Арктычны акіян

акіян
(Перанакіравана з «Паўночны Ледавіты акіян»)

Арктычны акіян (Паўночны Ледавіты Акіян) — самы малы акіян на Зямлі, абмывае Эўразію, Паўночную Амэрыку. На тэрыторыі Арктычнага акіяну знаходзіцца Паўночны полюс Зямлі. Плошча (з марамі) — 14,090 млн км². Міжнародная гідраграфічная арганізацыя (МГА) распазнае яго як акіян, аднак некаторыя акіянографы называюць яго як Арктычнае мора, клясыфікуючы яго як адно з мораў Атлянтычнага акіяна[1]. Акрамя таго, Арктычны акіян можна разглядаць як паўночную частку ўсёабдымнага Сусьветнага акіяна.

Арктычны Акіян

Акіян амаль цалкам акружаны Эўразіяй і Паўночнай Амэрыкай, і на працягу амаль усяго году часткова пакрыты лёдам, і амаль цалкам узімку. Тэмпэратура акіяна й ягоная салёнасьць зьмяняюцца сэзонна, бо ледзяное покрыва растае й замярзае ў розныя сэзоны[2]. Салёнасьць зьяўляецца самай нізкай у сярэднім у параўнаньні зь іншымі пяцьцю акіянамі, з-за нізкага выпарэньня, значных прытокаў прэснай вады з рэк і ручаёў, а таксама з-за абмежаванага адтоку ў навакольныя акіянічныя воды з больш высокай характарыстыкай салёнасьці. Улетку аб’ём лёду скарачаецца прыкладна на 50%[3]. Амэрыканскі цэнтар дадзеных па сьнегу й лёду (NSIDC) выкарыстоўвае спадарожнікавыя дадзеныя, каб забясьпечыць штодзённыя запісы арктычнага марскога ледзянога покрыва й хуткасьць ягонага раставаньня ў параўнаньні зь сярэднім пэрыядам і за мінулыя гады.

Да Арктычнага акіяну прымыкаюць тэрыторыі Даніі (Грэнляндыі), Ісьляндыі, Канады, Нарвэгіі, Расеі і Злучаных Штатаў Амэрыкі. Прававы статус акіяну на міжнародным узроўні не рэгламэнтаваны, аднак фрагмэнтарна ён вызначаецца нацыянальным заканадаўствам арктычных краінаў і міжнародна-прававымі дамовамі.

Пад уплывам чацьвярцічнага аблядненьня, клімат Арктычнага акіяну вызначаецца як арктычны, які характарызуецца ўстойлівым холадам і адносна невялікімі дыяпазонамі гадавой тэмпэратуры. Зімы характарызуюцца палярнай ноччу, зь вельмі нізкімі тэмпэратурамі і стабільнымі ўмовамі надвор’я. Цыклёны маюць месца толькі з боку Атлянтычнага акіяну[4]. Лета характарызуецца бесьперапынным дзённым сьвятлом, а тэмпэратура можа падняцца вышэй кропкі плаўленьня лёду (0 °C). Цыклёны часьцей назіраюцца летам, яны могуць выклікаць дождж або сьнег[4]. Воблачна цэлы год, хмары пакрываюць неба ў сярэднім ад 60% зімой да больш чым 80% у летні пэрыяд[5].

Тэмпэратура паверхні акіяну зьяўляецца даволі сталай велічынёй і знаходзіцца паблізу пункту замярзаньня марской вады. З прычыну таго, што акіян складаецца з салёнай вады, гэтая тэмпэратура дасягае —1,8 °C.

  1. ^ Tomczak, Matthias; Godfrey, J. Stuart (2003). «Regional Oceanography: an Introduction» (2 ed.). Delhi: Daya Publishing House. ISBN 81-7035-306-8
  2. ^ «Some Thoughts on the Freezing and Melting of Sea Ice and Their Effects on the Ocean» K. Aagaard and R. A. Woodgate, Polar Science Center, Applied Physics Laboratory University of Washington, 2001.
  3. ^ Michael Pidwirny (2006). «Introduction to the Oceans». www.physicalgeography.net.
  4. ^ а б Simmonds, Ian; Burke, Craig; Keay, Kevin (2008). «Arctic climate change as manifest in cyclone behavior». Journal of Climate. стар. 21.
  5. ^ Serreze, Mark C; Barry, Roger G (2014). «The Arctic Climate System» (2nd ed.). New York: Cambridge University Press. pp. 56–59. ISBN 978-1-107-03717-5.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць