Кірыбаці

краіна ў Акіяніі

Кірыба́ці (па-ангельску: Kiribati) — астраўная краіна ў Ціхім акіяне. У склад краіны ўваходзяць 33 каралавыя астравы, якія расьцягнуліся на 3800 км уздоўж экватару. Сюды ўваходзяць астравы трох архіпэлягаў Мікранэзіі і Палінэзіі: астравы Гілбэрта (16 астравоў), астравы Фэнікс (8 астравоў) і астравы Лайн (8 астравоў). 21 з 33 астравоў маюць сталае насельніцтва. Назва краіны ёсьць зьмененай мясцовымі жыхарамі ангельская назва галоўнай групы астравоў — астравоў Гілбэрта.

Кірыбаці
па-кірыбацку: Ribaberiki ni Kiribati
Сьцяг Герб
Дзяржаўны гімн
Песьня Кірыбаці[d]
Дата заснаваньня: 12 ліпеня 1979
Афіцыйная мова: ангельская мова і кірыбаці[d]
Сталіца: Паўднёвая Тарава
прэзыдэнт Кірыбаці[d]: Танэці Маамаў[d]


Заканадаўчы орган: Манэаба Сьвятой гары[d]
Плошча:
  • 811 км²
Насельніцтва:
  • 119 438 чал. (2020)
Валюта: кірыбацкі даляр[d] і аўстралійскі даляр
СУП (2019)
па ППЗ: 255 млн $
па ППЗ на душу насельніцтва: 2 135 $
намінальны: 187 млн $
намінальны на душу насельніцтва: 1 599 $
Каэфіцыент Джыні: 27,8[1]
ІРЧП: 0,624[2]
Часавы пас: UTC+12, UTC+13, UTC+14, Пасыфік/Тарава[d][3], Пасыфік/Кантан[d][3] і Пасыфік/Кірытымаці[d][3]
Бок аўтамабільнага руху: леваруч
Дамэн верхняга ўзроўню: .ki
Тэлефонны код: +686
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
kiribati.gov.ki (анг.)

Кірыбаці ёсьць сябрам Ціхаакіянскай супольнасьці, Садружнасьці нацыяў, Міжнароднага валютнага фонду, Сусьветнага банка і Арганізацыі дзяржаваў Афрыкі, Карыбскага басэйну і Ціхага акіяну, а таксама правамоцным сябрам ААН з 1999 году[4][5][6]. Як астраўная дзяржава Кірыбаці ўразьлівая да зьмены клімату і цунамі. Як сябра Зьвязу малых астраўных дзяржаваў край змагаецца зь зьмяненьнем клімату, што ёсьць галоўнай мэтай міжнароднай палітыкі краіны.

Гісторыя

рэдагаваць
 
Гілбэрцы-ваявы са зброяй з акулавых зубоў. Малюнак блізу 1841 году.

Тэрыторыя, якая цяпер называецца Кірыбаці і галоўным чынам складаецца з 16 астравоў Гілбэрта, была заселеная аўстранэзійскімі народамі, якія размаўлялі на той жа акіянійскай мове, дзесьці з 3000 гадоў да н. э.[7]. Рэгіён ня быў ізаляваны, то бок сюды траплялі падарожнікі з Самоа, Тонга і Фіджы, якія прынесьлі з сабой палінэзійскую і мэланэзійскую культуру. Міжнэтнічныя шлюбы і інтэнсіўная навігацыя паміж астравамі ліквідавалі культурныя адрозьненьні і прывялі да значнай культурнай гамагенізацыі[8].

Каля 1300 году наступная хваля фіджыйцаў дапоўніла мікранэзійскую культуру астравоў палінэзійскімі элемэнтамі. Першыя эўрапейцы зьявіліся тут у XVI стагодзьдзі. Але сталыя эўрапейскія паселішчы пачалі зьяўляцца на астравах у XIX стагодзьдзі, калі на астравах зьявіліся кітабоі і гандляры рабамі. Для мясцовага насельніцтва зьяўленьне прынесла шмат праблемаў, перш за ўсё сьмяротныя хваробы. Таксама ўзьніклі міжпляменныя канфлікты.

Каляніяльны час

рэдагаваць
 
Марка 1939 году з выявай караля Георга VI.

У 1886 годзе ангельска-нямецкае пагадненьне падзяліла «незапатрабаваную» цэнтральную частку Ціхага акіяна, пакінуўшы Науру ў сфэры ўплыву Нямеччыны, у той час як востраў Банаба, а таксама астравы Гілбэрта і Эліс апынуліся ў сфэры ўплыву Вялікабрытаніі. У 1892 годзе мясцовыя ўлады астравоў Гілбэрта пагадзіліся перад капітанам Эдўардам Дэвісам, камандармам каралеўскага флёту Вялікабрытаніі, на прызнаньне брытанскага пратэктарату разам з бліжэйшымі астравамі Эліс. Новае ўтварэньнье кіравалася камісарам-рэзыдэнтам, сядзіба якога ад пачатку месьцілася на атоле Бутарытары, потым у Бэтыё, Тараве і на Банабе. Пры гэтым сам пратэктарат быў пад кіраваньнем Вярхоўнай камісіі заходняй частцы Ціхага акіяну, сядзіба якой у сваю чаргу месьцілася на Фіджы[9]. Востраў Банаба быў далучаны да пратэктарату ў 1900 годзе.

 
Пяхота войска ЗША штурмуе пазыцыі японцаў у бітве за Тараву ў лістападзе 1943 году.

Мэтады кіраваньня Ўільяма Тэлфэра Кэмпбэла, другога камісара-рэзідэнта астравоў Гілбэрта і Эліс з 1896 па 1908 гады, крытыкаваліся сучасьнікамі і сталі прадметам справаздачы Артура Магафі ў 1909 годзе[10]. У 1913 годзе ананімны карэспандэнт газэты The New Age апісаў дрэннае кіраваньне Кэмпбэлам і паставіў пад сумнеў неабыякавасьць Артура Магафі, паколькі ён быў былым каляніяльным чыноўнікам на астравах[11]. Ананімны карэспандэнт таксама раскрытыкаваў дзейнасьць Ціхаакіянскай фасфатнай кампаніі на Банабе[11]. У 1916 годзе астравы Гілбэрта і Эліс набылі статус кароннай калёніі[12]. Астравы Лайн, улучна з востравам Кірытымаці, былі далучаныя да калёніі ў 1919 годзе, а астравы Фэнікс увайшлі ў склад калёніі ў 1937 годзе з мэтай іхняга засяленьня гілбэрцамі. Сэр Артур Грымбл быў чыноўнікам у Тараве з 1913 па 1919 гады, а ў 1926 годзе стаў камісарам-рэзыдэнтам калёніі астравоў Гілбэрт і Эліс. За часам Другой сусьветнай вайны астравы былі занятыя японскімі войскамі і былі далучаныя да японскай лініі абароны ў Ціхім акіяне. У лістападзе 1943 году войскі хаўрусьнікаў пасьля цяжкіх баёў здолелі прарваць японскую лінію абароны, і гэты момант лічыцца паваротным у вайне на Ціхім акіяне. Японцы зьдзейсьнілі генацыд мясцовага насельніцтва на Банабе, але толькі адзін чалавек здолеў выжыць. У канцы 1945 году большасьць астатніх жыхароў востраваў, якія за час акупацыі жылі на Касраэ, Науру і Тараве, перасяліліся на востраў Рабі, які належыць Фіджы[13]. 1 студзеня 1953 году брытанскі вярхоўны камісар заходняй частцы Ціхага акіяна пераехаў зь Фіджы ў новую сталіцу Ханіяру на Брытанскіх Саламонавых астравах, а сядзіба камісара-рэзыдэнта Гілбэрта і Эліс засталася ў Тараве. У 1950-х і 1960-х гадоў востраў Кірытымаці выкарыстоўваўся ЗША і Вялікабрытаніяй дзеля выпрабаваньняў ядзернай зброі, улучаючы вадародныя бомбы. Мясцовае самакіраваньне было ўсталяванае на астравах у 1960-х гадах. У 1975 годзе астравы Эліс аддзяліліся ад калёніі і стварылі незалежную краіну — Тувалу[14].

Па здабыцьці незалежнасьці

рэдагаваць
 
Прэзыдэнцкі палац у Байрыкі, які раней служыў сядзібай губэрнатара.

Астравы Гілбэрта атрымалі ўласны ўрад у 1977 годзе, а 12 ліпеня 1979 году атрымалі незалежнасьць пад назвай Кірыбаці. Затым, у верасьні, ЗША адмовіліся ад усіх сваіх прэтэнзіяў на маланаселеныя астравы Фэнікс і Лайн і склалі з Кірыбаці дамову аб сяброўстве у тым жа годзе. Ратыфікаваны дагавор быў у 1983 годзе. Не зважаючы на тое, што назва астравоў Гілбэрта на мясцовай мове чытаецца як Тунгару, новая дзяржава абрала сабе назву Кірыбаці, што ёсьць скажэньнем ангельскае назвы Гілбэрт, бо новая назва здавалася больш сучаснай і лічылася эквівалентам былой калёніі, якая ўлучала акрамя астравоў Гілбэрта яшчэ Банабу, астравы Фэнікс і Лайн. Апошнія два памянёныя архіпэлягі аніколі ня былі заселеныя гілбэрцамі, але брытанскія ўлады, а пазьней уласны ўрад рэспублікі, перамясьцілі туды частку гілбэрцаў паводле захадаў перасяленьня[14][15]. У 1982 годзе ў краіне адбыліся першыя з часоў незалежнасьці выбары, але вотум недаверу справакаваў новыя выбары ў 1983 годзе. Па здабыцьці незалежнасьці адной з праблемай, паўсталых перад урадам, была праблема зь перанаселеннасьцю. У 1988 годзе было абвешчана, што 4700 жыхароў асноўнай групы астравоў будуць пераселеныя на менш заселеныя астравы.

У 1995 годзе Кірыбаці ў аднабаковым парадку перанесла міжнародную мяжу дат далёка на ўсход, каб ахапіць групу астравоў Лайн і перанесьці іх у адзіны дзень зь іншымі часткамі краіны. Гэты крок быў аднім зь перадвыбарчых абяцаньняў прэзыдэнта Тэбурора Тыта[16]. Ён меў на мэце даць магчымасьць прадпрыемствам усёй краіны працаваць у аднолькавым працоўным тыдні. Гэтае рашэньне дазволіла Кірыбаці стаць пунктам прыцягненьня турыстаў, бо Кірыбаці першымі ў сьвеце сустрэлі сьвітанак трэцяга тысячагодзьдзя. Тыта быў пераабраны ў 1998 годзе, а праз год дзяржава стала сябрам Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў ажно праз 20 гадоў па здабыцьці незалежнасьці[17]. У 2002 годзе ў Кірыбаці быў прасунуты супярэчлівы закон, які дазволіў ураду закрываць выдавецтва газэтаў. Цікава, што закон набыў моц пасьля таго, як у краіне зьявілася першай пасьпяховая няўрадавая газэта. Тыта быў пераабраны яшчэ раз у 2003 годзе, але ў сакавіку таго ж году быў адхілены ад пасады шляхам вотуму недаверу. Новым прэзыдэнтам Кірыбаці ў ліпені быў абраны Анотэ Тонг з апазыцыйнай партыі Баўтакаан Кірыбаці Моа. Ён жа пераабіраўся ў 2007 і 2011 гадах[18].

У чэрвені 2008 году ўлады Кірыбаці зьвярнуліся да Аўстраліі і Новай Зэляндыі, каб яны прынялі грамадзянаў Кірыбаці ў якасці сталых уцекачоў. Чакаецца, што Кірыбаці стане першай краінай у сьвеце, якая страціць усю сваю тэрыторыю празь зьмены клімату. У чэрвені 2008 году Тонг заявіў, што краіна ўжо дасягнула кропкі незвароту, і дадаў, што трэба рыхтавацца да таго дня, калі дзяржава спыніць сваё існаваньне[19][20][21][22]. У пачатку 2012 году ўрад набыў маёнтак плошчай 2200 гектараў на другім паводле велічыні востраве Фіджы Вануа-Леву. У той час шырока паведамлялася[23][24][25], што ўрад плянаваў эвакуяваць усё насельніцтва краіны на Фіджы. У красавіку 2013 году Тонг пачаў заклікаць грамадзянаў пакінуць астравы і міграваць у іншае месца[26].

У сакавіку 2016 году новым прэзыдэнтам Кірыбаці быў абраны Танэці Маамаў, які стаў пятым кіраўніком дзяржавы па здабыцьці незалежнасці ў 1979 годзе[27]. У чэрвені 2020 году ён быў пераабраны на новы тэрмін. Маамаў пачаў праводзіць пракітайскую палітыку, усталяваўшы больш шчыльныя дачыненьні з урадам у Пэкіне[28]. У 2022 годзе ў Кірыбаці адбыўся канстытуцыйны крызіс, які пачаўся з прыпыненьня паўнамоцтваў усіх 5 галоўных судзьдзяў краіны[29].

Геаграфія

рэдагаваць
 
Какосавыя пальмы на востраве Абаянг.

У склад Кірыбаці ўваходзяць 33 астравы з архіпэлягаў Гілбэрта, Фэнікс, Лайн. Геаграфічна яны месьцяцца ў розных гістарычных рэгіёнах, як то Мэланэзіі, Мікранэзіі і Палінэзіі. Востраў Банаба ёсьць каралавым востравам. Калісьці ён быў багаты на фасфаты, але заклады былі спустошаныя яшчэ да здабычы незалежнасьці[30]. Астатняя частка сушы ў Кірыбаці складаецца зь пясчаных і рыфавых астраўкоў-атолаў альбо каралавых астравоў, якія ўзвышаюцца ўсяго на адзін-два мэтры над узроўнем мора. Глеба вапнавая. Мае замалую вадатрывалую здольнасьць і нізкае ўтрыманьне арганічных і пажыўных рэчываў, за выняткам кальцу, натра і магну. Банаба ёсьць адным з найменш прыдатных месцаў дзеля разьвіцьця сельскай гаспадаркі ў сьвеце[31]. Востраў Кірытымаці, які ёсьць часткай астравоў Лайн, ёсьць найвялікшым атолам у сьвеце. Пасьля зьменаў у міжнароднай лініі дат у 1995 годзе астравы Лайн сталі першай тэрыторыяй, якая сустракае новы год. З гэтае прычыне востраў Каралайн быў перайменаваны ў востраў Міленіюм у 1997 годзе[32]. Даўжыня ланцугу астравоў з захаду на ўсход складае 3800 км, а шырыня з поўначы на поўдзень — каля 2000 км.

Экалягічныя праблемы

рэдагаваць
 
Атол Тарава, дзе месьціцца сталіца краіны Паўднёвая Тарава.

Паводле зьвестак Ціхаакіянскай рэгіянальнай экалягічнай праграмы, два невялікія незаселеныя астраўкі Кірыбаці — Тэбуа-Тарава і Абануэа - зьніклі пад вадой у 1999 годзе[33]. Міжурадавая група экспэртаў у зьменах клімату прагназуе, што да 2100 году ўзровень мора ўзьнімецца прыкладна на 50 см праз наступствы глябальнага пацяпленьня, і узровень сусьветнага акіяну будзе павышацца надалей. Такім чынам, цалкам верагодна, што на працягу стагодзьдзя ворныя землі краіны стануць схільныя да ўзмоцненага засаленьня глебы і будуць у значнай ступені затопленыя[34].

 
Трапічны астравок з архіпэлягу Лайн з пальмамі, якія хістаюцца ў кірунку пануючых вятроў.

Уплыў на Кірыбаці празь зьмену ўзроўню мора ўзмацняецца Ціхаакіянскай дэкадальнай асцыляцыяй, якая ёсьць зьявай зьмены клімату. Гэты фэномэн палягае на тым, што адбываюцца зьмены пэрыядаў Ля-Ніньні на пэрыяды Эль-Ніньнё. Гэтак, у 2000 годзе адбыўся пераход ад пэрыядаў паніжальнага ціску на ўзровень мора з боку Эль-Ніньнё да ўзыходзячага ціску Ля-Ніньні, што выклікала больш частыя і больш высокія ўзроўні прыплываў. Пэрыгейскі вясновы прыплыў, часта званы каралеўскім прыплывам, можа прывесьці да затапленьня марской вадой нізінных раёнаў астравоў Кірыбаці[35].

Аднак, атолы і рыфавыя астравы могуць рэагаваць на зьмены ўзроўню мора. Гэтак, Пол Кенч з Оклэндзкага ўнівэрсытэту з Новай Зэляндыі і Артур Ўэб з Паўднёва-Ціхаакіянскай камісіі практычнай геаграфіі зь Фіджы апублікавалі дасьледаваньне ў 2010 годзе аб дынамічнай рэакцыі атолаў і рыфавых астравоў у цэнтральнай частцы Ціхага акіяна. У рабоце згадваліся Кірыбаці, то бок Ўэб і Кенч выявілі, што тры асноўныя урбанізаваныя астравы Кірыбаці — Бэтыё, Байрыкі і Нанікай — павялічыліся на 30%, 16,3% і 12,5% адпаведна[36][37][38]. Паводле справаздачы памянёных навукоўцаў, дасьледаваньне ня выявіла зьмены ў вышыні астравоў, што сьведчыць аб іхняй уразьлівасьці да падтапленьня.

Кірыбаці мае экватарыяльны і пасатны клімат. З красавіка па кастрычнік пераважаюць паўночна-ўсходнія вятры, а тэмпэратура стабільна трымаецца каля 30°C. Зь лістапада па красавік заходнія вятры прыносяць дажджы. У гэты неспрыяльны сэзон назіраюцца больш экстрэмальныя пагодныя зьявы, як то трапічныя цыклёны, якія, аднак, часта праходзяць уздоўж роўніка, дзе месьціцца Кірыбаці. Тым ня менш, грунтуючыся на мінулых падзеях, Кірыбаці часам ускосна церпіць ад цыклёнаў, асабліва калі паступствы непагадзі адчуваюцца на суседніх астравах, як то Фіджы. Лагодны сэзон доўжыцца з траўня па лістапад, калі назіраюцца больш мяккія вятры і плыні, і менш дажджоў. Колькасьць ападкаў істотна адрозьніваецца паміж астравамі. Гэтак, сярэднегадовы паказьнік складае 3000 мм на поўначы і 500 мм на поўдні астравоў Гілбэрта[12]. Большасьць астравоў месьціцца ў сухім пасе экватарыяльнай акіянічнай кліматычнай зоны і церпяць ад працяглага сухменю[31]. Усе астравы аточаныя каралавымі рыфамі.

Палітыка

рэдагаваць
 
Будынак парлямээнту Кірыбаці, вядомага пад назовам Манэаба Сьвятой гары.

Канстытуцыя Кірыбаці, зацьверджаная 12 ліпеня 1979 году, усталявала ў краіне парлямэнцкую дэмакратычную рэспубліку з свабоднымі і адкрытымі выбарамі. Парлямэнт Кірыбаці, які мае назву Манэаба Сьвятой гары, абіраецца кожныя чатыры гады і складаецца з 36 дэпутатаў. Прэзыдэнт адначасова ачольвае урад. Гэтую пасаду палітык можа займаць ня больш за тры тэрміны, пасьля чаго застаецца сябрам парлямэнту. Кожны з 21 заселеных астравоў мае свой уласны ўрад, які займаецца справамі мясцовага самакіраваньня. Астраўныя рады маюць уласны бюджэт, і, як правіла, яны не знаходзіцца пад кантролем цэнтральнага ўраду. Канстытуцыйныя палажэньні, якія рэгулююць выкананьне правасудзьдзя, падобныя да палажэньняў іншых былых брытанскіх уладаньняў у тым, што судовая сыстэма ёсьць вольнай ад дзяржаўнага ўмяшальніцтва. Судовая галіна складаецца з Высокага суду і Апэляцыйнага суду. Судзьдзяў прызначае прэзыдэнт. Кірыбаці мае афіцыйныя палітычныя партыі, але іхняя арганізацыя даволі нефармальная[39]. Адмысловыя апазыцыйныя групы, як правіла, фармуюцца вакол канкрэтных пытаньняў. Сёньня галоўнымі партыямі краіны ёсьць Баўтакаан Кірыбаці Моа і Табваан Кірыбаці.

Замежныя дачыненьні

рэдагаваць

Кірыбаці падтрымлівае шчыльныя дачыненьні з сваімі ціхаакіянскімі суседзямі, як то Аўстраліяй, Новай Зэляндыяй, Японіяй і Фіджы. Першыя тры зь іх забясьпечваюць асноўную частку замежнай дапамогі краіне. Тайвань і Японія таксама маюць ліцэнзіі на лоўлю рыбы ў водах Кірыбаці. У дзяржавы маюцца тры сталыя дыпляматычныя прадстаўніцтвы з штаб-кватэрамі ў Паўднёвай Тараве, як то амбасада Кітаю, якія зьявіліся ў сталіцы ў 2020 годзе, замяніўшы амбасаду Тайваню, а таксама сядзібы вярхоўных камісараў Аўстраліі і Новай Зэляндыі.

 
Сумесны фатаздымак з прэзыдэнткай Тайваню Цай Інвэнь падчас візыту кірыбацкага кіраўніка дзяржавы Танэці Маамаў у Тайбэй.

У лістападзе 1999 году Кірыбаці пагадзіліся дазволіць Нацыянальнай агенцыі касьмічных распрацовак Японіі набыць у 20-гадовую арэнду зямлю на востраве Кірытымаці, дзе мусіў быў пабудавацца касмадром[40]. Пагадненьне прадугледжвала, што Японія павінна была плаціць 840 тысяч даляраў ЗША штогод, а таксама выдаткоўваць грошы дзеля пакрыцьця усякай шкоды, прычыненай дарогам і навакольнаму асяродзьдзю[40]. На востраве працуе пабудаваная японцамі зямная станцыя, а закінуты аэрадром была перабудаваня ў пасадачную паласу дзеля бесьпілётнага шатлу шматразовага выкарыстаньня HOPE-X. Тым ня менш, экспэрымэнтальны праект быў згорнуты Японіяй у 2003 годзе[41].

Як адна з найбольш уразлівых краінаў сьвету да наступстваў глябальнага пацяпленьня Кірыбаці актыўна бярэ ўдзел ў розных міжнародных дыпляматычных форумах, зьвязаных з барацьбой супраць зьмяненьня клімату, у першую чаргу ў канфэрэнцыях паводле Рамачнай канвэнцыі ААН аб зьмяненьні клімату. Кірыбаці ёсьць сябрам Зьвязу малых астраўных дзяржаваў (ЗМАД). Асноўнай мэтай арганізацыі, закладзенай у 1990 годзе, было аб’яднаньне галасоў малых астраўных разьвіваных дзяржаваў дзеля барацьбы з глябальным пацяпленьнем. ЗМАД ад самага пачатку вельмі актыўна ўзяўся за працу, вылучыўшы першы праект тэксту на перамовах паводле Кіёцкага пратаколу яшчэ ў 1994 годзе.

20 верасьня 2019 году ўрад Кірыбаці аднавіў дыпляматычныя дачыненьні з Кітаем і адначасова спыніў стасункі з Тайванем[42]. Паводле словаў міністра замежных справаў Тайваня Джозэфа Ву, Кітай ахвярахваў Кірыбаці 737 самалётаў і паромаў[43].

Праваахоўныя органы

рэдагаваць
 
Берагавы катэр паліцыі Кірыбаці.

Праваахоўныя функцыі ў краю ажыцьцяўляе паліцэйская служба Кірыбаці, якая выконвае ўсе праваахоўныя і ваенізаваныя абавязкі астраўной дзяржавы. На ўсіх астравах маюцца паліцэйскія пастарункі. Паліцыя мае адзін патрульны катэр[44]. Кірыбаці ня мае ўласных узброеных сілаў і абапіраецца на падтрымку Аўстраліі і Новай Зэляндыі дзеля сваёй абароны. Галоўная турма ў Кірыбаці месьціцца на атоле Тарава ў Бэтыё, другая ж турма месьціцца ў Лондане на Кірытымаці.

Адміністрацыйны падзел

рэдагаваць

У Кірыбаці налічваецца 21 заселены востраў, кожны зь якіх мае ўласную раду. Геаграфічна Кірыбаці можна падзяліць на тры архіпэлягі або групы астравоў, якія ня маюць адміністрацыйных функцыяў. Раней да здабыцьця незалежнасьці Кірыбаці падзялялася на 6 акругаў:

Эканоміка

рэдагаваць
 
Пакгаўз у Кірыбаці. Краіна мусіць імпартаваць амаль усе неабходныя прадукты харчаваньня і прамысловыя тавары.

Кірыбаці мае невялікія радовішчы карысных выкапняў. На момант атрыманьня незалежнасьці ў 1979 годзе радовішчы фасфатаў, калісьці галоўнай крыніцы прыбытку, былі амаль вычарпаныя. У нашыя дні нацыянальны прыбытак забясьпечваецца за кошт экспарту рыбы і копры. Кірыбаці мае самы нізкі СУП з усіх сувэрэнных дзяржаваў Акіяніі і лічыцца адной з найменш разьвітых краінаў сьвету[45]. У апошнія гады эканоміка астравоў апынулася ў эканамічнай крызе.

Эканамічнаму разьвіцьцю перашкаджаюць нястача кваліфікаванай працоўнай сілы, неразьвітая інфраструктура і вялікая адлегласьць ад сусьветных рынкаў. Турызм прыносіць каля 20% нацыянальнага прыбытку. Значную ролю ў эканоміцы Кірыбаці мае міжнародная дапамога з боку Аўстраліі, Новай Зэляндыі, а таксама Сусьветнага банку і Азіяцкага банку разьвіцьця. Таксама дапамогу надаюць Японія і раней Тайвань. Яшчэ ў 1956 годзе Астравы Гілбэрта і Эліс стварылі ўласны сувэрэнны фонд, дзе назапашваліся сродкі ад прыбыткаў ад здабычы фасфатаў. Актывы фонду скараціліся з 637 мільёнаў аўстралійскіх даляраў (420% СУП) у 2007 годзе да 570,5 мільёнаў аўстралійскіх даляраў (350% СУП) у 2009 годзе[46] ў выніку сусьветнага фінансавага крызісу. У той час урад быў вымушаны выдаткоўваць сродкі адтуль дзеля фінансаваньня дэфіцыту бюджэту[47]. У траўні 2011 году ў справаздачы МВФ аб эканоміцы Кірыбаці вынікала, што пасьля двух гадоў скарачэньня эканоміка аднавілася ў другой палове 2010 году, а інфляцыйны ціск зьнік. Паводле ацэнак, эканоміка ў той пэрыяд павялічылася на 1,75% за год.

Колькасьць грошай, якія дасылаюцца кірыбаційцамі, працуючымі за мяжой, дасягае $5 млн штогод. Улічваючы абмежаваныя магчымасьці ўнутранай вытворчасьці Кірыбаці, яна мусіць імпартаваць амаль усе неабходныя прадукты харчаваньня і прамысловыя тавары. Буйны астралійскі банк ANZ мае свае філіі і банкаматы ў Кірыбаці[48].

Дэмаграфія

рэдагаваць
 
Хлопцы ў Тараве.

Перапіс насельніцтва ў лістападзе 2020 годзе выявіў, што колькасьць насельніцтва на той час склада 119 940 чалавек. Каля 90% зь іх жылі на астравах Гілбэрта, пры гэтым 52,9% жыхароў памянёных астравоў жылі ў сталіцы краіны Паўднёвай Тараве[49].

Да нядаўняга часу кірыбаційцы жылі ў асноўным у вёсках з насельніцтвам ад 50 да 3 тысяч чалавек. Большасьць дамоў будуюцца з матэрыялаў, атрыманых з какосавых пальмаў і пандану. Частыя сухмені і неўрадлівыя глебы перашкаджаюць разьвіцьцю трывалай сельскай гаспадаркі, таму астраўляне ў асноўным зьвяртаюцца да мора ў пошуках сродкаў да існаваньня. Большасьць жыхароў астраўной краіны працуюць маракамі альбо рыбакамі. Плянтацыі копры служаць другой крыніцай занятасьці. У апошнія гады вялікая колькасьць грамадзянаў накіравалася да сталіцы. Рост урбанізацыі прывёў да павышэньня насельніцтва Паўднёвай Таравы да 63 тысяч чалавек.

Этнічны склад

рэдагаваць

Карэннае насельніцтва Кірыбаці этнічна ёсьць акіянійцамі і мікранэзійцамі, то бок субэтнасам аўстранэзійцаў[50]. Нядаўнія археалягічныя дасьледваньні выявілі, што аўстранэзійцы першапачаткова засялілі астравы тысячы гадоў таму. Прыблізна ў XIV стагодзьдзі фіджыйцы, самаанцы і тонгаўцы ўварваліся на астравы, зьмяніўшы ў выніку этнічную разнастайнасьць і ўлучыўшы палінэійскія моўныя рысы мясцоваму насельніцтву. Міжэтнічныя шлюбы прывялі да аднастайнасьці насельніцтва як у вонкавым выглядзе, гэтак і ў традыцыях.

 
Касьцёл у Бэтыё.

Хрысьціянства ёсьць асноўнай рэлігіяй у краіне. Ягонае пашырэньне зьвязанае зь дзейнасьцю эўрапейскіх місіянэраў у другой палове XIX стагодзьдзя. Насельніцтва пераважна ёсьць вернікамі Рымска-каталіцкае царквы (58,9%), а 29,6% насельніцтва ёсьць вернікамі дзьвюх асноўных пратэстанцкіх дэнамінацыяў — Пратэстанцкай царквы Кірыбаці (8,4%) і Аб’яднанай царквы Кірыбаці (21,2%). Месьцяцца прадстаўніцтвы іншых пратэстанцкіх цэркваў. Ёсьць на астравах і вернікі рэлігіі Багаі, якіх налічваецца да 2,1% ад агульнай колькасьці насельніцтва.

Адукацыя

рэдагаваць

Пачатковая адукацыя ў краіне ёсьць бясплатнай і абавязковай. Навучаньне цягнецца 9 гадоў, а пачынаюць вучыцца ў школах звычайна пачынаюць з 6 гадоў[51]. Місіянэрскія школы паступова ўваходзяць у сыстэму дзяржаўнай пачатковай школы. Пашыраецца найвышэйшая адукацыя, то бок на астравах можна набыць тэхнічную, пэдагагічную або марскую спэцыяльнасьці. Шмат жыхароў абіраюць атрымліваць адукацыю за мяжой. Большасьць зь іх выпраўляюцца на Фіджы, дзе паступаюць у Паўднёваціхаакіянскі ўнівэрсытэт. Філія гэтай установы маецца і ў самім Кірыбаці. Таксама студэнты зьязджаюць у Аўстралію, Новую Зэляндыю ды Кубу[52].

  1. ^ а б https://data.worldbank.org/indicator/SI.POV.GINI
  2. ^ а б Human Development ReportПраграма разьвіцьця ААН, 2022.
  3. ^ а б в г д е https://data.iana.org/time-zones/tzdb-2021e/australasia
  4. ^ «Для Расейскай імпэрыі ў Ціхім акіяне не далі астравы». Радыё Свабода.
  5. ^ «Five Micronesian countries leave Pacific Islands Forum». RNZ.
  6. ^ «Pacific Islands Forum in crisis as one-third of member nations quit». The Guardian.
  7. ^ Macdonald, Barrie (2001). «Cinderellas of the Empire: towards a history of Kiribati and Tuvalu». Institute of Pacific Studies, University of the South Pacific, Suva, Fiji. — С. 1. — ISBN 982-02-0335-X.
  8. ^ «Background Note: Kiribati». Ministry of Finance and Economic Development.
  9. ^ «BBC Timeline: Kiribati». BBC.
  10. ^ Mahaffy, Arthur (1909). «CO 225/86/26804». Report by Mr. Arthur Mahaffy. London: His Majesty’s Stationery Office.
  11. ^ а б Correspondent (5.06.1913). «Modern buccaneers in the West Pacific». The New Age.
  12. ^ а б «Kiribati». Encyclopædia Britannica
  13. ^ Edwards, Julia B. (2014). «Phosphate mining and the relocation of the Banabans to northern Fiji in 1945: Lessons for climate change-forced displacement». Journal de la Société des Océanistes (138—139): 121—136. doi:10.4000/jso.7100.
  14. ^ а б Ridgell, Reilly (1995). «Pacific Nations and Territories: The Islands of Micronesia, Melanesia, and Polynesia». 3rd Edition. Honolulu: Bess Press. — С. 95. — ISBN 1573060011.
  15. ^ Maude, H. E. (1952). «The colonisation of the Phoenix Islands». Journal of the Polynesian Society. 61 (1—2): 62—89.
  16. ^ «Як адзначаюць Новы год у розных кутках свету?». Дзянніца.
  17. ^ «Kiribati». United Nations.
  18. ^ «IFES Election Guide — Country Profile: Kiribati». Election Guide.
  19. ^ «Leader of disappearing island nation says climate change an issue of survival, not economics». International Herald Tribune.
  20. ^ «Kiribati’s President: 'Our Lives Are at Stake'». ABC News.
  21. ^ Marks, Kathy (6.06.2008). «Paradise lost: climate change forces South Sea islanders to seek sanctuary abroad». The Independent.
  22. ^ Nair, Suchit (6.06.2008). «Tiny atoll in Pacific cries out for help». The Times of India.
  23. ^ Chapman, Paul (7.03.2012). «Entire nation of Kiribati to be relocated over rising sea level threat». The Daily Telegraph.
  24. ^ Spector, Dina; Lee, Eloise (7.03.2012). «Rising Sea Levels Are Forcing This Entire Island Nation To Move To Another Island». Business Insider.
  25. ^ «Kiribati parliament to consider Fiji land purchase». Radio NZ.
  26. ^ Lagan, Bernard (15.04.2013). «Kiribati: A Nation Going Under». The Global Mail.
  27. ^ «Taneti Maamau declared new president of Kiribati». RNZ.
  28. ^ «Kiribati: Pro-China President Taneti Maamau wins reelection bid». Deutsche Welle.
  29. ^ «Legal body condemns Kiribati govt over judiciary moves». RNZ.
  30. ^ Ellis, Albert F. (1935). «Ocean Island and Nauru; Their Story». Sydney, Australia: Angus and Robertson. OCLC 3444055.
  31. ^ а б Thomas, Frank R. (2003). «Kiribati: 'Some aspects of human ecology,' forty years later». Atoll Research Bulletin. 501: 1–40. — doi:10.5479/si.00775630.501.1.
  32. ^ Harris, Aimee (1999). «Millennium: Date Line Politics». Honolulu Magazine.
  33. ^ «Islands disappear under rising seas». BBC News.
  34. ^ Eilperin, Juliet (29.01.2006). «Debate on Climate Shifts to Issue of Irreparable Change». The Washington Post.
  35. ^ Packard, Aaron (12.03.2015). «The Unfolding Crisis in Kiribati and the Urgency of Response». HuffPostGreen.
  36. ^ Zukerman, Wendy (2.06.2010). «Shape-shifting islands defy sea-level rise». No. 2763. New Scientist Magazine.
  37. ^ Kench, Paul. «Dynamic atolls give hope that Pacific Islands can defy sea rise». The Conversation.
  38. ^ Warne, Kennedy (13.02.2015). «Will Pacific Island Nations Disappear as Seas Rise? Maybe Not — Reef islands can grow and change shape as sediments shift, studies show». National Geographic.
  39. ^ Macdonald, B. (1996). «Governance and political process in Kiribati» (Economics Division, Working Paper 96/2). Canberra: Australian National University, Research School of Pacific and Asian Studies.
  40. ^ а б «Kiribati Gives Okay to Christmas Island Spaceport». Space Daily News.
  41. ^ Herman, Jos (2016). «Cancelled Projects: HOPE and HOPE-X». Tiros Space Information News Bulletin. Vol. 41, no. 9. Australia. — С. 2.
  42. ^ Teng Pei-ju (20.09.2019). «Kiribati switches recognition to China, Taiwan loses second Pacific ally in one week». Taiwan News.
  43. ^ «Taiwan says China lures Kiribati with airplanes after losing another ally». Reuters.
  44. ^ «Pacific Forum class patrol boat». Hazegray.
  45. ^ «Poorest Countries in the World 2021». Global Finance Magazine.
  46. ^ «Kiribati: Statistical Appendix». International Monetary Fund Country Report No. 11/114.
  47. ^ «Kiribati: 2011 Article IV Consultation-Staff Report, Informational Annexes, Debt Sustainability Analysis, Public Information Notice on the Executive Board Discussion, and Statement by the Executive Director for Kiribati». International Monetary Fund Country Report No. 11/113.
  48. ^ «ANZ in Kiribati». ANZ.
  49. ^ «2015 Population and Housing Census, Volume 1: Management Report and Basic Tables». National Statistics Office.
  50. ^ Kukutai, Tahu Hera; Broman, Patrick (2016). «From colonial categories to local culture: Evolving state practices of ethnic enumeration in Oceania, 1965—2014». Ethnicities. 16 (5): 689—711. doi:10.1177/1468796815603755.
  51. ^ «Education in Kiribati». Commonwealth of Nations.
  52. ^ «I-Kiribati students perform well in Cuba». Pacific Islands Broadcasting Association.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць