Скіргайла
Скіргайла Альгердавіч (у праваслаўі Іван; каля 1354 — 23 сьнежня 1394?[a], Кіеў) — князь троцкі (1382—1392), полацкі (1377—1381 і ад 1387) і кіеўскі (ад 1393)[2]. У 1386—1392 гадох быў намесьнікам Ягайлы ў Вялікім Княстве Літоўскім.
Скіргайла | |
![]() | |
Скіргайла (уяўны партрэт) | |
Князь полацкі | |
1377 — 1381 | |
Князь троцкі | |
1382 — 1392 | |
Князь кіеўскі | |
1395 — 1397 | |
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзіўся | 1354 , |
Памёр | 1397 , |
Дынастыя | Гедзімінавічы |
Бацька | Альгерд |
Маці | Ульляна |
ІмяРэдагаваць
- Асноўны артыкул: Скіргайла (імя)
Паводле менскага дасьледніка Алёхны Дайліды, які разьвівае германскую (перадусім усходнегерманскую) этымалёгію імёнаў літоўскіх князёў і баяраў, імя Скіргайла складаецца з фармантаў -скір-, які паходзіць ад гоцкага skeirs 'ясны, чысты', і -гайл-, які паходзіць ад гоцкага і бургундзкага gails 'жвавы, свавольны, ганарысты'[3]. Такім парадкам, імя Скіргайла азначае «чыстая жвавасьць»[4].
Варыянты імя князя ў гістарычных крыніцах: Скиргало (1377 год), Skirgal (6 ліпеня 1382 году[5], Мэмарыял Вітаўта[6]), Скиргайло[7][8], братъ нашь князь Скиригайло[7][9] (абодва 1387 год), Skirgallo (1384 год), Skirgailo, Skargalo princeps Trocensis, Skirgalo princeps Trocensis (усе 1387 год), dux Skirgalus (1390 год), Skirgello (1394 год)[7].
БіяграфіяРэдагаваць
Сын Альгерда і Ўльляны Цьвярской. Быў найбольш адданым паплечнікам свайго роднага брата Ягайлы.
У 1374—1375 гадох ваяваў з крыжакамі. Па выгнаньні з Полацку Андрэя Альгердавіча (1377 год) — князь полацкі. У 1379 годзе езьдзіў зь місіяй у некаторыя краіны Эўропы, дзе абмяркоўваў умовы хрышчэньня Літвы. Падчас перамоваў з Тэўтонскім Ордэнам, імаверна, спрычыніўся да складаньня Давыдзіскае дамовы. У 1381 годзе палачане, незадаволеныя паганствам Скіргайлы, выгналі яго з княжаньня. На чале войска Ягайлы й з дапамогай Інфлянцкага Ордэну атачыў Полацак, але ўзяць ня здолеў. Тады ж прыняў праваслаўе зь імем Іван.
Па захопе ўлады Кейстутам у канцы 1381 году і пераходу да таго войска Скіргайлы ўцёк у Інфлянты. Улетку 1382 году удзельнічаў у аблозе Кейстута ў Троках, зьняволіў таго ў часе перамоваў, перавёз у Крэўскі замак, дзе й забіў. За гэта, пэўна, атрымаў Троцкае княства. Стаў такім чынам другой асобай у дзяржаве.
У 1384 годзе падчас вайны з Ордэнам адваяваў Трокі. У 1385 годзе ўзначальваў дыпляматычную місію ў Польшчу, вынікам якой было складаньне шлюбу паміж Ягайлам і польскай каралевай Ядзьвігай і каранацыя Ягайлы на польскае каралеўства. У часе падпісаньня акту Крэўскае уніі (1385) дамогся за сабой права застацца праваслаўным. На думку некаторых гісторыкаў (Ежы Ахманскі й іншыя), у 1386—1392 гадох быў вялікім князем літоўскім, на думку ж іншых (М. Дучмаль, іншыя) выконваў функцыі намесьніка Ягайлы ў ВКЛ.
У 1386 годзе разьбіў у Амсьціслаўскай бітве смаленскага князя Сьвятаслава Іванавіча, падначаліўшы такім чынам ВКЛ Смаленскае княства. Увесну 1387 годзе захапіў Полацак і выгнаў адтуль Андрэя Альгердавіча. 28 красавіка 1387 году атрымаў прывілей на валоданьне Полацкім, а таксама Менскім і Сьвіслацкім княствамі з гарадамі Бабруйск, Ігумен, Лагойск, Любашаны, Любеч, Менск, Прапойск, Рэчыца, Сьвіслач. Ад 1388 году ваяваў зь Вітаўтам.
З падпісаньнем у 1392 годзе Востраўскага пагадненьня паміж Вітаўтам і Ягайлам перастаў кіраваць ВКЛ і страціў Троцкае княства (у знак кампэнсацыі яму было паабяцанае Кіеўскае княства). У пачатку 1393 году разам зь Вітаўтам захапіў Віцебск, паланіўшы Сьвідрыгайлу, які гаспадарыў там. Увесну й увосень 1393 году яму былі нададзеныя адабраныя ў Уладзімера Альгердавіча адпаведна Жытомір з Оўручам і Кіеў. У кастрычніку — лістападзе 1393 году ўдзельнічаў у паходзе Вітаўта на Падольле, захапіў Чаркасы й Зьвянігарад.
Паводле некаторых зьвестак, Скіргайлу атруціў мітрапальнічы намесьнік Фама. Пахавалі князя ў Кіева-Пячэрскай лаўры[11].
ГалерэяРэдагаваць
- Уяўныя партрэты Скіргайлы
З хронікі А. Гваньіні «Апісаньне эўрапейскай Сарматыі», 1578 г.
З радаводу князёў Палубінскіх. А. Тарасевіч, 1675 г.
Ю. Азямблоўскі, 1839 г.
ЗаўвагіРэдагаваць
- ^ Паводле іншых зьвестак, 11 студзеня 1397 году
КрыніцыРэдагаваць
- ^ а б в г Скиргайлло (рас.) // Энциклопедический словарь — СПб: Брокгауз — Ефрон, 1900. — Т. XXX. — С. 199.
- ^ ЭГБ. — Менск: 2001 Т. 6. Кн. 1. С. 321.
- ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 17—18.
- ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 17, 25.
- ^ Бражольский договор о перемирии между ВКЛ и Тевтонским орденом (июль 1382), Fontes historiae Magni Ducatus Lithuaniae
- ^ Лицкевич О. В. «Летописец великих князей литовских» и «Повесть о Подолье»: опыт комплексного критического разбора. — СПб., 2019. С. 264—266.
- ^ а б в Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 193.
- ^ Грамоти XIV ст. — Київ, 1974. С. 74.
- ^ Грамоти XIV ст. — Київ, 1974. С. 75.
- ^ Бохан Ю. Н., Темушев С. Н. История Беларуси» 6-й класс. Ч. 2. — Минск: Изд. центр БГУ, 2016. С. 38.
- ^ Пазднякоў В. Скіргайла // ВКЛ. Энцыкл. — Менск: 2005 Т. 2. С. 582.
ЛітаратураРэдагаваць
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. Аўтарскае выданне. — Менск, 2019. — 459 с. — (сьціслая вэрсія кнігі: Вытокі Вялікае Літвы. — Менск, 2021. — 89 с.)
- Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: Тэхналогія, 2001. — 216 с. — 500 ас. — ISBN 978-985-458-050-4
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Менск: БелЭн, 2001. — Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая. — 591 с. — ISBN 985-11-0214-8