Транспарт
Тра́нспарт (шляхі зносінаў; лац. trans, portare — «праз», «несьці») — лучнасьць сродкаў, прызначаных для перасоўваньня людзей, цяжараў, сыгналаў і інфармацыі з аднаго месца ў іншае. У артыкуле раскрываецца сэнс транспарту ўласна ў гэтым значэньні.
У фізыцы сустракаюцца г. зв. транспартныя фэномэны. Рух малекулаў або іёнаў скрозь клеткавыя мэмбраны або пасродкам цыркуляцыі крыві ў біялёгіі таксама завуць транспартам. У інфарматыцы і электрамэханіцы тэрмін транспарт разумее апісаньне некаторых кампутарных сеткавых пратаколаў.
Аспэкты транспарту
рэдагавацьПаняцьце транспарту ўлучае ў сябе некалькі аспэктаў; прыблізна іх можна разьбіць на інфраструктуру, транспартныя сродкі і кіраваньне. Інфраструктура ўлучае транспартныя сеткі ці шляхі зносінаў (дарогі, чыгуначныя шляхі, паветраныя калідоры, каналы, трубаправоды, масты, тунэлі, водныя шляхі і г. д.), якія выкарыстоўваюцца, а таксама транспартныя вузлы ці тэрміналы, дзе адбываецца перагрузка грузу або перасадка пасажыраў з аднаго тыпу транспарту на іншы (напрыклад, аэрапорты, чыгуначныя станцыі, аўтобусныя прыпынкі і порты).
Транспартнымі сродкамі звычайна зьяўляюцца аўтамабілі, ровары, аўтобусы, цягнікі, самалёты. Пад кіраваньнем маецца на ўвазе кантроль над сыстэмай, напрыклад сыгналы сьвятлафора, стрэлкі на чыгуначных шляхах, кіраваньне палётамі і г. д., а таксама правілы (сярод іншага, правілы фінансаваньня сыстэмы: платныя дарогі, падатак на паліва і г. д.).
У шырокім сэнсе, распрацоўка сетак — задача грамадзянскай інжынэрыі і гарадзкога плянаваньня, распрацоўка транспартных сродкаў — мэханічнай інжынэрыі і спэцыялізаваных падзелаў прыкладной навукі, а кіраваньне звычайна спэцыялізавана ў межах той ці іншай сеткі, альбо датычыць дасьледаваньня кіраваньня ці сістэмнай інжынэрыі.
Транспартныя вузлы
рэдагавацьТранспартным вузлом завецца комплекс транспартных канструкцый у пункце стыку некалькіх тыпаў транспарту, што сумесна выконваюць апэрацыі па абслугоўваньні транзытных, мясцовых і гарадзкіх перавозак грузаў і пасажыраў. Транспартны вузел як сыстэма — сукупнасьць транспартных працэсаў і сродкаў для іх рэалізацыі ў месцах стыкаваньня двух ці некалькіх магістральных тыпаў транспарту. У транспартнай сыстэме вузлы маюць функцыю рэгулявальных клапанаў. Збой у працы аднаго такога клапана можа выклікаць да праблемаў для ўсёй сыстэмы.
Буйнейшы транспартны вузел Расеі — Масква. Тут перакрыжоўваюцца шляхі пяці тыпаў транспарту: у Маскве сыходзяцца 11 чыгуначных прамянёў, 15 аўтамагістраляў, 5 газаправодаў і 3 нафтаправода; тут ёсьць тры рачных порта, пяць аэрапортаў і дзевяць вакзалаў. Іншы цікавы прыклад — Уладзівасток, дзе сканчаецца Транссыбірская чыгунка і пачынаюцца шматлікія марскія шляхі.
Буйныя транспартныя вузлы заўсёды зьяўляюцца буйнымі гарадамі. Справа ў тым, што транспартныя вузлы літаральна прыцягваюць гандаль (эфэкт, які можна назіраць хоць бы на прыкладзе вакзалаў), тут зручна разьвіваць прамысловасьць (няма праблем з пастаўкамі), ды і самі транспартныя тэрміналы ствараюць шмат працоўных месцаў. Шматлікія гарады паўсталі на скрыжаваньні наземных ці водных шляхоў, гэта значыць як транспартныя вузлы, а іншыя дагэтуль існуюць за конт гэтай ролі. Першым чынам гэта гарады-парты, але ёсьць і меней звыклыя прыклады. Так, горад Шэнан у Ірляндыі асноўным чынам жыве за конт аэрапорта. Некаторыя гарады выконваюць ролю не грузавых, а пасажырскіх транспартных вузлоў, напрыклад, Сімфэропаль у Крыме, куды зьязджаюцца шматлікія турысты, што перасаджваюцца там на транспарт, які дастаўляе іх у гарады крымскага ўзьбярэжжа.
Транспарт і зьвязь
рэдагавацьТранспарт і сувязь могуць быць узаемазаменныя і ўзаемадапаўняльныя. Хоць замена досыць разьвітай сувязьзю транспарта тэарэтычна зьяўляецца магчымай (замест асабістага візыту можна было б адправіць тэлеграму, патэлефанаваць, адправіць факс, электроннае паведамленьне), але было выяўлена, што гэтыя спосабы камунікацыі ў рэальнасьці спараджаюць больш узаемадзеяньняў, у тым ліку асабістых. Рост у транспартнай сфэры быў бы немагчымы без сувязі, якая жыцьцёва неабходна для разьвітых транспартных сыстэмаў — ад чыгунак у выпадку неабходнасьці двухбаковага руху па адной каляіне, да кіраваньня палётамі, дзе патрабуюцца веды пра месцазнаходжаньне паветранага судна ў небе. Так, было выяўлена, што разьвіцьцё ў адной галіне выклікае рост у іншай.
Транспарт, энэргія і навакольнае асяродзьдзе
рэдагавацьТранспарт — адзін з асноўных спажыўцоў энэргіі і адна з галоўных крыніцаў выкідаў двухвокісу вугляроду, парніковага газу, які ўзмацняе глябальнае пацяпленьне. Чыньнік гэтага — спальваньне велізарных аб’ёмаў выкапнёвых тыпаў паліва (у асноўным нафтапрадуктаў, такіх як бэнзін, газа і дызэльнае паліва) у рухавіках унутранага згараньня наземных, паветраных і водных транспартных сродкаў.
Сярод іншых адмоўных прыкладаў уплыву транспарта на навакольнае асяродзьдзе можна назваць: забруджваньне паветра выхлапнымі газамі і драбнюткімі цьвёрдымі часьцінкамі, забруджваньне грунтавых вод таксычнымі сьцёкамі з аўтадарогаў, аўтамыек і стаянак аўтатранспарту, шумавое забруджваньне, страта гарадзкой жыцьцёвай прасторы (да 50 % плошчы сучасных гарадоў прыпадае на дарогі, паркоўкі, гаражы і заправачныя станцыі) і разрастаньне прыгарадаў, якія паглынаюць месцы расьсяленьня дзікіх жывёлаў і сельскагаспадарчыя землі.
Грамадзкі транспарт і безматорныя тыпы транспарта (напрыклад, пешы ход ці ровар) лічацца больш «экалягічнымі», бо іх уклад у пералічаныя праблемы значна меншыя, а тое і зусім нулявыя. Транспартныя сродкі з электрычным прывадам (напрыклад, электрацягнікі ці гібрыдныя аўтамабілі) лічацца больш «кліматычна-нэўтральнымі», чым іх аналягі на выкапнёвым паліве. Кліматычна-нэўтральнага тэхналягічнага вынахаду (паліва ці рухавік) для самалётаў пакуль не існуе, але дырыжаблі прапануюцца ў якасьці экалягічнай альтэрнатывы камэрцыйнай авіяцыі.
Катэгорыі транспарту
рэдагавацьТранспарт падзяляецца на тры катэгорыі: транспарт супольнага карыстаньня, транспарт несупольнага карыстаньня і асабісты ці індывідуальны транспарт. Транспарт супольнага карыстаньня ня варта блытаць з грамадзкім транспартам (грамадзкі транспарт зьяўляецца падкатэгорыяй транспарта супольнага карыстанбня). Транспарт супольнага карыстанбня абслугоўвае гандаль (перавозіць тавары) і насельніцтва (пасажырскія перавозкі). Транспарт несупольнага карыстанбня — унутрывытворчы і ўнутрыведамасны транспарт. Нарэшце, асабісты транспарт — гэта легкавыя аўтамабілі, ровары, яхты, прыватныя самалёты.
Пэрсанальны аўтаматычны транспарт утварае новую катэгорыю, бо злучае ў сабе рысы гарадзкога грамадзкага транспарта і асабістага аўтатранспарту.
Кароткая характарыстыка тыпаў транспарту
рэдагавацьВодны транспарт
рэдагавацьВодны транспарт — найстаражытнейшы тып транспарту. Прынамсі да зьяўленьня транскантынэнтальных чыгунак (другая палова XIX стагодзьдзя) заставаўся найважнейшым тыпам транспарту. Нават самае прымітыўнае ветразнае судна за суткі пераадольвала ў чатыры-пяць разоў большую адлегласьць, чым караван. Груз на судне быў большым, выдаткі на эксплюатацыю — меншымі.
Водны транспарт дагэтуль захоўвае важную ролю. Дзякуючы сваім перавагам (водны транспарт — самы танны пасьля трубаправоднага), водны транспарт цяпер ахоплівае 60—67% агульнага сусьветнага грузазвароту. Па ўнутраных водных шляхах перавозяць галоўным чынам масавыя грузы — будаўнічыя матэрыялы, вугаль, руду — перавозка якіх не патрабуе высокай хуткасьці (тут адбіваецца канкурэнцыя з больш хуткімі аўтамабільным і чыгуначным транспартам). На перавозках праз моры і акіяны ў воднага транспарта канкурэнтаў няма (авіяперавозкі вельмі дарагія, і іх сумарная дзель у грузаперавозках нізкая), таму марскія судны перавозяць самыя розныя тыпы тавараў, але вялікую частку грузаў складаюць нафта і нафтапрадукты, звадкаваны газ, вугаль, руда.
Роля воднага транспарту ў пасажырскіх перавозках значна зьменшылася, што зьвязанае зь яго нізкімі хуткасьцямі. Выключэньні — хуткасныя судны на падводных крылах (якія часам бяруць на сябе функцыю міжгародных аўтобусаў-экспрэсаў) і судны на паветранай падушцы. Таксама вялікая роля паромаў і круізных лайнэраў.
- Транспартныя сродкі: судны
- Шляхі зносінаў: водная роўнядзь мораў і акіянаў, каналы, шлюзы
- Сыгналізацыя і кіраваньне: маякі, буі
- Транспартныя вузлы: марскія і рачныя порты і вакзалы
Аўтамабільны транспарт
рэдагавацьАўтамабільны транспарт сёньня — самы распаўсюджаны тып транспарта. Аўтамабільны транспарт маладзейшы за чыгуначны і водны, першыя аўтамабілі зьявіліся ў канцы XIX стагодзьдзя. Пасьля Другой сусьветнай вайны аўтамабільны транспарт пачаў ствараць канкурэнцыю чыгунцы. Перавагі аўтамабільнага транспарта — манэўранасьць, гнуткасьць, хуткасьць. Грузавыя аўтамабілі перавозяць сёньня практычна ўсе тыпы грузаў, але нават на вялікіх адлегласьцях (да 5 і больш тыс. км) аўтацягнікі (грузавік-цягач і прычэп ці паўпрычэп) пасьпяхова канкуруюць з чыгункай пры перавозцы каштоўных грузаў, для якіх крытычна хуткасьць дастаўкі, напрыклад прадукты, якія хутка псуюцца.
Асабісты аўтамабільны транспарт
рэдагавацьАбсалютная большасьць сучасных аўтамабіляў — аўтамабілі індывідуальнага карыстаньня (легкавыя). Іх выкарыстоўваюць, як правіла, для паездак на адлегласьці да двухсот кілямэтраў.
Грамадзкі аўтамабільны транспарт
рэдагавацьШырока распаўсюджаны таксама аўтобусы (шматмесцавыя пасажырскія аўтамабілі зь ёмістасьцю ад 10 пасажыраў). Для эксплюатацыі ў гарадах і прыгарадах цяпер выкарыстоўваюцца пераважна нізкападлогавыя гарадзкія аўтобусы, а для міжгародных і міжнародных рэйсавых і турыстычных перавозак — міжгародныя і турыстычныя лайнэры. Апошнія адрозьніваюцца ад гарадзкіх мадэляў кампаноўкай з падвышаным узроўнем падлогі (для зьмяшчэньня пад ім багажных адсекаў), камфартабэльным салёнам толькі зь месцамі для сядзеньня, наяўнасьцю дадатковых выгод (кухні, гардэроба, туалета). У сувязі з падвышэньнем у канцы XX стагодзьдзя камфортнасьці турыстычных аўтобусаў, яны даволі пасьпяхова канкуруюць у галіне перавозкі турыстаў з чыгункамі.
У гарадах распаўсюджана разнавіднасьць аўтобуса з электрычным прывадам — тралейбус.
Перавагі і недахопы
рэдагавацьАўтамабільны транспарт патрабуе добрых дарогаў. Сёньня ў разьвітых краінах існуе сетка аўтамагістраляў — шматпалосных дарог безь перакрыжаваньняў, дзе дазволены хуткасьці руху звыш ста кілямэтраў у гадзіну.
Нягледзячы на перавагі, аўтамабільны транспарт мае шмат недахопаў. Легкавыя аўтамабілі — самы марнатраўны транспарт у параўнаньні зь іншымі тыпамі транспарту ў пераліку на выдаткі, неабходныя на перасоўваньне аднаго пасажыра. Асноўная дзель (63%) экалягічнай шкоды плянэце належыць аўтатранспарту. Значная экалягічная шкода прычыняецца навакольнаму асяродзьдзю і грамадзтву на ўсіх стадыях вытворчасьці, эксплюатацыі і ўтылізацыі аўтамабіляў, паліва, маслаў, покрывак, будаўніцтва дарогаў і іншых аб’ектаў аўтамабільнай інфраструктуры. У прыватнасьці, вокіслы азоту і серы, якія выкідаюцца ў атмасфэру пры спальваньні бэнзіну, выклікаюць кіслотныя дажджы. Згодна з дадзенымі камітэта па экалёгіі Дзяржаўнай Думы РФ, аўтамабільны парк Расеі да пачатку 2000 году склаў 27,06 млн транспартных сродкаў. Велічыня штогадовай экалягічнай шкоды ад функцыянаваньня транспартнага комплексу РФ складае 3,4 млрд даляраў ЗША, ці прыкладна 1,5% валавага нацыянальнага прадукта. Выкіды забруджвальных рэчываў у атмасфэру ад аўтатранспартных сродкаў склалі 12 190,7 тыс. тон.
- Транспартныя сродкі: розныя тыпы аўтамабіляў — легкавыя, аўтобусы, грузавыя;
- Шляхі зносінаў: аўтамабільныя дарогі, масты, тунэлі, шляхаправоды, эстакады;
- Сыгналізацыя і кіраваньне: правілы дарожнага руху, сьвятлафоры, дарожныя знакі, аўтатранспартныя інспэкцыі;
- Транспартныя вузлы: аўтастанцыі, аўтавакзалы, аўтастаянкі, скрыжаваньні;
- Энэргетычнае забесьпячэньне: аўтамабільныя заправачныя станцыі, кантактная сетка;
- Тэхнічнае забесьпячэньне: СТАА, паркі (аўтобусны, тралейбусны), аўтадарожныя службы.
Чыгуначны транспарт
рэдагавацьЧыгуначны транспарт быў адначасова і прадуктам, і маторам прамысловай рэвалюцыі. Узьнікшы напачатку XIX стагодзьдзя (першы паравоз быў пабудаваны ў 1804 годзе), да сярэдзіны таго ж стагодзьдзя ён стаў самым важным транспартам прамысловых краінаў таго часу. Да канца XIX стагодзьдзя сумарная даўжыня чыгунак пераваліла за мільён кілямэтраў. Чыгункі злучылі ўнутраныя прамысловыя раёны з марскімі портамі. Уздоўж чыгунак вырасталі новыя прамысловыя гарады. Аднак пасьля Другой сусьветнай вайны чыгункі пачалі губляць сваё значэньне. На грузавых перавозках яна не вытрымлівала канкурэнцыі аўтамабільнага транспарту, на пасажырскіх — самалётаў (на вялікіх адлегласьцях) і асабістага аўтамабіля (на кароткіх адлегласьцях). Аднак каляпсу чыгунак, як прадказваў шмат хто ў пяцідзясятых-шасьцідзясятых гадах, не адбылося. Чыгункі маюць шмат перавагаў — высокую грузападымальнасьць, надзейнасьць, параўнальна высокую хуткасьць. Цяпер па чыгунках перавозяць самыя розныя грузы, але галоўным чынам — масавыя, такія як сыравіна, сельгаспрадукцыя. Зьяўленьне кантэйнэраў, якія палягчаюць перагрузку, таксама падвысіла канкурэнтаздольнасьць чыгунак. На сёньняшні дзень самай доўгай працягласьцю чыгунак валодаюць ЗША, а самай густой сеткай (км чыгункі на квадратны км тэрыторыі) валодае Нямеччына.
Больш таго, пачынальна з апошняга дзесяцігодзьдзя XX стагодзьдзя чыгункі перажываюць своеасаблівы рэнэсанс. Спачатку ў Японіі, а зараз і ў Эўропе была створаная сыстэма хуткасных чыгунак, якія дазваляюць рух з хуткасьцямі да трохсот кілямэтраў у гадзіну. Такія чыгункі сталі сур’ёзным канкурэнтам авіяліній на невялікіх адлегласьцях. Па-ранейшаму высокая роля прыгарадных чыгунак і мэтрапалітэнаў. Электрыфікаваныя чыгункі (а да цяперашняга часу большасьць чыгунак з інтэнсіўным рухам электрыфікавана) нашмат экалягічней аўтамабільнага транспарта. Найболей электрафікаваны чыгункі ў Швайцарыі (да 95%), у Расеі ж гэты паказчык даходзіць да 47%.
Спэцыялізаваная лёгкая чыгунка, што ўжываецца ў якасьці гарадзкога пасажырскага транспарта, завецца трамваем.
- Транспартныя сродкі: лякаматывы і вагоны
- Шляхі зносінаў: чыгуначны шлях, масты, тунэлі
- Сыгналізацыя і кіраваньне: чыгуначная сыгналізацыя
- Транспартныя вузлы: чыгуначныя станцыі і вакзалы
- Энэргетычнае забесьпячэньне: кантактная сетка і цягавыя падстанцыі (на электрыфікаваных чыгунках), пункты запраўкі і экіпіяваньня лякаматываў
Паветраны транспарт
рэдагавацьПаветраны транспарт — самы хуткі і ў той жа час самы дарагі тып транспарта. Асноўная сфэра ўжываньня паветранага транспарта — пасажырскія перавозкі на адлегласьцях звыш тысячы кілямэтраў. Таксама ёсьць і грузавыя перавозкі, але іх дзель вельмі нізкая. Галоўным чынам авіятранспартам перавозяць хуткапсавальныя прадукты і асабліва каштоўныя грузы, а таксама пошту. У шматлікіх цяжкадаступных раёнах (у гарах, раёнах Крайняй Поўначы) паветранаму транспарту няма альтэрнатываў. У такіх выпадках, калі ў месцы пасадкі адсутнічае аэрадром (напрыклад, дастаўка навуковых груп у цяжкадаступныя раёны) выкарыстоўваюць не самалёты, а шрубалёты, якія ня маюць патрэбы ў пасадкавай паласе. Вялікая праблема сучасных самалётаў — шум, што яны вырабляюць падчас ўзьлёту, які значна псуе якасьць жыцьця насельнікаў разьмешчаных побач з аэрапортамі раёнаў.
Сёньня словы авіяцыя і паветраны транспарт фактычна сталі сынонімамі, бо паветраныя перавозкі ажыцьцяўляюцца вылучна паветранымі суднамі цяжэйшымі за паветра. Аднак першыя паветраныя судны былі лягчэй паветра. У 1709 годзе быў запушчаны першы паветраны шар. Зрэшты, паветраныя шары ня мелі кіраваньня. Да канца XIX стагодзьдзя дамінаваць у паветры сталі велізарныя паветраныя караблі — дырыжаблі. Іх залатое стагодзьдзе прыйшлося на першую палову XX стагодзьдзя, калі пасажырскія дырыжаблі зьдзяйсьнялі рэгулярныя пералёты паміж Эўропай і Амэрыкай. Эпоха дырыжабляў скончылася ў 1937 годзе, калі проста ў аэрапорце Нью-Ёрку згарэў нямецкі пасажырскі дырыжабль-лайнэр «Гіндэнбург». У канцы XX стагодзьдзя аднавілася цікавасьць да дырыжабляў: цяпер замест выбуханебясьпечнага вадароду ўжываецца інэртны гелій, дырыжаблі хоць і шмат павольней за самалёты, але затое нашмат эканамічней. Тым ня менш дагэтуль сфэра іх ужываньня застаецца маргінальнай: рэклямныя і забаўляльныя палёты, назіраньне за дарожным рухам. Дырыжаблі таксама прапануюцца ў якасьці кліматычна-прымальнай альтэрнатывы самалётам.
- Транспартныя сродкі: самалёты і шрубалёты
- Шляхі зносінаў: паветраныя калідоры
- Сыгналізацыя і кіраваньне: авіямаякі, дыспэтчарская служба
- Транспартныя вузлы: аэрапорты
Конны транспарт
рэдагавацьВыкарыстаньне жывёлаў для перавозкі людзей і грузаў вядома са старажытных часоў. Людзі могуць езьдзіць на некаторых жывёлах конна ці запрагаць паасобку ці групамі ў фурманкі (фурманкі, абозы) ці санкі для перавозкі грузаў ці пасажыраў, альбо наўючваць іх. У якасьці транспартных сродкаў выкарыстоўваліся: коні, валы, сланы, вярблюды, ламы, сабакі.
Трубаправодны транспарт
рэдагавацьТрубаправодны транспарт даволі незвычайны. Ён ня мае транспартных сродкаў, дакладней, сама інфраструктура «па сумяшчальніцтве» зьяўляецца транспартным сродкам. Трубаправодны транспарт таньнейшы за чыгуначнага і нават воднага. Ён не патрабуе вялікага пэрсаналу. Асноўны тып грузаў — вадкія (нафта, нафтапрадукты) ці газападобныя. Трубы укладваюць на зямлі ці пад зямлёю, а таксама на эстакадах. Рух грузу ажыцьцяўляюць помпавыя станцыі.
Існуюць экспэрымэнтальныя трубаправоды, у якіх цьвёрдыя сыпкія грузы перамяшчаюцца ў зьмяшаным з вадой выглядзе. Іншыя прыклады трубаправода для цьвёрдых грузаў — пнэўмапошта, смеццеправод. Самы паўсядзённы тып трубаправоднага транспарта — вадаправод і каналізацыя.
Беларусь
рэдагавацьУ 2012 годзе доля аўтамабіляў у грузаперавозках Беларусі склала 51%. У краіне налічвалася звыш 120 000 грузавікоў ва ўласнасьці прадпрыемстваў і каля 4500 у падвемадасных установах Міністэрства транспарту і камунікацыяў Рэспублікі Беларусь. Звыш 15 000 аўтобусаў перавезьлі каля 1,5 млрд чалавек. На кастрычнік 2013 году сетка аўтадарог Беларусі агульнага карыстаньня складала звыш 86 000 км, з каля 15 500 км (18%) былі рэспубліканскімі[1].
Глядзіце таксама
рэдагаваць- Пэрсанальны аўтаматычны транспарт — спроба злучыць якасьці грамадзкага і асабістага транспарта.
- Устойлівы транспарт
- Касьмічны ліфт
- Сьпіс новых пэрспэктыўных тэхналёгіяў
Крыніцы
рэдагавацьЛітаратура
рэдагаваць- Bardi, Edward; John Coyle and Robert Novack (2006). Management of Transportation. Thomson South-Western. ISBN 0-324-31443.
- Chopra, Sunil and Peter Meindl (2007). Supply Chain Management. Pearson. ISBN 0-13-208608-5.
- Cooper, Chris; John Fletcher; David Gilbert; Stephen Wanhill and Rebecca Shepherd (1998). *Tourism Principles and Practice (2nd ed.). Harlow: Longman. ISBN 0-582-31275-6.
- Lay, Maxwell G (1992). Ways of the World: A History of the World's Roads and of the Vehicles that Used Them. Rutgers University Press. ISBN 0-8135-2691-4.
- Stopford, Martin (1997). Maritime Economics. London: Routledge. ISBN 0-415-15310-7.