Субтытры

тэкставае прадстаўленьне падзеяў і рэплікаў у відэа

Субтытры (ад франц. Sous-titres — подпісы) — тэкставае суправаджэньне відэа, у выглядзе надпісаў на ніжняй частцы кадра кінафільму ці перадачы. Звычайна зьмест субтытраў дублюе гукавую дарожку, часам таксама тэкст і надпісы, якія зьяўляюцца ў кадры, у перакладзе з мовы арыгінала на мову, зразумелую гледачу.

Прыклад ужываньня субтытраў

Субтытры прымяняюць, нараўне з сурдаперакладам, калі мэтавая аўдыторыя ўключае глухіх і людзей з парушэньнем слыху. У такіх выпадках субтытры робяць на той жа мове, што й гукавую дарожку.

Звычайна субтытры ўтрымліваюць рэплікі пэрсанажаў. Калі субтытры прымяняюць для перакладу фільма, у іх таксама дадаюць надпісы, што зьяўляюцца ў кадры. Часам субтытры зьмяшчаюць дадатковую інфармацыю пра падзеі, якія адбываюцца на экране, напрыклад, камэнтарыі да фільма, тлумачэньне складаных тэрмінаў, назваў і іншае.

Субтытры могуць быць выкарыстаныя таксама ў выпадках, калі пры праглядзе неабходна захоўваць цішыню, ці калі паказ ідзе ва ўмовах павышанага шуму.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць