Казахстан

дзяржава ў Цэнтральнай Азіі
(Перанакіравана з «Рэспубліка Казахстан»)

Рэспубліка Казахстан (па-казаску: Қазақстан Республикасы) — краіна, разьмешчаная на Эўразійскім звышкантынэнце. Мяжуе з Расеяй, Кітаем, Кыргыстанам, Узбэкістанам і Туркмэністанам.

Казахстан
лац. Kazachstan

Қазақстан Республикасы
Сьцяг Казахстану Герб Казахстану
Сьцяг Герб
Дзяржаўны гімн: «Менің Қазақстаным»
Месцазнаходжаньне Казахстану
Афіцыйная мова казаская, расейская
Сталіца Астана
Найбуйнейшы горад Алматы
Форма кіраваньня Прэзыдэнцкая рэспубліка
Касым Жамарт-Такаеў
Аліхан Смаілаў (выконваючы абавязкі)
Плошча
 • агульная
 • адсотак вады
9-е месца ў сьвеце
2 724 900 км²
1,7%
Насельніцтва
 • агульнае (2009)
 • шчыльнасьць
62-е месца ў сьвеце
16 402 861
6/км²
СУП
 • агульны (2008)
 • на душу насельніцтва
56-е месца ў сьвеце
$177,835 млрд
$11 434
Валюта Тэнге (KZT)
Незалежнасьць
 ад Савецкага Саюзу

16 сьнежня 1991
Дамэн верхняга ўзроўню .kz
Тэлефонны код +7
Мапа Казахстану
Мапа Казахстану

Гісторыя

рэдагаваць

У II—III стагодзьдзях мангольскія і протацюрскія плямёны на стэпавых прасторах паўднёвей за Алтай утварылі народ хунну, які ў 375 году рушыў на захад у Эўропу, адзначыўшы пачатак Вялікага перасяленьня народаў. На Ўрале і Паволжы да яго далучыліся вугорскія плямёны. Гуны моцна пацясьнілі Рымскую імпэрыю, а іх правадыр Атыла (400—453) увайшоў у гісторыю, як вялікі заваёўнік. Вугорцы (па-лацінску: хунгары), чыя мова рэзка адрозьніваецца ад эўрапейскіх і мае шмат цюрскіх словаў, лічаць сябе нашчадкамі гунаў.

У сярэдзіне 1 тысячагодзьдзя на прасторах ад мангольскіх гораў да Касьпійскага мора пачынае складвацца старажытнацюрскі зьвяз качавых плямёнаў і іх дзяржаўнасьць. Першы Цюрскі каганат (551—630) стаў важным этапам у гісторыі Стэпу. Пачалі разьвівацца рамёствы, гандаль, тады ажыў Вялікі Шаўковы Шлях з Кітая ў арабскія землі і далей у Эўропу. Уздоўж рэк Чу, Талас, Сыр-Дар’я і ўзьбярэжжа Аральскага мора ўзьнікалі гарады Чырык-Рабат, Отрар, Сыгнак, Ісьпіджаб, Тараз і Баласагун, якія зьяўляліся важнымі населенымі пунктамі на гандлёвым Шаўковым Шляху, што спалучаў усход і захад. У VI ст. гэтыя землі атрымалі назоў Туркестан («Краіна цюрак»). У VII стагодзьдзі Каганат распаўся на Ўсходні (Другі) і Заходні каганаты. Усходні займаў землі на Алтаі і Байкале, а Заходні — стэпы ад Ертыса да Іціля (ад Іртыша да Волгі). Пазьней з Заходняга каганата вылучыліся Хазарскі каганат (650—969) у паўночным Прыкасьпіі (дынастыя Ашынаў) і Цюргескі — на Цянь-Шані, які з прыходам арабаў саступіў месца Карлуцкаму каганату.

У VII—VIII стагодзьдзях кітайская імпэрыя дынастыі Тан стала прэтэндаваць на частку Туркестану, але ёй жа цікавіўся і Арабскі халіфат. Інтарэсы дзьвюх вялікіх ваяўнічых імпэрыяў сутыкнуліся на землях цяперашняга Казахстану ў бітве на рацэ Талас (751). Атрымаўшы важную перамогу пры дапамозе карлукаў, арабы прынесьлі ў Стэп ісламскую рэлігію, а ў кітайцаў запазычылі паперу, што прывяло да шырокага распаўсюджваньня арабскай пісьменнасьці. Варта адзначыць, аднак, што ў Стэпе ісламская вера насіла і дагэтуль носіць хутчэй «пераймальны» характар і зьяўляецца ў казахаў самай слабой сярод мусульманскіх народаў. Затое цюркі страцілі сваё стражытнацюрскае рунічнае пісьмо, перайшоўшы на арабскую пісьмовасьць, і сваю старажытную веру — тэнгрыянства.

Але і халіфат ня ўтрымаў Стэп у сваіх руках. Прыкладна ў IX—X стагодзьдзі на сучаснай тэрыторыі Казахстану ўзьнікаюць дзьве новыя цюрскія дзяржавы: на поўдні і ўсходзе — Караханідзкая, а на захадзе — Агуская. Караханідзкая дзяржава прыйшла на зьмену Карлуцкаму каганату ў Туркестане, Мавэранагры (міжрэчча Окса і Яксарта або Аму-Дар’і і Сыр-Дар’і), Сямірэччы і ўсходнім Туркестане дый пратрымалася да 1210 году да разгрому яе шагам Харэзма Мухамадам. Пазьней карлуцкая гаворка стала асновай узбэцкай (Мавэранагр) і ўйгурскай (Усходні Туркестан) моваў.

Агузы займалі землі на Сыр-Дар’і і захадзе цяперашняга Казахстану, ваявалі з Хазарскім каганатам на Ітылі (Волга), прычым часта ў зьвязе з Кіеўскай Русьсю і Волскай Булгарыяй (нашчадкамі якой сталі сучасныя татары, башкіры, чувашы). Але ў сярэдзіне 11 ст. у Стэпе ўзьнялося новае магутнае племя кіпчакаў (па-лацінску куманаў), якое выцясьніла агузаў. Вялікая частка агузаў сышла на поўдзень Касьпія і, зьмяшаўшыся зь мясцовымі народамі, стала прабацькамі сучасных туркмэнаў, у Закаўказьзі — азэрбайджанцаў, а іх наймацнейшы род — сэльджукі, прасунуўся ў Малую Азію і стаў асновай турэцкай нацыі. Іншая частка агузаў адышла на захад да Дунаю і была вядомая пад іменем печанегаў, малдаўскія гагаўзы лічацца іх нашчадкамі. Кіпчакі ішлі за імі па пятах і неўзабаве велізарная раўнінная тэрыторыя ад Іртышу да Дунаю атрымала назоў Дэшт-і-Кіпчак, Кіпчацкі стэп. На Русі яны былі вядомыя, як полаўцы, а Дэшт-і-Кіпчак заходней за Волгу, як Палавецкае поле. Паўтара стагодзьдзя доўжыліся складаныя адносіны Русі і Палавецкага поля. Рускія князі то ваявалі з полаўцамі (Уладзімер Манамах), то былі саюзьнікамі (Бітва на рацэ Калцы), а то і радніліся зь імі (Юры Даўгарукі і іншыя). Адзін з паходаў рускага князя Ігара ў Палавецкі стэп апісаны ў «Слове аб паходзе Ігаравым» (1185). Пасьля разгрому татара-манголамі асноўная частка полаўцаў (заходніх кіпчакаў) сышла ў Крым і стала родапачынальнікамі крымскіх татараў.

Мангольскае нашэсьце

рэдагаваць

У 1219 годзе пачалося мангольскае ўварваньне ў Стэп і далей у Мавэранагр. Манголы агнём і мячом прайшліся па Сыр-Дар’і, спалілі гарады Отрар, Сыгнак, Ашнас і інш. Качавыя плямёны Казахстану спачатку аказвалі мангольскім войскам супраціў, але пасьля паразы далучыліся да іх. Мясцовая кіпчацкая шляхта паступіла на службу да манголаў, а шэраговыя качэўнікі склалі значную частку мангольскага войска, якое рушыла на чале з Бату (Батыем) у 1237 г. на заваяваньне Ўсходняй Эўропы. Празь іх і зьявілася зьмяшаная назва — татара-манголы.

Цюрскі Стэп увайшоў у склад трох мангольскіх улусаў, якія ачолілі сыны Чынгізхана: вялікая (стэпавая) частка — у склад Улуса Джучы, Паўднёвы і Паўднёва-Ўсходні Казахстан — у Ўлус Чагатая, паўночна-ўсходняя частка Сямірэччы — ва Ўлус Угедэя. Улус Джучы займаў шырокія землі заходней Іртыша і ахопліваў паўночную частку Сямірэчча і ўвесь Усходні Дэшт-і Кыпчак да Ніжняга Паволжа ўлучна. Улус Чагатая, акрамя названых земляў, уключаў у сябе Ўсходні Туркестан і Мавэранагр. Угедэй валодаў Заходняй Манголіяй, раёнамі Верхняга Іртыша і Тарбагатая. Чынгізіды імкнуліся ператварыць свае ўлусы ў незалежныя валадарствы. Пасьля сьмерці Чынгісхана, якая здарылася ў 1227 годзе, гэтая тэндэнцыя стала нарастаць, і імпэрыя распалася на некалькі незалежных дзяржаваў. Пераемнікам Джучы, памерлага ў тым жа, 1227 году, стаў яго сын Бату.

Баты заснаваў у нізоўях Волгі новую мангольскую дзяржаву Залатая Арда. У яе ўвайшлі тэрыторыі Ўлуса Джучы — Усходні Дэшт-і Кыпчак, частка тэрыторыі Харэзма і Заходняй Сыбіры, а таксама ізноў заваяваныя землі на захадзе. Сталіцай стаў горад Адрына-Бату (каля цяперашняй Астрахані). Залатая Арда была шматэтнічнай дзяржавай. Яна ўключала ў сябе мноства плямёнаў і народнасьцяў, што адрозьніваліся паміж сабой па ўзроўні грамадзка-эканамічнага разьвіцьця і валодалі своеасаблівай культурай і звычаямі. Асноўную масу ардынцаў складалі цюрскія плямёны, галоўным чынам, кыпчакі, а таксама канглы, карлукі, найманы і шматлікія іншыя. Рубрук іх усіх называў татарамі. Манголы і ў Ардзе складалі меншасьць. У канцы XIII ст. і ў XIV ст. манголы фактычна цюркізаваліся, асабліва пасьля разгрому Залатой Арды Цімурам у 1391 годзе.

Мангольскія заваёвы суправаджаліся масавым зьнішчэньнем людзей. Быў перапынены завяршальны этап фармаваньня кыпчацкай народнасьці. Панаваньне мангольскіх заваёўнікаў надоўга затрымала эканамічны і культурны прагрэс народаў заваяваных імі краінаў. Найцяжэйшыя страты былі нанесеныя земляробчай і гарадзкой культуры.

Але былі і дадатныя фактары. Манголы, дзякуючы сваёй ідэі цэнтралізаванай улады аб’ядналі раней слабаарганізаваныя вольныя стэпавыя плямёны. Нормы качавога жыцьця стала рэгуляваць «Яса» Чынгіз-хана — збор звычаёвага права, прыстасаванага да новых умоваў. Пасьля нормы «Ясы» былі ў пэўнай ступені выкарыстаныя пры стварэньні казаскага кодэкса законаў «Жэты-жаргы» («Сем укладаньняў»). Шматлікія формы дзяржаўнасьці былі таксама выкарыстаныя пасьля ў ханствах, узьніклых на тэрыторыі Казахстану ў пасьлямангольскую эпоху. Мангольская заваёва аказала моцны ўплыў на этнічныя працэсы на тэрыторыі Казахстану. Тры казаскія жузы сталі фактычна пераемнікамі трох улусаў чынгізідаў. Верхавіна чынгізідаў растварылася ў цюрскай масе, але іх нашчадкі зваліся торы або «белай косткай». Самым вядомым чынгізідам быў казаскі навуковец, асьветнік і вандроўца Чокан Валіханаў (1835—1865).

Пасьля развалу Залатой Арды да сярэдзіны XV ст. на аснове стэпавых плямёнаў (албаны, дулаты, уйсуні, канглы, жалаіры і іншыя прадстаўнікі Старэйшага Жуза, кыпчакі, аргыны, найманы, керэі, конграты і інш. — Сярэдні Жуз, алшыны, алімулы, байулы, жэтыру і інш. — Малодшы Жуз) на тэрыторыі ад Іртыша да Жаіка стала фармавацца першая казаская дзяржаўнасьць. Велізарная тэрыторыя і качавы лад жыцьця, а таму і ўмоўнасьць межаў, паўплывалі на паступовае ўтварэньне Казаскага ханства. Яго зародкамі былі ханствы Абулхаіра на Сыр-Дар’і і Жаныбэка і Керэя ў Сямірэччы. Аб’яднаць казаскія землі ў барацьбе з шэйбанідамі Мавэранагра на поўдні і Нагайскай Ардой на захадзе атрымалася хану Касыму (1445—1518). Справу працягнуў яго сын хан Хакназар (уладарыў 1538—1580), якому прыйшлося змагацца і з ойратамі на ўсходзе. Аднак успадкаваны ад манголаў тэрытарыяльны падзел казахаў на тры жузы: Старэйшы (паўднёвы), Сярэдні (паўночны) і Малодшы (заходні) са сваімі ханамі, пры тым што і кожны род-племя меў свайго хана, выклікалі пастаянае суперніцтва і міжусобіцу ў Казаскім ханстве, аслабляючы яго. Перад пагрозай усё часьцейшых набегаў ойратаў з мангольскіх стэпаў, некалькі выправіў сытуацыю хан Таўке (уладарыў 1680—1718). Менавіта пры ім найбольш кансалідавалася качавая дзяржава з стаўкай у горадзе Туркестан, пры ім у Казаскім ханстве быў прыняты збор законаў «Жэты Жаргы».

Джунгарскае ўварваньне

рэдагаваць

У 1635 годзе ў горах Тарбагатая і паўднёвага Алтая ўтварылася новая мангольская дзяржава Джунгарыя. Падштурхоўванае з усходу кітайскай імпэрыяй Цын, яно пачало паходы ў казаскі Стэп. Джунгары (саманазва ойраты) урываліся ў 1635, 1652 (загінуў хан Жангір), 1681—1684 (спалены Сайрам), 1687 (аблога Туркестану), 1711—1712, 1714—1717 гадах. Але самым спусташальным было ўварваньне 1723—1727 гадоў, што захавалася ў народнай памяці казахаў, як «актабан шубырынды» — «гады вялікага бедзтва», калі значная частка казаскага народу, раздробненага на мноства варожых адзін да аднаго княстваў, была выразаная джунгарамі. Казаскія аб’яднаныя апалчэньні таксама атрымалі шэраг перамогаў над джунгарамі ў 1711 годзе (Богенбай батыр), у 1718 на рацэ Аягуз (Кабанбай батыр), пад кіраўніцтвам Абулхаір-хана на рацэ Буланты (1727) і ў Анракайскай бітве (1729).

Але сілы былі няроўныя, у джунгараў зьявілася агняпальная зброя. Казаскія пасольствы ў Маскве паспрабавалі абаперціся на хаўрус з Расеяй. Пётар I загадаў казанскаму і сыбірскаму губэрнатарам Пятру Салтыкову і князю Мацьвею Гагарыну дапамагаць ім супраць джунгараў, пагатоў, што гэта адказвала плянам Расеі. Расея тады імкліва прасоўвалася на ўсход, да Ціхага акіяна. Яшчэ ў канцы 16 стагодзьдзі аддзелам казакоў атамана Ермака, якія зьнішчылі Сыбірскае ханства чынгізіда Кучума, па ўказе цара Івана Жахлівага быў нададзены адмысловы статус — Сыбірскае казачае войска. І з гэтага часу яно ўстала на службу імпэрыі. У 1715—1720 гады, нягледзячы на адчайнае процідзеяньне джунгараў, пачалося будаўніцтва сыбірскімі казакамі Іртыскай умацаванай лініі, закладзеныя крэпасьці Омская (1716), Сяміпалацінская (1718), Усьць-Каменагорская (1720) уверх па Іртышы.

У цяжкім 1717 годзе хан Таўке ўпершыню зьвярнуўся да Пятра з просьбай прыняць казахаў у расейскае падданства, але бяз выплаты ясака, без выкананьня павіннасьцяў і пры захаваньні ўлады хана. Але Таўке раптам памёр і калі хан заходняга Малодшага Жуза Абулхаір у 1730 г. прапанаваў ваенны зьвяз імпэратрыцы Ганьне Іаанаўне, Расея, якая мела свае далёка ідучыя пляны, пагадзілася толькі на пратэктарат (місія Тэўкелева, 1731). Тады хан Сярэдняга жуза Аблая, лявіруючы паміж дзьвюма магутнымі імпэрыямі (палітыка «паміж львом і цмокам») прыняў падвойнае падданства, і Расеі (1740) і Кітая. Старэйшы жуз наогул больш знаходзіўся пад уплывам цясьніўшага яго з поўдня Какандзкага ханства.

У 1741 пры чарговым уварваньні джунгараў Сэнат Расейскай імпэрыі прымае рашучыя захады (місія Мілера). Сустрэўшы ў асобе Расеі моцнага суперніка, джунгары спыняюцца. А ў 1745 году памірае іх апошні «каршак», хунтайчы Галдан Цэрэн, пачынаецца разброд. Джунгарыя ня выканала падрыхтаваную ёй місію і Цыньска-маньчжурскія войскі наносяць зруйнавальныя ўдары ёй у сьпіну. У 1756 годзе пры імпэратары Айсіньгіёро Хунлі Цыньска-маньчжурскае войска канчаткова разьбівае Джунгарскае ханства. 70% джунгараў гіне на поле бітвы і ад хваробаў, 20% уцякаюць на Волгу ў Калмыцкае ханства. Джунгарыя спыняе сваё існаваньне, а на яе землях Цынская імпэрыя стварае ў 1761 году сваю правінцыю Сіньцзян (Новыя землі). Але далей яе інтарэсы сутыкаюцца з інтарэсамі Расейскай імпэрыі, якая прэтэндавала на Туркестан, і ваенная актыўнасьць у гэтым раёне заціхае. Казаскія стэпы засталіся ў зоне расейскага ўплыву.

Расейская экспансія

рэдагаваць

Далучэньне Казахстана было толькі часткай шматвяковай тэрытарыяльна-палітычнай экспансіі Расеі на сумежныя тэрыторыі. Паўночнае ўзьбярэжжа Касьпійскага мора і правы бераг ракі Ўрал (раней Яік, ад казаскага Жаік) расейцы сталі засяляць яшчэ з 16 ст., яны ўсталявалі сваю ўладу, заснаваўшы стыхійнае Яіцкае казацтва з цэнтрам у Яіцкім мястэчку (1613), у 1775 годзе пасьля разгрому пугачаўскага паўстаньня яны былі пераназваныя імпэратрыцай Кацярынай II ва Уральскае казацтва і горад Уральск, нават раку пераназвалі ва Ўрал. Далей па Яіку былі заснаваныя Гураў (1640) — цяпер Атыраў, Орск (1735) і Арэнбург (1743), які тады жа па ўказе імпэратрыцы Лізаветы Пятроўны стаў цэнтрам заснаванага Арэнбургскага казацтва. Указам цара Аляксандра I у 1808 году Сыбірскае казачае войска атрымала статус Сыбірскага казацтва з цэнтрам у Омску. У 1867 г. з атрадаў сыбірскіх казакоў, якія прасунуліся далёка на поўдзень у Сямірэчча, па ўказе імпэратара Аляксандра II было сфармаванае Семірэчанскае казацтва з цэнтрам у горадзе Точным (1855), потым Алма-Ата, цяпер Алматы. Казакі сталі найважнейшай прыладай расейскага імпэрыялізму ў далучэньні ўсходніх прастораў, у тым ліку і тэрыторыяў цяперашняга Казахстану. Казакі і перасяленцы з Расеі і Ўкраіны, якія ішлі ўсьлед за імі, захоплівалі ўрадлівыя землі, лугі і летнія пашы (джайляў), з зброяй выцясьняючы ў стэпы і неўрадлівыя мясьціны карэнных жыхароў, якіх сталі менаваць кіргіз-кайсакамі.

Натуральна, расейская экспансія ў Стэп сустракала адчайны супраціў з боку мясцовага насельніцтва. Карныя войскі, якія ўціхамірвалі бунт Емяльяна Пугачова, разграмілі і паўстаньне казаскай бядноты пад кіраўніцтвам Сырыма Датаў (1783—1797). У 1836—1838 гадах было задушана паўстаньне, якім кіравалі Ісатай Тайманаў і Махамбэт Уцемісаў. Расейская імпэрыя ліквідавала ханскую ўладу, паўстаньне апошняга казаскага хана Кенэсары было бязьлітасна задушанае ў 1846 годзе. Казалінскае паўстаньне пад кіраўніцтвам Жанкожы Нурмухамедава разгромленае ў 1857 годзе. Расправа царскіх войскаў над мірным насельніцтвам пры ўзяцьці крэпасьцяў Пішпэк і Аўліе-Аты ў 1864 году глыбока абурыла Чокана Валіханава — пасьля некалькіх гарачых спрэчак з генэралам Чарняевым, ня бачачы іншага выхаду, ён выходзіць у адстаўку і вяртаецца ў Сямірэчча. Пасьля ўзяцьця расейскімі войскамі Чымкента (1866) у барацьбе з Какандзкім ханствам уся сучасная тэрыторыя Казахстану апынулася пад уладай Расеі.

Царская ўлада паўсюль прызначыла сваіх намесьнікаў — губэрнатараў і пачала ўзмоцнена асвойваць новыя тэрыторыі. У 1906—1912 гг. у выніку сталыпінскай аграрнай рэформы ў Казахстан з цэнтральных раёнаў Расеі было перавезена да 500 000 сялянскіх гаспадарак, якім вылучылі больш 17 млн дзесяцін ужо засвоеных лепшых земляў, а казаскім плямёнам было пакінута весьці паўкачавы лад жыцьця на адведзеных ім расейскім урадам стэпавых тэрыторыях. Казахі дамагліся права не ісьці на службу ў расейскім войску, але ў 1916 году пачалася павальная мабілізацыя на акопныя працы, што прывяло да паўстаньня пад кіраўніцтвам Амангельды Іманава. Тады, ратуючыся ад прымусовых працаў і рэпрэсіяў, частка казаскіх родаў адвандравала ў Кітай.

Савецкі пэрыяд

рэдагаваць

Пасьля адрачэньня цара Мікалая II і стварэньня Часавага ўраду палітычнае жыцьцё ажывілася і на ўскраінах былой імпэрыі. Пракадэцкі настроеныя лідэры казаскай інтэлігенцыі праводзяць у чэрвені 1917 гады ў Арэнбурзе Першы ўсекыргыскі зьезд. Галоўныя пытаньні яго скліканьня датычыліся таго, што ў Расеі павінна быць створаная дэмакратычная фэдэрацыйная парлямэнцкая рэспубліка, кыргыскія вобласьці павінны атрымаць у ёй аўтаномію і павінна быць вырашанае набалелае зямельнае пытаньне. Былі абраныя дэпутаты на Усерасейскі ўстаноўчы сход ад казаскіх абласьцей, у тым ліку ад Сяміпалацінскай вобласьці вядомы расейскі навуковец-этнограф Рыгор Мікалаевіч Патанін — у маладосьці сябар Чокана Валіханава, а таксама дэпутаты на зьезд мусульманаў Расеі «Шураі Іслам», у тым ліку Алькей Сатпаеў, старэйшы брат Каныша Сатпаева — пазьней першага прэзыдэнта Акадэміі навук Казаскай ССР. Першы ўсекыргыскі зьезд, па сутнасьці, канстытуяваўся ў палітычную партыю «Алаш». Фактычна кіраўнікамі партыі «Алаш» сталі Аліхан Букейханаў і Ахмэт Байтурсынаў. Абсалютная большасьць чальцоў партыі не ўспрынялі сацыялістычную праграму бальшавіцкага кшталту і аб’ядналіся пад лёзунгам: «Вызваленьне казаскага народа з-пад каляніяльнай няволі!»

У сьнежні 1917 году ў Арэнбурзе сабраўся II агульнакыргыскі зьезд. Сярод яго арганізатараў былі вядомыя дзеячы казаскай інтэлігенцыі: былы дэпутат I расейскай Дзярждумы Аліхан Букейханаў (1870—1937), рэдактар газэты «Казах» Ахмэт Байтурсынаў (1873—1937), паэт і пісьменьнік Мыржакып Дулатаў (1985—1935). Сярод удзельнікаў былі паэт і пісьменьнік Магжан Жумабаеў(1893—1938) і прэм’ер толькі што абвешчанай у Какандзе Туркестанскай аўтаноміі (Туркестон Мухтарыяці, таксама Какандзкая аўтаномія) Мустафа Шокай (1891—1941), замяніўшы на зьезьдзе іншага яе лідэра, былога дэпутата Дзярждумы II скліканьня Мухамеджана Тынышпаева (1979—1938). Зьезд абвесьціў аўтаномію казак-кыргыскіх абласьцей пад назвай «Алаш», прычым у складзе будучай Расейскай Фэдэрацыі, і стварыў Народную раду (урад) «Алаш-Арда», з 25 чальцоў якога 10 месцаў было аддадзена расейцам і іншым нацыям. Але «Алаш-Арда» падтрымала меншавікоў, а ў гады грамадзянскай вайны супрацоўнічала з Часавым Сыбірскім урадам. Таму ў пачатку 1920 году была скасаваная бальшавікамі, што прыйшлі да ўлады, а яе лідэры пазьней расстраляныя. Туркестанская аўтаномія, куды ўваходзілі землі Сыр-Дар’і і Сямірэчча, населеныя казахамі, таксама не прыняла Савецкую ўладу і была разагнаная яшчэ раней.

Аднак ужо ў жніўні 1920 году па ленінскім дэкрэце з стэпавых абласьцей, населеных казахамі (іх па-ранейшаму называлі кіргізамі-кайсакамі), Акмалінскай, Сяміпалацінскай, Тургайскай, Уральскай, а таксама Букееўскай і частак Арэнбурскай губэрняў, была створаная Кіргізская АССР у складзе РСФСР з сталіцай у Арэнбурзе. «Алаш-Арда», уласна, дамагалася менавіта гэтага. У 1925 годзе, пасьля нацыянальна-тэрытарыяльнага разьмежаваньня ў Сярэдняй Азіі, Кіргізская АССР пераназваная ў Казаскую АССР, сталіца перанесеная з Урала на Сыр-Дар’ю ў Ак-Мячэт, названую Кзыл-Арда, у яе склад увайшлі яшчэ Сырдар’інская і Джэтысуйская вобласьці былой Туркестанскай АССР з казаскім насельніцтвам і Каракалпацкая АТ (пазьней уключаная ва Ўзбэцкую ССР зь пераўтварэньнем у Каракалпацкую АССР). Тады ж Арэнбурская вобласьць была перададзеная ў непасрэднае падначаленьне РСФСР. У 1929 годзе сталіца перанесеная яшчэ ўсходней у Алма-Ату. У 1936 годзе Казакская АССР ператвораная ў Казаскую ССР.

У 1956 годзе падчас хрушчоўскага буму з засваеньнем цалінных земляў яшчэ частка тэрыторыяў была перададзеныя РСФСР (далучаныя да сучасных Омскай вобласьці і Алтайскаму краю) і Узбэцкай ССР (Галодны стэп — сучасныя Навоійская і Джызакская вобласьці).

Пэрыяд станаўленьня адміністрацыйна-плянавай дзяржаўнай сыстэмы ў рэспубліцы быў найбольш балючым: па-першае, у рамках фарсіраванай калектывізацыі, што прадугледжвала аселасьць сельскага насельніцтва, была парушаная качавая і паўкачавая жывёлагадоўля — традыцыйная гаспадарчая нацыянальная галіна; па-другое, істотныя страты быў нанесены нацыянальнай культуры і інтэлігенцыі, у прыватнасьці, шляхам замены арабскага альфабэту спачатку на лацінскі (1928), а затым на кірыліцу (1940), што адлучыла карэнных казахаў ад пісьменнасьці, на якой ствараліся традыцыйныя ўзоры літаратуры.

Казахі гублялі ня толькі свае землі і самабытную культуру. Самое існаваньне казаскага народа было пастаўленае пад пытаньне. На пачатку 1930-х гадоў у выніку сталінскай сельскагаспадарчай палітыкі, праводжанай у Казахстане яго стаўленікам Піліпам Галашчокіным, загінула больш мільёна прадстаўнікоў карэннай нацыі, сотні тысячаў зьбеглі ў Кітай. Тамака ў 1954 году нават была адукаваная Або-Казаская аўтаномная вобласьць (ІКАО) з цэнтрам у Кульджы. У канцы 30-х у Казахстан былі пераселеныя непажаданыя Маскве групы насельніцтва: палякі з Заходняй Украіны і Беларусі (1936), карэйцы з Прымор’я і Сахаліна (1937), у гады вайны немцы Паволжа (1941), кабардынцы і балкарцы (1943), чачэнцы і інгушы (1944) з Паўночнага Каўказу, крымскія татары з Крыму (1944), ня кажучы ўжо аб масавым будаўніцтве лягераў для зьняволеных.

Эпапэя засваеньня цалінных земляў у 1950-х гадах прывяла да перасяленьня ў Казахстан яшчэ мільёна новых жыхароў з Расеі. У выніку апынулася, што казахаў у Казаскай ССР засталося ўсяго 30% па перапісе насельніцтва 1959 году і яна стала адзінай у СССР, дзе карэннага насельніцтва было менш за прыежджых.

Разам з тым, пачалася магутная індустрыялізацыя рэспублікі, якая дазволіла Казахстану ператварыцца ў самавіты прамысловы рэгіён, арганічна ўключаны ў агульнасаюзны комплекс, хоць прыярытэтна савецкай уладай разьвіваўся горназдабыўны сэктар і рэспубліка стала фактычна сыравінным прыдаткам Цэнтру. У пэрыяд фашысцкай агрэсіі ў Казахстан было эвакуявана звыш 400 заводаў і фабрыкаў з цэнтру Расеі, на аснове якіх разраслася мясцовая прамысловасьць. Былі пабудаваныя новыя гарады і сёлы, дарогі і масты. Але таксама быў створаны Сяміпалацінскі ядравы палігон, на якім у 1949 году была выпрабаваная першая савецкая атамная бомба РДС-1, а затым і першая тэрмаядравая РДС-6 с (1953). Сумарная магутнасьць ядравых зарадаў, выпрабаваных пад зямлёй і ў паветры толькі за пэрыяд 1949—1963 гг. на Сяміпалацінскам палігоне, у 2500 разоў перавысіла магутнасьць атамнай бомбы, скінутай на Хірасіму. Быў пабудаваны касмадром Байканур, што запускаў у асноўным міжкантынэнтальныя ракеты і вайсковыя спадарожнікі сэрыі «Космас». На тэрыторыі Казахстана было разьмешчана шмат вайсковых базаў і выпрабавальных палігонаў (Эмба, Сары Шаган і інш.), стратэгічных аэрадромаў і ракетных шахтаў.

Праз расейскую мову казаскае насельніцтва атрымала доступ да ўсёй культуры расейскага народа, а ў межах савецкай ідэалёгіі і да сусьветнай культуры. Але гэта азмрочвалася стратай уласнай ідэнтычнасьці. Пасьлядоўная палітыка русыфікацыі прывяла да таго, што шматлікія савецкія казахі ўжо ня ведалі роднай мовы. У мільённай Алма-Аце была ўсяго адна казаская школа № 12, а ў 16-мільённай Казаскай ССР усяго адзін казаскае ВНУ — ЖЭНПІ, які рыхтаваў настаўніц пачатковых клясаў для далёкіх аўлаў. Несумнеўна, гэта выклікала глухую незадаволенасьць ў казаскім асяродзьдзі.

У сьнежні 1986 году ў Алма-Аце ўпершыню ў гісторыі СССР адбыліся патрыятычныя выступы казаскай моладзі, якая выступіла супраць прызначэньня генэральным сакратаром ЦК КПСС Гарбачовым расейца Генадзя Колбіна, першага сакратара Ўльянаўскага абкама партыі, на пасаду кіраўніка Казаскай ССР, чым была парушаная фармальная традыцыя прызначэньня разьдзелаў рэспублік СССР з нацыянальных кадраў. Удзельнікі пратэстаў былі разагнаныя войскамі, шматлікія рэпрэсаваныя, але гэтыя падзеі сталі першым зьвяном ланцуга нацыянальных бунтаў — у Грузіі (1989), Латвіі і Летуве (1991) і г. д., што ў выніку стала адным з фактараў развалу Савецкага Саюза.

16 сьнежня 1991 году Казахстан пасьля распаду СССР (Белавеская дамова) нарэшце абвесьціў сваю незалежнасьць. Першымі яго прызналі адзіная ў той час цюрская дзяржава Турэччына, потым дэмакратычныя ЗША і суседні Кітай.

Найноўшая гісторыя

рэдагаваць

Казахстан мае параўнальна вялікую тэрыторыю (2 724 900 км² — 9 месца ў сьвеце) і параўнальна малое насельніцтва (15 мільёнаў чалавек, 1999 — 61 месца ў сьвеце). У той самы час краіна валодае значнымі запасамі прыродных рэсурсаў: нафтай, прыродным газам, рознай мінэральнай сыравінай. Заціснутая паміж вельмі буйнымі дзяржавамі — Расеяй, Кітаем, а таксама Індыяй, маладая краіна змушаная весьці асьцярожную вонкавую палітыку.

Адразу пасьля здабыцьця незалежнасьці Казахстан падпісаў з 11 былымі рэспублікамі СССР Дэклярацыю аб мэтах і прынцыпах СНД (Алма-Ата, 21 сьнежня 1991 году), а пасьля зь пяцьцю — Дамову аб калектыўнай бясьпецы (ДКБ) (Ташкент, 15 траўня 1992 году).

Першы прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў адмовіўся ад атамнай зброі, успадкаванай ад савецкага войска (Лісабонскі пратакол 1992 году), сумна вядомы Сяміпалацінскі палігон быў зачынены яшчэ раней (1991) у выніку народнага антыядравага руху «Нэвада-Сяміпалацінск», лідэрам якога быў вядомы пісьменьнік і паэт Олжас Сулеймэнаў. Гэтае рашэньне прывіталі ЗША, Эўропа і ААН.

26 красавіка 1994 году ў Алматы прэзыдэнтам Назарбаевым і Старшынём Цзян Цзэмінем была падпісаная гістарычная Дамова паміж Рэспублікай Казахстан і Кітайскай Народнай Рэспублікай аб казахстанска-кітайскай дзяржаўнай мяжы. Упершыню ў гісторыі абедзьвюх краінаў быў праведзены працэс дэлімітацыі і дэмаркацыі дзяржаўнай мяжы па ўзаемнай згодзе. Датуль Кітай меў тэрытарыяльныя прэтэнзіі да ўсіх сваіх суседзяў — СССР, Японіі, Віетнаму і Індыі, што часта прыводзіла да памежных канфліктаў і нават лякальных войнаў.

Казахстан стаў ініцыятарам ўрэгуляваньня межаў паміж Кітаем і сумежнымі краінамі СНД. 26 красавіка 1996 году на сустрэчы кіраўнікоў пяці дзяржаваў — Кітая, Расеі, Казахстану, Кыргыстану і Таджыкістану ў Шанхаі была падпісаная гістарычная Дамова аб умацаваньні мераў даверу ў вайсковай вобласьці ў галіне дзяржаўных межаў. Пасьля шэрагу сустрэчаў «пяцёркі» Дамова перарасла ў ШАС — Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва.

10 кастрычніка 2000 году ў Астане, новай сталіцы краіны, кіраўнікамі 5 дзяржаваў (Расея, Беларусь, Казахстан, Кыргыстан і Таджыкістан) была падпісаная Дамова аб стварэньні Эўразійскай эканамічнай супольнасьці. У Дамове закладзеная канцэпцыя цеснага і эфэктыўнага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва для дасягненьня мэтаў і задачаў, вызначаных Дамовай аб мытным зьвязе і Адзінай эканамічнай прасторы.

Казахстан таксама стаў ініцыятарам (Алматы, 2002) рэгулярных самітаў СУДМА — Нарады па ўзаемадзеяньні і мерах даверу ў Азіі, удзельнікамі якіх стала ўжо 17 азіяцкіх краінаў, уключаючы Індыю і Пакістан, Ізраіль і Палестыну.

З 1992 году Казахстан зьяўляецца чальцом Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе (АБСЭ) і нядаўна дамогся права ў 2010 годзе старшыняваць у гэтай уплывовай міжнароднай арганізацыі.

Шматвектарная вонкавая палітыка краіны працягнутая і ў эканамічнай сфэры, так напрыклад, разам з нафтаправодам КТК (Касьпійскі трубаправодны кансорцыюм) на захад праз Расею, быў пабудаваны нафтаправод ККТ (Казахстанска-кітайскі трубаправод) Кумколь — Алашанькоў на ўсход. Казахстан удзельнічае і ў паўднёвым нафтаправодзе БТД (Баку — Тбілісі — Джэйхан) у Турэччыну, падтрымоўваным Злучанымі Штатамі Амэрыкі.

Палітычны лад

рэдагаваць

Казахстан — канстытуцыйная парлямэнцка-прэзыдэнцкая рэспубліка. Прэзыдэнт зьяўляецца ачольнікам дзяржавы і вярхоўным галоўнакамандуючым. Ачольнік ураду — прэм'ер-міністар Карым Масімаў.

Прэзыдэнт

рэдагаваць

Прэзыдэнт Рэспублікі Казахстан абіраецца паўнагадовымі грамадзянамі Казахстана на падставе ўсеагульнага, роўнага і прамога выбарчага права пры таемным галасаваньні.

Тэрмін паўнамоцтваў Прэзыдэнта — 5 гадоў, аднак дзейсны прэзыдэнт захоўвае паўнамоцтвы на 7 гадоў (па ранейшай вэрсіі Канстытуцыі) да 2012 г.

Першаму Прэзыдэнту Назарбаеву Н. А., папраўкамі занесенымі ў канстытуцыю ў сярэдзіне 2007 году была прадстаўленая магчымасьць пераабраньня неабмежаваную колькасьць разоў.

Парлямэнт

рэдагаваць

Парлямэнт Рэспублікі Казахстан складаецца зь дзьвюх палатаў: Сэната і Мажыліса, што дзейнічаюць на сталай аснове.

Сэнат складаюць дэпутаты, абраныя ў парадку, усталяваным канстытуцыйным законам, па два чалавекі ад кожнай вобласьці, гарадоў рэспубліканскага значэньня і сталіцы Рэспублікі Казахстан (14 абласьцей, 2 гарады). Пятнаццаць дэпутатаў Сэната прызначаюцца Прэзыдэнтам Рэспублікі з улікам неабходнасьці забесьпячэньня прадстаўніцтва ў Сэнаце нацыянальна-культурных і іншых значных інтарэсаў грамадзтва.

Мажыліс складаецца з ста сямі дэпутатаў, абіраных у парадку, вызначаным канстытуцыйным законам. Дэпутат Парлямэнта ня можа быць адначасова чальцом абедзьвюх палатаў. Тэрмін паўнамоцтваў дэпутатаў Сэната — шэсьць гадоў, тэрмін паўнамоцтваў дэпутатаў Мажыліса — пяць гадоў.

Пасьля абвяшчэньня незалежнасьці да 1993 году дзейнічаў Вярхоўны савет, абраны пры савецкай уладзе. У сьнежні 1993 Вярхоўны савет самараспусьціўся. У 1994 годзе прайшлі першыя парлямэнцкія выбары.

19 верасьня 2004 адбыліся выбары ў Мажыліс. Па дадзеных Цэнтравыбаркаму рэспублікі, у галасаваньні па партыйных сьпісах (па іх разьмяркоўваюцца дзесяць дэпутацкіх мандатаў з 77, астатнія вызначаюцца па выбарах у аднамандатных акругах) з 60,62% галасоў перамагла партыя «Отан» («Айчына»), «ідэйным лідэрам» якой зьяўляецца Нурсултан Назарбаеў. Другое месца заняла ўмерана-апазыцыйная партыя «Ак Жол» («Сьветлы шлях») — 12,04%. Трэцяй стала партыя «Асар», узначаленая дачкой прэзыдэнта Дарыгой Назарбаевой; чацьвертым — блёк АІСТ(Аграрна-індустрыяльны саюз працаўнікоў), ляяльны прэзыдэнту. Блёк АІСТ, па афіцыйных дадзеных, на 0,07% перавысіў неабходныя для праходжаньня ў парлямэнт 7%.

2 лістапада прэзыдэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў нечакана распусьціў дзейсны склад парлямэнта і прызначыў на 3 лістапада першы дзень паседжаньня дэпутатаў трэцяга скліканьня. У адказ адзіны прадстаўнік апазыцыі, які прайшоў у парлямэнт — сустаршыня партыі «Ак жол» Аліхан Баймэнаў — здаў свой дэпутацкі мандат.

18 жніўня 2007 году прайшлі датэрміновыя выбары ў ніжнюю палату парлямэнта — мажыліс. Па выніках выбараў 7% бар’ер пераадолела, набраўшы больш 80%, толькі адна партыя — Нур-Отан. Апазыцыя выбары не прызнала. Маршалкам парлямэнта стаў былы акім Атыраўской вобласьці Аслан Мусін.

Унутраная палітыка

рэдагаваць

Падзеі ў суседнім Кыргыстане ў пачатку 2005 году выклікалі сур’ёзную занепакоенасьць у казахстанскіх уладаў. Па-першае, Казахстан геаграфічна і этнічна блізкі да Кыргыстану, а па-другое, прэзыдэнцкія выбары ў Казахстане былі прызначаныя на сьнежань 2005 году. Казахстанскай апазыцыі атрымалася аб’яднацца і абраць лідэра. 20 сакавіка 2005 у Алматы прайшоў усеказахстанскі сход дэмакратычнай грамадзкасьці «За справядлівы Казахстан». Каля 700 прадстаўнікоў усіх асноўных апазыцыйных партыяў і няўрадавых арганізацыяў абралі сваім кіраўніком і адзіным кандыдатам ад апазыцыі на будучых прэзыдэнцкіх выбарах Жармахана Туякбая, былога сьпікера парлямэнта краіны, дасьведчанага функцыянэра, што яшчэ нядаўна быў адным з бліжэйшых паплечнікаў Нурсултана Назарбаева. Казахстанская апазыцыя высоўвала патрабаваньні перагляду вынікаў парлямэнцкіх выбараў, прамых перамоваў з прэзыдэнтам, рэформы сыстэмы выбараў і прысутнасьці назіральнікаў ад АБСЭ дый, нарэшце, адмовы Нурсултана Назарбаева ад удзелу ў сьнежаньскіх выбарах. Падчас кыргыскіх падзеяў Казахстан зачыніў мяжу, а прэзыдэнт Нурсултан Назарбаеў перанёс заплянаваныя візыты ў Фінляндыю і Расею.

8 студзеня 2007 году прэм’ер-міністар Даніял Ахмэтаў падаў у адстаўку, адстаўка была прынятая, разам з прэм’ерам аўтаматычна ў адстаўку сышлі чальцы кабінэта міністраў. Урад Ахметава быў шостым па ліку з часу здабыцьця Казахстанам незалежнасьці. Ён прапрацаваў больш за ўсіх астатніх — 3,5 году — але ня змог забясьпечыць дывэрсіфікацыю эканомікі і дапусьціў рост інфляцыі. Дасягнуты пры гэтым рост ВУП Казахстана ў асноўным быў зьвязаны з высокімі цэнамі на энэрганосьбіты. 10 студзеня прэм’ер-міністрам прызначаны віцэ-прэм’ер Карым Масімаў. Масімаў атрымаў адукацыю ў КНР і зьяўляецца вядомым адмыслоўцам па Кітаі.

2 студзеня 2022 году ў гарадах Жанаазен і Актаў Мангістаўскай вобласьці месьцічы выйшлі на дэманстрацыі праз 2-кратнае павышэньне цаны на паліва з 60 (0,13 $) да 120 тэнгэ (0,27 $) за літар. У наступныя дні вулічныя хваляваньні пашырыліся на Алмату і Астану. 5 студзеня прэзыдэнт Касым-Жамарт Такаеў адправіў урад у адстаўку[1]. На 9 студзеня 2022 году ў выніку пратэстаў у Казахстане загінула 164 чалавекі, зь іх 103 — у Алмаце, 21 — у Кызылардзінскай вобласьці, 10 — у Жамбылскай і 8 — у Алмацінскай. Звыш 2200 чалавек атрымалі раненьні і траўмы, зь іх каля 1100 у Алмаце. У лякарнях знаходзілася 719 пацярпелых, зь іх 83 у цяжкім стане[2].

Вонкавая палітыка

рэдагаваць

Асноўныя замежнапалітычныя партнэры Казахстана — ЗША, ЭЗ, Расея, Кітай, СНД. Казахстан будзе старшыняваць у АБСЭ ў 2010 годзе. Казахстан накіраваў ваенны кантынгент (27 вайскоўцаў інжынэрных аддзелаў[3]) у Ірак. Прэзыдэнт Н. А. Назарбаеў прыняў стратэгію на ўваходжаньне ў лік самых разьвітых краінаў.

Дачыненьні зь Беларусьсю

рэдагаваць

16 верасьня 1992 году ў Алматы (Казахстан) ўрады Беларусі і Казахстану падпісалі Пратакол «Аб усталяваньні дыпляматычных дачыненьняў»[4]. 17 студзеня 1996 году ў Менску (Беларусь) адбылося падпісаньне міждзяржаўнай Дамовы «Аб сяброўстве і супрацы». У 1997 г. урад Беларусі адчыніў сваю амбасаду ў Казахстане.

З 8 сьнежня 2012 году між Беларусьсю і Казахстанам дзейнічае шматбаковая Пецярбурская дамова аб зоне вольнага гандлю ад 18 кастрычніка 2011 году. Яшчэ раней, 6 ліпеня 2010 г. узьнік Мытны зьвяз Беларусі, Казахстана і Расеі. У 2014 г. двухбаковы гандаль ($966,8 млн), беларускі экспарт у Казахстан ($879,4 млн) і станоўчае сальда Беларусі ў гандлі з Казахстанам ($792 млн) дасягнулі найбольшага памеру. У 2016 г. гандаль скараціўся да $419,1 млн, зь іх $363,7 млн склаў беларускі экспарт. Зь Беларусі пераважна паставілі: малочныя вырабы ($37,5 млн; 10,3%), трактары і седзельныя цягачы ($34,9 млн; 9,6%), камбайны ($22,2 млн; 6,1%), грузавікі ($20,2 млн; 5,6%) і мэблю ($18,3 млн; 5%). Казаскі імпарт у Беларусь вырас да $55,4 млн і пераважна ўлучаў: каменны вугаль ($15,3 млн; 27,6%), сырую нафту і газавы кандэнсат ($12,6 млн; 22,7%), легкавыя аўтамабілі ($7,3 млн; 13,2%), нафтапрадукты ($5,2 млн; 9,2%), лекі ($1,4 млн; 2,5%) і баваўнянае валакно ($1,1 млн; 2%).

Геаграфічныя дадзеныя

рэдагаваць
 
Возера Каінды на паўднёвым усходзе Казахстана. У цэнтры — рэшткі елак Picea schrenkiana.

Вялікую частку тэрыторыі Казахстана займае раўніна, аблямаваная горамі на ўсходзе і паўднёвым усходзе. Горы на мяжы з Кыргыстанам дасягаюць 5000 м над узроўнем мора. На захадзе краіны ляжыць упадзіна Карагіе (Батыр) на Мангышлаку, разьмешчаная на 132 м ніжэй узроўню мора. Уся паўночная частка Казахстану разьмяшчаецца на Заходне-Сыбірскай раўніне.

Карысныя выкапні

рэдагаваць

На сёньняшні дзень пацьверджаныя запасы нафты ў рэспубліцы складаюць каля 30 млрд барэляў, або 4 млрд тонаў нафты. Прагнозныя запасы нафты толькі па радовішчах, разьмешчаных у казахстанскім сэктары Касьпійскага мора, складаюць больш 124,3 млрд барэляў, або 17 млрд тонаў.

У Казахстане знаходзяцца багатыя радовішчы рудаў розных мэталаў — сьвінцу, цынка, хрома, золата, вісмута, медзі, малібдэна, алюмінія, жалеза, марганца рэдказямельных элемэнтаў і немэталічных карысных выкапняў — вугля, фасфарытаў і інш.

Выведаныя запасы ўранавых радовішчаў Казахстану складаюць 1,69 млн тон, што складае 21% ад сусьветных запасаў (2-е месца ў сьвеце па стане на 2005 год). Уранавым бізнэсам у краіне займаецца створаная ў 1997 годзе дзяржаўная кампанія «Казатомпром». У 2005 годзе па аб’ёме здабычы ўрана кампанія заняла 3-е месца ў сьвеце (пасьля канадзкай «Cameco» і францускай «Cogema»).

Клімат у краіне рэзка кантынэнтальны. Сярэдняя тэмпэратура студзеня — ад −19 °C да −4 °C, сярэдняя тэмпэратура ліпеня — ад +19 °C да +26 °C. Улетку тэмпэратура можа дасягаць +49 °C, а ўзімку −50 °C.

Унутраныя воды

рэдагаваць

Найбуйнейшыя рэкі краіны: Урал і Эмба, якія ўпадаюць у Касьпійскае мора; Сырдар'я, што ўпадае ў Аральскае мора; Або, якая ўпадае ў Балхаш; Табол, Іртыш, Ішым цякуць на поўнач і ўпадаюць у Паўночны Ледавіты акіян.

Глебы і расьліннасьць

рэдагаваць

Глебы чарназемныя, каштанавыя, бурыя, шэразёмы, карычневыя.

Па характары расьліннасьці раўнінная частка Казахстана дзеліцца на тры зоны: стэпавую (кавыль, ціпчак, цімафееўка), паўпустынную (палын, тырсік) і пустынную (засухаўстойлівыя хмызьнякі).

Лясы займаюць каля 3% плошчы Казахстану і знаходзяцца ў паўночных лесастэпавых і ў паўднёвых горных частках краіны.

Жывёльны мір

рэдагаваць

Характэрныя прадстаўнікі фаўны: вярблюд, сайгак, байбак, хамяк, полеўка, сурок, заяц, джэйран, архар. У лясах водзіцца вавёрка, расамаха, рысь, сьнежны барс, буры мядзведзь, алень, стэпавыя ваўкі.

Адміністрацыйны падзел

рэдагаваць
Рэгіён Адміністрацыйны цэнтар пляц насельніцтва, чал.
1 Карагандзінская вобласьць Караганда 428 000 км² 1 411 700
2 Усходне-Казахстанская вобласьць Усьць-Каменагорск 283 300 км² 1 530 800
3 Алмацінская вобласьць Талдыкарган 224 000 км² 1 589 200
4 Жамбылская вобласьць Тараз 144 000 км² 983 900
5 Паўднёва-Казахстанская вобласьць Шымкент 118 600 км² 1 976 700
6 Кызылардзінская вобласьць Кызыларда 226 000 км² 596 300
7 Акцюбінская вобласьць Актабе 300 600 км² 681 800
8 Кастанайская вобласьць Кастанай 196 000 км² 1 019 600
9 Паўночна-Казахстанская вобласьць Петрапаўл 123 200 км² 725 900
10 Акмалінская вобласьць Какшатаў 121 400 км² 835 700
11 Паўладарская вобласьць Паўладар 124 800 км² 743 800
12 Заходне-Казахстанская вобласьць Уральск 151 300 км² 609 100
13 Атыраўская вобласьць Атыраў 118 600 км² 439 900
14 Мангістаўская вобласьць Актаў 118 600 км²
16 Астана — горад рэспубліканскага значэньня (сталіца) Астана км²
15 Алматы — горад рэспубліканскага значэньня Алматы каля 300 км²
15 Байканыр* — горад рэспубліканскага значэньня Байканыр

* горад Байканыр — горад рэспубліканскага значэньня, знаходзіцца разам з касмадромам Байканур у арэндзе Расеі да 2050 году.

 
Мапа Казахстану

Эканоміка

рэдагаваць
 
Сучасны Алматы

З сацыяльна-эканамічнага гледзішча Казахстан зьяўляецца найбольш разьвітой краінай у Сярэдняй Азіі.

У Казахстане разьвітая горназдабыўная прамысловасьць. Актыўна здабываюцца вуглі, нафта, прыродны газ, жалезныя руды, медныя руды, сьвінцова-цынкавыя руды, нікелевые руды, баксіты і іншыя карысныя выкапні.

У 2003 у Казахстане было здабыта 51,4 млн тонаў нафты, у 2004 — 59,17 млн тонаў, у 2005 — 61,4 млн тонаў. У 2010 г. нафтаздабыча склала звыш 80 млн тонаў[5]. Асноўнай крыніцай прыбыткаў зьяўляюцца даходы ад экспарту нафты і нафтапрадуктаў. У Казахстане знаходзяцца багатыя радовішчы нафты. З 2008 году значная частка сыравіннай гаспадаркі кіруецца праз Фонд нацыянальнага дабрабыту «Самурык-Казына».

Асноўныя галіны прамысловасьці: каляровая і чорная мэталюргія, хімічная, машынабудаваньне, лёгкая, харчовая. Разьвітыя таксама нафтаперапрацоўка і вытворчасьць будматэрыялаў.

Пасевы збожжавых, галоўным чынам цьвёрдыя гатункі пшаніцы. Вырошчваюцца таксама кармавыя і тэхнічныя культуры: сланечнік, бавоўнік, лён-кудраш. Існуе таксама садоўніцтва, вінаградзтва, бахчагадоўля.

Жывёлагадоўля прадстаўленая мяса-ваўнянай авечкагадоўляй, мясной і мяса-малочнай жывёлагадоўляй. Разводзяць таксама кароваў куланаў, вярблюдаў і коней.

Буйныя курорты: Баравое, Алма-Арасан, Сарыагач.

У 2006 таваразварот паміж Расеяй і Казахстанам склаў $17,9 млрд. У 2005 — $9,7 млрд, у 2004 — $8,1 млрд, у 2002 — $4,3 млрд.

З 1 ліпеня 2007 увесь прыбытак па сыравінных галінах (у тым ліку і па рэалізацыі нафты) накіроўваецца ў Нацыянальны фонд. Такім чынам, бюджэт, што знаходзіцца ў распараджэньні ўраду, фармуецца бяз «нафтавых грошай».

У пачатку лістапада 2006 на паседжаньні ніжняй і верхняй палатаў парлямэнта Казахстана быў ухвалены бюджэт краіны на 2007. Прыбытковая частка бюджэту, як чакаецца, складзе 16,7% ВУП ($15,5 млрд), выдаткі — 17,8% ВУП ($16,53 млрд), дэфіцыт — 1,1% ВУП ($1,04 млрд). Мяркуецца, што ВУП Казахстана ў 2007 году вырасьце на 8,6% у параўнаньні з 2006.

Нацыянальная валюта ў Казахстане — казахстанскі тэнгэ, якую выпускае Нацыянальны банк Казахстану. Увосені 2006 году былі выпушчаныя тэнге новага ўзору.

Насельніцтва

рэдагаваць
 
Дэмаграфічная крывая Казахстана

Кампанія па калектывізацыі ў 30-х гадах выклікала жорсткі голад. Частка казахаў сышла з статкамі ў Кітай і суседнія сярэднеазіяцкія краіны. У 1931—1934 гадох ад голаду і хваробаў загінула каля паўтара мільёну чалавек, што складала больш 40% этнаса.

Казахстан быў адзінай рэспублікай на тэрыторыі былога СССР, у якой карэннае насельніцтва складала меншасьць; такое становішча пачало складацца ў 1930-я гады ня толькі ў выніку вялікіх стратаў насельніцтва, але і высяленьня зь іншых рэгіёнаў СССР на тэрыторыю Казахстану сотняў тысячаў людзей па сацыяльных або нацыянальных прыкметах, а таксама арганізацыя канцлягераў для ахвяраў бальшавіцкага тэрору 1930-х і 1940-х гадоў XX ст.

У пэрыяд з 1935 да 1940 мелі месца пастаянныя дэпартацыі палякаў з Заходняй Украіны, Беларусі і Летувы (каля 120 тысячаў чалавек). У гады II Сусьветнай вайны ў Казахстан былі гвалтоўна пераселеныя з Паволжа немцы, з Каўказа чачэнцы, інгушы і іншыя народы, а ў 1950—1960 гадах у зьвязку з засваеньнем цаліны сюды пераехала больш мільёна жыхароў Расеі, Украіны, Беларусі. У выніку ўдзельная вага казахаў, што складала ў 1926 годзе 57,1% ад усяго насельніцтва рэспублікі, зьнізілася ў 1939 да 38%, а ў 1959 годзе не перавышала 30%. Толькі ў апошнія гады ўдзельная вага казахаў дасягнула 50% адзнакі. Колькасьць насельніцтва краіны на 1 студзеня 2007 г. па бягучых дадзеных склала 15 млн 395 тыс. чалавек. Сярэдняя шчыльнасьць насельніцтва меней 6 чалавек на км². У 1970 у Казахстане пражывала 13 млн чал., у тым ліку 4,2 млн складалі казахі і 5,5 млн — расейцы. У 1979 з 14,7 млн жыхароў казахаў налічвалася 5,3 млн, а расейцаў — 5,99 млн чалавек. Па перапісе 1989, з 16,2 млн чалавек казахі складалі 6,5 млн, расейцы — 6 млн. Па апошнім перапісе, праведзеным у Казахстане ў 1999, насельніцтва паменшылася да 14,95 млн чалавек, зь якіх казахі складалі амаль 8 млн чалавек, расейцы — каля 4,5 млн чалавек[6].

На 1 ліпеня 2006 г. колькасьць казахаў склала 9008,0 тыс. чалавек, або 58,9%, расейцаў — 25,9%. На долю іншых этнасаў і этнічных групаў прыходзіцца 15,2% насельніцтва краіны. Доля неказаскага насельніцтва краіны няўхільна скарачаецца з моманту абвяшчэньня незалежнасьці. Сыход неказаскага насельніцтва тлумачыцца некаторымі (перш за ўсё расейскімі) назіральнікамі ўшчамленьнем правоў нятытульных нацыяў і прывілеяваным становішчам казаскай нацыі.

У наступнай табліцы паказаная колькасьць усіх нацыянальнасьцяў, якія налічвалі ня менш за 15 тыс. чалавек, па стане на 1989, 1999, і 2006 гг.

Этнас Попіс 1989 Попіс 1999 Ацэнка 2006
Усё насельніцтва 16 199,2 14 953,1 15 301,4
казахі 6 496,9 7 985,0 9 008,0
расейцы 6 062,0 4 479,6 3 962,1
украінцы 875,7 547,1 444,7
узбэкі 331,0 370,7 433,5
уйгуры 181,5 210,4 231,4
татары 320,7 249,0 229,1
немцы 946,9 353,4 222,5
беларусы 177,9 111,9 ?
карэйцы 100,7 99,7 ?
азэрбайджанцы 89,0 78,3 ?
туркі 49,5 75,9 ?
палякі 59,4 47,3 ?
дунгане 30,0 36,9 ?
курды 25,4 32,8 ?
чачэнцы 49,1 31,8 ?
таджыкі 25,3 25,7 ?
башкіры 40,9 23,2 ?
малдаване 32,4 19,5 ?
інгушы 19,5 16,9 ?
мардва 29,2 16,1 ?
іншыя народы 256,3 142,0 ?
Нацыянальны склад Казахстана, % ад усяго насельніцтва
(1 студзеня 2007)
[7]
Народы Колькасьць, тысячаў %
Казахі 59,2
Расейцы 25,6
Украінцы 2,9
Узбэкі 2,9
Уйгуры 1,5
Татары 1,5
Немцы 1,4
Іншыя 5,0
Агулам 100,0

Казаскія імёны

рэдагаваць

Пасьля здабыцьця Казахстанам незалежнасьці ў 1991 году, у краіне быў прыняты закон, што дазволіў грамадзянам казаскай нацыянальнасьці зьмяняць свае імёны на казаскі капыл. Адзіныя правілы цяпер распрацоўваюцца адмысловай групай[8], але ўжо цяпер ёсьць агульная тэндэнцыя, якая палягае ў «адсяканьні» расейскіх канчаткаў -аў і -еў у прозьвішчах і замене расейскіх канчаткаў імёнаў па бацьку -овіч і -аўна на казаскія -?лы і -?ызы адпаведна. Акрамя гэтага назіраецца тэндэнцыя замены канчатку -аў і -еў на тэгі (тэгі, літаральна азначае «з роду»).

Самы папулярны від спорту ў Казахстане — футбол. Цяперашнім чэмпіёнам краіны па футболе зьяўляецца «Актобэ» з аднайменнага места. Таксама на добрым узроўні разьвіты хакей. Хакейная школа Ўсьць-Каменагорску выхавала не адно пакаленьне вядомых усяму сьвету хакеістаў, сярод якіх неаднаразовы чэмпіён СССР, сьвету і Эўропы, удзельнік першай сэрыі гульняў СССР — Канада Яўген Паладзеў, алімпійскі чэмпіён Барыс Аляксандраў, чэмпіён сьвету Юры Лявонаў, зь цяперашніх Яўген Набокаў (брамнік «Сан-Хасэ Шаркс» (НХЛ), зборнай Расеі на Алімпіядзе ў Турыне), Дзьмітры Патцольд (брамнік «Сан-Хасэ Шаркс» (НХЛ), зборнай Нямеччыны на чэмпіянаце сьвету — 2007), Мікалай АнтропаўТаронта Мэйпл Ліфс» (НХЛ)), Яўген і Аляксандар Карашковы і шматлікія іншыя.

Архітэктурныя помнікі і будынкі

рэдагаваць
  1. ^ Такаеў: за беспарадкамі ў краіне стаяць фінансава матываваныя змоўшчыкі // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 5 студзеня 2022 г. Праверана 9 студзеня 2022 г.
  2. ^ У Казахстане больш за 2,2 тыс. чалавек звярнуліся да медыкаў, 164 загінулі, у тым ліку трое дзяцей // Газэта «Зьвязда», 9 студзеня 2022 г. Праверана 9 студзеня 2022 г.
  3. ^ https://web.archive.org/web/20110912165129/http://www.namakon.ru/articles.php?list=1&id=141&p=4
  4. ^ Уладзімер Пішчака. Беларусь і краіны Цэнтральнай Азіі // Весьнік Міністэрства замежных справаў Рэспублікі Беларусь : часопіс. — 2003. — № 2 (25). — С. 43.
  5. ^ Зоя Варанцова. Не назіраньнем адзіным // Зьвязда : газэта. — 30 сьнежня 2010. — № 255 (26863). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
  6. ^ Александр Николаевич Алексеенко, «Республика в зеркале переписей населения» «Социологические исследования». 2001. № 12. c. 58-62.
  7. ^ Агенцтва Рэспублікі Казахстан па статыстыцы
  8. ^ https://web.archive.org/web/20070929224233/http://www.era-tv.kz/news.asp?nid=3915

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

Дзяржаўныя органы

рэдагаваць

Агульная інфармацыя

рэдагаваць