пазьней гэтыя дзьве катэгорыі насельніцтва атаясамліваюцца — «зямяне або баяры». Заможная частка зямянаў зьлівалася з шляхтаю, бяднейшая захавала сваю назву і знаходзілася ў васальных дачыненьнях зь вялікім князем або фэўдаламі.

Зямяне мусілі плаціць чынш і каняўшчыну, але ў выпадку вайны іх ня сплочвалі, а мусілі ставаць з канём і рыштункам у войска. Зямяне не выступалі пад павятоваю харугваю, а толькі ў аддзеле пана. У адрозьненьне ад шляхты ня бралі ўдзелу ў сойміках. Да пачатку XVIII стагодзьдзя зямяне як асобная катэгорыя амаль зусім зьніклі, увайшлі ў склад шляхты альбо сялянаў, трымаўшых зямлю на чыншавым праве.

Па падзелах Рэчы Паспалітай улады Расейскай імпэрыі абклалі зямянаў падушным падаткам, але ў меншым памеры за сялянаў. Аднак часта зямянаў запісвалі ў рэвізіі як сялянаў. Многія зямяне давялі сваё паходжаньне перад дваранскімі дэпутацкімі сходамі як шляхцічы, па чым улічваліся сярод шляхты. У рэвізію 1834 году зямяне не вылучаліся як асобная група і надалей улічваліся як сяляне.

  • 2) Назва земляўласьнікаў у ВКЛ пераважна ў XVII стагодзьдзі. Мела сэнс тлумачэньня месца жыхарства і статусу валоданьня зямельнай маёмасьцю (напрыклад, «зямянін гаспадарскі Наваградзкі»).
  • 3) Назва буйных земляўласьнікаў (у польскай мове) у XIX—XX стагодзьдзях.
  1. ^ Вяроўкін-Шэлюта Ў. Зямяне // ЭГБ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 461.

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць