Азіяцка-Ціхаакіянская эканамічная супраца

міжурадавая арганізацыя дзяржаваў Ціхага акіяну

Азіяцка-Ціхаакіянская эканамічная супрацаміжурадавая арганізацыя дзяржаваў Ціхага акіяну, заснаваная ў лістападзе 1989 году.

Азіяцка-Ціхаакіянская эканамічная супраца
анг. Asia-Pacific Economic Cooperation

Дзяржавы-ўдзельніцы АЦЭС (зялёным, 2022 год)
Абрэвіятура АЦЭС
Папярэднік Рада Ціхаакіянскай эканамічнай супрацы
Дата ўтварэньня 6 лістапада 1989 (34 гады таму)
Тып гаспадарчая
Юрыдычны статус міжурадавая арганізацыя
Мэта вольны гандаль на Ціхім акіяне
Штаб-кватэра алея Хэн Муі Кена, д. 35[1]
Месцазнаходжаньне Сынгапур
Каардынаты 1°17′26″ пн. ш. 103°46′41″ у. д. / 1.29056° пн. ш. 103.77806° у. д. / 1.29056; 103.77806Каардынаты: 1°17′26″ пн. ш. 103°46′41″ у. д. / 1.29056° пн. ш. 103.77806° у. д. / 1.29056; 103.77806
Дзейнічае ў рэгіёнах Ціхі акіян
Сяброўства 20 дзяржаваў (2022 год)[2]
Афіцыйныя мовы ангельская
Старшыня Прают Чан-Ача
Выканаўчая кіраўніца Рэбэка Санта-Марыя
Кіроўны орган Сустрэча правадыроў[3]
Колькасьць супрацоўнікаў 50 (2022 год)[4]
Сайт apec.org

На 2022 год улучала 20 дзяржаваў-удзельніц[5]. Для ўхваленьня пастановаў штогод ладзілі Сустрэчу гаспадарчых правадыроў і Міністарскую сустрэчу між МЗС, галіновыя міністарскія сустрэчы і паседжаньне Рады бізнэс-дарадцаў[6]. Распрацоўкай пастановаў загадвала Сустрэча старэйшых службоўцаў, якую ладзілі тройчы на год. Гэтыя службоўцы накіроўвалі працу 4-х камітэтаў: 1) гандлёва-інвэстыцыйнага, 2) гаспадарча-тэхнічнай супрацы, 3) гаспадарчага, 4) бюджэтна-кіраўнічага[7].

Мінуўшчына рэдагаваць

6—7 лістапада 1989 году ў Канбэры (Аўстралія) адбылася сустрэча міністраў замежных справаў 12 дзяржаваў Ціхага акіяну дзеля прасоўваньня Азіяцка-Ціхаакіянскай эканамічнай супрацы (АЦЭС). Большасьць міністраў прадстаўляла 8 дзяржаваў Азіі — Брунэй і Інданэзію, Малайзію і Паўднёвую Карэю, Сынгапур і Тайлянд, Філіпіны і Японію. Таксама ўдзел бралі па 2 міністры ад 2-х краінаў Акіяніі і 2 краінаў Паўночнай Амэрыкі — Аўстраліі і Новай Зэляндыі, а таксама ЗША і Канады адпаведна. У Сумеснай заяве міністры пагадзіліся адкрыць рынкі сваіх краінаў дзеля пашырэньня гандлю па выніках Уругвайскага кола перамоваў наконт Агульнага пагадненьня аб мытах і гандлі[8]. 12—14 лістапада 1991 году да 3-й Міністарскай сустрэчы АЦЭС у Сэуле (Паўднёвая Карэя) далучыліся міністры Брытанскага Ганконгу, Кітаю і Тайваня. 10—11 верасьня 1992 году ў Бангкоку (Тайлянд) адбылася 4-я Міністарская сустрэча АЦЭС. Па яе выніках міністры 15 дзяржаваў падпісалі Бангкоцкую дэклярацыю «Аб Азіяцка-Ціхаакіянскай эканамічнай супрацы», якая прадугледжвала заснаваньне Сакратарыяту АЦЭС у Сынгапуры пад кіраўніцтвам Сустрэчы старэйшых службоўцаў АЦЭС. Сакратарыят АЦЭС меў складацца з дапаможнага і прафэсійнага пэрсаналу пад загадам выканаўчага кіраўніка. Бюджэт Сакратарыяту зацьвярджаўся штогадовай Міністарскай сустрэчай АЦЭС[9]. 5 лютага 1993 году Сакратарыят АЦЭС пачаў дзейнасьць у сядзібе каля праезду Аляксандры ў Сынгапуры[4].

20 лістапада 1993 году ў Сіетле (ЗША) адбылася 1-я Сустрэча правадыроў АЦЭС, да якой далучыліся кіраўнікі ўрадаў Мэксыкі і Папуа-Новай Гвінэі. Па выніках сустрэчы кіраўнікі 17 дзяржаваў падпісалі Заяву «Аб гаспадарчым бачаньні», у якой абвяшчалася доўгатэрміновая мэта дасягнуць вольнага гандлю ў Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне (АЦР) згодна з прапановай Суполкі слынных асобаў АЦЭС. Дзеля гэтага прапаноўвалася пачаць з супрацы ў галіне стандартаў. Бакі пагадзіліся склікаць сустрэчу міністраў скарбу, каб забясьпечыць неінфляцыйны рост за кошт разбудовы інфраструктуры пры дапамозе рынкавага ўкладаньня капіталу. Таксама ў Заяве заклікалі да заснаваньня Ціхаакіянскага форуму занятасьці з удзелам вядучых прадпрымальнікаў, каб пашырыць узаемны гандаль і ўкладаньні. Сярод іншага, бакі пагадзіліся стварыць Адукацыйную праграму АЦЭС дзеля супрацы ў галіне вышэйшай асьветы, каб павысіць працоўную рухомасьць і паспрыяць разумова-культурнаму абмену, вывучыць ключавыя гаспадарчыя пытаньні і палепшыць навыкі працаўнікоў. Урэшце, кіраўнікі заснавалі Праграму добраахвотнай занятасьці АЦЭС дзеля абмену навыкамі кіраваньня і разьвіцьця кадраў[10]. 16 лістапада 1994 году ў Богары (Інданэзія) правялі 2-ю сустрэчу правадыроў АЦЭС, да якой далучыўся старшныя ўраду Чылі. На сустрэчы ўхвалілі Дэклярацыю агульнай рашучасьці, паводле якой кіраўнікі 18 урадаў заявілі пра намер «устрымлівацца ад выкарыстаньня захадаў, якія прывялі б да павышэньня ўзроўню абароны» ад паставак замежных тавараў. Пры гэтым бакі заклікалі да пачатку дзейнасьці Сусьветнай гандлёвай арганізацыі (Швайцарыя). У якасьці мэты абвяшчалася дасягненьне вольнага і адкрытага гандлю і ўкладаньняў у АЦР да 2020 году. Разам з тым, прамысловыя краіны мелі дасягнуць пастаўленай мэты да 2010 году. У Дэклярацыі згадвалася стварэньне дасьледчых асяродкаў і перадача тэхналёгіяў, а таксама разбудова інфраструктуры перавозак і сувязі, энэргетыкі і падарожніцтва, як і перадачы зьвестак у якасьці захадаў пераадоленьня гаспадарчага разрыву між краінамі АЦЭС[11].

18 лістапада 1998 году ў Куала Лумпуры (Малайзія) да 6-й сустрэчы правадыроў АЦЭС далучыліся кіраўнікі ўрадаў Віетнаму, Пэру і Расеі. У сваёй Дэклярацыі кіраўнікі урадаў віталі амэрыкана-японскую пазыку прыватным прадпрыемствам праз Сусьветны банк (ЗША) і Азіяцкі банк разьвіцьця (АБР; Філіпіны), у тым ліку на 30 млрд $ ад Японіі. Пры гэтым ухвалілі патраеньне пазычаньня Сусьветным банкам і яго падваеньне ад АБР для грамадзкіх установаў. Бакі вырашылі спрыяць шматбаковым парукам ад банкаў разьвіцьця на перабудову прадпрыемстваў, а таксама страхаваньню вываза тавараў. Сярод іншага, міністраў заклікалі працаваць з Сусьветным банкам, АБР і Міжамэрыканскім банкам разьвіцьця (ЗША) дзеля ўмацаваньня сацыяльнага забесьпячэньня. Таксама зьмяшчаўся заклік да ўхваленьня дзяржавамі-сяброўкамі Базэльскіх прынцыпаў удалага банкаўскага нагляду (Банк міжнародных разьлікаў, Швайцарыя) і прынцыпаў Міжнароднай арганізацыі камісіяў па каштоўных паперах (Гішпанія). Урэшце, у Дэклярацыі віталі тэхнічную дапамогу ў Сынгапурскім інстытуце падрыхтоўкі МВФ і заснаваньне Навукова-тэхналягічнага фонду прамысловай супрацы Кітаю і АЦЭС[12]. Па выніках сустрэчы 13 верасьня 1999 году пагадзіліся дасягнуць беспапяровага справаводзтва ў гандлі сярод разьвітых краінаў АЦЭС да 2005 году і сярод разьвіцьцёвых краінаў да 2010 году[13].

 
Сустрэча правадыроў АЦЭС у Сыднэі (2007 год, Аўстралія)

21 кастрычніка 2001 году ў Шанхаі (Кітай) падпісалі Дэклярацыю правадыроў, у якой віталі запуск кібэрадукацыйнай супрацы з боку Адукацыйнай фундацыі АЦЭС. Бакі заклікалі да пачатку новага кола перамоваў на 4-й выканаўчай нарадзе СГА ў лістападзе дзеля далейшага разьняволеньня гандлю, каб прадухіліць далейшае запаволеньне росту сусьветнай гаспадаркі. У Дэклярацыі пацьвердзілі ўстрыманьне ад мытаў на электронны абмен зьвесткамі сярод дзяржаваў АЦЭС у сувязі з адпаведнымі пагадненьнямі СГА аб электронным гандлі. Урэшце, кіраўнікі ўрадаў заклікалі да ўхваленьня ўступу Кітаю і Тайваня ў СГА на яе бліжэйшай Выканаўчай нарадзе, а таксама выказалі падтрымку будучаму ўступленьню Віетнаму і Расеі ў СГА[14]. Сярод іншага, на 9-й сустрэчы правадыроў падпісалі Шанхайскае пагадненьне, у якім на Міністарскай сустрэчы АЦЭС у 2002 годзе наказалі распрацаваць захады ажыцьцяўленьня Прынцыпаў спрыяньня гандлю да 2006 году. Гэтыя прынцыпы прадугледжвалі зьмяншэньне гандлёвых выдаткаў на 5 % за 5 гадоў[15]. 9 верасьня 2007 году ў Сыднэі зацьвердзілі Дэклярацыю, у якой віталі Плян дзеяньняў дзеля спрыяньня гандлю, што меў скараціць гандлёвыя выдаткі яшчэ на 5 % да 2010 году. Пры гэтым пагадзіліся ўмацаваць ахову інтэлектуальнай уласнасьці праз захады прадухіленьня падробкі тавараў. Сярод іншага, ухвалілі рашэньне міністраў заснаваць Падразьдзяленьне падтрымкі палітыкі АЦЭС і пераход да прызначэньня выканаўчага кіраўніка Сакратарыяту АЦЭС на вызначаны тэрмін. Урэшце, у Дэклярацыі «Аб зьмяненьні клімату, энэргабясьпецы і чыстым разьвіцьці» паставілі за мэту зьнізіць энэргаёмістасьць гаспадараньня прынамсі на 25 % да 2030 году[16].

 
Сустрэча правадыроў АЦЭС ва Ўладзівастоку (2012 год, Расея)

14 лістапада 2009 году ў Сынгапуры кіраўнікі дзяржаваў ухвалілі Дэклярацыю, у якой да 2015 году вырашылі палепшыць свой рэйтынг «Вядзеньне бізнэсу» на 25 % у 5 галінах: улік прадпрыемства, атрыманьне пазыкі, выкананьне ўгодаў, міжнародны гандаль і дазвол на будаўніцтва. Таксама віталі заснаваньне Фонду супрацы Кітаю і АЦЭС на 10 млн даляраў для гаспадарча-тэхнічнай супрацы[17]. 12 лістапада 2011 году ў Ганалулу (ЗША) падпісалі Дэклярацыю, у якой забавязаліся ўстрымвацца ад павышэньня мытаў да 2015 году. Пры гэтым вырашылі пачаць перамовы аб пашырэньні сьпісу тавараў і дзяржаваў-удзельніц у Пагадненьне СГА аб інфармацыйных тэхналёгіях. Сярод іншага, намерыліся зьнізіць сукупную энэргаёмістасьць гаспадараньня на 45 % да 2035 году. Урэшце, да 2012 году вырашылі распрацаваць сьпіс карысных устойліваму разьвіцьцю экалягічных тавараў, на якія вырашылі панізіць мыты меней за 5 % да 2015 году[18]. 8 верасьня 2012 году ва Ўладзівастоку (Расея) зацьвердзілі Сьпіс 54 экалягічных тавараў АЦЭС, сярод якіх былі ветраныя турбіны і сонечныя панэлі, а таксама сродкі аўтаматызацыі вытворчасьці[19]. Гандаль гэтымі таварамі ў 2011 годзе склаў каля 600 млрд даляраў ЗША[20]. 8 кастрычніка 2013 году ў Нуса Дуа (правінцыя Балі, Інданэзія) падпісалі Дэклярацыю, што ўлучыла ў якасьці мэты абмен больш як мільёнам студэнтаў, выкладнікаў і дасьледнікаў за 2020 год між дзяржавамі АЦЭС[21].

17—18 лістапада 2018 году ў Порце Морсьбі (Папуа-Новая Гвінэя) прайшла 26-я сустрэча правадыроў АЦЭС, на якой упершыню ўстрымаліся ад ухваленьня сумеснай заявы. Прычынай паслужылі рознагалосьсі між урадамі ЗША і Кітаю наконт пераўтварэньня СГА[22].

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ Зьвесткі для сувязі (анг.) // Азіяцка-Ціхаакіянская эканамічная супраца, 2022 г. Праверана 6 сьнежня 2022 г.
  2. ^ Краіны-сяброўкі (анг.) // Азіяцка-Ціхаакіянская эканамічная супраца, 2022 г. Праверана 6 сьнежня 2022 г.
  3. ^ Будова (анг.) // Азіяцка-Ціхаакіянская эканамічная супраца, жнівень 2022 г. Праверана 6 сьнежня 2022 г.
  4. ^ а б Занятасьць у Сакратарыяце АЦЭС (анг.) // Азіяцка-Ціхаакіянская эканамічная супраца, 2022 г. Праверана 6 сьнежня 2022 г.
  5. ^ Пра АЦЭС (анг.) // Азіяцка-Ціхаакіянская эканамічная супраца, верасень 2022 г. Праверана 6 сьнежня 2022 г.
  6. ^ Палітычны ўзровень (анг.) // Азіяцка-Ціхаакіянская эканамічная супраца, верасень 2022 г. Праверана 6 сьнежня 2022 г.
  7. ^ Працоўны ўзровень (анг.) // Азіяцка-Ціхаакіянская эканамічная супраца, верасень 2022 г. Праверана 6 сьнежня 2022 г.
  8. ^ Міністарская сустрэча АЦЭС 1989 году (анг.) // Азіяцка-Ціхаакіянская эканамічная супраца, 2022 г. Праверана 6 сьнежня 2022 г.
  9. ^ Бангкоцкая дэклярацыя «Аб Азіяцка-Ціхаакіянскай эканамічнай супрацы» (анг.) // Азіяцка-Ціхаакіянская эканамічная супраца, 2022 г. Праверана 2 сьнежня 2022 г.
  10. ^ Заява правадыроў 1993 году (анг.) // Азіяцка-Ціхаакіянская эканамічная супраца, 2022 г. Праверана 6 сьнежня 2022 г.
  11. ^ Заява правадыроў 1994 году (анг.) // Азіяцка-Ціхаакіянская эканамічная супраца, 2022 г. Праверана 6 сьнежня 2022 г.
  12. ^ Заява правадыроў 1998 году (анг.) // Азіяцка-Ціхаакіянская эканамічная супраца, 2022 г. Праверана 6 сьнежня 2022 г.
  13. ^ Гісторыя (анг.) // Азіяцка-Ціхаакіянская эканамічная супраца, 2022 г. Праверана 6 сьнежня 2022 г.
  14. ^ Заява правадыроў 2001 году (анг.) // Азіяцка-Ціхаакіянская эканамічная супраца, 2022 г. Праверана 6 сьнежня 2022 г.
  15. ^ Шанхайскае пагадненьне (9-я сустрэча гаспадарчых правадыроў АЦЭС 2001 году) (анг.) // Азіяцка-Ціхаакіянская эканамічная супраца, 2022 г. Праверана 6 сьнежня 2022 г.
  16. ^ Дэклярацыя правадыроў 2007 году (анг.) // Азіяцка-Ціхаакіянская эканамічная супраца, 2022 г. Праверана 6 сьнежня 2022 г.
  17. ^ Дэклярацыя правадыроў 2009 году (анг.) // Азіяцка-Ціхаакіянская эканамічная супраца, 2022 г. Праверана 6 сьнежня 2022 г.
  18. ^ Дэклярацыя правадыроў 2011 году (анг.) // База дакумэнтаў сустрэч АЦЭС, 2022 г. Праверана 6 сьнежня 2022 г.
  19. ^ Дадатак В. Сьпіс экалягічных тавараў (анг.) // Азіяцка-Ціхаакіянская эканамічная супраца, 2022 г. Праверана 6 сьнежня 2022 г.
  20. ^ Дасягненьні і выгады (анг.) // Азіяцка-Ціхаакіянская эканамічная супраца, верасень 2022 г. Праверана 6 сьнежня 2022 г.
  21. ^ Дэклярацыя правадыроў 2013 году (анг.) // Азіяцка-Ціхаакіянская эканамічная супраца, 2022 г. Праверана 6 сьнежня 2022 г.
  22. ^ Захар Бурак. Ціхаакіянскі рубеж // Зьвязда : газэта. — 24 лістапада 2018. — № 227 (28843). — С. 11. — ISSN 1990-763x.

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць

  • Выпускі навінаў (анг.) // Азіяцка-Ціхаакіянская эканамічная супраца, 23 лістапада 2022 г. Праверана 6 сьнежня 2022 г.
  • Дэклярацыі правадыроў (анг.) // База дакумэнтаў сустрэч АЦЭС, 18 лістапада 2022 г. Праверана 6 сьнежня 2022 г.