Тундра

прыродная тэрыторыя

Ту́ндра (ад фінск.: Tundra — бязьлеснае, голае ўзвышша) — від прыродных зон, якія ляжаць за паўночнымі межамі лясной расьліннасьці, прасторы зь вечнамёрзлай глебай, якую не заліваюць марскія або рачныя воды. Тундра знаходзіцца на поўнач ад зоны тайгі. Паводле характару паверхні тундры бываюць багністыя, тарфяныя, камяністыя.

Разьмяшчэньне тундры на мапе сьвету
Тундра ў Шпіцбэргене

Тундравыя зоны — прыродныя зоны мацярыкоў у арктычных і субарктычных паясах (пераважна ў Паўночным паўшар’і), у прыродных краявідах якіх пераважае тундра. У Паўночным паўшар’і працягваецца паласой 300—500 км шырыні ўздоўж паўночных узьбярэжжаў Эўразіі (больш за 3 млн. км²), у Паўночнай Амэрыцы й прылеглых астравах — паміж арктычных пустынь зонай на поўначы й лесатундравай зонай на поўдні. Асобныя ўчасткі горнай тундры (напрыклад у гарах Сібіры) знаходзяцца на значнай адлегласьці ад марскога ўзьбярэжжа. У Паўднёвым паўшар’і ўчасткі тундры ёсьць на астравах каля Антарктыды.

Тундра вызначаецца нізкім радыяцыйным балянсам (у Паўночным паўшар’і на поўначы 29—34 кДж/см², на поўдні да 84 кДж/см², з кастрычніка па красавік ён адмоўны), суровай працяглай зімой (8—9 месяцаў), у час якой 60—80 сутак доўжыцца палярная ноч. Сярэдняя тэмпэратуры студзеня ад -5°С да -10°С, на паўночным усходзе Сібіры й Далёкім Усходзе да -50°С. Сьнегавое покрыва трымаецца з кастрычніка па чэрвень, часгыя бураны. Лета кароткае з працяглым палярным днём, тэмпэратуры да 10—15°С адзначаюцца 2—3 месяцы (найбольш цёплы ліпень. жнівень); замаразкі магчымы ў любы дзень лета. Характэрна высокая вільготнасдзь паветра, частыя туманы, імжа. Ападкаў на раўнінах 200—400 мм, у гарах да 750 мм за год. Выпаральнасьць нізкая, што спрыяе ўтварэньню балотаў і пераўвільготненых глебаў. Вэгетацыйны пэрыяд да 50—100 сутак.

Тундра ў Ляпляндыі

Пашырана шматгадовая мерзлата, формы мярзлотнага рэльефу, азёры, балоты. Тундравыя глебы фармуюцца ва ўмовах халоднага кяімату, пастаяннага пераўвільгатненьня на пародах цяжкага мэханічнага складу, пад малапрадукцыйным расьлінным покрывам. Звычайна маламоцныя, грубагумусныя, зь нізкай мікрабіялягічнай актыўнасьцю, часта адзначаюцца прыкметы мярзлотных зьяў. Падзяляюцца на глеевыя, падзолістыя, дзярновыя, перагнойна-карбанатныя і інш.

Пераважае бязьлесьсе, разрэджанае імхова-лішайнікавае, месцамі травяное покрыва. Характэрны карлікавыя дрэвавыя расьліны, сланікі, кусты. Вылучаюць тундру: субарктычную, арктычную, горную, таксама імховую, лішайнікавую, кустовую, купістую (дзернавіна ўтварае купіны) і паліганальную. У тундры пераважаюць шматгадовыя карлікавыя й сьцелістыя расьліны (бяроза карлікавая — ернік, вярба палярная, кедравы сланік і інш.) альбо падушачных форм. Уласьціва разнастайнасьць дамінантных відаў і мазаічная структура, абумоўленая крыягенным рэльефам. Для жывёльнага сьвету характэрны паўночны алень, воўк, лемінгі, пясец, белая й тундравая курапаткі, вадаплаўныя птушкі, шматлікія камары й інш.

Насельніцтва занята аленегадоўляй, рыбалоўствам, паляваньнем на пушнога й марскога зьвера, зборам ягад, у асобных рэгіёнах здабычай карысных выкапняў. Экасыстэмы тундры лёгка парушаюцца ў выніку антрапагеннага ўзьдзеяньня й зь цяжкасьцю аднаўляюцца.

Паўднёвую мяжу тундры прымаюць за пачатак Арктыкі.