Міжнародны стандартны кніжны нумар

Міжнародны стандартны кніжны нумар (МСКН; анг. International Standard Book Number, ISBN)[1] — лічбавы пазначальнік кнігі паводле выдаўца, назову і выданьня, які Міжнародная арганізацыя па стандартызацыі (МАС; Жэнэва, Швайцарыя) зацьвердзіла ў 1970 годзе. З 1 студзеня 2007 г. складаецца з 13-і знакаў замест 10-і ранейшых і падзяляецца на 5 частак злучкамі: 1) прыстаўка ад «Глябальныя стандарты 1» (ГС1, анг. GS1; Брусэль, Бэльгія) 978 або 979; 2) краіна (Беларусь — 985); 3) выдавецтва (Нацыянальная кніжная палата Беларусі — 6020); 4) выданьне (прыклад — 20); 5) кантрольная лічба(en) ад краёвага агенцтва МСКН (прыклад — 2). Адначасна падаецца на кнізе ў знаку штрыхавога кода паводле Эўрапейскага нумару тавара(en) (ЭНТ)[2]. Прысвойваецца папяровым кнігам, брашурам, альбомам, геаграфічным і астранамічным атлясам, навучальным відэавыданьням, аўдыёкнігам, тэкставым і мультымэдыйным электронным кнігам, кнігам на мікраформах і са шрыфтом Брайля (для сьляпых). Надаецца асобна кожнаму новаму выданьню і перавыданьню, факсіміле і рэпрынту, аднолькавай кнізе на адрозным ад арыгінала носьбіце, у адрозным машыначытальным фармаце і паліграфічным аздабленьні, перакладу, сэрыйнай кнізе з прыватным назовам, шматтомніку і асобным тамам[3].

У 1972 г. МАС утварыла Міжнароднае агенцтва МСКН (Лёндан, Ангельшчына), якое штогод выдае Міжнародны паказальнік выдаўцоў і на 2016 г. улучала звыш 160 краёвых агенцтваў МСКН. Паводле загаду Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь ад 15 лютага 1993 г. Беларускім агенцтвам МСКН служыць Нацыянальная кніжная палата Беларусі (НКП Беларусі), якая штомесяц выдае паказальнік «Кніжны летапіс». Да 2016 г. НКП Беларусі выдала звыш 1000 нумароў для пазначэньня саміх выдаўцоў. У Беларусі сучасны стандарт МАС 2108 «Міжнародная стандартная нумарацыя кніг» увялі 1 сакавіка 2009 г. Дзяржаўным стандартам Рэспублікі Беларусь СТБ 7.53–2008 — «Сыстэма стандартаў па інфармацыі, бібліятэчнай і выдавецкай справе. Выданьні. Міжнародны стандартны кніжны нумар. Выкарыстаньне і выдавецкае афармленьне», які Дзяржаўны камітэт па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь зацьвердзіў Пастановай № 46 ад 12 верасьня 2008 году[3].

Нумары паводле краіны

рэдагаваць

Зорачка (*) побач з нумарам абазначае моўную прыналежнасьць: 0 і 1 (ангельская), 2 (француская), 3 (нямецкая).

Літаратура

рэдагаваць
  1. ^ Міжнародны стандартны кніжны нумар // Слоўнік выдавецкіх і паліграфічных тэрмінаў / уклад. Кастусь Санько. — Менск: Тэхналёгія, 2003. — ISBN 985-458-066-0
  2. ^ Новае ў сыстэме Міжнароднай стандартнай нумарацыі кніг // Нацыянальная кніжная палата Беларусі, 29 студзеня 2016 г. Праверана 10 лютага 2016 г.
  3. ^ а б Беларускае агенцтва МСКН // Нацыянальная кніжная палата Беларусі, 29 студзеня 2016 г. Праверана 10 лютага 2016 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць