Рэйкавая вайна ў Беларусі 2022 году — дывэрсіі на Беларускай чыгунцы ў 2022 годзе, якія пачаліся пры канцы лютага дзеля вываду з ладу жывой сілы, вайсковай тэхнікі й матэрыяльных сродкаў, якія перавозіліся для расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.

Рэйкавая вайна ў Беларусі 2022 году
Дата: з 26 лютага 2022 году
Месца: Беларуская чыгунка
Прычына: расейскае ўварваньне ва Ўкраіну зь Беларусі ад 24 лютага 2022 году
Вынік: спыненьне транзыту расейскіх вайсковых эшалёнаў па тэрыторыі Беларусі
Супернікі
«Аб’яднаньне сілавікоў Беларусі»Узброеныя сілы Расеі
Камандуючыя
Мацьвей Купрэйчук (прадстаўнік)Валеры Герасімаў
Колькасьць
звыш 20030 000
Страты
4 параненых і 40 палонных (на 30 сакавіка 2022 г.)

У трох беларускіх абласьцях было зьнішчана сыгнальнае абсталяваньне, а чыгуначныя шляхі былі заблакаваныя. У выніку гэтых апэрацыяў была парушана праца некалькіх адзьдзяленьняў беларускай чыгункі. З гэтых дзён дывэрсыі набылі масавыя маштабы, і дывэрсыі былі зьдзейсьнены на шматлікіх чыгуначных шляхах у паўднёвых абласьцях Беларусі[1].

Перадумовы

рэдагаваць

24 лютага 2022 году ў 05:30 па маскоўскім часе маскальскія дзяржаўныя тэлеканалы пачалі трансьліраваць зварот прэзыдэнта Маскальскай Фэдэрацыі Ўладзіміра Пуціна. Зьвяз беларускай апазыцыі BYPOL распачаў шэраг акцый прамога дзеяньня, накіраваных супраць тылага забесьпячэньня расейскіх войскаў з выкарыстаньнем беларускай інфраструктуры. Асобныя ячэйкі прыхільнікаў BYPOL атрымалі інструкцыі па зьнішчэньні транспартнай інфраструктуры на беларускай чыгунцы[2]. У Берасьцейскай, Гомельскай і Магілёўскай вобласьці было зьнішчана сыгнальнае абсталяваньне, а чыгуначныя пуці былі заблакіраваны. За частку рэалізаваных акцыяў адказнасьць узяў BYPOL. Па іх дадзеных, у выніку гэтай апэрацыі была парушана праца некалькіх адзьдзяленьняў беларускай чыгункі. РЧ забараніла рух сваіх рухомых саставаў, у тым ліку ваенных эшалёнаў, па тэрыторыі Беларусі ў начны час, а беларускія машыністы масава адмаўляюцца ад кіраваньня лякаматывамі й выезду на перагоны. Па заяве BYPOL[3]:

Наш абавязак — і ў нашых сілах — рабіць рэальныя рэчы, каб спыніць [вайну], вызваліцца ад акупацыі расейскіх войскаў і аднавіць добрае імя нашых продкаў. «Рэйкавая вайна» — гэта веды, якія нам дасталіся ў спадчыну, гэта тое, што мы ўмеем і што пад сілу кожнаму з нас.

Аб неабходнасьці «рэйкавай вайны» казаў і дарадца кіраўніка Офіса прэзыдэнта Ўкраіны Аляксей Арастовіч, які зьвяртаўся да беларусаў. Паводле яго словаў, самымі важнымі напрамкамі, на якія трэба зьвяртаць увагу, зьяўляюцца Крым — Мелітопаль, Крым — Херсон, Валуйкі — Купянск, Гомель — Кіеў (агульны напрамак). Ён адзначаў, што зрыў забесьпячэньня маскальскіх войскаў па чыгунках можа радыкальна зьмяніць сытуацыю, асабліва на напрамку Крым — Мелітопаль, па якім Расея забясьпечвае групоўку, якая штурмуе Марыюпаль[4].

Разгортваньне

рэдагаваць

26 лютага 2022 году на перагоне Талька-Вярэйцы выведзены са строю прылада аўтаматыкі й тэлемэханікі СЦБ[5]. 27 лютага была выведзеная з ладу прылада аўтаматыкі й тэлемэханікі СЦБ паблізу станцыі Барысаў[5]. 28 лютага на перагоне Талька-Вярэйцы выведзеная прылада аўтаматыкі й тэлемэханікі СЦБ[6].

1 сакавіка 2022 году на перагоне Астанковічы-Жэрдзь зьнішчана рэлейная шафа кіраваньня СЦБ. Таксама былі зьнішчаны шляхам падпалу дзьве шафы ўпраўленьня СЦБ (прылада сыгналізацыі, цэнтралізацыі й блякады) на ўчастках абслугоўваньня Баранавіцкага й Гомельскага адзьдзяленьняў БЧ, чым была парушана праца сьвятлафораў і стрэлачных пераводаў і заблакіраваны рух на гэтых участках чыгункі. Таксама на ўчастку абслугоўваньня Магілёўскага адзьдзяленьня БЧ праведзена закарочваньне рэйкавага ланцуга дротам[7]. У ноч з 1 на 2 сакавіка ў Стоўбцах затрымалі мужа з жонкай, якія на чыгуначных пуцях падпалілі бярвеньні. Як стала вядома праваабаронцам «Вясны», гэта Сяргей і Кацярына Глебка. У іх трое непаўналетніх дзяцей. На «пакаяным» відэа заўважна, што Сяргей зьбіты. «Мужчына ўсё здымаў на мабільны з адпаведным камэнтаром, дзе адкрыта выказваў свае тэрарыстычныя намеры. Яму пагражае да 20 гадоў пазбаўленьня волі», — піша МУС. «Паклаў два палены на шляху, бо наглядзеўся тэлеграм-каналаў і быў не згодны, хацеў як бы выказаць сваю падтрымку й падпаліў гэтыя палена», — кажа мужчына на відэа й раскайваецца ў зробленым. Супраць Сяргея Глебкі ўзбуджаная крымінальная справа па арт. 289 КК (акт тэрарызму)[8].

2 сакавіка супрацоўнікі ГУБАЗіКу ў Асіпавічах затрымалі 43-гадовага мясцовага жыхара. Паводле зьвестак праваабаронцаў, гэта Аляксей Шышкавец. Яго зьмясьцілі ў магілёўскі сьледчы ізалятар № 4. Паводле інфармацыі МУС Беларусі, у пачатку 2022 году мужчына «увайшоў у склад экстрэмістычнага фармаваньня BYPOL, аўтарызаваўшыся ў мабілізацыйным чат-боте для зьдзяйсьненьня супрацьпраўных дзеяньняў у Беларусі». 1 сакавіка ён нібыта атрымаў указаньні па блякадзе чыгуначных пуцей, а таксама па вырабе й выкарыстаньні «кактэйляў Молатава». У адносінах да фігуранта ўзбуджана крымінальная справа за ўдзел у экстрэмістычным фармаваньні з мэтай учыненьня злачынстваў экстрэмістычнай накаванасьці. «Ён выказаў актыўную гатоўнасьць садзейнічаць акцыям прамога дзеяньня на аб’ектах чыгункі ў раёне горада Асіповічы з мэтай правядзеньня дывэрсый і недапушчэньня прасоўваньняў эшалонаў з ваеннай тэхнікай», — кажа начальнік магілёўскага абласнога ўпраўленьня ГУБАЗіК МУС Міхаіл Сухачоў. Супраць Аляксея распачалі крымінальную справу за ўдзел у экстрэмістычным фармаваньні з мэтай зьдзяйсьненьня злачынстваў экстрэмістычнай накаванасьці (арт. 361-1 КК)[9]. Таксама 2 сакавіка ў Жодзіне затрымалі яшчэ аднаго «рэйкавага партызана» — мужчыну 35 гадоў[10].

4 сакавіка ў Сьветлагорску затрымалі трох месьцічаў. Як сьцьвярджада прэс-служба МУС Беларусі, 29-гадовы жыхар Сьветлагорску разам з двума знаёмымі вечарам 28 лютага прыйшлі на чыгуначны перагон за горадам, двое зь іх аблілі гаручай сумесьсю рэлейную шафу сыгнальнай устаноўкі й падпалілі яе — абсталяваньне выгарэла. На іх завялі крымінальную справу за ўчыненьне акта тэрарызму. З 2 сакавіка ў Сьветлагорску праходзілі ператрусы ў сувязі са спаленым абсталяваньнем. Тады на перагоне Астанковічы — Жэрдзь гомельскага адзьдзяленьня Беларускай чыгункі была спалена рэлейная шафа сыгналізацыі, цэнтралізацыі й блякаваньня (СЦБ), і ў выніку сьвятлафоры й стрэлачныя пераводы на гэтым участку былі прыведзены ў непрацоўны стан. Перагон Астанковічы — Жэрдзь знаходзіцца на лініі Жлобін — Калінкавічы, якая затым працягваецца на Оўруч (Жытомірская вобласьць Украіны). Лінія была пабудавана як найкарацейшы шлях для воінскіх эшалонаў у бок Украіны падчас Першай сусьветнай вайны. Праваабаронцам было вядома, што 4 сакавіка ў Сьветлагорску былі затрыманыя сужэнцы Зьміцер і Натальля Равіч, брат Натальлі Дзяніс Дзікун і яго дзяўчына Аліса Маўчанава й яе бацька Алег Маўчанаў. Зьміцер Равіч, Дзяніс Дзікун і Алег Малчанаў былі арыштаваныя, Алісу й Натальлю адпусьцілі. У праўладных тэлеграм-каналах зьявілася «пакаянае» відэа зь Дзянісам Дзікуном, на якім ён выглядаў зьбітым. Ён казаў, што па ўказаньні «Аб’яднаньня сілавікоў Беларусі» («АСБ») падпаліў яшчэ з двума людзьмі 28 лютага шафу сыгнальнай устаноўкі на станцыі «Жэрдзь-Астанковічы». Сьледчы камітэт Беларусі ў гэты ж дзень паведаміў аб затрыманьні 30-гадовага жыхара Сьветлагорска. СК сьцьвярджаў, што ён дзейнічаў у змове са сваім сваяком, які пасьля падзеяў жніўня 2020 году выехаў зь Беларусі ў Літву, дзе хаваўся ад крымінальнага перасьледу. Ад «АСБ» затрыманы нібыта «атрымаў заданьне ажыцьцявіць акты тэрарызму на чыгунцы». СК сьцьвярджае, што затрыманы меў «падрабязныя інструкцыі й відэаўрокі па вырабе прылад злачынства й учыненьні тэрактаў на чыгуначных аб’ектах»[9].

6 сакавіка супрацоўнікі ГУБАЗіКу й АМАПу затрымалі жыхара Віцебска паводле абвінавачаньня ў падрыхтоўцы акту тэрарызму. Паводле дадзеных МУС Беларусі, мужчына плянаваў вывядзеньне з ладу сыстэмаў, якія забясьпечваюць бясьпеку чыгуначнага руху. Затрыманым быў працаўнік Віцебскай дыстанцыі сыгналізацыі і сувязі Сяргей Канавалаў, які напярэдадні пасварыўся з намесьнікам начальніка дыстанцыі па ідэалёгіі В. А. Глячковым, які паведаміў пра падрыхтоўку дывэрсіі ў ГУБАЗіК і Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі. Паводле інфармацыі МУС, Канавалаў меў доступ да названага абсталяваньня, але працаваў не на перагонах, а толькі ў будынку. Супраць яго была ўзбуджаная крымінальная справа за падрыхтоўку да акту тэрарызму[9].

15 сакавіка на перагоне Даманава — Лясная выведзеныя з ладу прылады тэлемэханікі й аўтаматыкі СЦБ[5]. 16 сакавіка на перагоне Фарынава — Загацьце (Віцебскае адзьдзяленьне) зьнішчана рэлейная шафа СЦБ. У выніку быў парушаны графік руху цягнікоў, у тым ліку вайсковага прызначэньня[6]. Адказнасьць за акцыі на перагонах Даманава — Лясное й Фарынава — Загацьце ўзяло «Аб’яднаньне сілавікоў Беларусі»[2][11]. 17 сакавіка ўначы па станцыі Ворша-Цэнтральная з рэлейнай шафы невядомымі былі дэмантаваныя й выкрадзеныя 6 сыгнальных трансфарматараў тыпу СОС2-50. У сувязі з гэтым з 21:36 да 03:00 былі спынены чыгуначныя зносіны ў гэтым напрамку[5]. 18 сакавіка ў Оршы за пашкоджаньне чыгуначных пуцей затрыманы мясцовы супрацоўнік чыгункі. На праўладным тэлеграм-канале зь ім зьявілася «пакаяльнае» відэа. Аднак твар мужчыны не паказалі, а прозьвішча не назвалі. Сам затрыманы на відэа прызнаўся, што скраў цягу ручнога тормазу на грузавым вагоне[11].

25 сакавіка на перагоне Барысаў-Навасады (Менскае адзьдзяленьне Беларускай чыгункі) былі спалены 2 рэлейныя шафы сыгналізацыі, цэнтралізацыі й блакаваньня (СЦБ)[12]. Telegram-канал суполкі чыгуначнікаў Беларусі паведамляе, што 24 сакавіка КДБ Беларусі меў зьвесткі пра падрыхтоўку дывэрсыі на прыпыначным пункце Гай (перагон Менск-Сартавальны-Памысьлішча). У выніку туды былі накіраваныя сілы для аховы гэтага раёну. Але ў гэты час дывэрсанты рыхтаваліся да правядзеньня дывэрсыйнай апэрацыі паміж прыпыначнымі пунктамі Бярэзіна й Неманіца на перагоне «Навасады-Барысаў», якую ў выніку й правялі[13].

28 сакавіка 2022 году беларускія партызаны зьнішчылі рэлейныя шафы сыгнальнай устаноўкі ў Асіпавіцкім раёне Магілёўскай вобласьці. 30 сакавіка Спэцыяльны атрад хуткага рэагаваньня МУС Беларусі затрымаў 3-х месьцічаў Бабруйску ў веку 27 і 28 гадоў паводле падазрэньня ў спаленьні тых шафаў 28 сакавіка. Затрыманымі апынуліся кіроўца Яўген Мінкевіч, настаўнік фізкультуры Ўладзімер Аўрамцаў і рэгіянальны прадстаўнік таксі Зьміцер Клімаў. Затрыманым стралялі па каленях, таму ім спатрэбілася лекарская дапамога, у тым ліку аднаго параненага зьмясьцілі ў лякарню. Пазьней, 6 красавіка, намесьнік міністра ўнутраных справаў Беларусі Генадзь Казакевіч цьвердзіў, што затрыманыя супрацоўнічалі з «Аб’яднаньнем сілавікоў Беларусі»[14].

На 30 сакавіка 2022 году затрымалі прынамсі 40 беларускіх чыгуначнікаў за падрывы на Беларускай чыгунцы супраць перасоўваньня расейскага войска па Беларусі, накіраванага на расейскае ўварваньне ва Ўкраіну. У пастановы на затрыманьне ўпісалі 4 артыкулы Крымінальнага кодэксу Беларусі — «Акт тэрарызму», «здрада Радзіме», «Падрыхтоўка да акту тэрарызму» і «Шпіянаж». Яшчэ 4-х чыгуначнікаў затрымалі ў Гомлі, аднаго зь якіх зьмясьцілі ў Сьледчы ізалятар КДБ Беларусі[15].

Красавік

рэдагаваць

1 красавіка 2022 году падразьдзяленьне «Алмаз» МУС Беларусі затрымала 40-гадовага партызана зь Менскага раёну, які 25 сакавіка спаліў рэлейныя шафы ў Барысаўскім раёне[14]. 7 красавіка 2022 году намесьнік міністра ўнутраных справаў Беларусі Генадзь Казакевіч паведаміў пра больш як 80 дывэрсіяў на Беларускай чыгунцы, якія беларускія партызаны зьдзейсьнілі паводле закліку «Аб’яднаньня сілавікоў Беларусі» ў рамках пляну «Перамога»[16]. 21 красавіка 2022 году 11 «рэйкавых партызан» прызнаныя палітвязьнямі[17].

У выніку першай хвалі праведзеных акцый, баючыся дывэрсый, РЧ спыніла транзыт ваенных эшалонаў па тэрыторыі Беларусі, а беларускія машыністы масава адмаўляюцца ад кіраваньня лякаматывамі й выезду на перагоны[18]. Кошт адной рэлейнай шафы складае дзясяткі тысяч даляраў ЗША, а «рэмкамплектаў» для замены зьнішчаных шаф у Беларусі засталося адзінкі[19].

Зьявіліся зьвесткі аб тым, што маскальскія войскі пачалі перавозіць боепрыпасы для большай маскіроўкі ў паўвагонах (паўвагоны ў асноўным едуць накрытыя тэнтамі), якія для гэтага не прадугледжаны, што парушае нормы бясьпекі па перавозцы небясьпечных грузаў. Абазначэньняў, што ў групе вагонаў перавозіцца груз з 1 класам небясьпекі, няма[5].

19 сакавіка кіраўнік праўленьня «Укрзалізьніца» Аляксандар Камышын паведаміў, што чыгуначных зносін паміж Беларусьсю й Украінай больш няма, і падзякаваў за гэта сумленным працаўнікам чыгункі Беларусі[20]:

Я нядаўна зьвяртаўся з заклікам да беларускіх чыгуначнікаў не выконваць злачынныя загады й не весьці расейскія вайсковыя эшалоны ў бок Украіны. На сёньняшні дзень я магу сказаць, што чыгуначных зносін паміж Украінай і Беларусьсю няма.

У беларускім МУС не сталі хаваць, што прычынай гэтых нападзеньняў стала вайна Расейскай Фэдэрацыі супраць Украіны[21]. Пасьля першых выпадкаў намесьнік міністра ўнутраных справаў Беларусі Казакевіч заявіў[22]:

Папярэджваем усіх, хто нават падумае рабіць любыя супрацьпраўныя дзеяньні на Беларускай чыгунцы: усе яны будуць кваліфікаваны як акт тэрарызму, рэакцыя будзе максымальна жорсткай. Заклікаючы да міру ва Ўкраіне, яны фактычна заклікаюць да вайны й зьдзяйсьненьня тэрактаў у нашай краіне. Прыведзеныя факты мы расцэньваем як акты тэрарызму. І нясуць яны пагрозу, у першую чаргу, не дзяржаве, а людзям.

У Беларусі масава блакавалі чыгунку ў 2020 і 2021 гадах пасьля апошніх прэзыдэнцкіх выбараў. Зрэшты, тады на «рэйкавых партызан» узбуджалася крымінальная справа па мякчэйшых артыкулах, напрыклад, па артыкулу 309 («Наўмыснае выключэньне транспартнага сродку альбо шляхоў зносін»).

Пасьля аднаўленьня дывэрсый на інфраструктуры Беларускай чыгункі па начах на некаторых перагонах і станцыях сталі дзяжурыць патрулі, якія складаюцца з вайскоўцаў унутраных войскаў. На некаторых участках чыгункі паставілі па 2-3 сілавікі да кожнай рэлейнай шафы[23].

Пасьля пачатку сьпецапэрацыі затрымалі мінімум восем беларусаў за падазрэньне ў зрыве графіка руху маскальскіх цягнікоў са зброяй і датычных да фізычнага пашкоджаньня інфраструктуры чыгункі ў Беларусі[9].

Стала вядома, што з 19 сакавіка сьпецназ унутраных войскаў будзе задзейнічаны для аказаньня дапамогі па кантролі за чыгуначнымі шляхамі й інфраструктурай БЧ на поўдні Рэспублікі Беларусь (Гомельская й Берасьцейская вобласьць). Патрулі ходзяць у цывільным адзеньні, пры сабе маюць зброю й рацыі з GPS-трэкерамі, пражываюць у палатках недалёка ад чыгуначнай інфраструктуры[11].

Глядзіце таксама

рэдагаваць
  1. ^ В Беларуси началась «рельсовая война» против России (видео)
  2. ^ а б BYPOL. План Перамога. Рельсовая война
  3. ^ «Я готов сражаться чем угодно»: почему все больше белорусов едут воевать за Украину, BBC, 03.03. 2022
  4. ^ Рельсовая война в Беларуси: против партизан бросили вооруженных карателей
  5. ^ а б в г д Хроніка рэйкавай вайны ў Беларусі-2022. Што вядома на сёння
  6. ^ а б Рэйкавая вайна ў Беларусі-2022. Што вядома на сёння
  7. ^ BYPOL
  8. ^ Юры Лашоў. Рэйкавая вайна: СК распавёў аб ходзе расследавання справы аб тэрарызме // Радыё «Спадарожнік», 3 сакавіка 2022 г. Праверана 9 красавіка 2022 г.
  9. ^ а б в г З пачатку вайны затрымалі мінімум 8 «рэйкавых партызанаў». Што вядома пра «рэйкавую вайну» ў Беларусі // Партал «Наша ніва», 9 сакавіка 2022 г. Праверана 9 красавіка 2022 г.
  10. ^ В Беларуси вновь стали блокировать железную дорогу. МВД пригрозило всех найти и наказать
  11. ^ а б в Беларускі спэцпрызн у цывільным будзе ахоўваць чыгуначныя шляхі перасоўваньня расейскай вайсковай тэхнікі // Партал «Наша ніва», 18 сакавіка 2022 г. Праверана 9 красавіка 2022 г.
  12. ^ Произошла очередная диверсия на железной дороге
  13. ^ Live. Сообщество железнодорожников Беларуси
  14. ^ а б «Стралялі на паражэньне». Сілавікі паранілі і затрымалі некалькі «рэйкавых партызанаў». Што пра іх вядома // Беларуская служба Радыё «Свабода», 6 красавіка 2022 г. Праверана 8 красавіка 2022 г.
  15. ^ Стала вядома пра 40 затрыманых за дывэрсіі беларускіх чыгуначнікаў // Беларуская служба Радыё «Свабода», 31 сакавіка 2022 г. Праверана 8 красавіка 2022 г.
  16. ^ Тэлеканал «Беларусь 1». На Беларускай чыгунцы апошнім часам адбылося больш за 80 дывэрсіяў // «Эўрапейскае радыё для Беларусі», 7 красавіка 2022 г. Праверана 13 красавіка 2022 г.
  17. ^ 11 «рэйкавых партызан» прызнаныя палітвязьнямі // Беларуская служба Радыё «Свабода», 21 красавіка 2022 г. Праверана 23 красавіка 2022 г.
  18. ^ Рэйкавая вайна: партызаны перашкаджаюць вайсковым эшалёнам ехаць ва Ўкраіну // «Эўрапейскае радыё для Беларусі», 3 сакавіка 2022 г. Праверана 9 красавіка 2022 г.
  19. ^ BYPOL
  20. ^ Глава правления «Укрзалізниця»: Железнодорожного сообщения между Беларусью и Украиной больше нет
  21. ^ В Беларуси идет “рельсовая война” против войны с Украиной
  22. ^ МВД Белоруссии предупредило об ответственности виновных в блокировании железной дороги. ТАСС.
  23. ^ В Беларуси спецназовцы будут охранять железнодорожные пути из-за диверсий

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць