Ізяслаў (Бруцкі)
Гэты артыкул патрабуе ўдакладненьня артаграфіі. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, адрэдагаваўшы яго (дапамога). |
Ізяслаў (у сьвеце Іван Бруцкі; 22 студзеня 1926, Белавуша, Столінскі раён, Берасьцейская вобласьць — 26 лістапада 2007) — мітрапаліт і першагерарх Беларускае аўтакефальнае праваслаўнае царквы.
Мітрапаліт Ізяслаў | |
7-ы Прадстаяцель Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы | |
---|---|
Травень 1983 — 26 лістапада 2007 | |
Абраньне | Травень 1983 |
Царква | Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква |
Папярэднік | Андрэй |
Наступнік | Сьвятаслаў |
Адукацыя | Унівэрсытэт Манітобы(en) (Вініпэг, правінцыя Манітоба, Канада; 1954) |
Прафэсія | Інжынэр |
Дзейнасьць | сьвятар |
Сапраўднае імя | Іван Данілавіч Бруцкі |
Нарадзіўся | 22 студзеня 1926 вёска Белавуша, Столінскі павет, Палескае ваяводзтва, Польская Рэспубліка |
Памёр | 26 лістапада 2007 (81 год) Злучаныя Штаты Амэрыкі |
Пахаваны | Іст-Брансўік(en), штат Нью-Джэрзі, ЗША |
Бацька | Даніла Бруцкі |
Маці | Марыя Стэмпкоўская |
Прыняцьце сьвятога сану | 29 красавіка 1979 |
Прыцяцьце манаства | 22 лютага 1981 |
Япіскапская хіратонія | 22 лютага 1981 |
Дзяцінства
рэдагавацьЗь сялянскае сям’і Данілы й Марыі з Стэмпкоўскіх Бруцкіх. Быў трэцім сынам у сям’і, а пасьля яго яшчэ нарадзіліся дзьве сястры й брат, які памёр зусім малым. У бацькоў была прыблізна 25-гектаравая гаспадарка, бацька ўзімку падзарабляў вывазкай лесу. Бацька быў выбраны на солтыса, ды валаснога радніка.
Іван з 1933 году пачаў хадзіць у польскую пачаткавую школу, 6-ю клясу якой скончыў увесну 1939 году. Напачатку лета 1940 году бацька быў арыштаваны й, пасьля 10-месячнага зьняволеньня ў турме, вывязены ў Казахстан. Тым часам Іван пайшоў у савецкую школу, дзе й вучыўся да пачатку нямецка-савецкае вайны ў 1941 годзе.
На эміграцыі
рэдагавацьУ канцы траўня 1943 году забраны на работу ў Нямеччыну, апынуўся ў «остарбайтарскім» лягеры ў Фленсбургу, каля мяжы з Даніяй. Папрацаваўшы коратка на фабрыцы, покуль яе не разьбілі амэрыканскія бамбавікі, ён быў узяты на паправу рэйкавых усьцілаў на чыгунцы, дзе й працаваў да капітуляцыі Нямеччыны. Калі скончылася вайна мусеў колькі месяцаў хавацца ад прымусовае рэпатрыяцыі ў Савецкі Саюз.
Даведаўшыся, што ў украінскім лягеры ў Гановэры адчыняецца гімназія, падаўся туды. У гімназіі быў прыняты на матуральны курс, які скончыў з атэстатам сьпеласьці навесну 1947 году.
Улетку 1947 году выехаў у Канаду, дзе напачатку каля году працаваў на высяку лесу ў правінцыі Антарыё. Адпрацаваўшы тэрмін кантракту, у 1948 годзе пераехаў у Вініпэг у цэнтры Канады, дзе знайшліся людзі з роднага сяла, што выяхалі з Краю яшчэ перад вайною. Там, сьпярша працаваў на фабрыцы, але, падвучыўшыся ангельскае мовы, пайшоў на падрыхтоўчы ўнівэрсытэцкі курс і ўвосені 1949 году пачаў студыі будаўное інжынэрыі на Манітобскім унівэрсытэце, зарабляючы на жыцьцё на часовых і летніх работах.
На пачатку 1949 году Іван сустрэўся з бацькам, які зь сем’ямі вайскоўцаў з польскае арміі Андэрса вырваўся з Савецкага Саюзу й апынуўся ўва Ўгандзе, ды на сынавае патрабаваньне пераехаў у Канаду.
У 1954 годзе Іван Бруцкі завяршыў унівэрсытэцкія студыі здабыцьцём інжынэрскае ступені й пачаў працаваць у дарожным аддзеле правінцыі Антарыё, дзе працаваў да 1962 году. У гэты час быў актыўным удзельнікам мясцовых Таронцкае парафіі БАПЦ і беларускіх арганізацыяў. У Таронта ў 1957 годзе быў старшынём Згуртаваньня беларусаў Канады.
Улетку 1962 году здолеў легальна эміграваць у ЗША й атрымаць працу ў Дэтройце. Тут два гады займаў пасаду старшыні аддзелу Беларуска-амэрыканскага задзіночаньня (БАЗА), браў удзел у дзейнасьці Камітэту паняволеных народаў і этнічнае групы рэспубліканскае партыі.
Разьвіцьцё эканомікі штату Каліфорнія заахвоціла Бруцкага падацца туды ды знайсьці працу ў Лёс Анджэлесе. Там ён узноў адразу ўлучыўся ў беларускае грамадзкае жыцьцё, чатыры гады выконваючы абавязкі старшыні мяйсцовага аддзелу БАЗА ды займаючыся дзейнасьцяй у Камітэце Паняволеных Народаў і ў рэспубліканскай партыі. У 1969 годзе ягоны бацька вярнуўся на Беларусь.
Напрыканцы 1969 году Іван Бруцкі пераехаў у Кліўлэнд. Праз два гады стаў старшынём Парафіяльнае Рады Царквы Жыраўскае Іконы Божае Маці БАПЦ. Вясною 1971 году ў часе паездкі ў Польшчу сустрэўся з маці й з братам ды сёстрамі.
У гэтым самым годзе варочаецца ў Дэтройт, дзе ўжо была заснаваная й набыла свой будынак парафія БАПЦ і дзе, апрача ранейшых абавязкаў у БАЗА й вонкавай рэпрэзэнтацыі беларускае грамады ўлучыўся таксама й у жыцьцё мясцовае парафіі, ды БАПЦ наагул. Быў старшынём Парафіяльнае Рады, ейным скарбнікам і сакратаром, ды нават дзякам пры адправе Божых Службаў. Быў таксама абраны на сябра Рады БАПЦ і дэлегата на Сабор БАПЦ у 1972 годзе ў Гайлэнд Парку.
Сьвятарская дзейнасьць
рэдагавацьЯгоная гатовасьць прысьвяціць сябе на службу Божай Справе між свайго Народу сустрэла падтрыманьне з боку сьв. пам. Мітрапаліта Андрэя 29 красавіка 1979 году Іван Бруцкі быў усьвячаны мітрапалітам Андрэем на дыякана, а 26 жніўня таго ж году архіяпіскапам Мікалаям на сьвятара.
22 лютага 1981 году ў Царкве-Помніку Сьв. Ап. Андрэя Першпакліканага, што ў Баўнд Бруку, архімандрыт Ян Бруцкі мітрапалітам УПЦ Мсьціславам (пазьнейшым першым Кіяўскім Патрыярхам), архіяпіскапам УПЦ Арэстам ды Мітрапалітам БАПЦ Андрэям быў хіратанізаваны ў япіскапскую годнасьць з манаскім імём Ізяслаў.
У траўні 1983 году на чарговым III Саборы БАПЦ у Манчэстары, што ў Англіі, стаў галавой БАПЦ з тытулам мітрапаліта. Да 2003 году ўзначальваў адну зь дзьвюх галінаў БАПЦ, а пасьля аб’яднаўчага царкоўнага сабору 2003 году ўзначаліў абодва крылы БАПЦ.
У апошнія гады жыцьця, дзеля цяжкое хваробы, Ўладыка адыйшоў ад актыўнага кіраваньня, што было скарыстана непрыяцелямі Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы.
Памёр Уладыка Ізяслаў 26 лістапада 2007 году, пахаваны 1 сьнежня на беларускіх могілках у Іст-Брансўіку, Нью-Джэрзі[1].