Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква

(Перанакіравана з «БАПЦ»)

Каардынаты: 40°41′13″ пн. ш. 73°59′4″ з. д. / 40.68694° пн. ш. 73.98444° з. д. / 40.68694; -73.98444

Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква
Япіскап Сьвятаслаў
Катэдральны горад Нью-Ёрк, ЗША
Катэдральны сабор Сабор Кірылы Тураўскага

Белару́ская аўтакефа́льная правасла́ўная царква́ (скарочана БАПЦ) — незалежная праваслаўная царква беларускага народу, заснаваная ў 1922 годзе ў выніку адасабленьня беларускіх япархіяў ад Расейскай праваслаўнай царквы. У 1927 годзе абвясьціла аўтакефалію[1]. У 1945—1950 гадах займела прыходы ў Аўстраліі, Заходняй Эўропе (Ангельшчына, Бэльгія, Нямеччына, Францыя) і Паўночнай Амэрыцы (ЗША, Канада). Набажэнствы вядуцца на беларускай мове. Дапамагае беларусам захаваць сваю нацыянальную спадчыну. Мае друкаваныя выданьні «Голас царквы» і «Царкоўны пасланец»[2]. Дзейнасьць у штаце Нью-Ёрк парадкуецца Артыкулам 18 (Цэрквы Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы ў Амэрыцы, Сэкцыі 336—352) Закону аб рэлігійных аб’яднаньнях 2006 году[3][4]. З 11 траўня 2008 году прадстаяцелем БАПЦ зьяўляецца япіскап Сьвятаслаў (Логін).

Кіраваньне

рэдагаваць
  • Царкоўны Сабор. Склікаецца аднойчы на 10 гадоў. Складаецца са сьвятароў, 2 прадстаўнікоў ад кожнага прыходу, сябраў Кансысторыі, Рады і Рэвізійнай камісіі, рэдактара выдавецтва Кансысторыі і кіраўніка епархіяльнай школы. Правамоцны пры ўдзеле звыш паловы прыходаў і япіскапаў. Абірае першагерарха (пажыцьцёва 2/3 галасоў), Раду і Рэвізійную камісію. Ухваляе пастановы простай большасьцю галасоў пры адабрэньні прысутнага япіскапа на падставе канонаў.
  • Япіскапскі Сабор. Склікаецца двойчы на год. Узначальваецца першагерархам. Ухваляе пастановы большасьцю галасоў прысутных. Зацьвярджае царкоўныя правілы і новыя малітвы, хіратонію япіскапа, беларускі пераклад Бібліі, набажэнстваў і сьпеваў, падручнікаў і казаньняў. Вызначае кіраўнікоў прыходаў, камісію для праверкі вылучэнца на япіскапа, пазбаўляе сьвятарскага сану і прымае сьвятароў зь іншых праваслаўных цэркваў.
  • Рада. Склікаецца двойчы на год. Складаецца зь япіскапа, да 7 сьвятароў (ярэяў і дыяканаў) і 8 прыхаджанаў, абраных Царкоўным Саборам. Узначальваецца першагерархам. Ухваляе пастановы простай большасьцю галасоў прысутных. Зацьвярджае каштарыс, выданьне падручнікаў і часопісаў, набыцьцё зямлі і будынкаў прыходамі. Абірае Кансысторыю зь 5 асобаў (япіскап, 2 ярэі і 2 прыхаджаніны), прынамсі 3-ох зь якіх са свайго складу. Прызначае Царкоўны Суд з 3 прыхаджанаў пад старшынствам ярэя для разгляду разводу прыхаджанаў.
  • Кансысторыя. Улучае старшыню (япіскапа), сакратара і скарбніка. Пастановы падпісваюць старшыня і сакратар. Чэкі — сакратар і скарбнік. Выконвае пастановы Царкоўнага Сабору, Япіскапскага Сабору і Рады. Зьбірае ахвяраваньні і выконвае каштарыс. Вядзе ўлік маёмасьці і сьвятароў.
  • Рэвізійная камісія. Складаецца з 3 абраных Царкоўным Саборам асобаў: старшыні, яго намесьніка і сакратара. Штогод правярае грашовае справаводзтва Кансысторыі, епархіяльнай управы і прыходаў[5].

На 2017 год БАПЦ налічвала 9 прыходаў у 5 краінах:

Таксама ў ЗША працавалі 2 місіі ў штатах Нью-Джэрзі (капліца Сьвятога Яна Максімовіча) і Арызона (Фінікс, вул. 17-я Паўночная, д. 2026; капліца Сьвятых Сэрбскіх мучанікаў).

На 2017 год пад кіраўніцтвам першагерарха япіскапа Сьвятаслава служылі 8 сьвятароў з 3-ох краінаў: 2 мітрафорныя пратаярэі, 4 пратаярэі і 2 дыяканы. У Беларусі — пратаярэй Леанід Акаловіч (Менск) і дыякан Мікола Бамбіза. У Аўстраліі — пратаярэй Уладзімер Зайко (Пэрт). У ЗША — мітрафорныя пратаярэі Мілан Алексіч (Фінікс, шт. Арызона) і Зінові Жалабак (Гайлэнд-Парк, шт. Нью-Джэрзі), пратаярэі Павал Эмік (поўдзень шт. Нью-Джэрзі) і Іван Кухар (Нью-Ёрк), дыякан Мікола Шчэрба (Нью-Ёрк)[14].

Перадумовы аўтакефаліі

рэдагаваць
 
Наваградзкая катэдра Літоўскай мітраполіі[15]

У 992 годзе Канстантынопальскі патрыярхат (Бізантыйская імпэрыя; цяпер Турэччына) заснаваў праз Кіеўскую мітраполію Полацкую япархію, якая стала першай хрысьціянскай япархіяй на землях Беларусі. У 1317 годзе ў Наваградку (Вялікае Княства Літоўскае; цяпер Беларусь) Канстантынопальскі патрыярхат заснаваў Літоўскую мітраполію. Пасьля Берасьцейскай уніі 1596 году праваслаўныя япіскапы перападпарадкавалі Літоўскую мітраполію рымскаму папу ў выглядзе Рускай уніяцкай царквы. У выніку адбыўся раскол праваслаўнай царквы ў Рэчы Паспалітай. У 1620 годзе ерусалімскі патрыярх Тэафан ІІІ на даручэньне канстантынопальскага патрыярха Цімафея II аднавіў Полацкую праваслаўную япархію і высьвяціў на полацкага архіяпіскапа Мялеція Сматрыцкага. 8 лістапада 1685 году новаабраны кіеўскі мітрапаліт Гедэон Сьвятаполк-Чацьвярцінскі, якому падпарадкоўваліся і праваслаўныя прыходы на землях Беларусі, прысягнуў маскоўскаму патрыярху Ёакіму. Тым часам 8-е правіла Этэскага сабору 431 году (Бізантыйская імпэрыя; цяпер Турэччына) патрабуе, «каб ніхто з богаласкавых япіскапаў не пашыраў сваю ўладу на чужую япархію, якая раней і спачатку не была пад яго рукой, або яго папярэднікаў»[16].

У 1721 годзе праваслаўныя прыходы на землях Беларусі падпарадкавалі «Найсьвяцейшаму ўрадаваму сыноду», які разам з урадавым сэнатам належаў да сыстэмы найвышэйшых органаў дзяржаўнага кіраваньня Расейскай імпэрыі[17]. На практыцы ўрадавым сынодам з волі маскоўскага гаспадара кіравалі сьвецкія обэр-пракуроры[18]. Каб скасаваць залежнасьць Праваслаўнай царквы Рэчы Паспалітай ад уладаў Расейскай імпэрыі Пінская кангрэгацыя ў 1791 годзе і Чатырохгадовы сойм у 1788—1792 гадох пастанавілі стварыць у межах Рэчы Паспалітай асобную праваслаўную мітраполію ў юрысдыкцыі Канстантынопалькага патрыярхату. Ажыцьцявіць гэтую пастанову ня далі падзелы Рэчы Паспалітай[19].

12 лютага 1839 году праведзены расейскімі ўладамі Полацкі царкоўны сабор (Віцебская губэрня; цяпер Беларусь) Рускай уніяцкай царквы зацьвердзіў «Акт аб узьяднаньні з Праваслаўнай царквой», аднак не з Канстантынопальскай, а з Расейскай. Першы пункт Акта пастанаўляў: «Прызнаць зноў адзінства нашай Царквы з Праваслаўна-кафалічнай усходняй царквой, і таму знаходзіцца з гэтага часу, разам з даручанымі нам паствамі, у аднадумстве са сьвяцейшымі ўсходнімі праваслаўнымі патрыярхамі і ў паслушаньні Сьвяцейшага ўсерасейскага сынода»[20]. У выніку да ліку прыхаджанаў Расейскай праваслаўнай царквы далучылі каля 80% жыхароў Беларусі[21].

 
Царква Сьвятога Духа (Менск), дзе 23 ліпеня 1922 г. абвясьцілі Менскую мітраполію

25 сакавіка 1918 году Беларуская Народная Рэспубліка абвясьціла незалежнасьць, паводле Трэцяй Устаўной граматы, што паклала пачатак утварэньню беларускай дзяржавы. 1 студзеня 1919 году ў Смаленску Часовы рабоча-сялянскі савецкі ўрад Беларусі зацьвердзіў Маніфэст аб стварэньні Беларускай ССР[22], у межах якой пазьней узьнікла Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква.

Гісторыя

рэдагаваць

23 ліпеня 1922 году менскі япіскап Мэльхісэдэк (Паеўскі) склікаў зьезд япархіі, які абвясьціў у катэдральным саборы аб стварэньні незалежнай ад Маскоўскай патрыярхіі Беларускай мітраполіі (Менск, Беларуская ССР)[23]. Мітрапалітам абралі япіскапа Мэлхісэдэка. Адначасна высьвяцілі трох новых япіскапаў: 1) бабруйскага Філарэта — былога прафэсара Менскай духоўнай сэмінарыі Хвядоса Раменскага, 2) мазырскага Яна, 3) слуцкага Мікалая — былога настаяцеля Слуцкага сабору Мікалай Шамяціла. У 1923 годзе кананічнасьць царквы прызнаў маскоўскі патрыярх Ціхан(en).

 
Бабруйскі япіскап Філарэт, 2-гі прадстаяцель БАПЦ (у 1930-я гг.)

9 жніўня 1927 году бабруйскі япіскап Філарэт склікаў зьезд Беларускай праваслаўнай царквы (БПЦ) з удзелам прадстаўнікоў 333 прыходаў Бабруйскай, Барысаўскай, Мазырскай, Менскай і Слуцкай япархіяў і адной акругі (благачыньня) Аршанскай япархіі. Сабор абвясьціў аўтакефалію і абраў самастойнае кіраўніцтва. На 1 студзеня 1928 году 399 сьвятароў БАПЦ несьлі службу ў 344 прыходах, зь якіх 24 знаходзіліся ў Гомельскай акрузе Беларускай ССР, 12 — у Полацкай і 10 — Аршанскай. У выніку пашыраных з 1935 году рэпрэсіяў супраць сьвятарства на 24 чэрвеня 1938 году працягвалі дзейнічаць толькі 2 царквы — у Воршы і Мазыры[24]. У выніку перасьледу сьвятароў да 22 чэрвеня 1941 году ў БССР не засталося легальна адчыненых цэркваў[25]. Сьвятары Антон Севярын, Фёдар Альхімовіч, Рыгор Мядзьведзяў, Мікалай Сяўрук, Іван Савіцкі, а таксама вернікі Зьміцер Маеўскі, Іван Сьвірскі і скарбнік БАПЦ Раман Сокур працягвалі ладзіць набажэнствы падпольна[26].

 
Менскі мітрапаліт Панцеляймон, 3-ці прадстаяцель БАПЦ (у 1942—1946 гг.)

3 кастрычніка 1941 году нямецкі Генэральны камісарыят Беларусі дазволіў аднавіць Беларускую праваслаўную царкву пры ўмове яе аўтакефальнага кіраваньня. У сакавіку 1942 году Сабор япіскапаў падзяліў Беларускую мітраполію на 6 япархіяў[27]. 30 жніўня — 2 верасьня адбыўся Ўсебеларускі царкоўны сабор з удзелам 3 япіскапаў, 65 сьвятароў і 65 прадстаўнікоў ад вернікаў, які неадкладна абвясьціў аўтакефалію БПЦ 128-мю галасамі пры 3-х устрыманых[28].

У 1944 годзе магілёўскі архіяпіскап Філафей разам зь віцебскім япіскапам Апанасам высьвяцілі ярэя Аляксандра Караткевіча ў япіскапы для кіраваньня царквой у падсавецкай Беларусі. У 1945—1974 гады царква налічвала ў Беларусі каля 35 высьвячаных сьвятароў і каля 15 абраных вернікамі выканаўцаў сьвятарскіх абавязкаў. У 1967 годзе Менскі мітрапаліт РПЦ Антон (Мельнікаў) правёў хіратонію айца Макара Хараненкі ў полацкага япіскапа БАПЦ. На 1990 год у Беларусі налічвалася 5 прыходаў царквы[29].

У 1991 годзе саратаўскі архіяпіскап РПЦ Пімен (Хмялеўскі) пры саслужэньні яшчэ аднаго япіскапа зьдзейсьніў у саборы Сьвятой Тройцы хіратонію айца Пятра Гушчы ў Полацкага япіскапа БАПЦ. У вёсцы Строчыцах (Менскі раён) набажэнствы ладзіліся ў царкве на тэрыторыі Музэю народнага дойлідзтва, якім кіраваў Георгі Ткацэвіч, да забароны міністрам культуры Аляксандрам Сасноўскім (1996—2000). У 1996—1998 гадох прыход сьвятога Панцеляймона на чале з айцом Васілём Мялешкам у Лідзе (Гарадзенская вобласьць) яднаў амаль усіх праваслаўных вернікаў гораду і ваколіцаў.

Улетку 1996 году 2 сьвятары Аляксандар Шымбалёў і Аляксандар Шчагалюцін пачалі рэстаўрацыю Царквы Нараджэньня Найсьвяцейшай Багародзіцы ў вёсцы Сёмкаў Гарадок (Менскі раён)[30] і працягвалі яе прынамсі 5 год[31]. На 21 лістапада 2001 году сьвятар Ян Спасюк пачаў будоўлю першай царквы ў Рэспубліцы Беларусь у пасёлку Пагранічным (Бераставіцкі раён, Гарадзенская вобласьць)[32]. У пачатку жніўня 2002 году на загад мясцовых уладаў узьведзены храм, і дом сьвятара разбурылі[33].

На 2004 год царква налічвала 12 прыходаў у Беларусі[34]. На 2009 год існавалі прыходы ў беларускіх гарадах Вялейцы (Менская вобласьць), Віцебску, Гомелі, Горадні, Магілёве, Менску і Слуцку (Менская вобл.)[35].

6 верасьня 2014 году на Крапівенскім полі (Аршанскі раён, Віцебская вобласьць) ў гонар 500-й гадавіны бітвы пад Воршай япіскап Сьвятаслаў адслужыў малебен за палеглых у бітве абаронцаў Айчыны[36]. 25 верасьня япіскап Сьвятаслаў правёў у Менску набажэнства для прыходу Сьвятой Эўфрасіньні Полацкай[37]. 15-16 ліпеня 2017 г. архіяпіскап Сьвятаслаў паўторна наведаў Менск для ўдзелу ў 7-м зьезьдзе Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» ў якасьці сябра яго Вялікай рады[38].

За мяжой

рэдагаваць
 
Менскі мітрапаліт Мэльхісэдэк, 1-ы прадстаяцель БАПЦ (да 1931 г.)

5 чэрвеня 1948 году ў Канстанцы (Паўднёвы Бадэн(en), Француская зона акупацыі Нямеччыны; цяпер зямля Бадэн-Вюртэмбэрг, Нямеччына) Сабор БАПЦ абраў архіяпіскапа Сяргея (Ахатэнку) зьверхнікам БАПЦ[39]. У 1950 годзе архіяпіскап Сяргей перасяліўся ў Аўстралію, дзе кіраваў мясцовымі прыходамі БАПЦ у Адэлаідзе (штат Паўднёвая Аўстралія) і Мэльбурне (штат Вікторыя). У 1951 годзе япіскап Васіль (Уладзімер Тамашчык; 1900—1970) перасяліўся ў ЗША, адкуль кіраваў прыходамі БАПЦ у Паўночнай Амэрыцы (Гайлэнд-Парк, Дэтройт, Кліўлэнд, Нью-Ёрк, Таронта) і Заходняй Эўропе (Брэдфард, Манчэстэр)[40].

Мітрапаліт Ізяслаў быў надзелены санам япіскапа 22 лютага 1981 году Мітрапалітам Андрэем, разам з патрыярхам Скрыпныкам і архібіскупам Арэстам Украінскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. Стаў наступнікам мітрапаліта Андрэя, які памёр у траўні 1983 году. Мітрапаліт Ізяслаў быў абраны кіраўніком царквы на Трэцім Саборы БАПЦ за мяжою ў траўні 1984 году ў Манчэстэры (Вялікабрытанія).

На 1996 год за мяжой было каля 20 зарэгістраваных прыходаў, зь якіх 10 (абсалютная большасьць) у ЗША[2].

Прадстаяцелі

рэдагаваць
  1. Мэльхісэдэк (Мітрапаліт Менскі), 1922—1931
  2. Філарэт (Япіскап Бабруйскі), 1931 — 1 лістапада 1937
  3. Панцеляймон Ражноўскі (Мітрапаліт Менскі, у 1946 годзе перайшоў у РПЦЗ), 1942—1946
  4. Аляксандар Іназемцаў (Мітрапаліт Пінскі і Палескі, апекаваў БАПЦ пасьля пераходу япіскапату да РПЦЗ), 1946 — 9 лютага 1948
  5. Сяргей (Мітрапаліт Менскі; Рыгор Ахатэнка), 1948 — 2 кастрычніка 1971
  6. Андрэй (Мітрапаліт Гарадзенскі; Аляксандар Крыт), 1972 — 21 траўня 1983
  7. Ізяслаў (Мітрапаліт Полацкі), травень 1984 — 26 лістапада 2007
  8. Сьвятаслаў (Япіскап Наваградзкі і Паўночна-Амэрыканскі), з 11 траўня 2008

Глядзіце таксама

рэдагаваць
  1. ^ Антонаў В. Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква // БЭ. — Мн.: 1996 Т. 2. С. 406.
  2. ^ а б Языковіч Л. Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква за мяжой // БЭ. — Мн.: 1996 Т. 2. С. 406.
  3. ^ Цікава ведаць // Юрась Зянковіч, 13 траўня 2012 г. Праверана 29 сакавіка 2013 г.
  4. ^ Нью-Ёрскі Закон пра рэлігійныя аб’яднаньні 2006 году: (336-352) Цэрквы Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы ў Амэрыцы // Кампанія «Джастыя» Праверана 29 сакавіка 2013 г.
  5. ^ Архіяпіскап Сьвятаслаў, Сяргей Трыгубовіч. Статут Беларускае аўтакефальнае праваслаўнае царквы ад 28 траўня 1972 г. (Гайлэнд-Парк, штат Нью-Джэрзі; папраўленая 21 ліпеня 2012 г., Нью-Ёрк) // Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква, 31 ліпеня 2012 г. Праверана 22 кастрычніка 2015 г.
  6. ^ Леанід Акаловіч, Мікола Бамбіза. Статут Праваслаўнай аўтакефальнай рэлігійнай суполкі Сьвятой Эўфрасіньні Полацкай горада Менска ад 28 лістапада 2010 г. // Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква, 2015 г. Праверана 22 кастрычніка 2015 г.
  7. ^ Гісторыя царквы сьвятых апосталаў Пятра і Паўла ў Адэлаідзе (Сьпіс асобаў, якія склалі ахвяры на будову Беларускае аўтакефальнае праваслаўнае царквы ў 1958—1963 гг.) // Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква, 2015 г. Праверана 22 кастрычніка 2015 г.
  8. ^ http://www.geocities.ws/viktor_au/bel/SponsorsByAkawity.html
  9. ^ http://www.geocities.ws/viktor_au/bel/SponsorsBySzczurko.html
  10. ^ Як падаў айцец Шчурко пад час адкрыцьця БАПЦ у Адэлайдзе: Імёны ўпісаныя будаўнікоў сьвятыні Хрыстовай, Сьвятыні вернага беларускага народа і ўсіх верных праваслаўных хрысьціян, тружанікоў па будове Сьвятога храма і дарыцелей на будову Сьвятыні Хрыстовай. Віктар Кавалеўскі. 7-7-2020. Беларускае Гістарычнае Згуртаваньне ў Аўстраліі.
  11. ^ Гісторыя царквы сьвятых Віленскіх мучанікаў у Мэльбурне (Сьпіс ахвярадаўцаў на куплю й рамонт храму БАПЦ у 1978 – 1981 гг.) // Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква, 2015 г. Праверана 22 кастрычніка 2015 г.
  12. ^ Гісторыя катэдральнага сабору сьв. Кірылы Тураўскага ў Нью-Ёрку // Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква, 2015 г. Праверана 22 кастрычніка 2015 г.
  13. ^ Цакрва сьв. Кірылы Тураўскага ў Таронта // Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква, 2015 г. Праверана 22 кастрычніка 2015 г.
  14. ^ Япіскапат і сьвятарства // Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква, 2017 г. Праверана 22 лістапада 2017 г.
  15. ^ Марозава С. Наваградак — царкоўная сталіца Вялікага Княства Літоўскага (ХIV — XV стст.) // Гарады Беларусі ў кантэксце палітыкі, эканомікі, культуры: зборнік навук. артыкулаў / Гродз.дзярж. ун-т; рэдкалегія: І. П. Крэнь, І. В. Соркіна (адк. рэдактары) і інш. — Гродна: ГрДУ, 2007.
  16. ^ Правілы Этэскага сабору 431 г. (рас.) // Бібліятэка Якава Кротава, 2017 г. Праверана 4 сьнежня 2017 г.
  17. ^ Рубльова Н. С. Синод // Енциклопедія історії України: Т. 9. Прил — С / Редкол.: В. А. Смолій (голова) та ін. НАН України. Інститут історії України. — К.: В-во «Наукова думка», 2012. С. 565.
  18. ^ Мицик Ю. Московський Патріархат // Енциклопедія історії України : у 10 т. / редкол.: В. А. Смолій (голова) та ін. ; Інститут історії України НАН України. — К.: Наук. думка, 2010. — Т. 7 : Мл — О. С. 87.
  19. ^ Пазднякоў В. Кіеўская мітраполія // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 92.
  20. ^ Саборны акт аб узьяднаньні Ўніяцкай царквы з Праваслаўнай у Полацку 12 лютага 1839 г. (рас.) // Энцыкляпэдыя «Антымадэрнізм», 15 кастрычніка 2010 г. Праверана 4 сьнежня 2017 г.
  21. ^ Паноў С. В. Матэрыялы па гісторыі Беларусі; пад навук. рэд. М. С. Сташкевіча, Г. Я. Галенчанкі. — Мн.: «Аверсэв», 2003. С. 140.
  22. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  23. ^ Мартос А. Беларусь в исторической государственной и церковной жизни. — Буэнос-Айрес, 1966. — Минск: Белорусский Экзархат Русской Православной Церкви, 1990. С. 260.
  24. ^ Навіцкі Ў. Палітыка расколу Расейскай праваслаўнай царквы ў Беларусі (1920-я гг.) // Беларускі гістарычны часопіс. — 2003. — № 2-3 (46-47). — С. 40-48; 18-24. — ISSN 1993-1999.
  25. ^ Пазьняк З. Аўтакефалія // Гутаркі з Антонам Шукелойцем. — Варшава: Беларускія ведамасьці, 2003. — С. 104-107. — 144 с. — 1150 ас. — ISBN 9955-9337-8-X
  26. ^ Часопіс «Голас Царквы беларускай» (2006 г., №24). Да гісторыі Беларускай праваслаўнай аўтакефаліі (ч.2) // Грамадазнаўчы сайт «Беларусь — наша зямля», 28 траўня 2006 г. Праверана 22 лістапада 2017 г.
  27. ^ Мітрапаліт Панцеляймон. № 16. Зварот герархаў Беларускай праваслаўнай царквы да Канстанцінопальскага патрыярха, прыняты на Ўсебеларускім праваслаўным саборы ў верасьні 1942 г. у Менску // Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст. / Юрась Гарбінскі. — Менск: Беларускі кнігазбор, 1999. — ISBN 985-6318-65-3
  28. ^ Данілюк Б. Усебеларускі праваслаўны царкоўны сабор 1942 г. у Менску // Беларуская аўтакефалія : часопіс. — 2009. — № 1 (1). — С. 15-17.
  29. ^ Часопіс «Голас Царквы беларускай» (2006 г., №24). Да гісторыі Беларускай праваслаўнай аўтакефаліі (ч.3) // Грамадазнаўчы сайт «Беларусь — наша зямля», 29 траўня 2006 г. Праверана 22 лістапада 2017 г.
  30. ^ Вадзім. Паважаная рэдакцыя // Наша ніва : газэта. — 17 лістапада 1997. — № 33 (94). — С. 2. — ISSN 1819-1614.
  31. ^ Вахрамееў А. У імя Айца, Сына і Сьвятога Духа // Наша ніва : газэта. — 26 чэрвеня 2000. — № 26 (183). — С. 8. — ISSN 1819-1614.
  32. ^ Альгерд Невяроўскі.. Сьвятар Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы можа быць пазбаўлены сану герархіяй РПЦ // Радыё «Свабода», 21 лістапада 2001 г. Праверана 12 сьнежня 2017 г.
  33. ^ Радыё «Рацыя». Рыхтуецца чарговая правакацыя // Tut.by, 4 верасьня 2002 г. Праверана 22 лістапада 2017 г.
  34. ^ Часопіс «Голас Царквы беларускай» (2006 г., №24). Да гісторыі Беларускай праваслаўнай аўтакефаліі (ч.4) // Грамадазнаўчы сайт «Беларусь — наша зямля», 29 траўня 2006 г. Праверана 22 лістапада 2017 г.
  35. ^ Валахановіч А. Леаніду Акаловічу — 70 // Наша ніва : газэта. — 11 лістапада 2009. — № 42 (640). — С. 10. — ISSN 1819-1614.
  36. ^ Аляксандра Дынько. Сьвятар мае права браць зброю // Радыё «Свабода», 8 верасьня 2014 г. Праверана 22 лістапада 2017 г.
  37. ^ Старэйшым парафіянам аўтакефальнай парафіі Менску ўручылі нагародныя граматы // Партал «Крыніца.info», 25 верасьня 2014 г. Праверана 22 лістапада 2017 г.
  38. ^ Архіяпіскапу Логіну дазволілі ўехаць у Беларусь // Тэлеканал «Белсат», 15 ліпеня 2017 г. Праверана 26 лістапада 2017 г.
  39. ^ Ганько М. Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква // Каб сьведчылі пра Беларусь / Марыя Ганько, уклад. Вольга Іпатава. — Менск: Беларускі кнігазбор, 2004. — С. 153-158. — 200 с. — (Бібліятэка Бацькаўшчыны). — 500 ас. — ISBN 985-504-006-6
  40. ^ Ганько М. Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква ў нашым жыцьці // Каб сьведчылі пра Беларусь / уклад. Вольга Іпатава. — Менск: Беларускі кнігазбор, 2005. — С. 56-67. — 192 с. — (Бібліятэка Бацькаўшчыны). — 500 ас. — ISBN 985-504-006-6

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць