Джаваньні да Вэраццана

італьянскі мараплавец

Джаваньні да Вэраццана (па-італьянску: Giovanni da Verrazzano, па-француску: Jean de Verrazane; 14851528) — францускі мараплавец італьянскага паходжаньня, дасьледчык усходняга ўзьбярэжжа Паўночнай Амэрыкі.

Джаваньні да Вэраццана
Giovanni da Verrazzano
Род дзейнасьці мараплавец
Дата нараджэньня 1485
Месца нараджэньня Флярэнтыйская рэспубліка
Дата сьмерці 1528
Месца сьмерці Флярэнтыйская рэспубліка
Занятак падарожнік-дасьледнік
Подпіс Выява аўтографу

Першыя гады жыцьця

рэдагаваць

Джаваньні да Вэраццана нарадзіўся ў мястэчку Валь-ды-Грэ́ве на поўдзень ад Флярэнцыі (Флярэнтыйская рэспубліка). Выхоўваўся ў Флярэнцыі, дзе атрымаў выдатную адукацыю. Яшчэ маладым чалавекам пераехаў у Д’еп, дзе паступіў на службу Францыі. Некалькі разоў быў у Леванце. Мяркуецца, што ў 1502 г. мог браць удзел у экспэдыцыі ў Новы Сьвет.

Першая экспэдыцыя

рэдагаваць

У 1523 г. Францыск I даў яму дазвол на арганізацыю экспэдыцыі ў Паўночную Амэрыку. Яна фінансавалася францускімі прадпрымальнікамі, зацікаўленымі ў заснаваньні калёніяў і пошуках кароткіх марскіх шляхоў у Ціхі акіян.

У студзені 1524 г. карабель «Дафін» пад камандаваньнем Вэраццана пакінуў Францыю і ўжо да пачатку сакавіка дасягнуў узьбярэжжа сучаснай Паўночнай Караліны. Адсюль Джаваньні да Вэраццана накіраваўся на поўнач і дасьледаваў бераг да Новай Шатляндыі, якой даў назву Акадыя. Відавочна, Вэраццана быў першым эўрапейскім вандроўнікам, які пабачыў бухту Нью-Ёрку. У ліпені 1524 г. экспэдыцыя з посьпехам вярнулася ў Францыю.

Рапарты Джаваньні да Вэраццана да караля мелі перабольшаньні й скажэньні. Гэта можна патлумачыць тым, што мараплавец жадаў упэўніць французаў у магчымым праходзе ў Ціхі акіян і патрэбе арганізацыі другой экспэдыцыі. Але ў далейшым гэта прывяло да абвінавачваньняў Вэраццана ў падробцы інфармацыі. Акрамя таго, картографы таго часу своеасабліва патлумачылі зробленыя ім адкрыцьці й пазначылі іх як працяг Эўрапейскага кантынэнту.

Другая экспэдыцыя

рэдагаваць

У сакавіку 1528 г. Джаваньні да Вэраццана ўзначаліў новую экспэдыцыю. Ён дасьледаваў усходняе ўзьбярэжжа Фларыды, пасьля чаго накіраваўся ў Вэст-Індыю. Карабель кінуў якар ля вострава Гвадэлюпа, які здаўся маракам пустынным. Вэраццана зь некалькімі чальцамі каманды зышоў на бераг, дзе быў атакаваны й забіты індзейцамі-карыбамі. Паводле рапарту тых, хто выжыў, усе забітыя потым былі зьедзеныя.