Карэйская вайна
Карэ́йская вайна́, Вайна ў Карэ́і — баявыя дзеяньні на Карэйскім паўвостраве ў 1950—1953 роках паміж узброенымі сіламі КНДР пры падтрымцы СССР і КНР з аднаго боку, і войскамі Паўднёвай Карэі пры падтрымцы ЗША і амэрыканскіх хаўрусьнікаў пад эгідай Савету Бясьпекі ААН з другога.
Карэйская вайна (한국전쟁) (조선전쟁) | |||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Марская пяхота ЗША палоніць кітайскіх камуністаў; Бамбавік Б-26; Сілы ААН адыходзяць праз 38-ю паралель; Паўднёвакарэйскія ўцекачы; Атака марскіх пехацінцаў | |||||||||||
| |||||||||||
Супернікі | |||||||||||
Рэспубліка Карэя
| |||||||||||
Камандуючыя | |||||||||||
Колькасьць | |||||||||||
Рэспубліка Карэя 590 911 ЗША 480 000 Вялікабрытанія 63 000 Канада 26 791 Аўстралія 17 000 Філіпіны 7430 Турэччына 5455 Нідэрлянды 3972 Францыя 3421 Новая Зэляндыя 1389 Тайлянд 1294 Этыёпія 1271 Каралеўства Грэцыя 1263 Калюмбія 1068 Бэльгія 900 ПАР 826 Люксэмбург 44 Агулам: 941 356 — 1 139 518 | Карэйская Народна-Дэмакратычная Рэспубліка 260 000 Кітай 780 000 СССР 26 000 Агулам: 1 066 000 | ||||||||||
Страты | |||||||||||
900 000 — 1 800 000 | 1 500 000 — 3 800 000 | ||||||||||
У Паўночнай Карэі вайна называецца Айчыннай вызваленчай (па-карэйску: 조국해방전쟁), у Паўднёвай — Інцыдэнтам 25 чэрвеня (кар. 6·25 사변).
Перадумовы
рэдагавацьПасьля перамогі над імпэрскай Расеяй у вайне 1904—1905 рокаў Японія зрабіла Карэю сваім пратэктаратам, а ў 1910 року анэксавала яе.
У 1919 року карэйскія ўцекачы ў Кітаі ўтварылі ўрад у выгнаньні і пры падтрымцы кітайскіх нацыяналістаў вялі барацьбу зь японскімі акупантамі.
Пасьля сканчэньня ваенных дзеяньняў у Эўропе СССР уступіў у вайну зь Японіяй на баку хаўрусьнікаў. У жніўні 1945 року было вырашана падзяліць Карэю на савецкую і амэрыканскую зоны акупацыі ўздоўж 38-й паралелі.
Плянавалася, што пасьля пяцігадовага супольнага кіраваньня СССР і ЗША ўтвораць у 1950 року незалежную Карэю. Аднак супраць Аб’яднанай савецка-амэрыканскай камісіі пачаліся выступленьні карэйцаў. Амэрыканскае вайсковае кіраваньне спрабавала забараніць страйкі і ўвяло ваеннае становішча.
Празь недзеяздольнасьць Аб’яднанай камісіі ўрад ЗША прапанаваў правесьці ў Карэі выбары пад эгідай ААН. Савецкі Саюз і карэйскія камуністы адмовіліся ад удзелу, і ў траўні 1948 року выбары адбыліся ў паўднёвай частцы Карэі. Праз тры месяцы, у жніўні, свае выбары правяла Паўночная Карэя.
15 жніўня 1948 року была ўтвораная Рэспубліка Карэя (або Паўднёвая Карэя) на чале з прэзыдэнтам Лі Сын Манам; у савецкай зоне акупацыі паўстала камуністычная ўлада Кім Ір Сэна.
Сілы бакоў
рэдагавацьДа 1950 акупацыйныя сілы СССР і ЗША, якія ўдзельнічалі ў разгроме японскіх войскаў у Карэі, былі ў асноўным выведзеныя з гэтай краіны. Аднак дзеля падтрыманьня рэжымаў Паўночнай і Паўднёвай Карэі на паўвостраве і ў непасрэднай блізкасьці заставаліся дастаткова значныя савецкія і амэрыканскія сілы.
З савецкага боку — сілы Далёкаўсходняй вайсковай акругі і Ціхаакіянскага флёту, кантынгент у паўночна-ўсходнім Кітаі, група вайсковых дараднікаў у КНДР (246 чал. па штаце, фактычна — 148), больш за 4000 вайсковых спэцыялістаў. Карэйская народная армія налічвала дзесяць пяхотных дывізіяў, адну танкавую брыгаду, матацыклетны полк. Народна-вызваленчая армія Кітаю была зьвязана вайной з гаміньданаўскімі сіламі ў Кітаі і не магла ўзяць удзелу ў Карэйскай вайне на першым этапе.
З амэрыканскага боку — 7-ы флёт (каля 300 караблёў), дзьве паветраныя арміі на авіябазах у Японіі і Філіпінах — тактычная 5-я і стратэгічная 20-я, на базах у непасрэднай блізкасьці ад Карэі — тры пяхотныя дывізіі і адна бранятанкавая армія. У Паўднёвай Карэі працавала амэрыканская дарадніцкая група з 500 чал. Армія Паўднёвай Карэі мела восем пяхотных дывізіяў, мясцовыя абарончыя і пагранічныя часткі.
Былыя хаўрусьнікі па Другой сусьветнай вайне знаходзіліся ў стане неафіцыйнага ваеннага супрацьстаяньня, якое магло ў любы час прывесьці да прамога сутыкненьня. Да лета 1950 напружаньне па лініі міжкарэйскага разьмежаваньня вырасла максымальна.
Хада ваенных дзеяньняў
рэдагаваць25 чэрвеня 1950 бясконцыя пагранічныя канфлікты ўздоўж 38-й паралелі перарасьлі ў вайну. На пачатку ліпеня ЗША правялі праз Савет Бясьпекі ААН рашэньне пра стварэньне камандаваньня войск ААН для абароны свайго паўднёвакарэйскага хаўрусьніка. Рашэньне Савету Бясьпекі падтрымалі (а пазьней накіравалі свае войскі ў Карэю) Вялікабрытанія, Францыя, Бэльгія, Нідэрлянды, Грэцыя, Новая Зэляндыя, Аўстралія, Канада, Індыя, Тайлянд, Этыёпія, Калюмбія, Філіпіны, Японія.
На першым этапе Карэйская народная армія прарвала абарону паўднёвакарэйскіх войск і да сярэдзіны верасьня захапіла амаль усю тэрыторыю Карэі.
На другім этапе амэрыканскія і паўднёвакарэйскія сілы высадзілі ў раёне Сэулу бранятанкавы корпус, перайшлі ў наступ у тыле войск КНДР і перахапілі стратэгічную ініцыятыву. Карэйская народная армія была вымушана адыходзіць на поўнач краіны. Урад КНДР запрасіў у СССР непасрэдную ваенную дапамогу сіламі проціпаветранай абароны і рэактыўнай зьнішчальнай авіяцыі.
З набліжэньнем вайны да граніц СССР і КНР у кастрычніку 1950 у вайну ўступілі так званыя «кітайскія народныя добраахвотнікі» ў складзе 12 дывізіяў 13-й армейскай групы Народна-вызваленчай арміі Кітаю агульнай колькасьцю каля 200 тыс. чал. Да канца лістапада кітайска-паўночнакарэйскія сілы адкінулі праціўніка за 38-ю паралель і нават занялі Сэул.
З канца 1950 у вайне ўдзельнічаў пад выглядам авіяцыі КНР 64-ы зьнішчальны авіяцыйны корпус Вайскова-паветраных сіл СССР (35 лётчыкам, у тым ліку беларусам Я. М. Стэльмаху, Л. К. Шчукіну прысвоена званьне Героя Савецкага Саюзу). Усяго з савецкага боку прыняло ўдзел у вайне каля 40 тыс. чал. Загінула больш за 300 ваеннаслужачых.
У наступныя месяцы вайны фронт стабілізаваўся па лініі 38-й паралелі. 27 ліпеня 1953 падпісана пагадненьне аб перамір’і.
Вынікі вайны
рэдагавацьУ асноўным захавалася даваенная дэмаркацыйная лінія, да КНДР адышоў горад Кэсон, а да Паўднёвай Карэі некалькі невялікіх населеных пунктаў.
У вайне загінула па розных ацэнках ад 3 да 5 млн чал., значна разбурана гаспадарка, моцна пацярпелі ўсе гарады.
За маштаб супрацьстаяньня, у які былі ўцягнуты мацнейшыя краіны сьвету, вайна часам афарыстычна называецца «Трэцяй сусьветнай карэйскай вайной». Як першы вялікі ўзброены канфлікт з пачатку Халоднай вайны, Карэйская вайна стала мадэльлю лякальнай вайны, у якой дзьве звышдзяржавы ваююць паміж сабой на абмежаванай тэрыторыі без прымяненьня ядзернай зброі.