Мэльхісэдэк (Паеўскі)
Мітрапаліт Мэльхісэдэк (15 лістапада 1879, маёнтак Вітулін, Бельскі павет, Гарадзенская губэрня — 17 траўня 1931, Масква) — беларускі праваслаўны сьвятар, царкоўны дзяяч, мітрапаліт. Першы Прадстаяцель Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (1922—1931).
Мітрапаліт Мэльхісэдэк | |
1-ы Прадстаяцель Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы | |
---|---|
23 ліпеня 1922 — 17 траўня 1931 | |
Царква | Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква |
Наступнік | Філарэт |
Адукацыя | Казанская духоўная акадэмія(en) (1904) |
Дзейнасьць | сьвятар |
Сапраўднае імя | Міхаі́л Льво́віч Паеўскі |
Нарадзіўся | 15 лістапада 1879 маёнтак Вітулін, Бельскі павет, Гарадзенская губэрня, Паўночна-Заходні край, Расейская імпэрыя |
Памёр | 17 траўня 1931 Масква, Расейская СФСР, СССР |
Пахаваны | Масква |
Бацька | Леў Паеўскі |
Прыняцьце сьвятога сану | 1904 |
Прыцяцьце манаства | 1904 |
Япіскапская хіратонія | 8 верасьня 1916 |
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Біяграфія
рэдагавацьНарадзіўся 15 лістапада 1879 году ў маёнтку Вітулін Бельскага павету Гарадзенскай губэрні (цяпер Люблінскае ваяводзтва, Польшча) ў сям’і праваслаўнага сьвятара Льва Паеўскага. Першапачатковую адукацыю атрымаў дома і ў манастырскай школе. Скончыў Сімфэропальскую духоўную сэмінарыю (вучобу пачынаў у Санкт-Пецярбурскай), Казанскую духоўную акадэмію (1904). Падчас вучобы прыняў манаскі пострыг зь імем Мэльхісэдэк.
Рукапакладзены ў сьвятары і ў сане іераманаха накіраваны ў Магілеўскую япархію. Браў удзел у архірэйскіх набажэнствах у праваслаўным катэдральным саборы св. Ёсіфа ў Магілёве, служыў на пасадзе ключара сэмінарскай царквы, выкладаў у Магілёўскай духоўнай сэмінарыі асноўнае, дагматычнае і маральнае багаслоўі. 16 верасьня 1905 году прызначаны выконваць абавязкі настаяцеля Магілёва-брацкага Богаяўленскага манастыра.
Удзельнічаў у культурна-асьветных і дабрачынных арганізацыях. З 1906 году — сябра Магілеўскага царкоўна-праваслаўнага Богаяўленскага брацтва і Магілеўскага камітэта Праваслаўнага місіянэрскага таварыства.
18 сьнежня 1906 году прызначаны настаяцелем Брацкага манастыра ў сане ігумена. Узнагароджаны паліцай. 24 студзеня 1907 году пераведзены ў Бялыніцкі манастыр Магілёўскага павету ў сане архіяпіскапа.
З 22 верасьня 1907 году — настаяцель Хэрсонскага манастыра сьв. Уладзімера ў Таўрычаскай губэрні. У 1909 годзе пераведзены ў Спаса-Праабражэнскі манастыр у г. Ноўгарад-Северскі Чарнігаўскай губэрні. З 1910 году — назіральнік Уладзікаўкаскае духоўнае вучэльні. З 1914 году рэктар Тыфліскай духоўнай сэмінарыі. 8 верасьня 1916 году хіратанаваны ў япіскапа Кранштацкага, вікарыя Петраградзкай япархіі. З 17 чэрвеня 1917 году япіскап Ладаскі.
У 1919 годзе вярнуўся ў Беларусь, служыў япіскапам у Слуцку, з 1921 году — япіскап Менскі і Тураўскі. Жыў у «архірэйскім доме» ў Менску (цяпер гэта будынак Інстытуту тэалёгіі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту на праспэкце Незалежнасьці).
Выступаў супраць «абнаўленцаў» (прыхільнікі супрацоўніцтва з бальшавіцкім рэжымам). У траўні — чэрвені 1922 году выклікаўся ў АДПУ з мэтай схіленьня да супрацоўніцтва з абнаўленцамі. Адзін з ініцыятараў скліканьня 10 ліпеня 1922 году сходу беларускага праваслаўнага духавенства. Пасьля абвяшчэньня на сходзе ў Менскім катэдральным саборы аўтаноміі Беларускай праваслаўнай царквы ў ліпені 1922 году ўзьведзены ў сан мітрапаліта Менскага і Беларускага.
З 1 чэрвеня 1924 году знаходзіўся пад сьледзтвам. Абвінавачаны ва ўтойваньні царкоўнай маёмасьці і контрарэвалюцыйнай прапагандзе. Арыштаваны ў 1925 годзе і на адкрытым судовым працэсе ў Менску 17 жніўня 1925 году прыгавораны да 3 гадоў зьняволеньня ўмоўна. Зноў арыштаваны 22 сьнежня 1925 году ў Маскве і сасланы на пасяленьне ў Краснаярскі край. У студзені 1926 году ўхіліўся ў грыгарыянскі раскол. У канцы чэрвеня 1926 году пакаяўся перад мітрапалітам Сергіем (Страгародзкім) і падаў прашэньне аб складаньні сана архіяпіскапа.
4 чэрвеня 1927 году зноў арыштаваны. Вызвалены 17 верасьня з падпіскай аб нявыезьдзе. На Вялікдзень 1928 году ў сане архіяпіскапа прызначаны на Енісейскую і Краснаярскую катэдру. У траўні 1931 году выкліканы ў Маскву на Сынод Расейскай праваслаўнай царквы. Раптоўна памёр 17 траўня ў час службы ў маскоўскім Пакроўскім саборы.
Першапачаткова пахаваны ў Кузьмінках у Маскве. Пазьней перазахаваны на Праабражэнскіх могілках. Залічаны да пакутнікаў РПЦ[1].
Ушанаваньне памяці
рэдагаваць17 траўня 2011 году на будынку Інстытуту тэалёгіі БДУ ў Менску па пр-це Незалежнасьці, 24 (былы «архірэйскі дом», дзе жыў Мэльхісэдэк) адкрытая памятная дошка з барэльефам мітрапаліта Менскага і Беларускага Мэльхісэдэка[2].
Папярэднік Георгі (Ярашэўскі) |
Біскуп менскі 1919—1922 |
Наступнік Уладзімер (Кірылаў) |
Папярэднік Уладзімер (Кірылаў) |
Біскуп менскі 1926—1927 |
Наступнік Павал (Вількоўскі) |
Папярэднік Нікан (Дзегцярэнка) |
Біскуп краснаярскі 1928—1931 |
Наступнік Павал (Паўлоўскі) |
Крыніцы і заўвагі
рэдагаваць- ^ Марат Гаравы, БелаПАН. Ствараецца грамадскі камітэт па ўшанаванні памяці Мелхіседэка Культура. Наша Ніва. Праверана 25 красавіка 2010 г.
- ^ Вольга Мядзьведзева. Вяртанне архіерэя // «Звязда». — 18 траўня 2011. — № 90 (26954). — С. 2.
Літаратура
рэдагаваць- Елевферий, митрополит. Неделя в Патриархии. — Париж: 1933. — С. 140—141.
- Мартос А., архиепископ. Беларусь в исторической государственной и церковной жизни. — Мн.: 1990. — С. 259—262.
- Процька Т. Пакутнік за веру і бацькаўшчыну. — Мн.: 1996.
- Газэта «Голас царквы» (Ню-Ёрк). 1972, № 36
- «Праваслаўе у Беларусі і свеце». 1994, №1
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Маракоў, Леанід Мелхіседэк (Паеўскі) Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- і царкоўнаслужыцелі Беларусі. 1917-1967.Том 2 Праверана 25 красавіка 2010 г.
- 124. Хто такі Мельхісэдэк? 150 пытаньняў і адказаў з гісторыі Беларусі. Беларуская Палічка. Праверана 25 красавіка 2010 г.
- Мелхіседэк Беларускія рэлігійныя дзеячы (XX ст.). Даведнік. Электронная энцыкляпэдыя. Праверана 25 красавіка 2010 г.