Сьнег — атмасфэрны ападак крышталікаў лёду ў выглядзе шасьцікутных зорак, злучаных у шматкі сьнегу. Апады сьнегу, спалучаныя з халодным ветрам, называюць завірухай. Зярністы сьнег — сьнег у выглядзе вельмі малых крышталікаў лёду зь сярэднім памерам меней за 1 мм. Сьнежны покрыў мае дужае экалягічнае значэньне, ахоўвае глебу і расьліны ад моцных маразоў[1].

Фірнавы сьнег

Сьнег ёсьць адной з прамежкавай стадыяў замарожанай крышталічнай вады ў ейным жыцьцёвым цыклі, пачынаючы з моманту, калі яна крышталізуецца ў атмасфэры і да выпадзеньня, уляганьня і назапашваньня на паверхні, а ў канчатковым рахунку раставаньня і ператварэньня ў ваду. Назапашаны сьнег, выпалы на зямлю, утварае сьнежныя гурбы. З часам такія гурбы зьведваюць мэтамарфозы, шляхам размарожваньня і адтаваньня. Там, дзе клімат дастаткова халодны для назапашваньня кожны год нерасталых гурбаў сьнегу, можа ўтварыцца ледавік. У адваротным выпадку, як правіла, сьнег растае сэзонна, у выніку чаго ручаі і рэкі сілкуюцца расталай вадой, а таксама папаўняюцца запасы падземных водаў.

Асноўныя засьнежныя вобласьці Зямлі ўключаюць у сябе палярныя вобласьці, верхнюю палову паўночнага паўшар’я і горных раёны па ўсім сьвеце, дзе дастаткова вільгаці і назіраюцца нізкія тэмпэратуры. У паўднёвым паўшар’і, сьнег абмежаваны ў асноўным горнымі раёнамі, акрамя Антарктыды[2].

Утварэньне крышталяў

рэдагаваць
 
Кожная сьняжынка непаўторная

Сьнег узьнікае, калі маленькія кроплі вады ў аблоках далучаюцца да пылавых крупінак і замярзаюць. Крышталікі лёду, якія зьяўляюцца пры гэтым, не перавышаюць на пачатку 0,1 мм, падаюць уніз і растуць у выніку кандэнсацыі на іх вільгаці з паветра. Шасьцікутавыя зоркі ўтвараюцца ў выніку асаблівай структуры малекул вады, магчымыя куты толькі 60° і 120°.

Пры хуткіх зрухах паветра крышталікі неаднаразова вэртыкальна рухаюцца ў атмасфэры, часткова таючы і крышталізуючыся ізноў. У выніку гэтага ўтвараюцца зьмяшаныя формы. Пры гэтым існуе такая разнастайнасьць, што існаваньне аднолькавых сьняжынак немагчыма.

Сьняжынкі

рэдагаваць

Белы колер абумоўлены ўтрыманьнем у сьняжынцы паветра. Сьвятло адлюстроўваецца на паверхнях паміж крышталікамі і паветрам і расьсейваецца. Сьняжынкі складаюцца на 95% з паветра, што абумоўлівае нізкую гаматнасьць і параўнальна павольную хуткасьць падзеньня (0,9 км/г).

Самая вялікая сьняжынка мела дыямэтар 12 см, але звычайна сьняжынкі маюць каля 5 мм у дыямэтры пры масе 0,004 г.

Раставаньне

рэдагаваць

Сьнег растае пры тэмпэратурах паветра вышэй за 0 °C ці ад сонечнага сьвятла. Вільготнае паветра спрыяе раставаньню. Шматлікія рэкі, якія маюць выток з горных рэгіёнаў атрымліваюць значную частку свайго воднага патоку ад сьнегараставаньня. Часта гэта надае яскрава выражаны сэзонны характар сілы патоку ў выніку пэрыядычнага затапленьня на працягу вясновых месяцаў і, па меншай меры, у сухіх горных раёнах, як горы захаду ЗША ці на большай частцы тэрыторыі Ірану і Аўганістану, і вельмі нізкую сілу патоку на астатную частку года. У адрозьненьне ад гэтага, калі большая частка воднага патоку забясьпечваецца праз раставаньне зь ледавіковых ці амаль ледавіковых абласьцёў, раставаньне звычайна прыпадае на цёплы сэзон, зь пікавай сілай патоку ў сярэдзіне лета ці да ягонага заканчэньня[3].

  1. ^ Michael P. Bishop; Helgi Björnsson; Wilfried Haeberli; Johannes Oerlemans; John F. Shroder; Martyn Tranter (2011), Singh, Vijay P.; Singh, Pratap; Haritashya, Umesh K., eds., «Encyclopedia of Snow, Ice and Glaciers», Springer Science & Business Media, — С. 1253. — ISBN 9789048126415.
  2. ^ Rees, W. Gareth (2005). «Remote Sensing of Snow and Ice». CRC Press. — С. 312. — ISBN 9781420023749.
  3. ^ Randy Bowersox (June 20, 2002). «Hydrology of a Glacial Dominated System, Copper River, Alaska». University of California-Davis. — С. 2.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Сьнегсховішча мультымэдыйных матэрыялаў