Павал Баранаў
Павал Баранаў (нар. 1976) — беларускамоўны спартовы камэнтатар.
Павал Баранаў | |
Род дзейнасьці | журналістыка |
---|---|
Дата нараджэньня | 1976[1] |
Грамадзянства | Беларусь |
Месца вучобы | |
Прафэсія | журналіст |
Месца працы | |
Гады дзейнасьці | 1993-наш час |
Вядомы як | беларускамоўны спартовы тэлевядоўца |
Жанры | рэпартаж |
Узнагароды | прэмія «Тэлевяршыня» (2011) |
Ляўрэат прэміі «Тэлевяршыня» (2011) за камэнтаваньне Лігі Эўропы УЭФА 2010—2011 гадоў па-беларуску. На 2022 год вёў тэлеперадачу «Фактар сілы» на тэлеканале «Беларусь 5», якую пачаў весьці ў 2000-я гады[3].
Жыцьцяпіс
рэдагавацьУ дзяцінстве год займаўся плаваньнем і 3 гады — дзюдо. Яшчэ некалькі гадоў займаўся боксам і тайскім боксам, у якіх перамагаў на мясцовых спаборніцтвах, а таксама лёгкай атлетыкай. Апошнімі 3-ма відамі спорту працягнуў займацца ў дарослым жыцьці[3]. Спачатку заўзеў за хакейны клюб «Дынама», а пазьней — за футбольны. Студэнтам праходзіў практыку на Беларускім тэлебачаньні, куды пасьля сканчэньня факультэту журналістыкі БДУ ўладкаваўся паводле разьмеркаваньня ў аддзел публіцыстычных праграмаў[4]. У 1993 годзе 17-гадовым юнаком пачаў весьці тэлеперадачу «Мэталюргія», якую вырабляла Творчае аб'яднаньне праграмаў для дзяцей і моладзі. У 1998 годзе стаў весьці спартовыя тэлеперадачы на Беларускім тэлебачаньні[3]. У 1999 годзе яго дэбютам стала камэнтаваньне гульні між мазырскай «Славіяй» і менскім «Тарпэда»[4]. Пазьней Павал Баранаў адзначаў: «Першыя «прышчэпкі» беларускасьці ў малых дозах я атрымаў яшчэ ў старэйшых клясах школы. А ўжо ў асноўным свой сьветапогляд сфармаваў на журфаку БДУ. Мне ў гэтым сэнсе пашанцавала з выкладчыкамі — што беларускай мовы і літаратуры, што гісторыі Беларусі. І цяпер адмовіцца ад тых поглядаў — гэта значыць плюнуць у самога сябе, юнага Паўла Баранава ўзору 1990-х. Я сабе гэтага дазволіць не магу»[5]. У 2002 годзе дэбютаваў у якасьці рэгулярнага спартовага камэнтатара на першынстве па футболе з гульні 2-га кола групавога этапу між зборнымі Коста-Рыкі і Турэччыны. У сакавіку 2003 году пачаў рэгулярна камэнтаваць бокс, а ў верасьні 2003 — футбол[3]. У першыя гады даводзілася камэнтаваць да чатырох гульняў за дзень[4].
Улетку 2004 году камэнтаваў па-беларуску тэлетрансьляцыі першынства Эўропы па футболе з Партугаліі. Тады Павал Баранаў заявіў: «Падчас чэмпіянату Эўропы быў дазвол начальства і мая асабістая ініцыятыва. І я ні на хвіліну не пашкадаваў, што перайшоў на беларускую мову»[6]. 19 красавіка 2007 году новаабраны старшыня Зьвязу эўрапейскіх футбольных асацыяцыяў Мішэль Плятыні абвясьціў, што 14-е першынства Эўропы мела адбыцца праз 5 гадоў у суседніх Польшчы і Ўкраіне. З гэтай нагоды Баранаў заўважыў: «Калі б эўрапэйскім футболам і надалей кіраваў Югансан, нічога падобнага не адбылося б. Плятыні прыйшоў да ўлады дзякуючы падтрымцы перш за ўсё краінаў Усходняй Эўропы»[7]. 1 кастрычніка 2008 году Павал Баранаў заявіў: «Я жадаў бы, канечне, працаваць на беларускай мове. Гэта для мяне прынцып. Як толькі прыйшоў на тэлебачаньне, маёй мэтай было працаваць менавіта на беларускай мове. Ну і працаваў жа 2 гады, асьвятляў чэмпіянат Італіі. Дагэтуль людзі згадваюць, дзякуюць»[8].
У інтэрвію 24 сьнежня 2010 году падкрэсьліў: «Мая стратэгічная задача — перавесьці ўсе свае рэпартажы на беларускую мову. Сваімі сіламі я не магу гэта зрабіць. Павінна быць падтрымка зьверху, створана адпаведная каманда спэцыялістаў. Я б з задавальненьнем каментаваў Лігу чэмпіёнаў, прэм’ер-лігу, чэмпіянат сьвету, Алімпіяду на беларускай мове. Прынамсі, часопіс Лігі чэмпіёнаў мы ўжо на працягу 7 гадоў робім на роднай мове». Пры гэтым, камэнтатар згадаў глядацкую запатрабаванасьць рэпартажаў па-беларуску: «Ды ў мяне ў галаве не ўкладваецца, як мы жывем у Беларусі і мова камусьці не патрэбная! Гэта трызьненьне! Калі ўжо зусім шчыра, гэта трэба мне. Я хачу працаваць на беларускай мове. Гэта трэба велізарнай колькасьці нашых заўзятараў. Моладзь глядзіць футбол. Уявіце, гадзіна трансьляцыі на мове! Гэта будзе прапаганда нашай мовы, культуры». Урэшце, ён ухвальна адгукнуўся пра дзьвюхмоўныя рэпартажы Ўладзімера Навіцкага: «Уладзімер Мікалаевіч добра гаворыць па-беларуску. Мне шкада, што ён не працуе на ёй, хоць можа. Спадзяюся, дажыву да таго моманту, калі ён будзе камэнтаваць алімпійскі хакейны турнір на беларускай мове. Хай бы гэта было ўжо ў Сочы. Я чуў яго прыём — устаўка беларускіх словаў у рэпартаж. Магу сказаць пэўна, мяне гэта не раздражняе. Нармальна, таму што ён гэта робіць з павагай да мовы»[9]. 17 траўня 2011 году атрымаў прэмію «Тэлевяршыня» за камэнтаваньне Кубку УЭФА па-беларуску[10]. 30 ліпеня 2011 году на менскім стадыёне «Дынама» вёў футбольна-канцэртны паказ у гонар 100-годзьдзя беларускага футболу, які ладзіла Беларуская фэдэрацыя футболу[11].
Улетку 2012 году камэнтаваў чэмпіянат Эўропы па футболе 2012 году, у тым ліку фінал[12]. 27 ліпеня 2012 году камэнтаваў урачыстае адкрыцьцё 30-х летніх Алімпійскіх гульняў[13]. На 2013 год вёў спартовую тэлеперадачу «Фактар сілы» на тэлеканале «Беларусь 5»[14]. У лютым 2014 году камэнтаваў ХХІІ зімовыя Алімпійскія гульні[15], у тым ліку іх урачыстае адкрыцьцё 7 лютага з Уладзімерам Навіцкім[16].
24 траўня 2014 году камэнтаваў па-беларуску фінал Лігі чэмпіёнаў[17]. Улетку 2014 году быў камэнтатарам гульняў 20-га першынства сьвету па футболе[18]. Пры гэтым, вёў футбольныя рэпартажы па-беларуску разам са Зьмітром Герчыкавым[19]. 11 ліпеня 2014 году Павал Баранаў з гэтай нагоды заявіў: «Спачатку, 2 гады таму, — пачаць камэнтаваць чэмпіянат Беларусі на роднай мове, потым чэмпіянат Англіі па-беларуску, потым Лігу чэмпіёнаў на мове, нават адпрацаваў фінал Лігі чэмпіёнаў. І нарэшце кульмінацыяй, зразумела, чэмпіянат сьвету. То бок тое, што ўдалося гэта зрабіць увогуле, удалося зрабіць так, што кіраўніцтва не перашкаджала, а, наадварот, такія высілкі падтрымала — вядома, бязь лішняй сьціпласьці скажу, што гэта велізарная перамога. Я рады, што наша праца, мая ў пары зь Дзьмітрыем Герчыкавым, была ацэненая даволі высока… можна толькі парадавацца таму, што ёсьць магчымасьць вярнуць беларускую мову ў этэр, вярнуць беларускамоўны рэпартаж, разьвіваць яго, працаваць надалей з гэтым. Асабіста мне гэта прыносіць велізарнае задавальненьне, таму што гэта вельмі цікавы працэс, клясны працэс, і я толькі чакаю, што зьявяцца яшчэ камэнтатары, якія гэты рух падтрымаюць і мы будзем у гэтым сэнсе працаваць надалей разам». Сярод іншага, Баранаў сказаў: «Вялікая колькасьць людзей глядзіць футбол раз на 2 гады, ад чэмпіянату Эўропы да чэмпіянату сьвету, а хтосьці, мабыць, засяроджваецца толькі на чэмпіянаце сьвету. Наш народ, які, безумоўна, сачыў за чэмпіянатам сьвету ў кампаніі іншых народаў, пачуўшы беларускую мову, магчыма, натхніцца той ці іншай справай. У дзяцей, спадзяюся, нешта адкладзецца ў галаве, у падлеткаў. Карацей, будзем спадзявацца, што з Божай дапамогай вось гэтае семя, якое мы кідаем, актывізуе інтарэс нашага народу да нашай жа мовы. Бо я ўжо ня раз казаў і цяпер скажу рэч даволі патасную: «Мова — гэта душа народа». І насамрэч гэта праўда. Гэта адлюстроўвае толькі тое, што бяз моўнага асяродзьдзя дасканалай, суцэльнай нацыі, стопрацэнтнай нацыі проста не атрымаецца. Лішні раз у гэтым пераконваюся, калі выязджаю за мяжу, гляджу, як жывуць тыя ці іншыя людзі ў тым ці іншым асяродзьдзі, у той ці іншай краіне, і бачу, што мова для іх — гэта сродак яднаньня. Гэта дазваляе ім адчуваць сябе сапраўдны народам. А мы, беларусы, — мы суцэльная, натуральная, эўрапейская нацыя. І мы павінны застацца гэтай эўрапейскай нацыяй. А бяз мовы гэткай самадастатковай, эўрапейскай нацыяй мы ня станем аніяк»[20].
16 ліпеня 2015 году як аўтар 25-хвіліннай тэлеперадачы «Фактар сілы» пра адзінаборствы, якую рыхтавалі 7 чалавек, адзначыў яе ролю ва ўслаўленьні беларускіх спартоўцаў: «Аляксандра Курака — аднаго з наймацнейшых беларускіх спартсмэнаў у сілавым экстрыме. Акрамя нас, ім напачатку ўвогуле ніхто не цікавіўся. Для вялікай аўдыторыі пачалі першымі расказваць пра Аляксея Шабуню — вельмі вядомага атлета ў асяродку культурыстаў. У тым жа 2012 годзе Віталь Гуркоў, шматразовы чэмпіён сьвету па тайскім боксе, адназначна ня быў такім вядомым, як зараз. Віталь — наогул цікавы, старанны хлопец. У нас зь ім выдатныя стасункі»[21]. 9 ліпеня 2016 году Павал Баранаў перамог у тыднёвым глядацкім галасаваньні па выбары камэнтатара фіналу першынства Эўропы па футболе, які мелі наўпрост трансьляваць 10 ліпеня на тэлеканале «Беларусь 1»[22].
У жніўні 2016 году камэнтаваў 31-я летнія Алімпійскія гульні[23] ў такіх 5 барцоўскіх відах спорту, як дзюдо, вольная і грэка-рымская барацьба, бокс і таэквандо[24]. Улетку 2018 году камэнтаваў 21-ы чэмпіянат сьвету па футболе[25]. 21 чэрвеня 2019 году камэнтаваў ўрачыстае адкрыцьцё 2-х Эўрапейскіх гульняў, якія праходзілі ў Менску[26].
Ацэнкі
рэдагаваць29 жніўня 2013 году кіраўнік спартовага вяшчаньня Белтэлерадыёкампаніі Павал Булацкі адзначыў: «У нас ёсьць некалькі камэнтатараў з добрай беларускай мовай: Уладзімер Навіцкі, Павал Баранаў»[27]. 16 лістапада 2013 году кіраўнік тэлеканала «Беларусь 5» Павал Булацкі, які сам рабіў рэпартажы па-беларуску[28], заўважыў наконт беларускамоўных камэнтатараў канала: «На дадзены момант беларускай мовай карыстаюцца толькі Павал Баранаў і Зьміцер Герчыкаў»[29].
20 чэрвеня 2014 году дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі 13-га скліканьня Павал Знавец адзначыў: «На Tut.by, дзе Павал Баранаў вядзе свой блог, я вяду зь ім ліставаньне і ўвогуле маю добрыя дачыненьні. І лічу яго найлепшым беларускім тэлекамэнтатарам… выдзяляецца ў лепшы бок менавіта Павал Баранаў — і веданьнем справы, і прафэсіяналізмам… Ён якраз вядзе рэпартажы бліжэй да ночы, і асабіста я гляджу іх, у тым ліку і з-за вядоўцы. І гэта ня толькі маё ўражаньне, а нават і тых людзей, далёкіх ад беларушчыны, якія проста робяць стаўкі, самі гуляюць у футбол. Выдзяляюць яго і па эмоцыях, і па падыходзе да справы. Як мае быць вядзе рэпартажы, на галаву вышэй за астатніх. І плюс яшчэ мовай добра валодае і такім чынам адначасова яе прапагандуе»[30]. 27 чэрвеня 2014 году чэмпіён Савецкага Саюзу 1982 году ў складзе менскага «Дынама» Людас Румбуціс згадаў: «Падабаецца, як Павал Баранаў камэнтуе — найперш у тым разрэзе, што на беларускай мове»[31]. 4 ліпеня 2014 году памагаты галоўнага трэнэра зборнай Беларусі Андрэй Зыгмантовіч, які быў найлепшым футбалістам Беларусі 1992 і 1994 гадоў, таксама заўважыў: «Павал Баранаў сапраўды добра камэнтуе па-беларуску, прыемна чуць»[32].
2 лютага 2021 году вядоўца перадачы «Агнявы рубеж» Ганна Любянкова, якая працавала на тэлеканале «Беларусь 5», заявіла: «Мне падабаецца работа Паўла Баранава, здаецца, ён можа камэнтаваць любы від спорту»[33].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б https://www.svaboda.org/a/29339135.html
- ^ https://www.tvr.by/bel/leaders/belarus-5/pavel-baranov/
- ^ а б в г Павал Баранаў // Белтэлерадыёкампанія, 2022 г. Праверана 22 кастрычніка 2022 г.
- ^ а б в Алена Драпко. «Камэнтатар павінен ствараць настрой» // Зьвязда : газэта. — 14 сакавіка 2014. — № 47 (27657). — С. 3. — ISSN 1990-763x.
- ^ Ігар Карней. Футбольны камэнтатар Павал Баранаў: Працую на беларускай мове, бо гэта мне падабаецца // Беларуская служба Радыё «Свабода», 5 ліпеня 2018 г. Праверана 22 кастрычніка 2022 г.
- ^ Ігар Карней. БТ дбае найперш аб Лукашэнку, а не аб аматарах спорту // Беларуская служба Радыё «Свабода», 17 жніўня 2004 г. Праверана 22 кастрычніка 2022 г.
- ^ Ігар Карней. Мішэль Плаціні «згуляў» на карысьць Украіны і Польшчы // Беларуская служба Радыё «Свабода», 19 красавіка 2007 г. Праверана 22 кастрычніка 2022 г.
- ^ Ігар Карней. Суполка беларускамоўных камэнтатараў развалілася // Беларуская служба Радыё «Свабода», 1 кастрычніка 2008 г. Праверана 22 кастрычніка 2022 г.
- ^ Павал Баранаў: Хачу камэнтаваць спорт па-беларуску // Газэта «Наша ніва», 24 сьнежня 2014 г. Праверана 22 кастрычніка 2022 г.
- ^ Алесь Сабаленка. «Тэлевяршыня»: ніякіх сюрпрызаў // Газэта «Наша ніва», 17 траўня 2011 г. Праверана 22 кастрычніка 2022 г.
- ^ У Менску пройдзе футбольна-канцэртнае шоў «Беларусь — Расея» // Газэта «Наша ніва», 30 траўня 2011 г. Праверана 22 кастрычніка 2022 г.
- ^ Сёння ва Ўкраіне і Польшчы стартуе футбольны чэмпіянат Эўропы // «Эўрапейскае радыё для Беларусі», 8 чэрвеня 2012 г. Праверана 22 кастрычніка 2022 г.
- ^ Ігар Карней. Беларусь — Новая Зэляндыя: без алімпійскага шапказакідальніцтва // Беларуская служба Радыё «Свабода», 26 ліпеня 2012 г. Праверана 22 кастрычніка 2022 г.
- ^ Ігар Карней. На «Беларусь 5» абяцаюць дзьвюхмоўе // Беларуская служба Радыё «Свабода», 21 кастрычніка 2013 г. Праверана 22 кастрычніка 2022 г.
- ^ Трансьляцыю Алімпіяды ў Сочы будуць весьці тры беларускія тэлеканалы // Газэта «Зьвязда», 21 студзеня 2014 г. Праверана 22 кастрычніка 2022 г.
- ^ Іван Міхайлаў. Алімпійскі Сочы ў чаканьні грандыёзнай падзеі // Белтэлерадыёкампанія, 7 лютага 2014 г. Праверана 22 кастрычніка 2022 г.
- ^ Фінал Лігі чэмпіёнаў каментуецца па-беларуску // Газэта «Наша ніва», 24 траўня 2014 г. Праверана 22 кастрычніка 2022 г.
- ^ Беларускія тэлеканалы пакажуць усе матчы футбольнага чэмпіянату сьвету // «Эўрапейскае радыё для Беларусі», 3 чэрвеня 2014 г. Праверана 22 кастрычніка 2022 г.
- ^ Ігар Карней. Беларуская мова бразыльскага мундыялю // Беларуская служба Радыё «Свабода», 9 ліпеня 2014 г. Праверана 22 кастрычніка 2022 г.
- ^ Ігар Карней. Баранаў: Бяз мовы мы ня станем самадастатковай эўрапейскай нацыяй // Беларуская служба Радыё «Свабода», 11 ліпеня 2014 г. Архіўная копія ад 11 ліпеня 2014 г. Праверана 22 кастрычніка 2022 г.
- ^ Тарас Шчыры. Павал Баранаў: «Любоў да адзінаборстваў у мяне зь дзяцінства» // Газэта «Зьвязда», 17 ліпеня 2015 г. Праверана 22 кастрычніка 2022 г.
- ^ Фінал «Эўра-2016» на «Беларусь-1» пракамэнтуе беларускамоўны Павал Баранаў // «Эўрапейскае радыё для Беларусі», 9 ліпеня 2016 г. Праверана 22 кастрычніка 2022 г.
- ^ Трансьляцыя Алімпіяды стане галоўнай тэлевізійнай падзеяй жніўня // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 12 ліпеня 2016 г. Праверана 22 кастрычніка 2022 г.
- ^ Дар'я Лабажэвіч. «Ніводзін наш спартсмэн у Рыё ня будзе абдзелены ўвагай» // Зьвязда. — 29 ліпеня 2016. — № 144 (28254). — С. 5.
- ^ Ігар Карней. Вялікі футбол у Расеі: арэны, гульні і ўдзельнікі чэмпіянату сьвету — 2018 // Беларуская служба Радыё «Свабода», 14 чэрвеня 2018 г. Праверана 22 кастрычніка 2022 г.
- ^ Аб арганізацыі тэлевяшчаньня падчас II Эўрапейскіх гульняў распавёў Іван Эйсмант // Белтэлерадыёкампанія, 20 чэрвеня 2019 г. Праверана 22 кастрычніка 2022 г.
- ^ Вікторыя Целяшук. Спортам адзіным // Газэта «Зьвязда», 30 жніўня 2013 г. Праверана 22 кастрычніка 2022 г.
- ^ Ігар Карней. Футбаліст Радзівонаў: Размаўляць па-беларуску становіцца модна // Беларуская служба Радыё «Свабода», 25 лістапада 2013 г. Праверана 22 кастрычніка 2022 г.
- ^ Зьміцер Панкавец. «Беларусь-5»: Тэлеканал ёсьць, але ніхто яго ня бачыць // Газэта «Наша ніва», 17 лістапада 2013 г. Праверана 22 кастрычніка 2022 г.
- ^ Ігар Карней. Беларусы заўзеюць за Галяндыю і ігнаруюць Расею // Беларуская служба Радыё «Свабода», 20 чэрвеня 2014 г. Праверана 22 кастрычніка 2022 г.
- ^ Ігар Карней. Румбуціс: Я ў захапленьні ад беларускай мовы // Беларуская служба Радыё «Свабода», 27 чэрвеня 2014 г. Праверана 22 кастрычніка 2022 г.
- ^ Ігар Карней. Зыгмантовіч: Аптымізму адносна Эўра-2020 у Беларусі — ніякага // Беларуская служба Радыё «Свабода», 4 ліпеня 2014 г. Праверана 22 кастрычніка 2022 г.
- ^ Валерыя Сьцяцко. «Спорт — мая панацэя» // Зьвязда. — 3 лютага 2021. — № 20 (29389). — С. 9.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Вячаслаў Ракіцкі. Свабода бяз гальштукаў: Клюшкай па дэмакратыі // Беларуская служба Радыё «Свабода», 9 траўня 2013 г. Архіўная копія ад 8 траўня 2013 г. Праверана 22 кастрычніка 2022 г.