Чачэнцы
Чачэнцы (саманазва Нохчи/Noxçi) — каўкаскі народ усходне-горскае групы, які займаў да Каўкаскае вайны тэрыторыю паміж рэкамі Сулак і Сунжа ды Каўкаскім хрыбтом.
Існуе некалькі тэорыяў паходжаньня саманазвы чачэнцаў, сярод іх: ад вёскі Нахш, парэшткі якое можна знайсьці ў горах; ад слова нехча, што значыць "авечы сыр"; ад слова нох — рала. Некаторыя выводзяць этнонім ад імя Біблейскага патрыярха Ноя (па-чачэнску Нох). Эўрапейскі (у т.л. і беларускі) назоў “чачэнцы” паходзіць ад аулу Чачэн, ля якога расейцы ўпершыню сустрэліся з плямёнамі нохчый падчас Пэрсідзкага паходу 1722-1723.
Краіны пражываньня
рэдагавацьУ цяперашні час пражываюць на тэрыторыі Расейскае Фэдэрацыі (у тым ліку ў Чачэнскай Рэспубліцы 1,300,000 чал., у Дагестане — 97,000, у Інгушэтыі — 97,000, у Паўночнай Асэтыі — 5,000, у Кабардына-Балкарыі — 5,000, Краснадарскім краі — 3,000 і інш., асабліва ў Маскве), Турэччыне (больш за 100,000), Ярданіі (90,000), Казахстане (75,000), Саудаўская Арабія (60,000), Сырыі (больш за 50,000), Грузіі (40,000), Азэрбайджане (10,000), у краінах Эўропы. Ёсьць самым шматлікім з паўночна-каўкаскіх народаў.
66% чачэнцаў пражываюць на вёсцы і толькі 33% у гарадох.
У 1944 амаль усе чачэнцы былі выселеныя ў Казахстан і Кыргызстан (гл. Дэпартацыя чачэнцаў і інгушаў ).
Мова й рэлігія
рэдагавацьЧачэнская мова адносіцца да наскае групы моў ібэра-каўкаскае сям'і. Дадзеныя лінгвістыкі ўсталёўваюць сваяцтва наскіх моў з старажытнымі хурыта-ўрарцкімі мовамі. Разам зь інгушамі, кістынцамі й бацбійцамі чачэнцы складаюць наскую этнічную групу (саманазва — вайнахі).
Вернікі чачэнцы — мусульмане-суніты, у асноўным належаць да суфійскіх тарыкатаў Накшбандыя й Кадырыя. Яшчэ ў ХVІ ст. было шырока распаўсюджанае праваслаўе.
Традыцыйныя заняткі
рэдагавацьТрадацыйным заняткам раўнінных чачэнцаў было земляробства. Збольшага сеялі кукурузу, пшаніцу, проса й ячмень. У горах пераважала жывёлагадоўля. Асноўным транспартам у горах была запрэжаная валамі арба з двума невялікімі драўлянымі коламі, па бездаражы выкарыстоўвалі санкі. Сярод рамёстваў былі распаўсюджаныя гарбарства, апрацоўка мэталаў, камню, дрэва, ганчарства.
Кухня
рэдагавацьУлюбёная народная страва — звараныя ў булёне галушкі з кукурузнае мукі — галнаш; да сталу іх падаюць з кавалкамі адварнога мяса й тоўчанага часнаку. З пшанічнае ці ячменнае мукі пякуць пірагі з начыньнем з сыру, бульбы ці гарбузоў. Звычайныя стравы ўлетку — сыр, тварог, кіслае малако.
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьЧачэнцы — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў